«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   У бягучым годзе тэмамі для разважанняў мы абралі асобныя фрагменты са Святога Пісання, над якімі заклікаем схіліцца разам з намі…

 

 

Шлях адкрыццяў

 

Па дарозе ў Эмаус

 

 Двое з іх у той жа дзень ішлі ў вёску, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема і якая называлася Эмаус. Яны размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. А калі размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Аднак вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго. А Ён сказаў ім: «Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?» І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: «Ты, адзін з тых, хто прыйшоў у Ерузалем, і не ведаеш, што там сталася ў гэтыя дні?» Ён спытаў іх: «Што?» Яны сказалі Яму: «Тое, што сталася з Езусам з Назарэта, які быў прарокам, магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і кіраўнікі нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы і не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. Некаторыя з нашых пайшлі да магілы і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі». Тады Ён сказаў ім: «О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу?» І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго. Калі наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей.Але яны настойвалі, кажучы: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае». І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі быў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім. Тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. Яны сказалі адзін аднаму: «Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?» І ў тую самую гадзіну яны ўсталі, вярнуліся ў Ерузалем і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, якія казалі ім: «Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону». Яны таксама расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.   (Лк 24, 15-33).

 

 

f-str-18Пра сустрэчу, якая адбылася па дарозе Езуса Хрыста ў Эмаус, разважалі вернікі ў парафіі св. Казіміра ва ЎселюбеУ пасяджэнні  прынялі ўдзел Ганна Антаненка, сужэнства Аляксандр і Марыя Каліберда, Вольга Падліпская і Марына Раманчук. Вядучым быў пробашч  парафіі кс. Віталій ЦЫБУЛЬСКІ.

 

Вядучы:

Шаноўныя, давайце яшчэ раз звернемся да зместу гэтага кавалка Евангелля і пастараемся ўявіць сабе натуральную карціну. Падзея  адбываецца пасля Ўваскрасення Езуса. Двое людзей ідуць у адну дарогу і размаўляюць аб тым, што ведаюць аб здарэннях, якія адбыліся. Сэрцы іх перапоўненыя рознымі думкамі, пачуццямі, у тым лікуі роспаччу, адчаем. Не могуць зразумець, як магло стацца, што той, хто рабіў цуды, аздараўляў, з кім яны звязвалі свае надзеі, той самы Езус з Назарэта, прарок, магутны ў чынах і ў слове перад Богамболей не жыве, што Яго распялі. Ці гэта была  рэчаіснасцьці гэта  быў сон?.. І гэтыя двое так зацікаўлена размаўляюць, што нават не заўважылі, як далучыўся і пайшоў разам з імі ў адну дарогу  сам Езус. Ён нават запытаў іх: “Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?”. Адзін з іх адказваў на пытанне, але яны не пазналі Яго.

 

Пытанне:  Як сталася, што вучні не пазналі Езуса?

 

Вольга Падліпская:

Думаю, не пазналі, таму што сэрца іх не было адкрыта для прыняцця таямніцы Ўваскрасення,  яно  было напоўненае адчаем. І вочы іх невыпадкова былі стрыманыя, таму што падзеі, якія адбыліся, людзі імкнуліся ўсё ж пазнаць і зразумець сэрцам; тое, што бачаць вочы, часам толькі павярхоўнае, а глыбіннае патрэбна адчуць сэрцам. Моцна ўразілі іх і жанчыны, якія былі на досвітку каля магілы і не знайшлі цела Ягонага. Вучні не маглі зразумець сэрцам і таго, што, як паведамілі жанчынам анёлы, Ён – жывы.

 

Вядучы:

- Так, сэрцам мы любім, сэрцам ненавідзім, сэрца, напісана ў Бібліі, – крыніца жыцця. У тэксце не сказана, аднак, што вочы іх былі закрытыя, а былі – стрыманыя. Гэта азначае, што яны маглі бачыць навокал усё, але іх унутранае ўспрыйманне гэтым і абмяжоўвалася; зрабіць крок наперад ў сваёй свядомасці не маглі, бо нешта ўсё ж ім перашкаджала. Сапраўды сэрца яшчэ не адчула таго, што адбылося.

 

Ганна Антаненка:

– На хвілінку затрымаемся: Езус пацікавіўся, чым так моцна засмучаныя яго спадарожнікі, аб чым разважаюць. Канечне, аб тым, што адбылося ў тыя дні. І можа таму іх вочы былі стрыманыя, што яны нічога гэтага самі не бачылі; не маглі паверыць, бо верылі толькі таму, што бачылі.

 

Вядучы:

– Так, гэта ключавы момант: яны хадзілі не верай, а бачаннем.  Вера пачынаецца там, дзе ты не бачыш і не можаш праверыць. Ты ўваходзіш у тую рэальнасць, якую не можаш убачыць і праверыць, але можаш адчуць яе сэрцам. Да такой рэальнасці  мы  прыходзім у Эўхарыстыі – увайходзім у прастору, дзе  сузіраем  Бога  і дзе слухаем  Яго.

 

Аляксандр Каліберда:

– Вучні  апынуліся ў роспачы, таму што, пакуль хадзілі за Езусам,  аб нечым яны думалі, мелі  надзею, будавалі нейкія планы, а калі Яго не стала – раптам усё рухнула.

 

Марына Раманчук:

– Пакуль былі з Езусам, спадзяваліся, што Ён збавіць іх. Пасля падзеяў, якія адбыліся, з-за свайго малавер’я, страцілі надзею і, можна сказаць, сэнс свайго існавання. Ведалі словы Езуса аб тым, што Ён уваскрэсне, але не верылі ў гэта.

 

Вядучы:

– А чаму не верылі?.. Калі гэтую сітуацыю схематычна прылажыць да сённяшняга нашага жыцця, то ўбачым, што далёка не ўсе хрыс-ціяне ўверавалі, што Бог перамог грэх, што Ён жывы сярод нас… Калі Езус пачаў размаўляць з вучнямі, што яны сказалі: “А мы думалі…”, “А мы спадзяваліся…”. Іншымі словамі – яны “намалявалі” сабе свайго Езуса,  мелі зусім іншае ўяўленне аб Хрыстусе і аб Царстве Яго Нябесным, і атрымалася, што надзеі рухнулі. Па гэтай прычыне многія адыйшлі ад Яго. А што робіць Езус? Пачынае цярп-ліва выслухоўваць іх, разумеючы, што ім патрэбна даць выгаварыцца, пасля тлумачыць ім пра тое, што ва ўсім Пісанні Яго датычыла… Езус паступова падводзіць іх да Сябе. Бывае, напэўна, што і сёння чалавек, ідучы на святую Імшу, чакае нечага асаблівага ад Езуса і асаблівага не атрымоўвае, як яму думаецца. Бывае, адчуе нават роспач у сэрцы, маўляў, не “зачапіла”… А можа  яно – наадварот?.. Можа такім чынам Езус прымушае нас пазбавіцца нашых асабістых фантазій на тэму Пана Бога, а зразумець істотнае?

 

Вольга  Падліпская:

– Лічу, што нам сёння значна лягчэй паверыць, чым тым першым вучням Езуса. Столькі гадоў прайшло, столькі сведчанняў мы атрымалі, столькі духоўнай літаратуры нам дадзена, такія вялікія магчымасці ад-крыліся ў вывучэнні Слова Божага. А там  былі  простыя  людзі…

 

Аляксандр  Каліберда:

– Езус, аб’явіўшыся вучням, сказаў Тамашу: “Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!”. У гэтым – самы галоўны сэнс веры.

 

Вядучы:

– Прапаную звярнуць увагу яшчэ на адзін момант: дыялог паміж Езусам і вучнямі адбываецца па дарозе ў Эмаус. І нашае жыццё – гэта таксама шлях, напоўнены вельмі рознымі падзеямі, сустрэчамі, дыялогамі, адкрыццямі, радасцю і роспаччу… І гэта ёсць шлях да Бога. Бог адкрыты, Ён дае нам пазнаць Сябе. Езус, пакуль ішоў з вучнямі да вёскі, растлумачыў ім усё, пачаўшы ад Майсея і прарокаў. Зрабіў выгляд, што хоча ісці далей, а яны пачалі прасіць, каб застаўся. І Ён застаўся. Гэты момант аб’яднання і ёсць цэнтр нашага  хрысціянскага жыцця. Быў з імі за сталом. Узяў хлеб, благаславіў,  паламаў і даў ім. Мы таксама набліжаемся да Езуса, які ёсць у Эўхарыстыі, прымаем хлеб, а ў яго постаці – Цела Хрыста.  І часам не заўважаем нават, што Езус і да нас набліжаецца і прыходзіць тады, калі мы захопленыя сваімі перажываннямі, калі шукаем адказы на складаныя пытанні.

 

Пытанне: Як гэты ўрывак дапамагае  зразумець Эўхарыстыю?

 

Аляксандр Каліберда:

– Езус узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў вучням, і яны ўзялі… Гэта вельмі кранальны момант, калі Бог дае Сябе, Сваю Любоў людзям. Мы таксама перажываем яго падчас Эўхарыстыі. Гэтага нельга перадаць словамі, яго можна адчуць толькі сэрцам. І гэта сапраўдны цуд, недасягальны ўсім і адразу.  Побач могуць стаяць два чалавекі, і адзін адчуе яго, другі – не.

 

Вядучы:

– Пра гэты момант чытаем у Евангеллі: “Тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся  нябачным для іх. Яны сказалі адзін аднаму: “Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?”. 

 

Ганна Антаненка:

– Тут мы падыходзім да стану нашых сэрцаў, і мяне моцна кранае факт, што Езус, бачачы нашыя  неразумныя і марудныя сэрцы, нікога не адкідае і Сам не адыходзіць, а  дае магчымасць кожнаму пазнаць Бога-Айца,  увераваць і перажыць момант сустрэчы з Ім у Эўхарыстыі. Ён застаецца з чалавекам побач, каб дапамагчы яму пазнаць Бога, адчуць Яго Цела і Яго Кроў, пралітую за грахі нашыя.

 

Вольга Падліпская:

–  Больш таго,  Езус зацікаўлены ў тым, каб нашае сэрца распаліць любоўю і верай, каб любоў множылася, і мы дзяліліся ёю з бліжнімі.

 

Пытанне: Ці бачым Езуса ў штодзённым жыцці?

 

Марына Раманчук:

– На маю думку, момант, калі Езус падыйшоў да вучняў, а яны не пазналі Яго, можна расцаніць як тое, што да кожнага з нас Езус можа падыйсці ў вобразе якогасьці трэцяга чалавека, аказаць пэўнае уздзеянне на нашае сэрца, учынкі, на нашу веру,  а мы не адразу здагадаемся, адкуль прыйшла духоўная падтрымка… Падобным чынам Езус з’яўляецца да нас у Эўхарыстыі, толькі не ў выгля-дзе «трэцяга», а ў выглядзе хлеба і віна, ператворанага ў Цела і Кроў Хрыста. Сапраўды гэта моцна кранальная падзея. І ў тую хвіліну, з якім бы вялікім “грузам” праблем я ні прыйшла  на святую Імшу, – усе яны адступаюць, я бачу побач прысутнага Хрыста і сама прысутнічаю разам  з Ім у гэтай святой таямніцы.

 

Вядучы:

– Заўважце: Езус звяртаецца да вучняў першы. Не чакае, пакуль яны будуць звяртацца да Яго, а пытае, чаму яны такія засмучаныя. І далей вельмі далікатна вядзе з імі дыялог,  вучні пачынаюць Яго слухаць, чуюць, разумеюць і ўжо не жадаюць з Ім раставацца. Не, яны яшчэ не пазналі Яго, але адчулі сэрцам і просяць: “Застанься з намі…”.  І Ён застаўся. Між Езусам і вучнямі ўзнікае ўзаемны давер, адкрытасць, а гэта  заўсёды працэс складаны. Нам заўсёды прасцей любіць чалавека, якога бачым, ацэньваем, і зусім іначай, калі яго патрэбна адчуваць сэрцам.

 

Ганна Антаненка:

– На мой погляд, такім чынам Езус падводзіць нас да споведзі. Пан ведаў усё, што адбылося, ведаў перажыванні вучняў, але падводзіў да таго, каб яны свядома сказалі аб гэтым самі. Пасля ўсяго гэтага была Эўхарыстыя. Думаю, нешта падобнае адбываецца і ў адносінах Бога з намі. Ён бачыць ўсе нашыя паступкі, нашыя правіны, але чакае, каб усё, што ў нашай галаве, мы “агучылі” самі, свой грэх назвалі самі, і тады Ён дасць нам магчымасць выправіцца і паяднацца з Сабою праз Эўхарыстыю. Гэты эпізод пераконвае і ў тым, што Бог заўсёды дае чалавеку выбар. Сам Ён паказаў, што хоча ісці далей, а вы, вучні, таксама выбірайце – можаце ісці за Мною, можаце застацца, і ў выніку ўсе робяць гэты выбар, дзякуючы якому засноўваецца Паўсюдная Царква з Езусам Хрыстом у цэнтры.

 

Марына Раманчук:

– Езус ніколі не навязваецца, а толькі паказвае, куды ісці. Хочаш – ідзі за Мною, хочаш – заставайся, твой  выбар…

 

Вольга Падліпская:

–  Выбар гэты свабодны, нічым не абмежаваны, тым болей, што “Ён стаўся нябачным для іх”. Але “нябачным” не азначае “адсутным”. Бог прысутнічае сярод нас кожны дзень і ў кожным месцы. У мяне  бываюць такія ўспаміны (як постфактум), пачынаю перадумваць усё, што адбылося на працягу дня, і задаю сабе трывожнае пытанне:  магчыма, у тым чалавеку, з якім павяла сябе, скажам так, неадэкватна, і  быў Езус… Пачынаюцца сумненні…

Ідучы нават на сённяшнюю сустрэчу,  разважалі: чаму так адбываецца? Устаеш раніцай – адчуваеш Бога, молішся, ідзеш на працу – молішся, а прыходзіш туды – цябе быццам віхар закручвае, там ужо  не заўважаеш Езуса, не помніш пра Яго, не знаходзіш для Яго месца ў той мітусні.

 

Марына Раманчук:

– …І вельмі складана, калі ў гэтым пытанні цябе не разумеюць калегі. І нават не тое, што “не разумеюць”, а што яны самі, на жаль, далёкія ад Бога і глядзяць на цябе, як на прышэльца з іншай планеты.

 

Аляксандр Каліберда:

– …Асабліва, калі ўчора ты быў яшчэ такі-сякі, або не такі-не сякі, а сёння пачынаеш “перестраиваться”, мераць сваё жыццё хрысціянскімі меркамі. Іншым людзям бывае цяжка гэта прыняць…  Але і гэтаму трэба вучыцца, гэта таксама наша “школа”.

Марыя Каліберда:

– А мне здаецца, што патрэбна паводзіць сябе адпаведным чынам, і тады не будзе ніякіх складанасцей у будаванні адносінаў з саслужыўцамі ў сферы рэлігійнага жыцця. Асабіста я імкнуся сябе кантраліраваць, калі ўзнікае якая-небудзь недарэчнасць, падыходжу да чалавека і прашу ў яго прабачэння. Так і кажу: “Калі гэтым цябе я пакрыўдзіла, прабач, калі ласка”.

 

Вядучы:

– Важна памятаць, што Бог ніколі не перастае гаварыць нашаму сэрцу. Няма хвіліны, каб Ён не хацеў да нас наблізіцца, паказаць нам Сваю прысутнасць. Але мы бываем такімі ўцягнутымі ў тыя сацыяльныя, штодзённыя праблемы, што не можам ад іх адарвацца, не заўважаем Езуса. Яшчэ складаней распазнаць Божага пасланца ў асобе якога-небудзь чалавека… А Бог пасылае на наш шлях і такіх людзей.

 

Марыя Каліберда:

– З  Езусам патрэбна размаўляць. З  маіх вуснаў часта выходзіць просьба: “Езус, падкажы, дзе Ты ёсць сёння”.  І было такое аднойчы. Знаходжуся ў касцёле і адчуваю, быццам нехта крануў за плячо. Аглянулася – нікога… Значыць,  гэта Пан Езус побач…

 

Вядучы:

Пробашч кс. Віталій з удзельнікамі пасяджэння (злева направа) Вольгай Падліпскай, Ганнай Антаненка, Аляксандрам і Марыяй Каліберда і Марынай Раманчук.

Пробашч кс. Віталій з удзельнікамі пасяджэння (злева направа) Вольгай Падліпскай, Ганнай Антаненка, Аляксандрам і Марыяй Каліберда і Марынай Раманчук.

– Шаноўныя, мы павінны быць моцна ўдзячныя Богу за тое, што і сёння Ён вёў  нас дарогаю ў Эмаус і прывёў у наш чалавечы свет узмоцненымі гэтаю сустрэчаю, яна засеяла ў нас насенне вечнага жыцця. Мы пазналі Яго, адчулі Яго сваім сэрцам, пераканаліся ў тым, што Ён ніколі нас не пакідае, дае нам свабодны выбар,  любіць нас і як вынік – разам з Ім мы вярнуліся ў наш Касцёл. І зараз будзем аб гэтым сведчыць, гаварыць, што Ён жыве сярод нас, чакае і дасць паяднацца з Сабою  праз Эўхарыстыю. Сёння разам з вамі мы яшчэ раз паклані-ліся  Слову Божаму, ад Якога ўсё сталася.

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

Гродзенская вобласць


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий