«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   У бягучым годзе тэмамі для разважанняў мы абралі асобныя фрагменты са Святога Пісання, над якімі заклікаем схіліцца разам з намі…

 

 

У святыню на Эўхарыстыю

 

 Вячэра Пана

 

Даючы гэтыя настаўленні, я не хвалю таго, што вы збіраецеся разам не на карысць, але на шкоду. Бо, перш за ўсё, я чую, што, калі вы збіраецеся разам як Касцёл, сярод вас паўстае разлад. І ў гэта я часткова веру. Бо павінны быць у вас падзелы, каб і выпрабаваныя маглі выявіцца сярод вас. Таму, калі вы збіраецеся дзеля гэтага, то гэта не спажыванне Вячэры Пана, бо кожны бярэцца раней з’есці ўласны спажытак. Так адзін застаецца галодным, а другі п’янее. Хіба не маеце дамоў, каб есці і піць? Ці вы пагарджаеце Касцёлам Божым і прыніжаеце тых, хто не мае? Што сказаць вам? Ці пахваліць вас? За гэта не пахвалю! Я прыняў ад Пана тое, што і вам перадаў, што Пан Езус у тую ноч, калі быў выданы, узяў хлеб, узнёс падзяку, паламаў і сказаў: «Гэта Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць». Таксама ўзяў пасля вячэры келіх, кажучы: «Гэта ёсць келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй. Кожны раз, калі Яго будзеце піць, чыніце гэта на Маю памяць». Кожны раз, калі будзеце есці гэты Хлеб і піць з гэтага келіха, абвяшчайце смерць Пана, пакуль Ён не прыйдзе. Таму той, хто будзе есці гэты Хлеб ці піць з келіха Пана нягодным чынам, будзе вінаваты ў граху супраць Цела і Крыві Пана. Няхай выпрабоўвае сябе чалавек, а потым няхай есць гэты Хлеб і п’е з гэтага келіха. Бо хто есць і п’е, не зважаючы на Цела Пана, той есць і п’е на сваё асуджэнне. Праз гэта сярод вас многа слабых ды хворых, і даволі памірае.       1 Кар 11, 17-30

 

 

 

У парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Ганцавічах вернікі, сабраўшыся за “круглым  сталом”, разважалі аб найважнейшым сакрамэнце Касцёла – святой Эўхарыстыі. У  пасяджэнні прынялі ўдзел Наталля Бобка, Алена Паскробка, Ірына Дубовік, сужэнства Вольга і Аляксандр Філіповічы, Алена Сайко.  Вядучым быў пробашч парафіі кс. доктар  Ян САЛАМОН.f-str-17

 

Вядучы:

– Тэкстаў пра святую Эўхарыстыю многа ва ўсіх Евангеллях, яны  паўтараюцца, дапаўняючы адзін другога. Сёння прапаную засяродзіцца на Першым Пасланні св. Паўла да Карынцянаў, на ўрыўку з  Евангелля св. Яна з «Апошняй вячэры» і падзяліцца сваім разуменнем, перажываннямі, якія выклікаюць у вас гэтыя тэксты.

 

Пачнем з пытання: Чаму Эўхарыстыю называем сакрамэнтам адзінства?

 

Наталля:

–  У Святым Пісанні ёсць многа метафар, якія дапамагаюць зразумець нам сэнс адзінства. Вельмі яскравы, на мой погляд, выраз пра вінаградную лазу, з якою Пан Езус параўноўвае Сябе, Касцёл і ўсіх нас і дае зразумець, у чым адзінства: “Я – вінаградная лаза, вы – галіны. Хто  застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць… Калі бу-дзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам”. Гэта сказаў Езус на Апошняй Вячэры, і для мяне кожная Эўхарыстыя – гэта памяць пра Езуса,  падзяка за Яго вялікую ахвяру. Таму, прыходзячы на святую Імшу і прымаючы святую Камунію, мы прымаем  Езуса Хрыста – містычнае Цела, у якім яднаемся з Богам, з усім Касцёлам. А Касцёл – гэта людзі, якія прыходзяць, значыць, мы  яднаемся з імі ў любові Хрыста, якою  Ён ахінае ўвесь свет. 

 

 Алена Паскробка: f-str-18

– Эўхарыстыя – гэта не што, а Хто. Гэта –  Езус Хрыстус, гэта Яго Цела і Кроў, гэта тое, што Ён аддаў  на Крыжы за ўсіх нас, каб мы, прыходзячы  да  Яго са сваімі думкамі, імкненнямі, ішлі да Яго з даверам, прымалі  Яго святое Цела і праз гэта – з Ім ядналіся. Адзінства – гэта тое, чаго дасягаем мы ў сакрамэнце Эўхарыстыі. Гэта яна  яднае нас з Богам, робіць адзіным  Касцёлам, адзіным цэлым,  незалежна ад таго, што ўсе мы – розныя.

 

Вольга Філіповіч:

– Сакрамэнт Эўхарыстыі, як ведаем, быў заснаваны Езусам Хрыстом падчас Яго Апошняй Вячэры з апосталамі.  Сёння мы злучаемся з Хрыстом, дасягаем адзінства з Богам дзякуючы святарам, намеснікам Хрыста на зямлі, падчас Эўхарыстыі, якія яе цэлебруюць.

 

Наталля: f-str-19

– Хацела б падтрымаць Алену і выказаць думку: мы з’яўляемся Касцёлам не таму, што даём ахвяры на яго патрэбы, адносімся да канкрэтнай парафіі, маем касцёльную  супольнасць (супольнасці наогул ёсць розныя, свецкія, у тым ліку каталіцкія), але менавіта таму, што яднаемся падчас Эўхарыстыі, прымаючы кожны раз Цела Хрыста.  Эўхарыстыя – гэта цэнтр нашага жыцця, а ў цэнтры ёсць Хрыстос, мы – вакол Яго, і гэта наша самая вялікая каштоўнасць.

Вядучы:

– Вы зараз нагадалі стаўленне святога Паўла, выказанае ім у пачатку  Паслання да Карынцянаў, дзе ён заўважыў, што сярод сабраных вучняў ідуць спрэчкі,  разлад. Часткова ён дапускае, што такое можа быць, але дамагаецца адзінства. Адкрыйце 10 главу, дзе апостал Павел гаворыць: “Келіх благаслаўлення, які благаслаўляем, ці не з’яўляецца ўдзелам у Крыві Хрыста? Хлеб, які ламаем, ці ж не з’яўляецца ўдзелам у Целе Хрыста? Адзін ёсць хлеб, адно Цела – мы многія. Бо мы ўсе саўдзельнікі аднаго хлеба”.  Падкрэслім – аднаго хлеба!

 

Пытанне: Што азначаюць словы: “Эўхарыстыя – спажытак (ежа) для душы”?

 

Наталля:

– Езус сказаў: “Я – хлеб жыцця;  хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць”. Вядома, каб чалавек жыў, яму патрэбна сілкавацца, прычым галоўнае – мець хлеб; на хлебе людзі ў вайну вытрывалі. Але гэта – не адзіная патрэба, бо вельмі часта  чалавек перажывае духоўны голад, калі мае, як кажуць, “і хлеб і да хлеба”, але нічога з гэтага яго не цешыць…

 

Пытанне: Што адчувалі  вы, калі па розных прычынах не маглі прыняць удзел ў святой Імшы? Ці гэта быў духоўны голад?

 

Наталля:

– Патрэбна прызнацца, што ў маім асабістым жыцці, ды і, напэўна, у жыцці майго пакалення,  голад духоўны быў, толькі не адчувалі мы яго, таму што не было патрэбнага рэлігійнага выхавання ў дзяцінстве. Пасля, калі выйшла замуж, заахвочваць мяне пачала свякроў: трэба на Імшу, трэба да споведзі… Але кожнага чалавека Бог вядзе сваімі шляхамі. Вёў і мяне. І калі я ўжо сёння прыйшла на Эўхарыстыю і пачынаю вагацца: “Езу, ці магу я прыняць Цябе сёння? Ці маю права, бо на споведзі не была… А можа ўсё ж маю, бо грэх мой, здаецца, не такі вялікі…”, то разумею, што Эўхарыстыя для мяне няпоўная. Быццам ў касцёле пабыла, а душа не насыцілася…

 

Алена Сайко:

– Сапраўды, духоўнае насычэнне – гэта вельмі камфортны і прыгожы душэўны  стан чалавека. Скажу пра сябе.  Я каталічка, муж з праваслаўных, і мы павянчаліся ў царкве, а пасля наступіў такі перыяд, што ў касцёл я перастала хадзіць, зрэдку наведваліся ў царкву,  а часцей – нікуды.  І тады я адчула голад,  мне стала не хапаць “нечага каталіцкага” – святой Імшы, парадку яе цэлебрацыі, строгага ўдзелу вернікаў у касцёльных чынах,  іншых традыцый…  Праз некаторы час я вярнулася ў касцёл, пайшла да споведзі і атрымала такое аблягчэнне, што хацелася плакаць… І сёння Эўхарыстыя, прыманне святой Камуніі – патрэба майго цела і душы.

 

Вольга:

– Наташа сказала, што ў яе дзяцінстве не было рэлігійнага выхавання, а я хадзіла на ўрокі рэлігіі, але яны не далі мне столькі духоўнай «ежы”, колькі даў у апошнія гады наш удзел у Суполцы Маці Божай  (Нотр-Дам) на Беларусі. Не ведаю, ці гэта па прычыне маладосці і недастатковага разумення, ці проста безалабернасці, але, бывала, збярэмся, пасмяёмся, нам весела, а каб нешта там у душы “шавяльнулася” – гэтага не было.  А зараз не ўяўляю сябе без Эўхарыстыі, без нашых сустрэч у суполцы, разважанняў, без чытання Святога Пісання.

 

Алена Паскробка:

– Асабіста я адчула духоўны голад пасля таго,  як у першую хвалю каронавірусу была дадзена дыспенса ад абавязку ўдзелу ў нядзельных і ўрачыстых святых Імшах. Духоўную ежу мы пачалі атрымліваць on-line. Спачатку было цікава: глядзела трансляцыі святых  Імшаў з Польшчы, Германіі, Амерыкі – адусюль… Было цікава паглядзець на ўбранства святыняў, паслухаць  – на беларускай ці польскай мовах – розных святароў. Але гэта адразу… А пасля пачынаеш разумець, што ты адыходзіш ад непасрэднага ўдзелу ў самым галоўным сакральным дзеянні ў Касцёле, губляеш жывога Бога, не атрымліваеш жывой святой Камуніі, бяднееш духоўна… І якая ж была радасць, калі пандэмія крыху адступіла, дыспенсу адмянілі, і мы атрымалі магчымасць зноў быць у сваім касцёле на Эўхарыстыі! Сапраўды, быццам вырастаюць крылы…

 

Пытанне: Што гарантуе святая Камунія чалавеку?

 

Аляксандр:

– Кожны ўдзел у Эўхарыстыі, прыняцце Цела і Крыві Хрыста гарантуе хрысціяніну ўдзел у жыцці вечным, а кожны свядомы і дабравольны няўдзел у св. Імшы, асабліва ў нядзельнай, наадварот з’яўляецца вялікім недахопам  з боку хрысціяніна.

Вядучы:

– Так, чалавек заўсёды павінен памятаць, за што праліў Сваю Кроў Езус Хрыстус, за што ахвяраваў  Ён Сваё жыццё.  Я, калі нясу святую Камунію хворым, заўсёды чытаю словы з Евангелля святога Яна: “Хто спажывае Маё Цела і п’е  Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень”. Сакрамэнт Споведзі, удзел у святой Эўхарыстыі, прыманне святой Камуніі –  гэта і ёсць гарантыі жыцця вечнага для верных.

 

Наталля:

– Рыхтуючыся да сённяшняй сустрэчы, я прачытала такі цудоўны выраз св. Яна Марыі Віянэя: “Не прыступаць да святой Камуніі – гэта  ўсё роўна што знемагаць ад смагі побач з крыніцаю”.

 

Пытанне: Што для мяне аса-біста значыць Эўхарыстыя?

 

Ірына:

– Для мяне асабіста Эўхарыстыя азначае не толькі ласку Бога для мяне самой, але і мой абавязак у адносінах да бліжняга ў будучым: гэта значыць – ніколі не прайсці міма чужой бяды. Калі ты з чыстым сэрцам прыняў Цела і Кроў Езуса Хрыста, злучыўся з Ім у святым Сакрамэнце,  значыць, ты дабравольна імкнешся ўпадобіцца Яму і Ягонай любові. Я лічу, што Эўхарыстыя быццам дае верніку заданне на яго асабістае жыццё, яго паводзіны і дзеянні ў будучым.

 

   Алена Паскробка:

На здымку: пробашч парафіі кс. Ян Саламон з удзельнікамі пасяджэння (злева направа – Аляксандрам і Вольгай Філіповіч,  Ірынай Дубовік і Наталляй Бобка, Аленай Паскробка, Аленай Сайко.

На здымку: пробашч парафіі кс. Ян Саламон з удзельнікамі пасяджэння (злева направа – Аляксандрам і Вольгай Філіповіч, Ірынай Дубовік і Наталляй Бобка, Аленай Паскробка, Аленай Сайко.

– Сёння мы жывём у надта спажывецкім свеце, чалавек імкнецца як мага болей набыць для сябе матэрыяльнага, а над тым, што надыйдзе хвіліна, калі ўсё гэта пакіне, амаль не задумваецца. А хвіліна надыйдзе, патрэбна будзе стаць перад Богам у праўдзе, і Пан  скажа, як мы пражылі жыццё.  Асабіста мне Эўхарыстыя дае разуменне, што патрэбна заўсёды ставіць  перад сабою пытанні: для чаго жывём? Куды ідзём? Да чаго імкнемся? Святы Францыск Асізскі пра плён Эўхарыстыі сказаў наступнае (цытата на рускай мове): “В этом мире я не могу увидеть  Святейшего Сына Божия иначе, кроме как в Его Святейших Теле и Крови». А хіба мы можам убачыць і прыняць Сына Божага іначай як у Святых Дарах падчас Эўхарыстыі?  Для мяне Эўхарыстыя – гэта Божая любоў. Што датычыцца перажывання Сакрамэнту, то не магу сказаць, што адбываецца гэта заўсёды аднолькава. Часам адчуваеш, што не гатовы да споведзі, нешта табе быццам перашкаджае…

 

Вядучы:

– Вы сведчыце аб тым, што не кожны раз эмацыянальна аднолькава перажываеце Эўхарыстыю. Гэта натуральны стан хіба кожнага чалавека… Калі мне было 12 гадоў, даў слова Пану Богу, што кожны дзень буду хадзіць на святую Імшу, і гэта стала пачаткам дарогі да святарства. Калі пазней стаў міністрантам і здаралася, што з-за школьных мерапрыемстваў не заўсёды мог удзельнічаць у святой Імшы, – сумаваў, што ў гэты час мяне няма на сваім месцы каля алтара. Калі, будучы святаром, стаў  студэнтам Каталіцкага  ўніверсітэта  і Імшу  цэлебравалі ў дамашняй капліцы ў нядзелю, мне не хапала  супольнасці вернікаў касцёла. А калі  здаралася, што знаходзіўся ў дарозе (былі такія выпадкі) і дзень прайшоў без Эўхарыстыі – гэта быў для мяне наогул бессэнсоўна пражыты дзень…   Калі пачаўся ковід і ў касцёле не стала людзей – перажыванне зноў  змянілася, патускнела…  

 

 Вольга:

Для мяне Эўхарыстыя – гэта свядомае прыняцце Цела і Крыві Езуса Хрыста. Падзялюся асабістым успамінам. Калі стала дарослай і думала пра замуж, вырашыла цвёрда: хлопцу свайму скажу, што  я – каталічка, і вянчацца будзем толькі ў касцёле, каб пасля разам прымаць Эўхарыстыю. Калі ён не будзе згодны – навошта мне такі чалавек, сустрэну іншага. На той час я  ўжо ведала і бачыла, як церпяць людзі ад таго, што па якіх-небудзь сямейных прычынах не могуць прыняць святую Камунію. Дзякаваць Богу, Ён не даў мне такіх выпрабаванняў…

 

Алена Паскробка:  

–  Рыхтуючыся да сустрэчы, я трапіла на каталіцкі сайт “Вселенская Церковь по-русски”. Рэкамендую і вам паглядзець і паслухаць казанні святароў, сведчанні асобных вернікаў, лічу іх  цікавымі і карыснымі.  Ведаеце, якая там асноўная думка? Жыццё патрэбна пражываць не дзеля сябе, а дзеля каго-небудзь іншага, так, як і  Езус Хрыстус ахвяраваў Сваё жыццё за іншых. І крыж прыняў дзеля іншых.

 

Вядучы:

   – Святая Эўхарыстыя – гэта самы вялікі духоўны дар, гэта Сам Езус Хрыстус, Які ў ёй прысутнічае. Гэта вяршыня ўсіх спраў і крыніца ўсёй нашай духоўнай дзейнасці. Як хлеб для цела, так Эўхарыстыя для душы. Безумоўна, кожны чалавек мае свой вопыт перажывання гэтага Сакрамэнту, Бог перад кожным адкрывае яго цалебную сілу паступова і канкрэтна, гаворачы: “Без Мяне нічога не можаце зрабіць”.  У 15-й главе Евангелля ад св. Яна гаворыцца пра вінаградную лазу: калі галінка засыхае, не прыносіць плоду – яе адразаюць. Так і  чалавек без Езуса, без веры не можа жыць, засохне.  Хвала Пану, што Ён дае нам  магчымасць прымаць Эўхарыстыю. Калі нас накрыла першая хваля каронавірусу, многія адыйшлі ад касцёла, баяліся пандэміі. Сёння бачым адваротны працэс: захворванняў больш, але і больш вернікаў у касцёле. Гэта сведчыць аб тым, што патрэба людзей у сакрамэнце Эўхарыстыі ўзрасла, людзі зразумелі яе неацэнную каштоўнасць на шляху да жыцця вечнага.

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

Брэсцкая вобласць


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий