«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

У бягучым  годзе рэдакцыя працягвае цыкл  разважанняў за «круглым сталом»   па “Прыпавесцях  Езуса Хрыста”. Большасць з нас, можа, лічыць, што прыпавесці ўсім добра вядомыя і не патрабуюць ніякіх разважанняў… А калі насамрэч суаднесці ўрокі Езуса, якія даў нам праз іх, з днём сённяшнім, даведаемся шмат новага пра Хрыста як чалавека, які больш за 2000 гадоў таму навучаў у Палестыне. Шмат чаго даведаемся і пра сябе.

 

 

 

Пра «ролі», абавязкі і сумленнасць

 

 

 

 

Прыпавесць пра несправядлівага эканома 

 

Лк 16, 1-13

 

   Казаў таксама вучням сваім: «Адзін багаты чалавек меў эканома, на якога данеслі яму, што растрачвае маёмасць яго. Той, паклікаўшы яго, сказаў яму: “Што гэта я чую пра цябе? Зрабі справаздачу пра кіраванне сваё, бо ўжо не можаш быць эканомам”.  Тады эканом сказаў сам сабе: “Што мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне кіраўніцтва домам? Капаць не маю сілаў, жабраваць саромеюся. Ведаю, што зрабіць, каб людзі прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад кіраўніцтва домам”. Паклікаўшы асобна кожнага з даўжнікоў свайго гаспадара, ён сказаў першаму: “Колькі ты павінен гаспадару майму?”. Той сказаў: “Сто кадзяў алею”. Тады сказаў яму: “Вазьмі сваю распіску, сядай хутчэй і напішы пяцьдзясят”. Потым другому сказаў: “А ты колькі павінен?”. Той сказаў: “Сто кор пшаніцы”. І яму сказаў: “Вазьмі сваю распіску і напішы восемдзесят”.  І пахваліў гаспадар несправядлівага эканома, што ён разумна ўчыніў. Бо сыны гэтага веку мудрэйшыя за сыноў святла ў адносінах да свайго пакалення. І Я кажу вам: здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры. Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім. Таму, калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае? Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне».


 

f-str-17 Прыпавесць  пра несправядлівага эканома абмяркоўвалі вернікі парафіі Св.  апостала Андрэя ў Слоніме, якія сабраліся за “круглым сталом”. У разважаннях прынялі ўдзел  Ганна Сімусёва, Раіса Машыцкая, Марыя Ігнацік з унукам Міхаілам, Вольга Крынчык, Алена Варонік са сваімі дзеткамі Машай, Вікай і гадавалай Даменікай,  і Наталля Урбановіч.  Вядучым пасяджэння быў пробашч а. Віталій Юркевіч, OFMCap.

 

 

 

Пасяджэнне пачалося з супольнай малітвы да Пана Бога, каб захаваў усіх людзей ад за-хворвання каранавірусам, каб дапамог захварэўшым выздаравець, і каб ва ўмовах пандэміі, якая распаўсюдзілася па свеце, людзі  кіраваліся  Божым Словам і чэрпалі ў ім духоўную сілу і моц.

 

 

Набываем сяброў

 

Марыя Ігнацік:Мария Игнатик

– Прачытаўшы  гэтую прыпавесць, кожны з нас, напэўна, зробіць для сябе некалькі вывадаў. Галоўны, які зрабіла  для сябе я: ніколі нельга  апускаць рукі, бо з кожнай сітуацыі, нават са складанай, можна знайсці выйсце.  Як паказана ў прыпавесці: эканом займае добрую пасаду, кіруе ўсёю маёмасцю гаспадара, мае з гэтага свой заробак, але раптам гаспадар гаворыць яму, маўляў, ты не адпавядаеш патрабаванням, і будзеш звольнены з працы. Спалохаўся: капаць не мае сілы,  жабраваць саромеецца. А што эканом умее рабіць яшчэ, акрамя кіравання?.. Сапраўды, што будзе, калі гаспадар насамрэч адхіліць яго ад кіраўніцтва домам? І ён знаходзіць выйсце: кліча сваіх падначаленых, г. зн. даўжнікоў гаспадара,  гутарку вядзе з кожным паасобку і змяншае ім іх даўгі. Але тое, што належыць аддаць гаспадару, – ён аддасць. Атрымоўваецца, што за  “прабачэнне доўгу” залічыцца тая частка прыбытку, якая магла б належаць самому эканому. Значыць, у гаспадара ён  нічога  не ўкраў, а са свайго “кіраўніцтва” сам  для сябе нічога не зарабіў. Аднак тут ён зрабіў вялікае дабро  даўжнікам гаспадара, зменшыў ім іх даўгі, тым самым у іх асобах набыў сабе сяброў. Менавіта так, на маю думку, адбываецца і ў нашым жыцці: дапамагаючы людзям у  іх  цяжкіх  жыццёвых  сітуацыях, мы набываем сабе сяброў. Часам нават коштам страты нечага свайго – напрыклад, асабістага часу, свайго супакою, матэрыяльнага багацця. Але што  такое матэрыяльнае багацце? Сёння  яно ёсць, а заўтра яго няма. А тое, што ты прыдбаў духоўнае, тое будзе  жыць вечна.

 

 

Багацце не тое, што  маеш, а тое, што аддаеш

 

Вольга Крынчык:Ольга Кренчик

– Сапраўды  гэта  так:  сёння  маеш, а заўтра яно ўжо цябе і не цікавіць. Я моцна ўдзячная Богу за нашу гэтую сустрэчу  і за нашыя разважанні, бо на  многія  асабістыя   пытанні  менавіта зараз  знаходжу адказы. Успомніўся адзін эпізод з далёкай маладосці, калі  нарысавала  партрэт і задумалася, як  падпісаць яго. На вочы трапіў выраз на рускай мове з такім  філасофскім  зместам: «Что отдал – то твое, а что спрятал – потерял». Выраз дзіўны,  але ў чым сэнс?  Сёння, пражыўшы кавал жыцця, разумею, што багацце – гэта і ёсць тое, што ты аддаў, а не захаваў для сябе.  Матэрыяльнае  хутка адыходзіць, а тое духоўнае, што набываеш узамен, з табою назаўсёды. Так, як у прыпавесці. Гаспадару эканом аддаў тое, што гаспадару належыць.  Даўжнікам даўгі зменшыў.  А ў лік чаго? Ён сабе  не ўзяў  тую частку, што складала  яго заробак.  Разумеем: да гэтага яго прымусіла сітуацыя, і ён знайшоў такое з  яе выйсце. Сказаць, што быў  ён  харошы чалавек, не можам, бо жыў  у няпраўдзе,  аднак яму хапіла мудрасці прыняць незвычайнае рашэнне, дзякуючы якому ён і сябе не страціў у вачах гаспадара, і набыў сяброў, якія ў будучым яму, напэўна,  дапамогуць. Вывад: тым, што маеш, трэба  абавязкова   дзяліцца з іншымі. Толькі ўслед за ім адразу  ідзе  пытанне: з кім дзяліцца? Ведаем, што нашай дабрынёй вельмі часта  карыстаюцца  не тыя, хто насамрэч патрабуе. І прыпавесць падказвае: эканом не ўсім даваў аднолькава; таму перш чым нешта некаму аддаць, агляніся навокал, падумай, хто найболей патрабуе тваёй дапамогі. Да гэтага падштурхоўваюць нас і назіранні з жыцця: стаіць каля крамы, каля касцёла або царквы які-небудзь апівоша, просіць грошы, каб пахмяліцца  – і што? Даваць яму? Звычайна тыя, каму  моцна  патрэбна, не просяць… Перакананая: калі, не задумваючыся,  не  аналізуючы,  кідаем свае грошы таму, хто просіць, то паступаем фармальна, хутчэй дзеля сябе  самога, маўляў, я ж даў міласціну.  А калі  насамрэч хочам дапамагчы патрабуючаму, то павінны разабрацца, што, каму і колькі, але абавязкова – каму патрэбна! У каго лёгкая ноша – таму  не трэба яе аблягчаць. Такая праца розуму і душы патрабуе  крапатлівасці і  сумленнасці, але абернецца для цябе самога багаццем вечным –  Бог ўсё бачыць! Калі на зямлі навучымся рабіць справы невялікія, то, можа, на Небе Бог даверыць нам рэчы вялікія.

 

 

Маленькімі крокамі

 

Наталля Урбановіч:Наталия Урбанович

– Прыпавесць, над якой разважаем, прызнаюся, не падалася мне лёгкай, і ахапіць яе адразу  цалкам, глыбока зразумеўшы кожны сказ, цяжка. Але  павінна  адзначыць, што некаторыя  вершы пакінулі ў мяне яскравае ўражанне, і вывады, да якіх прыйшла,  для  мяне  таксама зразумелыя. Па-першае: тут, на зямлі, Бог дае мне  многа  розных багаццяў, якімі  я  павінна распараджацца разумна, з карысцю не толькі для сябе самой, але і для ўсіх бліжніх. Па-другое: каб з такою стараннасцю, з якою набываем багацці матэрыяльныя, клапаціліся  мы аб набытках духоўных, то былі б  людзьмі, сапраўды моцнымі  ў  духу  і прыемнымі Пану  Богу. Чамусьці так прызвычаіліся, што пра зямное, матэрыяльнае часцей  думаем,  аб ім дбаем і ўчынкаў у яго бок робім  значна болей, а патрэбна было б  – наадварот. Калі б аб духоўным  клапаціліся, то таксама і іншым дапамаглі б пазнаць Бога, дапамаглі б прыйсці ім да веры, да Касцёла. У апошні час  даволі часта набываю  духоўную  літаратуру, часопісы,  чытаю  сама  і перадаю іншым,  каб чыталі. Калі збіраюся зрабіць каму-небудзь падарунак – купляю для яго Біблію. Думаю, чалавек некалі  адкрые  яе  старонкі і не зможа адарваць ад іх сваіх вачэй… Разумею, што  крокі  мае  сціплыя, маленькія, але накіраваныя яны да Пана Бога…

 

 

Моцная рука Бога

 

Алена Варонік:Анна Вороник

– Гэтую прыпавесць  мы чыталі ўсёю сям’ёю – мы з мужам і дзеці – і разважалі  на  прыкладах  свайго жыцця.  Усе  тыя цяжкасці, якія здараюцца, усе  выпрабаванні, якія пераадольваем, уся наша боль і наша радасць – гэта ўсё з моцнай рукі Пана Бога  і  гэта  трэба прымаць з удзячнасцю. Гэта тое, што мы называем пакліканнем ў жыцці.  А пакліканне мае кожны чалавек, толькі, на жаль, не ўсе людзі гэта разумеюць, як не разумелі  з’яўлення ў нашай сям’і трэцяга дзіцяці. Некаторыя так і казалі: “Навошта?.. Такая  вялікая  ўзроставая  розніца  паміж дзецьмі, старэйшыя  дочкі ўжо вялікія…”. А мы не маглі нарадавацца:  Машы –  11, Вікторыі – 10 гадоў, і  дзякаваць  Богу, што яны старэйшыя!  Але з якою любоўю і з якім шчырам клопатам прынялі яны сваю сястру – маленькую  Дамінічку!  Для ўсіх нас гэта была  такая  добрая  навіна,  дзяўчынка  прынесла  такое  абнаўленне жыцця ў нашай сям’і!  Яна з’явілася  неспадзяваным, але вельмі радасным натхненнем. А  жыццёвыя  цяжкасці… У каго іх не было – былі і будуць. Толькі  разуменне  паняцця “цяжкасці” у кожнага чалавека сваё, і сэнс, які ўкладваюць людзі ў гэтае паняцце, для ўсіх розны…

 

 

Не будзе “лазеек” – не будзе і недарэчнасцей

 

Раіса Машыцкая:Раиса Машицкая

– Прыпавесць  пра несправядлівага  эканома  цікавая і вельмі павучальная  і для нас, бо дае шмат урокаў. Першае, на што я звярнула ўвагу:  “ролі”, гэта значыць абавязкі паміж гаспадаром і эканомам былі не  вы-значаны канкрэтна, між імі не было ніякай  канкрэтнай  дамоўленасці. Гаспадар  патрабаваў справаздачу ад эканома  вельмі позна, ужо пасля таго, як папаўзлі чуткі, што  той растрачвае маёмасць, дрэнна гаспадарыць. А чаму  так? Патрэбна, каб усё было ў вызначаны час: справаздача, аналіз, вывады; справаздача, аналіз, вывады (для мяне гэта прафесійнае патрабаванне).  Больш таго, патрэбна, каб усё было пакладзена на паперу і каб ўсё было празрыста. Агульная навука прыпавесці ва ўсе часы актуальная: да ўсяго, што  табе даводзіцца рабіць у жыцці, патрэбна падыходзіць рэальна і прынятыя абавязкі выконваць сумленна. Бо што б ты там ні нарабіў, што б ні накруціў – прыдзецца адказваць перш за ўсё перад самым сабою, перад  Панам  Богам, і ўсё  вернецца да цябе бумерангам. Памятай, ты  не  адзін на гэтай зямлі, і  калі   хочаш  дапамагчы –  думай, каб усё адпавядала закону і матывам, якімі кіруешся,  каб  у выніку не было ніякіх недарэчнасцей. І самае  галоўнае правіла, якое выцякае з “адносінаў” гаспадара  і эканома: ва ўсіх справах павінна існаваць разумная дамоўленасць, а калі не вызначаны канкрэтныя  ўмовы  супрацоўніцтва – будуць “лазейкі”; а калі будуць “лазейкі” –  будуць і розныя парушэнні і недарэчнасці. Я  не разумею такіх адносінаў, як  у  прыпавесці, і ў гэтым сэнсе не  падзяляю пазіцыі ні гаспадара, ні яго эканома.

 

 

Не «апускай крылы»

 

Ганна Сімусёва:Анна Симусёва

–Я разумею прыпавесць так: канкрэтны чалавек, эканом трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Ён не зусім просты, відаць, мае нейкую адукацыю, пісьменны, разважае,  як лепей паступіць, што яму прадпрыняць. Вядома, баіцца страціць працу, бо як без працы наогул жыць? Але не сеў плакаць, не закідае  Бога  прэтэнзіямі і пытаннямі, не лямантуе. Ён  не згубіў ні свой погляд на рэчы, ні сваю пазіцыю – ён думае, кантактуе з тымі, з кім працаваў, і знайходзіць выйсце. Я б сказала, “круты” чалавек! Гаспадар бачыць усё гэта і ўсхваляе свайго эканома, што той паступае правільна. У чымсьці эканом, канечне, страціць, не атрымае таго, што сам павінен быў атрымаць. Але ў супрацьлеглым выпадку: каб ён  “апусціў крылы”, злажыў рукі – было б значна горш, і гаспадар мог бы страціць болей.

Думаю, што  ў жыцці хіба кожнага  чалавека былі такія цяжкія сітуацыі, што  прыходзіла роспач і не ведаў,  як выйсці з іх. Здараліся такія і ў мяне. Але  сканцэнтрыруеш думкі, разважаеш, часам людзі падкажуць і дапамогуць – і  рашэнне прыйдзе. Галоўнае – не  «апускай крылы»! Менавіта так: страсяні сябе; падымі, апусці і скажы сабе: “Думай, браце, думай!”. 

 

 

Вядучы:Виталий Юркевич

– Шаноўныя, павінен сказаць, што гэтая прыпавесць – не з шэрагу лёгкіх і простых, якімі Езус Хрыстус павучае сваіх вучняў, і пра свае асабістыя  адно-сіны да яе зместу магу сказаць так: першае знаёмства з ёю ўвяло  мяне ў клопат і роспач. Было дзіўна і незразумела, як Пан Бог  – Той, хто запаведаў нам “не крадзі”, “не сведчы фальшыва”,  можа быць на старане злодзея. Але  разважаў, пасля чытаў каментары, і прыйшло разуменне, што  ніякай несправядлівасці тут няма, што Бог  хваліць эканома не за яго абыякавасць, а за тое, што ён знайшоў выйсце з драматычнай сітуацыі. Шукаў выйсця фактычна для сябе,  а адначасова,  памяншаючы даўгі іншым, прабачаючы ім,  рабіў ім палёгку і іх «адкрываў»! Яны сталі яго сябрамі. Прызнаюся, я спрабаваў на месца эканома паставіць сябе: дык і я не ўмею ўсяго рабіць, а толькі тое – што ўмею! Сёння разважаю пра Касцёл, да якога мы ўсе належым, пра нашую супольнасць і зноў думаю: Касцёл таксама не ўмее рабіць усяго, і наогул у яго свая місія ў свеце, але тое, што ён робіць, што мае і раздае, – міласэрнасць,  суперажыванне, прабачэнне,  любоў, дабрыня, –  неацэнна дарагое для ўсіх вернікаў. У некаторым сэнсе змест прыпавесці з’яўляецца правакацыйным,  Пан Бог дапускае несправядлівасць, якая ў выніку выходзіць для дабра іншых.

Неацэнная  карысць гэтай прыпавесці яшчэ ў тым, што яна вучыць сацыяльнай адказнасці і адказнасці перад Богам. Праз бачныя вобразы зямнога жыцця Пан Езус хоча наблізіць нас да нябачнай рэчаіснасці жыцця вечнага, падобна як праз матэрыяльны свет Ён вядзе нас да свету духоўнага.  Пры гэтым вымагае, каб мы паглыбляліся ў змест сказанага Ім Слова.   “Здабывайце сяброў сабе несправяд-лівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры”.  Як разумець сказанае? «Несправядлівай» не таму, што ўсялякая маёмасць дрэнная сама па сабе, а таму, што для чалавека нядобрая ўсялякая празмернасць — яна шкодзіць яму. Аднак матэрыяльныя даброты могуць быць каштоўнымі для тых, хто церпіць нястачу, і правільна паступаюць тыя, хто дзеліцца з бліжнім дабротамі, якія  мае сам. У штодзённым жыцці многа іншых складаных сітуацый, людзі пазычаюць адзін другому  грошы. І калі хто спазніўся з вяртаннем доўгу, то хутка можа апынуцца ў шэрагу  “непрыяцеляў”, і той, хто яму пазычыў, пачынае ўжо асуджаць…  А Езус кліча нас не апускацца да дробязей, быць вышэй за іх, быць  мудрымі і пры гэтым разборлівымі – не можаце “служыць Богу і мамоне”.

 

Пасяджэнне закончылася супольнай малітвай падзякі Пану Богу за сустрэчу.

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

Гродзенская вобл.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий