Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай плануем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
Дапамога ў самай важнай размове
У выдавецтве “Pro Christo” выйшаў малітоўнік “Шчаслівыя чыстыя сэрцам” – добрая дапамога для дзяцей у іх духоўным узрастанні. Навучыць дзяцей веры – значыць навучыць іх кантактаваць з Богам.
З дзяцінства прызвычаіўшыся да шчырай малітвы і спазнаўшы яе вынікі на ўласным вопыце, верагодней за ўсё, дзіця не пакіне яе і ў дарослым жыцці, тым больш, калі будзе бачыць станоўчы прыклад бацькоў.
Пачынаючы з вывучэння кароткага катэхізіса і асноўных малітваў, з дапамогаю гэтай кнігі дзіця навучыцца размаўляць з Богам пра сваіх блізкіх, узносіць малітвы за бацькоў, братоў і сясцёр (раздзел “Тых, каго я люблю ўсёй душой, падтрымліваю малітвай сваёй”).
У малітоўніку дзіця знойдзе прыклады святасці сярод сваіх равеснікаў, каб таксама імкнуцца да яе (раздзел “Заступнікі нябеснаю дарогай вядуць нас па зямлі да Пана Бога”). Дзіця зможа вучыцца ўважліва паводзіць сябе на святой Імшы і разумець сэнс асноўных момантаў Эўхарыстыі (раздзел “Прагнуць нашыя шчырыя сэрцы ў Эўхарыстыі з Богам сустрэцца”).
У кнізе можна знайсці асноўныя малітвы, звязаныя з прыняццем святых сакрамэнтаў, і парады, якія дапамогуць найлепш падрыхтавацца да іх, напрыклад, схему рахунку сумлення і парадак святой споведзі (раздзел “З бачнага знаку святога льюцца нябачныя міласці Бога”). Праз малітвы на розныя ўрачыстасці і святы літургічнага года, а таксама праз удзел у розных набажэнствах маленькія вернікі навучацца звязваць рытм свайго духоўнага жыцця з асноўнымі евангельскімі падзеямі (раздзелы “Сустракаем дружна святы, запрашаем Бога ў хату!”, “З кветак-малітваў плятуцца вянкі, з доўгіх літаній плывуць ручайкі”).
У кнізе дзіцячых апавяданняў “Ад вуха да вуха, або Пра ўсмешку і радасць”) кс. Ян Твардоўскі казаў: “Добра моліцца той, хто пасля прамоўленых пацераў становіцца лепшым”. Хочацца верыць, што малітоўнік “Шчаслівыя чыстыя сэрцам” дапаможа дзеткам не проста стаць лепшымі, але і захаваць чысціню сваіх добрых сэрцаў.
Ганна ШАЎЧЭНКА.