«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

У бягучым  годзе рэдакцыя працягвае цыкл  разважанняў за «круглым сталом»   па “Прыпавесцях  Езуса Хрыста”. Большасць з нас, можа, лічыць, што прыпавесці ўсім добра вядомыя і не патрабуюць ніякіх разважанняў… А калі насамрэч суаднесці ўрокі Езуса, якія даў нам праз іх, з днём сённяшнім, даведаемся шмат новага пра Хрыста як чалавека, які больш за 2000 гадоў таму навучаў у Палестыне. Шмат чаго даведаемся і пра сябе.

 

 

 

Быць  пладаноснымі

 

 

 

Прыпавесць пра неўраджайную смакоўніцу

 Лк 13, 6-9

 

 І расказаў такую прыпавесць: «Адзін чалавек меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць на ёй плоду, але не знайшоў. Тады сказаў вінаградару: “Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю?”. Але той сказаў яму ў адказ: “Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу гноем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе”».


 

 У парафіі святога Юзафа ў Лунінцы адбылося пасяджэнне за “круглым сталом”, удзельнікі якога абмеркавалі  прыпавесць  Езуса Хрыста пра неўраджайную смакоўніцу.  Удзел у абмеркаванні прынялі парафіяне Дзяніс Наумік, Андрэй Жвірко, Рэгіна Швідкова, Марыя Захарава, Караліна Мурко. Вядучым пасяджэння быў пробашч парафіі кс. Дзмітрый Кернога.

 

 Напачатку сабраныя звярнуліся са шчырай малітвай да Духа Святога, каб асвяціў іх розум і сэрца  і дапамог дасканала зразумець сэнс кожнага слова Езуса, якое скіравана для дабра людзей, для таго, каб яны былі шчаслівымі на зямлі і атрымалі жыццё вечнае.

 

 

Каб не засыхалі парасткі

 

Марыя Захарава:Мария Захарова

– Сэнс прыпавесці пра неўраджайную смакоўніцу асабіста для сябе я вызначыла адным тэзісам: навяртанне праз пакаянне. Пражыла кавалак часу (мне 63 гады), шмат чаго бачыла і лічу, што менавіта так сталася ў маім жыцці. Нарадзілася і выхавалася я ў каталіцкай сям’і,  у моцным каталіцкім асяроддзі ў Рубяжэвічах. У касцёле была ахрышчана, там адбылася і мая першая святая Камунія, і першая споведзь, і бежмаванне. Канешне, не ўсё было зразумелым, бо праходзіла гэта ў дзяцінстве, але і не ў гэтым бяда. Бяда ў тым, што далейшы мой шлях, пачынаючы з ад’езду на вучобу ў Мінск, не толькі не спрыяў майму духоўнаму развіццю, а засушыў усе тыя парасткі, што ўзышлі на бацькоўскай глебе. Наступіў перыяд звычайнай заблукаўшай авечкі і расцягнуўся ён аж на чвэрць веку! Адразу вучоба, пасля – размеркаванне ў Лунінец, сям’я, дзеці… У Лунінцы касцёла не было, а пра Пінскі ніхто і не думаў… Здавалася, што на гэта няма часу, што не гэта галоўнае. І калі параўноўваю сябе са смакоўніцай, то 25 гадоў не было мне ніякай падпіткі – ні храма, ні веры…  За такі час  засохне ўсякае дрэва, калі яго не паліваць, не даглядаць, аб ім не клапаціцца…  Праўда, вернікі збіраліся па хатах на сумесныя малітвы, але сапраўдны свет у канцы тунэля ўбачылі, калі ў 90-я гады ў Лунінцы  была арганізавана парафія і адчыніўся  касцёл. Мы за яго змагаліся, за яго маліліся, яго праглі… З’явілася вялікае жаданне зрабіць нешта вельмі карыснае і сабе, і людзям. У 97-м годзе мы з мужам тут, у касцёле,  узялі шлюб. З той пары я не прапусціла ні адзінай святой Імшы, з хваляваннем і радасцю ўзрастала ў веры, мяне абралі старшынёй касцёльнага камітэту.

Але з’явілася ў маім жыцці і выпрабаванне –18 гадоў на маіх руках мая ляжачая мама, інсульт. Даглядаю сама. Выпрабаванне цяжкае, часам лезуць у галаву думкі: за што мне гэта? Ганю іх прэч і разважаю далей: а можа гэта і ёсць Божая падпітка для мяне? Можа Бог загартоўвае мяне, вучыць большай цярплівасці? Можа, даю добры прыклад сваім дарослым дзецям, унукам, каб і яны чаму-небудзь навучыліся? Канечне, канчаткова не ведаю, якімі будуць плады працы маёй душы, але  на лёс не скарджуся і спадзяюся, што Бог заступіцца за мяне. 

 

На карысць сабе і бліжняму

 

Рэгіна Швідкова:Регина Швидкова

– Сведчанне Марыі напомніла і мне пра мае дзіцячыя і юнацкія гады. Калі ў дзяцінстве (я родам  з вёскі Бярозаўка Баранавіцкага раёна) было далёка хадзіць у Лясную да касцёла, але беглі мы, дзеці, за некалькі кіламетраў туды праз лес з радасцю, то пасля, калі ўжо вучылася ў Гродне, студэнтам і моладзі наогул  храмы наведваць не дазвалялася. І мяне, як і маіх равеснікаў,  можна было параўноўваць з засохлымі дрэвамі, што не даюць пладоў. Але дзякаваць Богу, дачакаліся, што час змяніўся, і людзі зразумелі тую ісціну, якую прапаведваў Езус Хрыстус у Палестыне.  Прыпавесць пра няплодную смакоўніцу ў вінаградніку – адна з прыпавесцей  Езуса Хрыста ў Евангеллі ад святога Лукі. Тэалагічнае тлумачэнне прыпавесці  наступнае: вінаградар – гэта Езус Хрыстус, які прыйшоў да Выбранага Народу і тры гады служыў яму, робячы ўсё магчымае, каб народ навярнуўся да веры,  спадзяючыся на плады, але іх не было. Гаспадар вырашыў, што смакоўніца толькі  дарэмна апусташае глебу і трэба ссячы яе. Але чаму адразу? Няхай пройдзе яшчэ год, можна абкласці яе навозам, абкапаць, падгледзець – можа прынясе плод?  Гэта быў захад  Езуса  пры-зваць іудэяў да пакаяння. Гэтая прыпавесць мяне заўсёды ўзрушвала, бо я разумела, што мы, хоць і лічылі сябе католікамі, але выканаць  усё патрэбнае не маглі. Можна сказаць, што і мы  не прыносілі пладоў, якіх чакаў ад нас Езус Хрыстус.

На прыкладзе няплоднай смакоўніцы  паказана  ўпартасць лю-дзей грэшных, а таксама доўгацярплівасць Бога. Мы, людзі, усе  грэшныя, нам трэба пакаяцца. Трэба штодня маліцца, прасіць Бога аб прабачэнні нашых грахоў, хадзіць да касцёла, дапамагаць яму,  спавядацца і прымаць цвёрдае рашэнне больш не грашыць. Жыццё з Богам і ў Богу і будзе духоўным плодам, які прынясе карысць не толькі нам самым, але і нашым бліжнім.

 

Не ўяўляю жыцця  без касцёла

 

Дзяніс Наумік:Денис Наумик

–Сёння я міністрант касцёла, але, азіраючыся на сваё асабістае  жыццё, лёгка параўноўваю сябе са смакоўніцаю з прыпавесці. Зерне таго дрэва пасеяла ва мне мая мама. Было мне гадоў можа  пяць, як узяла яна мяне з сабой на малітву. Адзін раз, другі, трэці… Касцёла тут яшчэ не было,  вернікі збіраліся па хатах, і мне спадабалася, як моляцца яны, як спяваюць. Вельмі хутка вывучыў малітвы, нават  многа малітваў, за што моцна ўхваліў мяне ксёндз Юзаф Войда, які прыязджаў да нас з Ганцавічаў. У 1997 годзе, калі адчыніўся касцёл, я прыслужваў у якасці міністранта, нават яшчэ не дайшоўшы да першай Камуніі. І мне гэта падабалася, быў перакананы, што выконваю патрэбную Богу і лю-дзям справу. Але так было да той пары, пакуль не прызвалі ў войска, а там – пачаў “засыхаць”… Чарсцвеў душою і нават, прыйшоўшы пасля дэмабілізацыі дамоў, на працягу трох гадоў не хадзіў да касцёла. Стаў як неўраджайная смакоўніца. Аднак Гасподзь даў мне шанс. Пасля доўгіх разважанняў, шчырай  асабістай малітвы і малітвы нашай парафіі я пакаяўся, пачаў болей маліцца, спяваць і зноў стаў актыўным парафіянінам. Не прапускаю ні адзінай святой Імшы. Калі мяне няма на службе ў нашым касцёле, значыць я ў іншым  – на радзіме маёй мамы ў Ваўкавыску або ў касцёле ў Ружанах. Дарэчы, храмы там вельмі прыгожыя, прыцягальныя. Наогул хачу прызнацца, што мне заўсёды не хапае касцёла, маліцца дома так плённа неяк не атрымоўваецца.  Сёння не ўяўляю свайго жыцця без касцёла і за гэта Пану Богу я моцна ўдзячны.

 

Не адкладвайце на заўтра!

 

Андрэй  Жвірко: Андрей Жвирко

 –Нашае зямное жыццё параўноўваецца з пілігрымкай; яно шуміць, бурліць у віры штодзённых клопатаў, пры тым, як сказаў святы Ян Павел II, “час – уцякае, вечнасць – чакае”. Трэба штодня памятаць пра гэта і ніколі не адкладваць на заўтра споведзь – заўтра можа не наступіць… А міласэрны і доўгацярплівы Пан Езус, Які прыйшоў за-браць усе нашыя грахі, ужо сёння чакае ў канфесіянале…  Да таго ж, ніхто не ведае дату сваёй смерці, заўсёды трэба быць “гатовым” да сустрэчы з Панам: гэта значыць  рэгулярна хадзіць да касцёла,  прыступаць да споведзі і прымаць Цела Хрыста; наведваць і прыбіраць могілкі; рабіць добрыя ўчынкі для людзей; дапамагаць Касцёлу. Пасля смерці  будзем “пажынаць” свае плады, а якімі яны будуць – ад нас самых залежыць. Ад смакоўніцы гаспадар вінаградніку чакаў добрых пладоў, і калі іх не было, гатоў быў ссекчы дрэва… Дай Божа, каб колькасць нашых добрых спраў і ўчынкаў была незлічонай, бо, калі  нашы сэрцы не маюць Бога, то іх запаўняе штосьці іншае, свецкае, людскае, а яно – усё часовае; яно праміне…  Застаецца толькі тое, што – Божае. Я і сёння памятаю сваю ўзрушанасць, якая агарнула, калі  першы раз трапіў у Санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Перадаць словамі гэта немагчыма, гэта жыве ва мне, кіруе маімі думкамі і дзеяннямі. Зараз з’яўляюся міністрантам, далучыўся да руху  “Жывы Місійны Ружанец”. А мінулым летам, падчас урачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай, якая праходзіла ў Мінску, з рук айцоў кармэлітаў Босых я атрымаў шкаплер – знак апекі і заступніцтва Найсвяцейшай Марыі. Гэта натхняе мяне  служыць Богу з яшчэ большай адданасцю.

 

У Божым садзе

 

Караліна Мурко:Каролина Мурко

–Гэтую прыпавесць ведаю даўно, але зараз, паглыбіўшыся ў яе змест, прыходжу да цвёрдай высновы, што галоўнае – гэта вера. Без веры нічога не будзе і нічога не атрымаецца.  Сапраўды, чым заканчваецца гэты фрагмент Евангелля? Тым, што вінаградар просіць гаспадара не знішчаць дрэва, а пакінуць яго яшчэ на адзін год: “можа прынясе плод у будучым”. Гэта і ёсць праяўленне веры. Вінаградар верыць, што не ўсё яшчэ загублена, але не проста верыць так, нічога не робячы. Ён бярэцца шчыра  працаваць вакол смакоўніцы – абкапаць, абкласці яе навозам –  спадзяючыся пасля гэтага атрымаць нейкі плод.  Момант гэты вельмі важны, падкрэслівае: без любові, увагі, клопату ні ў якай справе не можа быць поспеху.  Канечне, наўпрост прыпавесць датычыцца народу Ізраэля (смакоўніцы), ад якога Езус чакаў навяртання. Аднак мае яна і іншае тлумачэнне, згодна з якім віна-граднік – гэта Касцёл, а смакоўніца – кожны хрысціянін, чалавек, пасаджаны ў Божым садзе. Як дрэва павінна прыносіць плады, так і ад нас Бог чакае тых плёнаў, дзеля якіх Ён нас стварыў. А гэта – галоўныя цноты хрысціяніна: любоў да Бога і людзей, міласэрнасць, пакора, ласка, мужнасць, шчодрасць.  І калі ўсё гэта ў нас ёсць, Пан Бог радуецца, як радуецца гаспадар свайму саду.

 

Вядучы:кс.Дмитрий Кернога

– Шаноўныя! Сапраўды, які моцна глыбокі сэнс мае гэтая кароценькая прыпавесць і які важны пасыл вернікам яна дае! Гэты пасыл, перш за ўсё,  указвае на  доўгацярплівасць і адначасова міласэрнасць Бога, Які чакае ад кожнага з нас жывой веры ў Свайго Сына, у Яго Збаўчую місію. З гісторыі хрысціянства ведаем,  чаго чакаў Бог ад Выбранага Народу Ізраэля, – таксама  навяртання, пакаяння і жыцця па веры, гэта значыць пладоў Свайго служэння.  Чакаў цярпліва, як гаспадар вінаградніку з прыпавесці: тры гады хадзіў і глядзеў, ці не з’явіўся плод на смакоўніцы. І нават хацеў ужо ссячы, каб не займала месца, але вінаградар зноў папрасіў: “Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу гноем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе”. Як павялі сябе іудэі і што здарылася далей з народам Ізраэля, ведаем…

Гэтая прыпавесць не з’яўляецца лёгкай для разумення, таму што патрабуе ад нас самых перш за ўсё – нашай асабістай шчырасці. Добра ведаем, што ў дачыненні да веры, да Бога большасць людзей, на жаль, “тэарэтыкі”, а не “практыкі”, бо практыкуючымі быць цяжка, але на Судзе Божым кожны будзе адказваць за сваё. І Езуса Хрыста не будуць цікавіць нашы тэарэтычныя пазнанні, а будуць цікавіць нашыя плады – справы, учынкі, дзеянні… Таму важна не прапусціць ні дня, ні гадзіны ў назапашванні добрых хрысціянскіх спраў. Бо распа-знаць у сённяшні час, імклівае ХХI стагоддзе, што мы – хрысціяне, ніякім іншым  чынам нельга; як кажуць, на лбе не напісана, ніяк не абазначана. Ёсць толькі адзіны спосаб, які будзе  гаварыць акружаючым пра маю прыналежнасць да вучняў і паслядоўнікаў Езуса Хрыста, – плады, якія я павінен даваць, а не заставацца няплоднай смакоўніцай.  Прысутнічаючы тут міністрант Андрэй любіць цытаваць адказ Свяцейшага Айца Францыска на пытанне аднаго з вернікаў: “Як майму сябру паверыць у Бога?”. Свяцейшы адказаў: “Сам жыві так, каб сябра спытаў у цябе: “А чаму ты так жывеш?».

Але прыпавесць звернута не толькі да вернікаў. Яна  пад-штурхоўвае таксама нас, святароў, пакліканых даваць плады, самым сабе адказаць на пытанне: а ці адпавядаю я свайму месцу, пакліканню, заданню? Рыхтуючыся да сённяшняй сустрэчы, падумаў: у жыцці няма нічога  выпадковага, і тэма для разважання таксама невыпадковая, прымушае зрабіць рахунак сумлення: на службе ў парафіі  (а гэта Лунінец, Мікашэвічы,  Жыткавічы) я ўжо тры гады, а ці многа душ прывёў да Бога? Ці дапамог тым, хто зблудзіў у пошуках Пана?  На святарах ляжыць двайная адказнасць. Канешне, з  амбоны лягчэй павучаць, чым жыць па Божых законах. Але словы навучаюць, а прыклады – прыцягваюць. Таму кожнаму чалавеку патрэбны матывацыя, прыклад, узор… І хлусяць тыя нашыя сучаснікі, якія лічаць сябе вер-нікамі, але сцвярджаюць, што яны здольныя самі будаваць свае адносіны з Богам, што ім не па-трэбны пасрэднікі, не патрэбна прыманне святых сакрамэнтаў…  З такім “бачаннем” лёгка ператварыцца ў няплодную смакоўніцу. Дзякаваць Богу, што Ён заўсёды пакідае чалавеку шанс стаць дастойным хрысціянінам, а не сячэ адразу. І падае чалавеку знакі. Амэн.

 

Пасяджэнне за “круглым сталом” завяршылася сумеснай малітвай  падзякі да Пана Бога за сустрэчу.

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

Брэсцкая вобл.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий