На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.
У бягучым годзе тэмамі для разважанняў мы абралі асобныя фрагменты са Святога Пісання, над якімі заклікаем схіліцца разам з намі…
Каб усе былі адно
Малітва Езуса
“…каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне. Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я ёсць, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету. Ойча справядлівы, свет не пазнаў Цябе, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне. Я адкрыў ім Тваё імя і буду адкрываць, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, а Я ў іх”. Ян 17, 21-23
Традыцыйна ў студзені перажываем Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў, і ў парафіі св. Зыгмунта ў Баранавічах тэмаю разважанняў стаў фрагмент з Евангелля Святога Яна “Малітва Езуса”. Удзельнікамі пасяджэння былі сем’і Віталія і Ірыны Жэрко, Дзмітрыя і Марыі Ярмалюк, Артура і Марыі Грышан. Вядучым быў вікарый парафіі кс. Юрый ПРАКАПЮК
Пасяджэнне пачалося сумеснай малітвай да Святога Духа аб дары разумення таго, што хоча сказаць нам Бог.
– Тэма адзінства хрысціянаў, якая ў апошнія дзесяцігоддзі выклікае паўсюдную цікавасць і набывае асаблівую актуальнасць, – тэма складаная. І каб зразумець яе глыбокі сэнс, па-трэбна ведаць кантэкст таго, аб чым напісана, і акалічнасці, якімі яна была выклікана. Наогул у размовах з вернікамі вельмі часта даводзіцца чуць ад іх, што Святое Пісанне цяжка чытаецца, некаторыя фрагменты складана зразумець. Напэўна, гэта так, бо нам не хапае разумення таго перыяду, у які жыў і навучаў Езус Хрыстус, у які жылі першыя хрысціяне. Святы Ян, які сам назваў сябе “улюбёным вучнем Хрыста”, імкнуўся ў паўнаце паказаць Езуса не проста як Настаўніка хрысціянаў, аднаго з многіх, але як Божага Сына-Слова Айца, абяцанага Месію. І калі святыя евангелісты Мацвей, Марк, Лука пісалі кожны для канкрэтнай катэгорыі слухачоў, то Евангелле Святога Яна можна назваць проста і маштабна – Евангелле Любові. Адкрываем яго старонкі і бачым твар Бога, Які з’яўляецца Любоўю нават пасля таго, як на крыжы распялі Яго Сына. Таму калі хто знаходзіцца ў крызісе любові, у крызісе веры, у перажываннях ад цяжкай хваробы, ад смерці блізкіх, не трэба пытацца “Дзе зараз той Бог?”, а яшчэ раз адкрыць Евангелле ад Святога Яна і прачытаць Прыпавесці і навучанні Езуса. Яны ўжо тады здзіўлялі, шакіравалі сваёй незвычайнасцю, але гэта была логіка Бога, логіка любові, якой не хапае чалавеку сёння. Мы ведаем, што павінны прабачаць, ведаем, колькі разоў прабачаць, але не ведаем, дзе ўзяць на гэта сілы…
Ці не з нас самых пачынаюцца непаразуменні і падзелы?
– Лічу, што людзі сапраўды развучыліся разумець, паважаць адзін другога, тым больш – любіць. Пыха, эгаізм, нежаданне прабачаць і паяднацца заўсёды былі ворагамі адзінства. І калі мы не лічымся з поглядамі і думкамі іншага, пад-крэсліваем сваё вяршынства над ім, парушаецца раўнавага ў грамадстве, яна вядзе да спрэчак, па-дзелаў, войнаў. Так і ў сям’і. А хутчэй – наадварот, гэта з нежадання наладзіць парадак Божы, дасягнуць духоўнага адзінства ў сям’і бярэ пачатак непаразумення ў грамадстве ў цэлым. Паяднанне стане магчымым, калі перастанем думаць толькі пра сябе. На першае месца трэба паставіць іншыя каштоўнасці – “Бог”, “супольнасць”, “любоў”, “супакой”. І калі мы пабудуем добрыя адносіны дома паміж усімі членамі сям’і, дасягнём духоўнага адзінства, нам лягчэй будзе несці тую ж любоў і паразуменне ў грамадства. “Нічога не рабіце дзеля разладу ці дзеля пустой пахвальбы, але ў пакоры лічыце адзін аднаго вышэйшым за сябе. Не клапаціцеся кожны толькі пра сваё, але і пра іншых”, – навучаў Езус.
Марыя Ярмалюк:
– Цалкам згодна з думкаю Віталія. Рыхтуючыся да сустрэчы, мы з мужам таксама прыйшлі да высновы, што ўсе праблемы, непаразуменні ў грамадстве пачынаюцца з канкрэтнага чалавека, з яго паводзінаў у сваёй сям’і, з яго ўмення або няўмення пабудаваць яе. І калі няма ўнутранага міру і супакою, калі няма адзінства духа і цела з Богам, то ні ў якай сферы дзейнасці чалавек не атрымае станоўчага выніку: у сям’і не будзе паразумення паміж сужэнцамі, паміж дзецьмі і бацькамі, паміж старэйшымі і малодшымі членамі, не атрымаецца ў яго і ў працоўным калектыве, з калегамі. Бо, калі ўсе члены “не адно”, то не атрымаецца пабудаваць адзіную сістэму, моцную духам. Перш за ўсё неабходна дасягнуць адзінства чалавечай душы з Богам. Бо сапраўды: калі Бог на першым месцы, то ўсё астатняе – на сваім.
Дзмітрый Ярмалюк:
– У жыцці часта чуем такія прыклады, калі чалавек надта сябе ўзвялічвае, лічачы, што ўсяго ён дасягнуў сам: уладкаваўся на добрую працу, пабудаваў дом, кар’еру, купіў дарагі аўтамабіль, знайшоў сабе жонку. Але можа наступіць такі момант, што ўсё гэта ён згубіць. І згубіць напэўна, калі не будзе ў яго адзінства з Богам, адзінства ў веры, у яго помыслах і памкненнях, бо ўсё тое, што да-дзена яму ад нараджэння, – дары Бога. Між іншым святы Павел у пасланні да Рымлянаў папярэджваў: “Кажу кожнаму, хто ёсць сярод вас, каб не думалі пра сябе лепш, чым трэба думаць, але ацэньвалі сябе цвяроза, паводле веры, удзеленай кожнаму Богам”.
Марыя Ярмалюк:
– Канешне, мы павінны пастаянна клапаціцца пра стан сваёй душы і так будаваць адносіны ў сям’і і грамадстве, каб узрастаць у веры і любові. Наша любоў не можа “стаяць на месцы” – павінна развівацца; наша любоў не можа быць цёплай – павінна быць гарачай, каб палымнець і запальваць сэрцы іншых. Але гэта магчыма, калі ўнутрана мы будзем узбагачацца Богам, калі будзем з Ім і між сабою “адно”, і Святы Дух будзе запаўняць нашу свядомасць.
Артур Грышан:
– А я хацеў бы сказаць аб адзінстве чалавека з самым сабою, гэта значыць, каб маё “я” было адзіным, цэльным. У кнізе Быцця чытаем, што Бог стварыў чалавека для таго, каб ён жыў у гармоніі з сабою і акружаючым светам, не знаў граху і быў шчаслівым. Але з біблійнай гісторыі ведаем, што чалавек саграшыў, парушыў тое цэлае, адзінае, што стварыў Гасподзь. Грэх – сіла разрушальная. Маючы грэх на душы, я не магу сказаць, што я адзіны сам з сабою, што на душы ў мяне супакой і гармонія, наадварот, здаецца, што цела аддзелена ад душы. Перажыў гэта на асабістым вопыце, калі аднойчы, сам таго не жадаючы, нанёс чалавеку крыўду. Адзінства – яно заўсёды ў прабачэнні і любові, у клопаце пра ўзрастанне ў веры і пра тое, каб боязь Божая ніколі не пакідала тваю душу. Грэх знішчае адзінства. А што назіраем у грамадстве зараз, якія адносіны між людзьмі? У большасці выпадкаў – прыкрыя. Хоць і ведаем, што зайздрасць спараджае злосць, злосць спараджае нянавісць, а ўсялякая нянавісць здольная на подласць. Нам усім трэба шукаць Бога.
За каго моліцца Езус – толькі за “сваіх” авец?
Віталій Жэрко:
– Езус моліцца за сваіх вучняў і вернікаў – па слову іх. Магчыма, таму, што іх адзінства між сабою – знак для ўсяго свету. Калі вучні Хрыста захоўваюць адзінства і любоў – якасці Валадарання – гэта, ў некаторым сэнсе, гарантыя таго, што ў задуманае Богам адзінства можа ўвайсці ўсё чалавецтва. Адзінства хрысціянаў – сведчанне таго, што Валадарства Божае існуе, што паміж людзьмі магчымы новыя адносіны, заснаваныя не на іх сімпатыях і асабістых інтарэсах, а на Хрыстовай любові.
Марыя Ярмалюк:
– На гэтае пытанне асабіста я бачу адказ у Евангеллі Святога Яна, дзе Езус Сам гаворыць пра Сябе: “Я – добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. Я жыццё сваё аддаю за авечак. Ёсць у Мяне таксама іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр”.
Дзмітрый Ярмалюк:
– Так, Езус клапоціцца пра ўсіх. Кожнага грэшніка, кожнага, хто зблудзіў, аслабеў духам, Ён хоча ўзмацніць, напоўніць Духам Божай любові, прывесці да Сябе, каб і для іх быць “сваім”, быць адзіным пастырам, адзіным Богам, адным Айцом.
А ці можам мы дасягнуць такога адзінства, якое існуе між Богам Айцом і Сынам?
Віталій Жэрко:
– На маю думку, можам. Першая для гэтага ўмова – выконваць Божыя Запаведзі. Наступная – узрастаць у веры: “Як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно”. Поўнага адзінства можам дасягнуць, калі жыццё сваё будзем будаваць па прыкладу Езуса – надзеі нашага збаўлення. Каб даць нам магчымасць стаць адзінымі, Езус прыняў смерць на крыжы; для Яго гэта было важна – гэта была Яго пазіцыя. Імкнуцца да таго, каб усе людзі аднолькава думалі, – немагчыма і не патрэбна. Мы павінны зрабіць іншае – прымусіць сябе паважаць погляды, пачуцці, асобу іншага чалавека ў цэлым.
Як і калі можам захаваць адзінства?
Артур Грышан:
– Адзінства захаваць можам тады, калі толькі ў Госпаду маем надзею. Сваім жыццём Бог даў нам прыклад, паказаў, што ноша, якую Ён прыняў на Сябе, – пасільная чалавеку. Ўмовы, у якіх дзейнічаў Ён, падобныя да нашых рэалій. Можна сказаць, што і тады быў палітычны крызіс, як сёння. Лічу, што патрэбна больш уважліва ўглядацца ў постаць Езуса, абавязкова паважаць і шанаваць бліжняга.
Віталій Жэрко:
– Адказ на гэтае пытанне аса-біста я бачу ў Евангеллі Святога Марка. “Якая запаведзь першая з усіх? Езус адказаў: “Першая такая: (…) “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй”. Другая: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя”, – напісана ў евангеліста. Калі “спалучыць” гэтыя дзве любові ў сваім сэрцы, мы будзем адзіным цэлым – моцным і непахісным. І ў гэтым будзе праяўляцца нашае хрысціянскае адзінства – адзінства з Богам, адзінства з пастырам, адзінства з “авечкамі”, якія ў яго статку, адзінства ў сям’і, бо і там тыя самыя Божыя дзеці, а яны – і твае дзеці…
Дзмітрый Ярмалюк:
– Калі глядзіш на сённяшні свет, агортваюць вельмі сумныя думкі: няма між людзьмі згоды, пануе варожасць, людзі клапоцяцца найбольш пра матэрыяльнае, а не пра духоўнае, развальваюцца сем’і, дзеці застаюцца сіротамі пры жывых бацьках. Відавочна, што людзі вельмі далёка адыйшлі ад Бога, або нават яшчэ і не прыйходзілі да Яго. І я не маю на ўвазе толькі нашае грамадства. Узяць тую ж Еўропу. Якія маральныя і духоўныя каштоўнасці яна захавала?.. Пытанне амаль рытарычнае. Канешне, цяжка захоўваць адзінства ў сучасным свеце, але неабходна. І зрабіць гэта сваімі сіламі чалавек не ў стане, адзінства магчымае толькі ў Богу. Штодзённая асабістая малітва, чытанне Святога Пісання і супольная малітва ўсёй сям’і, рэгулярная споведзь і абавязковы ўдзел ў нядзельнай святой Імшы, рэкалекцыях – усё гэта набліжае да адзінства.
Вядучы:
– Шаноўныя! Шчырае дзякуй за вашыя разважанні і меркаванні. Слова Бібліі ў розных лю-дзей заўсёды выклікае розныя думкі, паставы, таму і молімся да Святога Духа, каб адкрыў нам вочы і дапамог зразумець тую навуку, якую падрыхтаваў для нас Бог. Сапраўды тэкст гэтай малітвы Езуса – нялёгкі, але вельмі ёмкі і багаты. Прагучала яна з вуснаў нашага Збаўцы падчас Яго сустрэчы з апосталамі ў дзень апошняй вячэры. Езус перад сваім арыштам лічыць неабходным сустрэцца са сваімі вучнямі. І не проста як Настаўнік, які скажа”не спрачайцеся, не ваюйце”, які навучыць, як жыць… Гэтага было б замала (і тады людзі ведалі, і зараз многія ведаюць, як жыць). Але заўсёды патрэбен нехта большы, хто забярэ гэтыя грахі, якія з’яўляюцца крыніцаю зла, нянавісці, расколаў і падзелаў – ці ў сям’і, ці ў супольнасці, ці ў грамадстве. Нехта, хто забярэ грахі, каб чалавек мог уздыхнуць вольна і болей не грашыць, жыць іначай, у адзінстве з Богам. Прамова-малітва Езуса складзена паводле парадку , якога прытрымліваліся габрэі ў габрэйскае свята Йом Кіппур – Дзень скупення грахоў. У гэтай малітве Хрыстос, памазаннік Божы, выконвае традыцыю, якая па сваёй структуры капіруе чыны арцысвятара, які складаў тры ахвяры: першую – за сябе, за свае грахі; другую – за іншых святароў, трэцюю – прасіў прабачэння за весь Выбраны Народ. Пасля смерці і Уваскрэсення Езуса Хрыста гэтым Ізраэлем становімся ўсе мы. І не важна, якой ты нацыянальнасці, да якой канфесіі належыш: Дзесяць Божых Запаведзяў ніхто не мяняў; Святым Пісаннем, якое перакладзена на ўсе мовы свету, карыстаецца ўсё чалавецтва; а святыя сакрамэнты і правілы веры, па якіх мы жывём, ачышчаюць нас ад граху і ўзмацняюць у веры. Гэта і ёсць наш агульны і моцны фундамент, на які побач з намі могуць стаць усе браты і сёстры ў Хрысце.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
Брэсцкая вобласць