«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   У бягучым годзе тэмамі для разважанняў мы абралі асобныя фрагменты са Святога Пісання, над якімі заклікаем схіліцца разам з намі…

 

 

 

Прыйдзі, Дух Святы!

 

 

Спасланне Духа Святога

 

Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам у тым самым месцы. Раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі. З’явіліся ім падзеленыя языкі, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх. Усе напоўніліся Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць.  Былі ў Ерузалеме жыхары Юдэі, людзі пабожныя з усякага народу пад небам. Калі ўзняўся гэты шум, сабралася мноства людзей і захвалявалася, бо кожны з іх чуў, што яны гавораць на ягонай мове.  Былі ўражаныя і здзіўляліся, кажучы: «Ці ж усе тыя, хто гаворыць, не галілейцы? Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся? Парфяне і мідзяне, эламіты і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападоцыі, Понта і Азіі, Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, сумежных з Кірэнай, ды прыезджыя рымляне, юдэі і празеліты, крыцяне і арабы, — мы чуем, што яны гавораць нашымі мовамі пра вялікія справы Божыя». Усе былі ўражаныя і ўзбянтэжаныя, кажучы адзін аднаму: «Што гэта значыць?». А іншыя з насмешкай казалі: «Яны напіліся маладога віна».

 

 (Далей – па тэксту: Першая прамова Пятра, Першыя навяртанні, Першая хрысціянская супольнасць. Дзеі апосталаў, 2 раздзел)


 

 Вернікі парафіі Ўзвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне, сабраўшыся за “круглым сталом”, разважалі над урыўкам “Спасланне Духа Святога” з Дзеяў апосталаў. У пасяджэнні прымалі ўдзел Алена Клімза, Марына Пучынская, Станіслаў Руткоўскі, Святлана Гірстун. Вядучым быў пробашч парафіі кс. Віктар СІНІЦКІ, SCJ.

 

Пасяджэнне пачалося з сумеснай малітвы, каб Дух Святы прыйшоў, напоўніў сэрцы сабраных і запаліў у іх агонь сваёй любові.

 

Вядучы:f-str-17

Як ведаем з катэхізісу, Святы Дух зяўляецца трэцяй асобай Святой Тройцы. Мы, веруючыя людзі, верым у Бога, у Тройцы адзінага – Айца, Сына, і Святога Духа. Так, як молімся на святой Імшы Апостальскім сімвалам веры: “Веру у Духа Святога, Пана і Жыватворцу, які ад Айца і Сына паходзіць, якому разам з Айцом і Сынам належыць пакланенне і хвала”. Бачым, што Бог, у Тройцы адзіны, уваходзіць у нашае жыццё і праз Езуса Хрыста нясе нам свой план Збаўлення, адпушчэнне грахоў, перамену нашага жыцця ў жыццё вечнае ў небе. Памятаем у моманце Звеставання, калі анёл прыходзіць да Марыі і гаворыць: “Дух Святы сыйдзе на цябе і моц Усявышняга агарне цябе. Той, што народзіцца з цябе, святым назавецца –  Сынам Божым”. Дзякуючы Духу Святому, Езус аздараўляе хворых,  выганяе злых духаў, уваскрашае памерлых і запавядае апосталам, што, калі Ён  будзе адкінуты людзьмі, будзе цярпець і будзе ўкрыжаваны, і што на трэці дзень уваскрэсне, а таксама аб сваім адыходзе да Айца гаворыць, як чытаем у Евангеллі, паводле св. Яна:   “Буду прасіць Айца і суцяшальніка Духа Святога, каб спаслаў на вас, каб навучыць вас усяму, прыпомніць вам усё, што Я вам казаў”.

Сёння мы з вамі паразважаем над Спасланнем Духа Святога – здарэннем, якое наступіла на дзевяты дзень пасля Ўнебаўшэсця Езуса Хрыста і на пяцідзесяты дзень пасля Яго Змёртвыхпаўстання, так званай Пяцідзясятніцы.

 

 Пытанне: У якім выпадку адбываецца Спасланне Духа Святога?

 

 

 Алена Клімза:f-str-18

– Спасланне Святога Духа на апосталаў на пяцідзесяты дзень пасля Пасхі – гэта нараджэнне Касцёла, хрост Касцёла. Наогул, што гэта за свята – Пяцідзясятніца? (Заўважма, у народзе яно часцей называецца Зялёныя  Свёнткі – першае веснавое свята,  або Сёмуха – 7 тыдняў пасля Вялікадня; назва Пяцідзясятніца асацыіруецца хутчэй з пратэстантамі).  Узятае яно з габрэйскага календара. На 50 дзень пасля габрэйскай Пасхі ў Ерузалеме збіралася вялікае мноства людзей з розных краін, размаўлялі яны на розных мовах. І што адбылося? Апосталы пасля Ўнебаўшэсця Пана Езуса сядзелі ў Вячэрніку, не разумеючы, што рабіць ім, як весці сябе далей. Але Пан Езус як запавядаў, што пашле Святога Духа на зямлю, так і зрабіў. Святы Дух ахінуў апосталаў, напоўніў іх сваімі дарамі, і пасля гэтага яны сталі мужнымі. Апосталы пачалі прамаўляць так, што кожны з сабраных  пачуў сваю мову, у якой нарадзіўся. Канешне, апосталы маглі раней размаўляць з людзьмі на грэчаскай мове, бо яе ведалі ўсе, але гэтага яны не зрабілі. Баяліся, што і з імі будзе тое, што з Панам Езусам. Нешта падобнае часам адбываецца і з намі, калі не разумеем, як сябе паводзіць, нечага баімся.  Канешне, здраднікаў у гісторыі хапала заўсёды; калі прадалі Езуса, – хоць самі ведалі пра Валадарства Божае, былі сведкамі дзейнасці Ягонай, чулі Яго казанні, былі з Ім побач, бачылі, якія цуды рабіў Ён, а ўсё роўна здрадзілі Яму, – то і нас могуць прадаць.

 

Святлана Гірстун:

– А я лічу, што апосталам не хапала адвагі. У душы сваёй яны, можа, і былі гатовыя на адказныя і высакародныя ўчынкі, але зрабіць першы крок… Заўсёды павінен быць нехта першы, смялейшы…

 

Станіслаў Руткоўскі:

– …А можа розуму ім не хапала, каб усвядоміць і адчуць адказнасць за ўсе свае ўчынкі. Калі ўзяць нашае штодзённае жыццё, то неразуменне асабістых дзеянняў можа прывесці нават да здрады нашай веры. Напрыклад, у выпадку, калі ведаем, што гэта грахоўнае, а самі прадаўжаем грашыць; калі не хапае розуму, каб усвядоміць, што ты ішоў нявернай дарогай. Мудрасць і розум у падобных выпадках іграюць вельмі вялікую ролю, адной толькі мужнасці і адвагі мала, каб выйсці з грахоўнага стану. 

 

Алена Клімза:

– Таму і молімся да Духа Святога перад Споведдзю, каб мы пазналі свае грахі, каб Дух Святы натхніў, даў ласку і дапамог разлічыць, што ёсць белае, а што – чорнае.

 

Вядучы:

– Так, Дух Святы сышоў на апосталаў, і яны адразу выйшлі да людзей, пачалі прапаведваць Слова Божае, якому навучыліся ад Езуса. Калі перанесці гэта на нашае жыццё, то можам сведчыць, што  на нас сыходзіць Дух Святы перш за ўсё  ў сакрамэнтах хросту, бежмавання, святой Эўхарыстыі, у малітвах, калі звяртаемся да Духа Святога. Падчас хросту становімся дзецьмі Божымі, а наша душа –  прытулкам Божай ласкі. Моцаю Святога Духа святар прамаўляе: “Я цябе хрышчу ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога”. Дзякуючы Духу Святому, падчас хросту на нашай душы з’яўляецца такая незацёртая пячатка, што да канца свайго жыцця мы належым да Пана Бога.

Тое ж і сакрамэнт бежмавання. У ім Езус Хрыстус удзяляе ахрышчаным  Духа Святога;  праз гэты дар дзіця Божае становіцца напоўненым моцай веры і абаронцам яе ад нападак з боку няверуючых, “ніякіх”, ад тых, хто адмаўляе Пана Бога, хто насміхаецца над людзьмі, якія прыходзяць у касцёл і моляцца. Сакрамэнт бежмавання – гэта сакрамэнт сталасці, сустракаецца нават такі выраз: “Бежмаванне (або канфірмацыя) – совершеннолетие в Костёле”.

 

Алена Клімза:

– Варта ўспомніць словы Папы Рымскага Яна Паўла II, якія ён выказаў падчас свае першай пілігрымкі ў Польшчу ў чэрвені 1979 года: “Няхай Дух Святы сыйдзе на гэтую зямлю і адновіць аблічча яе!”. І заклікаў: “Не бойцеся!”. Уявіце сабе, каб нам сёння, у наш час хто сказаў такія словы – у нас крылы выраслі б! Гэта такая вялікая духоўная падтрымка!

 

Марына Пучынская:

– Сустракаюцца людзі, якія лічаць, што Дух Святы сыходзіць і дзейнічае толькі ў дзень Пяці-дзясятніцы. Але гэта не так. Дух Святы – гэта Бог, Які  ніколі не пакідае чалавека, атрымаўшага  сакрамэнты хросту і бежмавання, Ён дзейнічае заўсёды. Праз сакрамэнт бежмавання хрысціянін атрымлівае незнішчальны знак вызнаўцы Хрыста.

 

Святлана Гірстун:

– Праз сакрамэнт бежмавання Святы Дух умацоўвае ласку веры ў чалавеку, распальвае гэтую любоў, напаўняе яго духам праўды, мужнасці і адвагі, каб мог сведчыць іншым людзям, у тым ліку няверуючым, пра Божую любоў і міласэрнасць. Праз сакрамэнт бежмавання Святы Дух таксама напаўняе хрысціяніна духам адказнасці за развіццё Касцёла і за прысутнасць Езуса Хрыста ў нашым жыцці. Без Духа Святога пустой будзе малітва, і песня, і жыццё… 

 

Станіслаў Руткоўскі:

– На маю думку, асноўнае “напаўненне” хрысціяніна Духам Святым  адбываецца падчас сакрамэнту хросту. А далей асноўную ролю пачынае адыгрываць малітва самога верніка. Менавіта дзякуючы ёй адбываецца станаўленне яго духоўнасці, малітва дапамагае разабрацца з тым, што мы маем, зразумець усе тыя дары, якія Пан Бог дае чалавеку праз свае сакрамэнты. Бежмаванне можа адбыцца, а чалавек нічога не адчуе…

 

Святлана Гірстун:

– Да сакрамэнту бежмавання патрэбна рыхтавацца, гэта вельмі адказны час у жыцці самога верніка.

 

Вядучы:

– Хрост – гэта першы сакрамэнт, з якім звязаны ўсе астатнія.  І чалавек з’яўляецца хрысціянінам у такой ступені, у якой прымае Слова Божае, пацвярджае ці не пацвярджае сваімі словамі і ўчынкамі сваю шчырасць у адносінах з Богам, ці проста так, дзеля  чужога “вока” ходзіць у храм. Гэтая “ступень” і паказвае напоўненасць ягонай душы Святым Духам.

 

Станіслаў Руткоўскі:

 – Ведаем, што Святы Дух прысутнічае ў ахрышчаных адразу пасля сакрамэнту хросту. Але падчас бежмавання вернік атрымоўвае здольнасць для яшчэ большага разумення таго, што дае яму Пан Бог. Святы Дух прыходзіць, каб ускалыхнуць усё духоўнае, што ў чалавеку ёсць….

 

Вядучы:

– Вышэй мы з вамі адзначылі, што Дух Святы дзейнічае заўсёды, і зараз я хацеў бы падкрэсліць самы важны момант, ён датычыцца Эўхарыстыі, калі святар ад імя Касцёла заклікае і просіць моц Святога Духа асвяціць дары, каб яны сталі Целам і Крывёю Хрыста і каб беззаганная ахвяра, прынятая ў Святой Камуніі, паслужыла збаўленню тых, хто будзе ў ёй удзельнічаць. Падчас Эўхарыстыі адбываецца жывы кантакт, аб’яднанне з Богам. І гэта здзяйсняе Святы Дух. Яго моц перамяняе  хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста, каб мы, прымаючы іх у часе святой Імшы, станавіліся  з Ім адным Целам. Праз Духа Святога мы ствараем еднасць у Хрысце.

 

Пытанне: Якія з’явы  суправаджаюць  Спасланне Духа Святога? 

 

Алена Клімза:

– Моцны павеў ветру і языкі пламені. Але Святое Пісанне гаворыць і аб тым, што прарок  знайшоў Бога і ў  далікатным павеве ветру… Зараз узгадаліся мне яшчэ такія візуальныя карцінкі з роспаведаў маёй бабулі: памяшканні на Зялёныя Свёнткі ўпрыгожваліся бярозкамі. Лічылася, што лісточкі бярозы лёгкія, найболей адзыўныя на подых ветру – па-першае. Па-другое, бяроза раней за ўсіх “прачынаецца”пасля зімы, таму ўспрыймалася гэта як сімвал надыходзячага жыцця. Перад святам  гаспадыні старанна шаравалі падлогу,   высцілалі яе аерам, і дамы напаўняў пах свежасці. Не разумею,  чаму мы прызвычаіліся віншаваць адзін другога толькі два разы на год – на Божае Нараджэнне і Вялікдзень, а на Зялёныя Свёнткі чамусьці маўчым. Дарэмна, гэта вельмі вялікае свята, без Святога Духа не было б Касцёла.

 

Пытанне: Ці адчуваеце дзеянне Святога Духа сёння?

 

Святлана Гірстун:

– Думаю, што  кожны чалавек па-свойму адчувае гэта і перажывае. Успомнім святароў, якія ў гады вайны, абараняючы веру, ішлі, гарэлі ў агні разам са сваімі вернымі. Былі выпадкі, калі карнікі гаварылі ім: “Выходзьце, вас адпускаем”. Але святары, праяўляючы мужнасць, салідарнасць са сваім “статкам”, падзялялі з імі іх лёс. Напэўна, адвагу даваў ім Святы Дух.

 

 Алена Клімза:

– І сёння нічога не змянілася. Думаю, што на ўсіх сыходзіць Дух Святы, толькі не ўсе яго хочуць прыняць, бо гэта яшчэ і адказнасць…

 

Пытанне: Як Спасланне Духа Святога адлюстроўваецца на стане выбранага?

 

Святлана Гірстун:

– Упэўнена, што ў кожнага гэта адбываецца таксама па-свойму. Гадоў дзесяць назад я напісала такі  верш: “Навучы мяне, Пане, любіць”. (Чытае верш – пранікнёны і кранальны, за недахопам месца, на жаль, не можам яго тут надрукаваць). Лічу, што гэта было натхненне Святога Духа. Напэўна, ён нешта хацеў мне сказаць.

 

Марына Пучынская:

– Дух Святы сыходзіць на ўсіх, акрамя  тых, хто жыве ў стане граху. Апостал Пётр сказаў усім: “Пакайцеся, і няхай кожны з вас ахрысціцца ў імя Езуса Хрыста дзеля адпушчэння вашых грахоў, і вы атрымаеце дар Духа Святога”. У Святым Духу мы дасягаем адзінства з Богам, з супольнасцю, з усім Касцёлам.

 

Станіслаў Руткоўскі:

– Лічу, што на сённяшніх хрыс-ціянах ляжыць вельмі вялікая адказнасць за тое, каб захаваць да-дзенае нам Богам. Ведаем, што Бог стварае чалавека на сваё падабенства, але  кожнага паасобку надзяляе яшчэ асобнымі цудоўнымі якасцямі. І сёння ўсе мы павінны разумець, што ў свеце існуе і сатана, які хоча скрасці нашыя таленты, дары, атрыманыя ад Бога, і павярнуць іх у супрацьлеглы бок –  на стварэнне хаосу, гвалту, хлусні. Просты прыклад: інтэлектуал, інтэлігент, атрымаў вышэйшую адукацыю ў некалькіх галінах, а гаворыць не тое… Як тыя махляры, што распаўсюдзіліся ў сацыяльных сетках… Звоняць людзям, махлююць і такім спосабам адбіраюць грошы.

 

 Вядучы:

На здымку (злева направа): Марына Пучынская, Станіслаў Руткоўскі, Святлана Гірстун і Алена Клімза разам з пробашчам кс. Віктарам Сініцкім, SCJ каля макета былога касцёла, знішчанага ў 60-я гады.

На здымку (злева направа): Марына Пучынская, Станіслаў Руткоўскі, Святлана Гірстун і Алена Клімза разам з пробашчам кс. Віктарам Сініцкім, SCJ каля макета былога касцёла, знішчанага ў 60-я гады.

– Шаноўныя, у нашых разважаннях мы закранулі вельмі вялікую таямніцу  – дзеянне Святога Духа на чалавека і яго жыццё. Калі апосталы ў дзень Пяцідзясятніцы атрымалі Святога Духа для прапаведвання ўсім народам, гэта суправаджалася звышнатуральнаю з’яваю – яны пачалі прамаўляць на розных мовах. І гаварылі пра вялікія справы Божыя.  Сёння мы таксама гаворым пра вялікія справы Божыя –  ўсхваляем Пана Бога ў сваіх малітвах, дзякуем Яму за дар жыцця і Яго Божую Міласэрнасць, за тое, што  кожнага грэшнага Ён прабачае, шануе яго годнасць і вядзе да жыцця вечнага. Сёння мы яшчэ раз пераканаліся, што Святы Дух – гэта святло, якое асвячае дарогу з цемры да святла Збаўлення кожнаму хрысціяніну, які пакліканы ісці і весці да Збаўлення іншых.

 

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

Віцебская вобласць


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий