Духоўная кніга

Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам,  што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай плануем знаёмства з  навінкамі духоўнай літаратуры.

 

 

 

Youcat па-беларуску!YOUCAT

 

 

 

У выдавецтве «Про Хрысто» выйшла  доўгачаканае беларускамоўнае выданне Youcat, катэхізіс для моладзі. Для чаго патрэбны асобны катэхізіс  менавіта  для  моладзі? Як сказаў у прадмове да выдання Папа Бэнэдыкт XVI, «адрозніваюцца не толькі кантыненты і культуры народаў, якія іх насяляюць, але таксама ўнутры асобных грамадстваў існуюць розныя <…> «кантыненты»: рабочы мысліць інакш, чым земляроб, фізік – інакш, чым філолаг, прадпрымальнік – інакш, чым журналіст, малады чалавек — інакш, чым пажылы».

Кожная з катэгорый людзей, у залежнасці ад узросту і жыццёвага досведу, патрабуе свайго «перакладу», каб пададзеная ў кнізе інфармацыя закранула сэрца, стала адказам на патрэбы і пытанні, якімі мы задаемся.

Сусветнае грамадства ў пэўным сэнсе перажывае крызіс. Шырокая даступнасць інфармацыі, развіццё высокіх тэхналогій, магчымасць кантактаваць з людзьмі з усяго свету, імгненна абменьваючыся думкамі і меркаваннямі, ставяць перад усім чалавецтвам і асабліва перад моладдзю пытанне: ці не састарэла рэлігія? Ці патрэбны чалавеку Бог? «Так, патрэбны», – сцвярджаюць мільёны маладых вернікаў, якія кожныя чатыры гады збіраюцца на міжнародныя Дні моладзі. «Так, патрэбны», – сведчаць маладыя людзі, якія прыходзяць у Касцёл, шукаючы там адказы на пытанні, якія хвалююць іх. У эпоху інфармацыйных тэхналогій Касцёл мусіў загаварыць з імі пра важныя для іх рэчы, мусіў «перакласці» спрадвечную мудрасць Традыцыі, укладзеную ў Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, на мову моладзі. Для гэтага міжнароднай камандай спецыялістаў быў створаны Youcat, для гэтага было падрыхтавана і рыхтуецца выданне гэтай кнігі на розных мовах свету, цяпер – і на беларускай.

У форме пытанняў і адказаў у кнізе тлумачацца праўды хрысціянскай веры, сутнасць сакрамэнтаў, асновы этыкі паводле Божых запаведзяў. Каментарыі тэолагаў, напісаныя простай, даступнай моваю, падмацоўваюць цытаты Настаўнікаў Касцёла, святых, вучоных на тую ці іншую тэму.

Дзякуючы гэтаму Youcat, хоць ён і створаны найперш для моладзі, будзе цікавы і іншым. Зручны фармат выдання дазваляе зрабіць яго кішэннай або настольнай кнігай і заўсёды трымаць пад рукою. Фармат «пытанне-адказ» будзе карысным для катэхетаў падчас падрыхтоўкі заняткаў па рэлігіі і для прапаведнікаў, а зручны прадметны паказальнік робіць кнігу яшчэ і даведнікам, дзе ў любы момант можна знайсці адказ на патрэбнае пытанне.

Няхай гэтая кніга стане для кожнага чытача захапляльным падарожжам «да пазнання праўды» (1 Цім 2, 4).

 

 Прыемнага чытання!

 

Падрыхтавала Юлія Шэдзько


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий