Духоўная кніга

Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам,  што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з  навінкамі духоўнай літаратуры.

 

 

Ад пакалення да пакалення

Пра кнігу кс. Андрэя Стэцкевіча

«Выхоўваць з любоўю»  (Мінск, «Про Хрысто»)

 

 

 

З любовью-окладка-IkonЯк фарміруюцца нашыя погляды на маральныя і рэлігійныя каштоўнасці? Адкуль мы чэрпаем досвед, які датычыць выхавання дзяцей? Якія людзі мацней за ўсё ўплываюць на гэтыя духоўныя і псіхалагічныя ўстаноўкі? Адказам на гэтыя і шматлікія іншыя пытанні прысвечана кніга кс. Андрэя Стэцкевіча «Выхоўваць з любоўю», якая пабачыла свет у выдавецтве «Про Хрысто».

Аўтар кнігі, нараджэнец Гродна, атрымаў адукацыю ў Люблінскім каталіцкім універсітэце на факультэце псіхалогіі, вучыўся ў Акадэміі каталіцкай тэалогіі ў Інстытуце тэалогіі сужэнства і сям’і ў Варшаве, там жа абараніў доктарскую дысертацыю. Ён з’яўляецца заснавальнікам сямейных цэнтраў для падрыхтоўкі да сакрамэнту сужэнства, дапамогі сем’ям, якія перажываюць крызіс, а таксама абароны жыцця ад зачацця да натуральнай смерці.

У сваёй кнізе кс. Андрэй Стэцкевіч разглядае фактары, якія ўплываюць на выхаваўчы працэс у сям’і, асаблівую ўвагу звяртаючы на перадачу выхаваўчых установак ад аднаго пакалення да другога. Аўтар таксама аналізуе сістэму адносінаў паміж рознымі членамі сям’і і паказвае, якое значэнне ў выхаванні дзяцей маюць стасункі паміж сужэнцамі, паміж іншымі дзецьмі ў сям’і, які ўплыў на выхаванне аказваюць бабулі і дзядулі.

Асобныя раздзелы кнігі прысвечаны маральнаму і рэлігійнаму ўздзеянню на дзяцей такіх выхаваўчых асяродкаў, як школа і Касцёл, а таксама сродкаў масавай камунікацыі. Як адзначыў у прадмове да кнігі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, «пакуль дэвальвацыя сямейных каштоўнасцяў не знішчыла нас, неабходна вельмі сур’ёзна аднесціся да праблемаў сям’і». Таму кніга кс. Андрэя Стэцкевіча вельмі актуальная ў наш час і стане крыніцаю карыснай інфармацыі для ўсіх, хто задзейнічаны ў выхаванні наступных пакаленняў, – бацькоў, выхавацеляў, настаўнікаў, катэхетаў.

 

 

    Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий