У бягучым годзе рэдакцыя працягвае цыкл разважанняў за «круглым сталом» па “Прыпавесцях Езуса Хрыста”. Большасць з нас, можа, лічыць, што прыпавесці ўсім добра вядомыя і не патрабуюць ніякіх разважанняў… А калі насамрэч суаднесці ўрокі Езуса, якія даў нам праз іх, з днём сённяшнім, даведаемся шмат новага пра Хрыста як чалавека, які больш за 2000 гадоў таму навучаў у Палестыне. Шмат чаго даведаемся і пра сябе.
Плён маленькага зярняці
Прыпавесць пра гарчычнае зерне і закваску
Лк 13, 18 – 21
А Ён казаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае, з чым параўнаю яго? Яно падобнае да гарчычнага зерня, якое ўзяў чалавек і пасадзіў у сваім садзе. А яно вырасла і стала вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя зрабілі гнёзды ў галінах яго». І зноў сказаў: «З чым параўнаю Валадарства Божае? Яно падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, аж усё ўкісла».
У парафіі Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах сабраныя за “круглым сталом” вернікі разважалі над зместам прыпавесці Езуса Хрыста пра гарчычнае зерне і закваску. У пасяджэнні прынялі ўдзел парафіяне Ніна Воўчак, Анастасія Пракопчык, Адэля Чабай, Ян Чаюк. Вядучым быў пробашч парафіі кс. Павел ЯРАШЭВІЧ.
Пасяджэнне пачалося з сумеснай малітвы да Святога Духа, каб асвятліў розум, адкрыў сэрцы сабраных для большага разумення Слова Божага.
Нягледзячы на забароны
– Можна сказаць, што і мы вырасталі, як тое дрэва, – з маленькага зярняці. Успамінаю сваё дзяцінства і разумею, што мы сталі набожнымі толькі дзякуючы сваім бацькам і дзядулям з бабулямі. Касцёлы амаль ўсе былі зачыненыя, літаратуры духоўнай не было ніякай. А калі траплялася якая кніжачка, ці малітоўнічак, то былі яны на польскай мове, якую ў школах не выкладалі. Мой дзед таксама меў малітоўнік на польскай мове, ён і мяне навучыў па-польску чытаць. Нават яшчэ добра рускіх літараў не ўмела, а польскія ўжо ведала. Але і дзед мой, і тата, на жаль, рана пайшлі з жыцця, і рэлігійнае выхаванне нас, дзяцей, лягло выключна на плечы мамы і бабулі. Яны вучылі нас рэлігіі, Божым запаведзям, дапамагалі вывучыць напамяць малітвы. Жылі мы тады ў Шэрашава, акурат насупраць сям’і сённяшняга Дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца. Яго бацькі таксама былі моцна набожнымі, і мы заўсёды хадзілі да іх маліцца на Ружанец. Касцёл у Шэрашава быў зачынены, і ў вялікія святы і на ўрачыстасці вернікі збіраліся на малітву каля яго дзвярэй.
А сакрамэнт хросту атрымала я ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Пелішча. Гадоў мне было мо’ пяць-шэсць. Памятаю, як ішлі з мамаю пехатою, далёка, каля 10 кіламетраў, а як вярнуліся ў Пружаны і зайшлі ў гарадскі аўтобус, я ўбачыла сваю цёцю Юзэфу і крычу на ўвесь аўтобус: “Цёця Юзя, а мы ўжо хрышчоныя!”. І ўсе пасажыры пачалі на нас з мамаю аглядацца… Пазней на вялікія святы мама брала нас з сабою да касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Ружаны – а гэта таксама быў кавалак дарогі, 45 кіламетраў – і там я прыняла першую святую Камунію. І таксама ўражанне засталося, як ксёндз Міхал Варанецкі хаваў нас ад настаўнікаў, дырэктара школы, якія заўсёды прыходзілі пільнаваць сваіх вучняў, глядзець, хто з іх ходзіць на службы. Школа ж не дазваляла дзецям наведваць храмы! Але ня-гледзячы ні на якія забароны, шмат дзяцей заставалася з Богам і за-ставалася на ўсё жыццё!
Прыклад таты
– У мяне зусім іншая гісторыя прыйсця да веры. І, праўду кажучы, я па-добраму не раз зайздросціла пані Адэлі, якая ўсё ведала з маленства, і нават сённяшняй нашай моладзі, для якой нічога не забараняецца і якая ўжо сёння ведае шмат з таго, чаго я не пазнала ў свой час. Сям’я ў нас была такая: тата – мясцовы католік, мама – з Расіі, з праваслаўных, але выхавана была ў атэістычным асяроддзі. Пазнаёміліся яны тут пасля вайны, уступілі ў сужэнскі саюз, і святкавалі мы ўсе святы – і каталіцкія, і праваслаўныя. З дзяцінства найбольш памятаю каталіцкія, асабліва Вігілію перад Божым Нараджэннем. Перад вячэраю станавіліся ўсе на калені, тата чытаў малітву, ну і я паўтарала за ім, што ведала. А пайшла ў школу – там першая настаўніца (муж у яе быў пракурор) сказала: “Ніякага Бога няма!”. Неўзабаве зноў прыйшлі святы, зноў – Вігілія. Мама падрыхтавала стол, і тата кліча: “Пойдзем маліцца!”. А я, пяцёрачніца, якая цвёрда засвоіла, што Бога няма, сяджу на сваім жалезным ложку: “Не пайду!”. “Чаму?”, – пытаецца тата. “А Лілія Мікалаеўна сказала, што ніякага Бога няма! Я не пайду маліцца”. “Не хочаш – не ідзі, сядзі адна”.
Светлая памяць майму тату, мы з ім былі роднасныя душы, хоць ён – моцна набожны, а я напачатку такая атэістка, актывістка, выдатніца, старшыня піянерскай дружыны ў школе – куды там… Але ён ніколі не наказваў, ніколі не пакрычаў на мяне, нічым не папракнуў… А надыходзілі святы – у доме зноў прыгатаўленне, агульная малітва, святочная атмасфера, добры настрой і прыклад майго таты. Ну а пасталела – пачала хадзіць да касцёла і вельмі хутка зразумела, што мая душа нідзе так не адпачывае, як у гэтым асяроддзі, у гэтым атачэнні. Не магла сабе растлумачыць, адкуль у мяне на сэрцы такая прыемная асалода. Я захаплялася усім, што там бачыла. Людзі ўкленчылі, усталі, моляцца, спяваюць, адказваюць святару, а я дзіўлюся: адкуль яны гэта ўсё ведаюць? Асноўныя малітвы я таксама ведала, а астатняе – ні парадку цэлебравання святой Імшы, ні як трэба сябе паводзіць падчас службы – гэтага нічога… А калі таты не стала, я быццам заняла яго месца ў касцёле. Пачала знаёміцца з духоўнай літаратурай, прачытала Біблію. Штосьці мне стала больш зразумелым, штосьці яшчэ не зусім, але заўважыла ў сабе патрэбу быць на кожнай святой Імшы, набываць новыя веды… Пазней некаторыя знаёмыя нават пыталі: “Ніна, ты ж не хадзіла да касцёла так часта, а цяпер… Чаму?”. Так, не хадзіла, а цяпер не магу не хадзіць.
З мужам сваім доўга жылі невенчаныя, пасля прыйшло разуменне, што гэты сакрамэнт патрэбен не Богу, не касцёлу, а нам, нашым дзецям і ўнукам. Наш сужэнскі саюз благаславіў кс. Робэрт, які служыў у Пружанах раней, і зараз не ўяўляю свайго жыцця без касцёла, без нашай супольнасці. Цешуся тым, што магу быць слухачом на катэхетычных занятках для дарослых, якія праводзіце Вы, шаноўны ксёндз Павел. Кожны раз, вяртаючыся дамоў з касцёла, адчуваю сябе быццам нарадзілася нанава… Мне лёгка, мне вельмі прыемна.
Да чаго падобна Божае Валадарства?
– Маё цвёрдае перакананне: прыпавесці існуюць для таго, каб чалавек больш разумеў сябе і свае адносіны з Богам ужо сёння, на гэтым свеце, каб мог сам растлумачыць сабе, што такое Божае Валадарства. Да чаго падобна яно? У маім разуменні Божае Валадарства – гэта не месца, куды мы ідзём, а гэта наш стан, у якім мы прабываем кожны дзень. І гэта нашыя адносіны з Богам, з Сусветам. Глядзіце: чалавек узяў зерне, пасадзіў яго ў сваім садзе, яно вырастала, жыло… Бачым сувязь, удзел чалавека. Не проста расло там нейкае дрэва… Расло, бо чалавек пасадзіў яго, да-крануўся да яго лёсу, напэўна яго даглядаў. Так і жанчына. Узяла ў свае рукі закваску, паклала яе ў тры меры мукі… Яна ведала, для чаго робіць гэта. У абоіх выпадках – прыклад супрацоўніцтва чалавека з Богам, іх жывыя адносіны. Гэта – па-першае. Па-другое: на маю думку, Валадарства Божае ёсць знешняе, бачнае вокам, і ёсць Валадарства Божае ўнутранае. Знешняе, бачнае – гэта дрэва, якое вырасла, стала магутным, і птушкі нябесныя зрабілі гнёзды ў галінах яго і маглі там укрыцца. Яно служыць для дабра ўсіх. Унутранае – гэта тое, што скісала пад уздзеяннем закваскі, скісала ўнутры; як гэта адбываецца, мы ніколі не бачым, але яно адбываецца! Іншымі словамі – гэта ўнутраны стан чалавека, не бачны для іншых. Па-трэцяе: Валадарства Божае – не канкрэтны, вызначаны, абмежаваны, завершаны пэўны стан. Валадарства Божае – гэта дынаміка, развіццё! Я асацыірую Божае Валадарства з нашым жыццём, яно падобна мне да жыцця чалавека, якое прайходзіць дынамічна, развіваецца – “закісае” пад уздзеяннем розных акалічнасцей, умоваў, фактараў і г. д. Калі сказаць пра сябе, то імкнуся, каб пад уздзеяннем добрай закваскі “скісла ўсё”, гэта значыць – набралася Божага духу, пазітыву! Такія пачуцці выклікала ў мяне гэтая прыпавесць.
Тое, што яднае
– Прыпавесць кароткая, але ў гэтых некалькі сказах знойдзеш абавязкова сваё. Лічу, аднак, што гэтыя два вобразы – зярняці, з якога вырасла дрэва, і закваскі – недзялімыя, яны ўзаемазвязаныя, іх нельга дзяліць на “знешняе” і “унутранае”. Сапраўды, не толькі ў дрэва ёсць знешнія прыкметы, ёсць яны і ў закваскі: напрыклад, можам убачыць, як цеста вырасла, стала пышным, або як падымаюцца і выходзяць з цеста бурбалкі паветра. Што яднае гэтыя два вобразы? На мой погляд, тое, што і першае, і другое вырастае пры пэўных умовах. Дрэву як мінімум патрэбна вада, добрая глеба, мінеральныя угнаенні; заквасцы патрэбны дрожджы. Адным словам, заўсёды ёсць фактары, якія аказваюць уплыў на рост дрэва (зноў жа – вада, сонца, паветра, глеба і інш.) і на закваску – дрожджы, тэмпература. Калі гаворым пра чалавека, пра яго духоўнае ўзрастанне, то спрыяльнымі фактарамі могуць быць іншыя людзі, нашае акружэнне. Тут успомнілі савецкі перыяд з яго атэізмам, калі вера забаранялася, а людзі праглі пазнаваць Бога, хадзіць у храмы. Лічу, што асаблівага феномену ў тым не было – праяўлялася звычайная сацыяльная сутнасць чалавека: калі забаронена, то надта хочацца.
– Шаноўныя! Я рады, што разважаем сёння з вамі над такой маленькай, але такой змястоўнай прыпавесцю Езуса Хрыста! Калісьці мы ўжо звярталі ўвагу на загадкавую мову нашага Пана, поўную метафараў, алегорый, пабудаваных часам на двухсэнсоўнасці. Езус Хрыстус не гаворыць проста, што Валадарства Божае – гэта тое, тое і тое… Ён гаворыць вобразамі, каб даць нам падказку, і тым самым запрашае, каб думалі мы самі. І гэта цудоўна, бо дапамагае нам паглыбляцца ў сваім роздуме, нараджае вобразы зваротныя. Дарэчы, гэтыя асацыяцыі ў розныя перыяды нашага жыцця (маю на ўвазе розны ўзрост чалавека) могуць быць неспадзяванымі нават для нас самых, але гэтага не трэба баяцца… Нашыя разважанні – гэта своеасаблівая ма-літва. Да чаго Ён рыхтаваў нас тут, на зямлі? Да чаго павінны імкнуцца мы з вамі? Прайшло 2000 гадоў, а навука Езуса і сёння актуальная, гаворыць пра тое, што Валадарства Божае – рай, дзе мы будзем разам з Айцом. Яно не такое як на зямлі, а “падобнае”. Але – якое?
Сёння мы разглядаем два вобразы: маленькага гарчычнага зярняці і закваскі. Вобраз зярняці тут вельмі важны: з маленькага, крохатнага зярнятка вырастае вялікае поўнавартаснае дрэва, у кроне якога могуць знайсці сабе прытулак птушкі нябесныя. Калі гэта суаднесці з Валадарствам Божым, то са-праўды заўважым нейкае падабенства, і яно – у вырастанні, узрастанні. Чалавек таксама пакрысе, паступова, не адразу пазнае Бога. Пачынаем з маленькіх крокаў – з ранняга дзя-цінства ўглядаемся ў крыжык, вучымся правільна хрысціцца, знаёмімся з Божымі Запаведзямі, вучымся разлічаць, што ёсць дабро, а што – зло, вывучаем Катэхізіс… Такім чынам высяваем “зярнятка”. У кагосьці яно ўзыйдзе і ў хуткім часе завяне, ператворыцца ў пустазелле, а ў кагосьці вырасце і стане магутным дрэвам. Чытаючы Евангелле, мы з вамі шмат разоў заўважалі, што Езус часта гаворыць пра Валадарства Божае. Але вы правільна падкрэслілі: яно – не месца, куды ідзём, а яно развіваецца ўнутры нас.
Другі вобраз – закваска. Памятаеце, напэўна, і вы: калі вашыя мамы і бабулі калісьці выпякалі дамашні хлеб, то абавязкова пакідалі кавалачак цеста на наступны раз, які служыў асноваю для закваскі. Іншымі словамі, гэта рэчыва, якое выклікае браджэнне, закісанне ўсяе масы, у якую яго паклалі, развіццё, рост. Асабіста я памятаю, як выпякала хлеб мая бабуля: рашчыняла цеста, чакала, пакуль яно “падыйдзе”, падрасце, “выхадзіцца”. Працэс вокам амаль не бачны, але ён ішоў – заквашанае цеста вырастала, набывала сілу і патрэбныя якасці! Потым старанна мясіла яго рукамі… Працэс даволі доўгі і працаёмкі. Зноў асацыяцыя, як сведчыла пані Адэля: касцёлаў не было, не было адпаведнага асяроддзя, сістэмнай катэхетычнай навукі, але ж людзі ўзрасталі ў сваёй веры – паступова, крок за крокам – дзякуючы той “заквасцы”, пра якую клапаціліся вашыя і іх бацькі. І што характэрна, падкрэсліваю яшчэ раз: працэс гэты нябачны, або амаль не бачны, але ён жывы, ідзе і абавязкова дасць плёны. Канешне, пры адпаведных умовах; у маразільніку цеста наўрад ці “выха-дзіцца”.
У прыпавесці, якую разглядаем, Пан Езус гаворыць з намі, выкарыстоўваючы менавіта гэтыя простыя вобразы. Ведаем, што робіць Ён гэта для большага разумення намі нашых задач. Але хацеў бы звярнуць увагу яшчэ на тое, што ў навуцы Пана Езуса вобразаў Божага Валадарства многа. І калі ўважліва чытаць і ўдумлівацца, то сапраўды ў кожным мы знойдзем сябе, адлюстраванне свайго шляху, па якім імкнёмся крочыць у Божае Валадарства, і ў кожнага чалавека – гэта свой асабісты шлях. Важна, каб мы не разгубіліся, не засталіся пасіўнымі гледачамі і не ўскладнялі сабе жыццё, а накіроўвалі свае думкі і прагненні туды, куды штодня падказвае нам Слова Божае.
Пасяджэнне закончылася сумеснай малітвай з падзякай Богу за сустрэчу.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
Брэсцкая вобласць