Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
Пра традыцыйныя сімвалы.
І не толькі
У выдавецтве «Pro Christo» выйшла дзіцячая кніжачка вядомага польскага святара-паэта Яна Твардоўскага «Вясёлы дзень для нас настаў або Пра тое, хто такі велікодны баранак» у перакладзе на беларускую мову пісьменніцы Ірыны Жарнасек з ілюстрацыямі мастачкі Галіны Хінкі-Янушкевіч.
Кніга адрасавана найперш дзецям і прысвечана велікодным святам, іх «мудраму і радаснаму перажыванню». Проста і шчыра, і разам з тым вельмі глыбока ксёндз Ян апавядае пра традыцыйныя велікодныя сімвалы, якія з кожным годам набываюць новыя адценні. Са сваім адметным гумарам аўтар запрашае нас радасна ўсміхнуцца, параіўшы, каб мы «святы не перажоўвалі, а перажывалі».
***
Больш за пяцьдзясят гадоў ксёндз Ян Твардоўскі (1915-2006) прамаўляў у касцёле сясцёр візітантак нядзельныя і святочныя казанні, якія прыцягвалі вернікаў з розных раёнаў Варшавы. Кожнай вясною ён падрыхтоўваў іх да мудрага і радаснага перажывання велікодных святаў. Адно за адным пакаленні дзяцей пазнавалі дарагія для самога святара святочныя сімвалы: вясёлую вербную «пальмачку» з коцікамі, асвечаную, калі да яе дакрануліся вада і малітва; «святое» яйка, якое «не ходзіць» у касцёл; велікоднага баранка з чырвонай харугвачкай, які нагадвае жаўнера, што выйграў бітву і цяпер пераможна маршыруе. Дзядулі і бабулі, бацькі і дзеці штогод чулі зычэнне, якое святар любіў паўтараць: «Ешце, дарагія госці, бо схуднелі моцна ў посце».
Запісаныя думкі падаўжаюць жыццё словаў, прамоўленых калісьці з амбоны, а таксама дапамагаюць і сёння глыбей падрыхтавацца да велікодных святаў ды лепш іх перажыць.
З прадмовы да кнігі Аляксандры Іваноўскай