Аўтар спецпраектаўКарнэліуш Консэк “Першы фотаапарат мне падарыў мой бацька. Але ўсур’ёз займацца фатаграфіяй я пачаў толькі ў 1986 годзе. Лічу, што вельмі часта людзі не заўважаюць тых незвычайных рэчаў і з’яў, якія кожны дзень знаходзяцца з імі побач. Зробіш здымак, дадасі да яго рамку – і ў зусім звыклым і будзённым адкрыецца нешта незвычайнае, шчымліва дарагое, прывабнае, што захацелася б захаваць у сваім сэрцы,у сваёй памяці, на фотаздымку… А гэта – усё наша асяроддзе: прырода, людзі, вынік іх працы і адносінаў да гэтага асяроддзя. Вельмі люблю рабіць фотаздымкі дзяцей, перадаваць іх незвычайна вялікі свет пачуццяў і хваляванняў. У астатні час моцна хвалюе тэма інвалідаў, асабліва дзяцей. Яны жывуць з намі побач, яны такія ж, як і іншыя дзеці, – вясёлыя, гарэзлівыя, любяць музыку, спевы, розныя гульні, але атрымаць ад гэтага сапраўдную асалоду ім значна цяжэй, чым дзецям здаровым. Таму ім вельмі патрэбна наша апека і дапамога… Мусіць, Бог даў мне такі дар, каб у звычайных, на першы погляд, рэчах я заўважаў незвычайнае, прыгажосць. Заўважаю, здымаю, і гэтай Божай ласкай, якая адкрываецца мне, імкнуся падзяліцца з вамі. |