У бягучым годзе рэдакцыя працягвае цыкл разважанняў за «круглым сталом» па “Прыпавесцях Езуса Хрыста”. Большасць з нас, можа, лічыць, што прыпавесці ўсім добра вядомыя і не патрабуюць ніякіх разважанняў… А калі насамрэч суаднесці ўрокі Езуса, якія даў нам праз іх, з днём сённяшнім, даведаемся шмат новага пра Хрыста як чалавека, які больш за 2000 гадоў таму навучаў у Палестыне. Шмат чаго даведаемся і пра сябе.
Каму дадзена шмат…
Прыпавесць пра вернага слугу
Лк 12, 41-48
Тады сказаў Пётр: «Пане, гэтую прыпавесць расказваеш нам ці таксама усім?». Пан сказаў: «Хто ж верны і разумны эканом, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі даваць ім у свой час меру хлеба?
Шчаслівы той слуга, якога гаспадар ягоны, калі прыйдзе, застане, што ён так робіць. Праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёй паставіць яго. Калі ж гэты слуга ў сэрцы сваім скажа: «Не хутка гаспадар мой прыйдзе», і пачне біць слугаў і служанак, есці, піць і ўпівацца, то прыйдзе гаспадар слугі гэтага ў дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. Адлучыць яго і вызначыць яму лёс з нявернымі. А той слуга, які ведаў волю гаспадара свайго, але не быў гатовы і не рабіў паводле волі яго, будзе моцна пабіты. Той жа, які не ведаў і зрабіў вартае пакарання, будзе пабіты мала. З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць.
У парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце вернікі, сабраныя за “круглым сталом”, разважалі над прыпавесцю пра вернага слугу. Удзельнікамі пасяджэння былі парафіяне: Павел Ажэхоўскі, Анастасія Карпава, Аляксандра Шаўлінская, Аліна і Раман Добыш, Аня Шумовіч, Аксана Бровач. Вядучым быў вікарый парафіі кс. Андрэй Багдановіч.
Сабраныя пачалі з малітвы да Усемагутнага Бога, каб паслаў на іх Духа Святога, адчыніў іх сэрцы, асвятліў іх розум, каб маглі пачуць Слова Божае, і каб гэтае слова, дакрануўшыся да іх душы, актуалізавалася ў іх жыцці.
Бог хоча бачыць сваіх сыноў вернымі
– Прачытаўшы прыпавесць, адразу падумаў: нічога новага, я ўсё гэта ведаю, чуў на катэхезах, у казаннях святароў… Ведаю, што Бог сказаў “Я — прыйду”, даў нам вольную волю, бо любіць нас. Аднак, паглыбіўшыся, пачаў разважаць: Бог даў нам вольную волю распараджацца не толькі нашым асабістым розумам, сілай, талентамі, але і ўсімі тымі дарамі, якія стварыў для сусвету, пры гэтым сказаўшы адзінае: “Я – прыйду, будзь гатоў”. Сказаў Ён гэта для таго, каб, вярнуўшыся, убачыць нас сапраўды вернымі Яму і пераканацца, што мы не загубілі сваю веру. Ён хоча напоўніцца радасцю за сваіх сыноў, каб паставіць нас побач з Сабою ў Сваім Валадарстве. Для мяне гучыць гэта як рэч зразумелая, якую я добра ведаў, але адначасова з’явілася для мяне адкрыццём, новым разуменнем зразумелага. Што датычыцца зместу апошніх двух вершаў – пра пакаранне. Шчыра кажучы, яны неяк у мяне абстрагуюцца ад усяго папярэдняга. Грэх, як ведаем, бывае дзеяннем свядомым і несвядомым. У прыпавесці чытаем: “Той слуга, які ведаў волю гаспадара свайго, але не быў гатовы і не рабіў паводле волі яго, будзе моцна пабіты. Той жа, які не ведаў і зрабіў вартае пакарання, будзе пабіты мала”. Гэтая апошняя частка ў мяне не звязваецца з тымі высновамі, якія былі перад гэтым.
Яму не скажаш: “Пачакай”
– Прачытанае падзяляю для сябе на некалькі частак. Вершы з 35 па 39 з “Закліка да чування” — гэта пра другое прышэсце Езуса Хрыста, які прыйдзе і скажа: “Хто верыў — той са Мною, хто не — … вы самі выбралі свой шлях”. Таксама тут ёсць вельмі яскравы адсыл да светачаў. Светач — гэта той, хто “гарыць” Богам, асвятляючы шлях іншым. Раблю для сябе дзве высновы: першая — мы павінны абавязкова адкрыцца Богу, дазволіць Яму дзейнічаць унутры нас, у нашым сэрцы, быць кіраўніком усіх нашых дзеянняў і павінны жыць па Божых Запаведзях; другая (здаецца, гэтая выснова вельмі актуальная зараз, асабліва для моладзі) — рабіць гэта адразу, хутка, імгненна. Не думаць, што яшчэ паспею, маю час, яшчэ маладая… Чуваць трэба сёння і тут. Бо, калі прыйдзе Езус, Яму не скажаш: пачакай, я не ўсё яшчэ выканала, мне яшчэ трэба да споведзі… “І вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы”.
Прыклад любові
– У першую чаргу хацела б звярнуць увагу на наступны момант. У тэксце сказана: што, калі гаспадар пастукаецца ў дзверы, то патрэбна, каб адчынілі яму адразу. І “шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца і пасадзіць іх, і, падыйшоўшы, пачне служыць ім”. Тут можна задумацца: чаму Бог павінен станавіцца слугою для сваіх слуг? Я б адказала: гэта з вялікай любові і павагі. Але перш за ўсё слугам трэба мець да гаспадара павагу, любоў, шанаваць яго, чакаць, падпарадкоўвацца ў добрым сэнсе, толькі ў такім выпадку можна разлічваць на нейкую ўзаемнасць з боку гаспадара. У гэтым кавалачку тэкста бачым яскравы прыклад любові. У адносінах з другімі людзьмі патрэбна заўсёды ставіць сябе на іх месца. Сапраўдная любоў не мае эгаізму, рэўнасці, зайздрасці; калі ты любіш іншага чалавека, ты ніколі не будзеш прыніжаць яго — наадварот, будзеш ставіць яго вышэй за сябе, з павагай адносіцца да кожнага яго слова, жадаць дапамагчы яму. Такой самаахвярнай любові вучыць нас Бог.
Ці памнажаем?
– Я таксама падзяліла прыпавесць для сябе на дзве асноўныя часткі. Першая для мяне заключаецца ў вершы “І вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы”. Я не сапастаўляю гэта непасрэдна з другім прыйсцем Хрыста, а асацыірую з актуальнасцю нашага штодзённага жыцця. Каб стаць да Госпада бліжэй, мы засяроджваемся на малітве, імкнемся зрабіць нешта светлае, прыгожае, важнае ў вачах Бога і, дзіўна, пры гэтым не заўважаем, што адбываецца навокал. Часам побач з намі ёсць чалавек, які патрабуе нашай звычайнай увагі, простай дапамогі, менавіта праз яго да нашага сэрца хоча дастукацца Бог, а мы не рэагуем. З-за свайго гонару, себялюбства, славалюбства не спяшаемся яму насустрач, хоць у той жа самы момант быццам і хочам зрабіць нешта вельмі добрае і карыснае. Вывад: не туды імкнемся, Бога патрэбна шукаць у кожным чалавеку. Другая частка майго “падзелу” заключаецца ў словах: “Каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць”. Сапраўды, Бог надзяліў кожнага з нас вялікімі дарамі, даручыў нам многае і кожнаму па-рознаму і ў розных сферах. Просты прыклад: як бацькі ўкладваюць у сваіх дзяцей шмат усяго – любові, часу, клопату, грошай, так, канешне, прагнуць і ўгледзець у сваіх дзецях плады сваіх намаганняў. А дзеці грэбуюць, не слухаюць, не развіваюцца, застаюцца на тым самым месцы, на адной “кропцы”. Прыпавесць прымусіла і мяне паразважаць над тым, што дае мне Бог і як я асабіста выкарыстоўваю дадзенае, ці памнажаю, ці, можа, закопваю ў глебу…
За добрае Бог узнагароджвае
– На мой погляд, у гэтай прыпавесці ёсць два вершы, якія можна зразумець па-рознаму: адзін або звязаць з другім прышэсцем Хрыста, або з днём сённяшнім, менавіта Промыслам Божым, калі Бог пасылае ці расстаўляе на нашай дарозе людзей. Памятаю фільм, галоўны герой якога пачаў тануць і звярнуўся да Бога: “Ратуй!”. Бог паслаў яму на дапамогу аднаго чалавека, другога, трэцяга… Плывец ад дапамогі адмовіўся і патануў. Пасля трапіў на неба і пытаецца ў Бога: “Чаму мне не дапамог?”. “Я дапамагаў, а што ты не прыняў дапамогу — твая асабістая віна”. Апошнія два вершы прыпавесці вяртаюць нас да паняцця справядлівасці. Касцёл заўсёды вучыць: за добрае Бог узнагароджвае, а за злое — карае. У гэтым сэнсе супярэчлівасці ў прыпавесці я не заўважыў.
Тут і зараз!
– Я таксама падзяліла тэкст на часткі, і кожная для мяне мае сваё значэнне. У першай, як і мае сябры, я вызначыла для сябе, што патрэбна разумець і чакаць, што праз некаторы час павінна адбыцца штосьці вельмі важнае, цудоўнае. Але жыццё праходзіць сёння, таму і мы павінны разумець, што ў любы момант можа здарыцца і добрае, і нядобрае, і яшчэ не вядома, як дакранецца яно да нас, ці паспеем зрабіць рахунак сумлення, паспавядацца Богу, папрасіць прабачэння у Яго, у сваіх блізкіх… А калі часу на гэта не хопіць?.. Таму трэба чуваць і заўсёды быць гатовымі стаць перад Богам са справаздачай. Яшчэ мяне моцна ўразіў вобраз вернага слугі. Думаю, гэта актуальна і сёння для нашай краіны. Сапраўды, кожнага чалавека ў пэўны час Бог надзяляе ўладай: каго у меньшай ступені, каго – у большай. І як гэты чалавек выкарыстоўвае яе, як праходзіць выпрабаванне ўладаю, залежыць і яго асабістае жыццё. Добры і верны слуга гатовы не спаць, чуваць, прынесці сябе ў ахвяру, абы толькі парадак быў у доме, якім даручана яму кіраваць. Лічу, што і мы не павінны баяцца прынесці сябе ў ахвяру Богу і бліжняму. Апошняя частка – пра адказнасць – таксама вызывае роздум. Усе мы добра ведаем выраз, які гучыць (у рускай версіі) даволі часта: “Незнание Закона не освобождает от ответственности”. І для мяне не зразумела, чаму слуга, “які не ведаў і зрабіў вартае пакарання, будзе пабіты”.
Каб не хаваць вачэй
– Працягваю тэму чакання. Ся-дзець ноччу і не спаць, чакаючы другога прышэсця… Канешне, ніхто не ведае, як гэта будзе і калі прыйдзе Езус Хрыстус. Напэўна, тады, калі не чакаем, але асабіста я імкнуся жыць сумленна, шчыра выконваць Божыя Запаведзі, каб у кожную хвіліну стаць перад Богам, не хаваючы сваіх вачэй. А калі яно на самой справе адбудзецца, то на 100 адсоткаў высветліцца, што і тое ў маім жыцці не так, і гэта не так… Надзея толькі на Божую Міласэрнасць… Вельмі паказальны ў сэнсе сустрэчы з Госпадам серыял “Мессия”, які раіла б паглядзець. Ён пра тое, што на Блізкім Усходзе з’яўляецца загадкавы чалавек, які ходзіць, прапаведуе, называе сябе Месіяй, вакол яго натоўпы збіраюцца. Хто такі? Адныя кажуць, што гэта тэрарыст, другія – што звычайны дурань, або псіхічна хворы, трэція вераць, што ён сапраўды Месія. Яго затрымалі на Ізраэльскай мяжы, і следчы вядзе допыт: хто такі, адкуль, з якой мэтай, пры гэтым з непавагай кідае яму: “Ведаеш, колькі перада мною такіх, як ты было, – 4578!”. Місія спакойна адказвае: “Ведаю, і кожны раз гэта быў я!”. Гэты фрагмент я запісала і пераслала сваім сябрам (глядзіце!), а ў сваёй галаве перакручвала мо 350 разоў. Божа мой, колькі разоў, колькі разоў Ты мог быць побач са мною! Дакладна аб гэтым я ведаць не магу, але, калі на самой справе кожны раз гэта быў Ён? І як сябе паводжу?.. Што раблю?.. Што гавару?.. “З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат”. Лагічна і правільна, але і тут у мяне ёсць пытанні: сапраўды, Бог даў мне, як і іншым, многае — здольнасці, таленты, разуменне, але ці добра спраўляюся з гэтым “многім”? Адчуваю вялікую адказнасць, таму і ў малітве часам вяду сябе (відаць, па праву Божага дзіцяці), як капрызны і незадаволены падлетак: Божа, забяры ад мяне гэтыя ці іншыя абавязкі, навошта яны мне, з такой колькасцю іх не спраўлюся… Урэшце, усё гэта стараюся на сабе “цягнуць” не дзеля самага ўтульнага крэсла ў раі, а з любові да нашага Пана Бога.
– Шаноўныя, зразумець сэнс самой прыпавесці дапамагае верш, які змешчаны перад прыпавесцю, – заклік да чування. Выраз “няхай сцёгны вашыя будуць падпяразаныя і светачы запаленыя…» паказвае, якімі павінны быць мы з вамі ў чаканні прыйсця Сына Чалавечага. Тут нам патрэбна не забыцца пра гістарычны перыяд, у які прапаведваў Езус, і акалічнасці, якія ў той час існавалі. З гісторыі хрысціянства ведаем, што людзі Бібліі апраналіся ў доўгую і шырокую вопратку з тканіны, а каб яна ім не перашкаджала, падпяразваліся паясамі, каб у любую хвіліну маглі працаваць. Запаленыя светачы– гэта сімвал нашых сэрцаў, гэта мы самі. І вядома, калі не падліваць аліву ў лямпу – яна патухне, светач згасне; мы з вамі, калі не бу-дзем узбагачаць сябе Богам, ведамі праўды веры, – сэрца наша стане пустым сасудам. Галоўны герой прыпавесці – “верны і разумны эканом”, слуга, якога гаспадар па-ставіў кіраваць домам і іншымі слугамі; ад таго, як выканае ён даручанае, як будзе выкарыстоўваць дадзеную яму ўладу над іншымі, будзе залежаць і яго асабісты лёс. Менавіта з гэтым звязана навука прыпавесці – адказнасць, з якой кожны павінен выконваць сваю работу. Шчыра прызнаюся: многа разоў у сваім жыцці я перажываў сапраўдную радасць, сардэчнае задавальненне ад таго, што дапамагаў (служыў) іншым людзям. Гэта праяўлялася ў розных формах, нават у дробязях, але мне самому было прыемна ўсведамляць, што той, каму я дапамог, зараз задаволены, нічога не патрабуе. І няма розніцы ў тым, хто ты сярод вучняў Хрыста, – святар ці іншы чалавек, Бог роўна размяркоўвае. Апостал Пётр у прыпавесці нават удакладняў: “Пане, гэтую прыпавесць расказваеш нам ці таксама ўсім?”. Адказ быў мудры: “Хто ж верны і разумны эканом, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі даваць ім у свой час меру хлеба?”. Гэта азначала: не надта радуйцеся, ад вас будзе яшчэ болей запатрабавана. “Каму дадзена шмат”, з таго і “спагнана будзе шмат”. Адказнасць заўсёды прапарцыянальна таму, колькі Бог даў табе, колькі даручыў, наколькі Ён на цябе спадзяецца. Таму з адказнасцю, шчыра выконваем Божыя даручэнні не для таго, каб узвысіцца над іншымі, а каб апраўдаць спадзяванні нашага Пана адносна нас. А калі ўжо за-служым пакаранне, то і яго па-трэбна прыняць з любоўю, але гэтаму патрэбна вучыцца.
Пасяджэнне завяршылася супольнай малітвай з падзякай Богу за сустрэчу.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
г. Брэст