У сённяшнім нумары змяшчаем толькі некаторыя працы ўдзельнікаў конкурсу. Усе астатнія, па магчымасці, таксама будуць надрукаваныя ў нашым часопісе.
Тваёй абароне…
Вечар паволі саступіў месца ночы. Вулічны ліхтар з усяе сілы кідаў сваё святло ў вокны, але шторы добра рабілі сваю справу – у пакоі панаваў паўзмрок. Нават без гадзінніка было зразумела – хутка поўнач. А вось сон… Сон зноў недзе згубіўся. Жанчына села, прыхінулася спіною да сцяны. Сяброўка-бяссонніца апошнім часам стала наведваць яе часцей. Рука сама пацягнулася да століка ля ложка, і пальцы адразу ўзялі ружанец. “Марыя, гэта зноў я. Без Цябе ніяк…” – прашаптала жанчына, распачала малітву і… памяць, якая днём не давала засяродзіцца на працы, а вечарам спакойна заснуць, таксама пачала гартаць свае старонкі.
“Вітай, Марыя… Каля вакна, на крэсле сядзіць жанчына, побач на маленькім зэдліку прымасцілася дзяўчынка. У руках мама трымае малітоўнік у цёмнай вокладцы, з пажоўклымі старонкамі. “Давай пачытаем вельмі паважную малітву да Маці Божай”, – кажа яна і пачынае чытаць: “Pod Twoje obrone…“ “А хто там бяжыць і плача?” – пытаецца малая. “Усе мы, кожны чалавек, што б ні здарылася, павінен, як ты пачула, прыбягаць да Маці Божай, бо Яна – наша добрая Маці і выслухае кожнага. Памятай аб гэтым заўсёды”, – сказала мама. “Кожнага-кожнага!?” – здзівілася дзяўчынка і задумалася…
…поўная ласкі, Пан з Табою… Вербная нядзеля. Мама падрыхтавала вербачку, акуратна па-клала ў сумку і… зашпіліла сумку. “Каб ніхто не ўбачыў па дарозе, калі будзеш ехаць у касцёл. Дастанеш вербачку толькі ў касцёле”, – загадвае дачцы. У аўтобус да райцэнтра дзяўчына ледзь упіхнулася. А людзей у касцёле! “Цяпер я ведаю, што такое няма дзе яблыку ўпасці”, – падумалася ёй. Імша была на польскай мове, і дзяўчына не ўсё яшчэ разумела. “Ружанец!” – успомніла раптам і, паціскаючы побач стаячых, палезла ў кішэню. Імша была доўгая, але гэта было дарэчы – памятаючы словы “Маці выслухае кожнага”, дзяўчына малілася адзін ружанец за другім…
…благаслаўлёная Ты між жанчынамі, і благаслаўлёны плод улоння Твайго Езус…“ Плод улоння Твайго…”. Ты ж сама калісьці гадавала сваё Дзіцятка, цешылася з Яго, хвалявалася за Яго. Ён жа, напэўна, і за-хварэць мог. Марыя! Ты ж прасіла тады ў Бога дапамогі? А цяпер плод майго ўлоння, мая дачушка ляжыць у шпіталі… Рэанімацыя… якое страшнае слова… І ўрачы ўвесь час пытаюцца ў мяне пра нейкую траўму!.. Марыя! Ты выслухаеш кожнага! Пачуй мяне, уратуй маё дзіцятка!” – плакала і шаптала маладая мама, стоячы ў калідоры перад дзвярыма аддзялення рэанімацыі. Калі іх забірала “хуткая”, спяшаліся, жанчына ў той момант нават не падумала пра ружанец. А зараз, упёршыся ілбом у сцяну, перабіраючы на пальцах рук, яна адна за другой адмаўляла таямніцы ружанца…
…Святая Марыя, Маці Божая…Як добра, што Бог даў ня-дзельку, можна адпачыць, а то праца зруйнавала б. Пагода была лагодная, сонца не прыпякала, ветру амаль не было, і дзве жанчыны, прымасціўшыся на лаўцы ля хаты, сялавалі. У руках у малодшай быў ружанец. “Буднім днём хоць бы адну частку адмовіць, патрэбную, а вось у нядзелю тады ўжо ўсе чатыры малюся”, – кажа яна. “Ну, дык ты ж малайчына! Але ці ведаеш ты, што, памаліўшыся толькі адну таямніцу, можаш памаліцца ўвесь ружанец, усе яго часткі”, – спытала суседка. “Жартуеце нада мною ці што?” – не зразумела маладзіца. “Ды не, вось паслухай…” – і старэйшая кабета пачала тлумачыць маладой пра кола Жывога Ружанца. У хуткім часе маладая жанчына стала ўдзельніцай гэтай малітоўнай супольнасці, бо як жа гэта цудоўна, калі разам з усімі ты молішся і просіш па-трэбнай ласкі ў Наймілейшай Маці не толькі для сябе, але і для другіх. А Яна пачуе кожнага…
…маліся за нас, грэшных… Няўжо дачакалася! Сёння будзе ахрышчана ўнучачка, якая радасць! Зрабіўшы запісы ў кнізе, святар спытаў у бацькоў: “А чаму непашлюбаваныя, калі будзеце браць шлюб?”. Чырвань “дала” па шчаках, і адразу падумалася: “Як добра, што стаю ззаду, ніхто не бачыць майго сораму”. А дачка спакойна адказвае: “Ну, можа, пасля. Мы яшчэ не гатовыя, гэта ж так сур’ёзна”. Яны не гатовыя! Дома спытала ў дачкі: “Цікава, дзетак нараджаеце, усё пра гэта ведаеце, а пра шлюб нічога не ведаеце, дык як гэта?”. “Мама, на ўсё свой час, паспеем”. І калі ж прыйдзе той час?! Матачка літасцівая, пра якое благаслаўленне можна казаць, якія ласкі чакаць, калі жывуць у граху? Колькі яшчэ малітваў узносіць за іх да Цябе… прабач нас, грэшных…
…цяпер і ў хвіліну смерці нашай… Даўно няма мамы і таты, ды й сама ўжо бабуля. Раней збіраліся раднёю на вяселлі, хрысціны, а цяпер усё часцей на пахаванні. Жыццё пераляцела, нібыта ў адны дзверы ўвайшла – пакой перайшла – і праз другія выйшла. Колькі дзён маіх яшчэ, аднаму Богу вядома. Але ўжо цяпер прашу: Маці Міласэрная, будзь маёй Заступніцай у хвіліну смерці, на судзе Божым…
…Амэн…
Жанчына ўсё яшчэ сядзела, заплюшчыўшы вочы. Ужо не малілася, але думкі-успаміны не пакідалі. “Ды адчапіцеся, вы!” – з ледзь бачнай усмешкай ціха сказала яна, паклала на месца ружанец і лягла. Накрылася коўдрай, уздыхнула. Сон, нарэшце, зрабіў цяжкімі павекі, яны памалу апусціліся, хаваючы паўзмрок пакою ў цёмную шэрань. Жанчына засынала, а вусны зашапталі: “Тваёй абароне аддаюся…”
Алена ТАТУН,
парафіянка парафіі св. Язафата Глыбоцкага дэканата Віцебскай дыяцэзіі.
Праўдзівая гісторыя
Час замятае сляды, але самыя важныя падзеі жыцця чалавека застаюцца ў яго памяці надоўга. Так і вёска, Крывая Гара, у якой жыла мая бабуля, сёння ўжо не існуе, але шмат успамінаў адносна яе да цяперашняга часу кранаюць мне душу. У дзяцінстве я часта праводзіла лета ў гэтай вёсцы, якая знаходзілася – сёння жудасна сказаць – каля самага Чарнобылю. У тыя гады мне ніхто яшчэ не казаў ні пра Бога, ні пра Божую Маці. Жыла, як і ўсе, у бачным свеце. Што было бачным, тое і існавала для мяне, тое і захапляла: жытнёвае поле праз дарогу ад хаты маёй бабулі, паўнаводная, са шпаркай плынню Прыпяць, зладжаныя пырскі ад бягучай па рацэ “Ракеты”, смешныя рапухі ў тазіку ва двары, ілюстраваныя кніжкі на дзіўнай украінскай мове. Гэта ўсё стварала тады мой дзіцячы свет. Нездарма ўпамянула кнігі.Чытаць я вельмі любіла. Ведала амаль усе знаныя казкі.
І ўсё ж аднойчы здарылася са мной нешта цікавае. Не, ніякага там бачнага цуду не адбылося. Усё вакол было звычайным, як заўсёды. Цуд здарыўся ў маёй душы. Свяціла сонейка. Я тады бавілася каля жытнёвага поля. Неспадзявана пачаўся дождж. Цёплы такі, пяшчотны. Вельмі прыгожа гэта выглядала: сонца і дождж разам. Краем вуха чула, як мясцовыя жыхары казалі: “Цыганскі дождж!”. Хтосьці дадаў: “Царэўна плача”. Сваім дзіцячым розумам я ўсведамляла, што гэта толькі прыгожыя выказванні, сёння б сказала, метафары, якія мне вельмі спадабаліся. Я моўчкі стаяла, паглядала ў неба на сонейка, падстаўляючы свой твар дажджовым кроплям, як раптам адчула, што там на небе – на небе? – сапраўды хтосьці плача…
Шмат гадоў прайшло з таго часу, калі, нарэшце, я прыйшла да веры. Мой пробашч пільна дбаў аб маім рэлігійным выхаванні. Першай кнігай, якую ён даў мне прачытаць, сталі ўспа-міны Люцыі з Фацімы “Сястра Люцыя апавядае”. Калі дайшла да цуду з сонцам, ёкнула, як кажуць, у мяне сэрцайка: тое пачуццё, якое перажыла тады ў Крывой Гары, было праўдзівым! То была Божая Маці, якая плакала з-за нашых грахоў!
Той вёскі ўжо больш няма. І над пачуццём дзіцяці хтосьці можа толькі пасмяяцца. Але я і зараз глыбока перакананая ў тым, што слёзы Божай Маці – гэта праўдзівая гісторыя!
Таццяна ПРАКОПЧАНКА,
парафіянка парафіі Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мазыры Пінскай дыяцэзіі.
Фацімскі цуд – выратаванне чалавецтва
Прайшло сто гадоў з тых містычных падзей…
З’явіліся цуды ў далёкай Фаціме:
Там Дзева Марыя зышла да дзяцей –
Франсішка, Жасінты, Люцыі.
І Дзева прароцтваў адкрыла ім многа,
Спаўняюцца ўсе на працягу гадоў.
І мы чвэрць стагоддзя жывём ужо з Богам,
І рады спаўненню прарочых тых слоў.
Яўлялася Панна ў прыгожым убранні,
Цудоўны свет ліўся з узнятых далоней,
Ды страшнае пекла было ў прадказаннях
Для тых, хто застаўся ў грахах у палоне.
З далёкіх тых дзён Маці нашай падказкі
Нас клічуць і клікалі да пакаяння,
І з міласці Божай і Божаю ласкай
Прыйшлі людзі многія да навяртання.
Але ж свет бяздумна мяняе аблічча,
І хтосьці для войнаў шукае прычыны.
Яна ж праз стагоддзе маліцца ўсіх кліча,
Бо з просьбай да Бога мір стане магчымым.
Так хочацца быць у Нябеснай апецы!
З Ружанцам да Панны звяртаемся зноў:
Няхай жа святло (Яе) Беззаганнага сэрца
Мацуе ў нас веру, духоўнасць, любоў.
Альбіна ЦЯРЭШКА,
парафіянка парафіі св. Казіміра, г Стаўбцы.
Да Маці з Фацімы
Калі хочацца плакаць і бегчы удалеч,
Калі зайздрасць сціскае нашы душы да слёз,
І, здаецца, нічога нельга паправіць,
Паміж мною і зайздрасцю стань, Хрыстос!
Калі чорныя думкі і гнеў няспынны
Ахінаюць мяне, нібы хмараў воз.
Рукі хочуць ударыць, а сэрца – пакінуць.
Паміж мною і гневам Ты стань, Хрыстос!
Калі слабасць прыцісне, а бязвольныя рукі
Хочуць скінуць з сябе абавязкаў воз.
Паспрабую звярнуцца да Маці з Фацімы.
Яна шчыра папросіць: “Дай ёй сілы, Хрыстос!”.
Людзі жорсткія, злыя, раняць балюча,
Мяне хочуць пакрыўдзіць, давесці да слёз.
Трэба крочыць наперад. Трэба нейк усміхнуцца.
Мне іх трэба прабачыць, ці не так, Хрыстос?
Ала ЕРМАКОВІЧ,
парафіянка парафіі св. Андрэя, апостала ў в. Крывічы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.
З’яўленне Маці Божай у Фаціме
Даўным-даўно ў Фаціме далёкай
Прыйшла Матуля к пастушкам.
О цуда – гэта Маці Бога,
Каб сведчыць праўду дзецям, нам.
Засцерагчы ад зла, ад грэху ўсе народы.
І прадказала, што закончыцца вайна.
Але, каб жылі ўсе ў згодзе,
Вітала дзетак трох Яна.
І раіла маліцца на ружанцы,
І заахвочвала чытаць.
Якая сіла ад яго паходзіць –
Ні з чым нам нельга параўнаць.
Спачатку не паверылі улады.
Люцыю сталі дакараць.
А Маці зноў прыйшла, каб людзям
Свой “Танец Сонца” паказаць.
Той танец быў падобны дыску.
Ён віўся, уздымаўся ўвысь хутчэй.
А людзі бачылі ўсё блізка
І не адводзілі вачэй.
Паверылі, маліцца сталі,
Ісці ў Касцёл – у Божы храм
І спавядацца, і прасіць у Бога рады
Усе людзі свету – тут і там.
Па ўсёй Зямлі, на ўсёй Планеце
Святыні сталі адкрываць,
Маліцца ўсе – дарослыя і дзеці,
Каб жыць спакойна, а не ваяваць.
Ірына ЯФІМАВА,
парафіянка парафіі Ўзвышэння Святога Крыжа, г. Баранавічы.