«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   У бягучым годзе тэмамі для разважанняў мы абралі асобныя фрагменты са Святога Пісання, над якімі заклікаем схіліцца разам з намі…

 

 

Дазвольце!

 

 

Езус і дзеці

 

Прыносілі да  Езуса дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх. Але вучні забаранялі ім. Убачыўшы гэта, Езус абурыўся і сказаў ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго». І, абняўшы іх, благаславіў, ускладаючы на іх рукі.           Мк 10, 13-16

 

 

f-str-17Чарговае пасяджэнне «круглага стала» прайшло на Гродзеншчыне. У ім прынялі ўдзел парафіяне парафіі бл. Міхала Сапоцькі ў Абухаве і парафіі Хрыста Валадара ў Азёрах, якія з’яўляюцца таксама членамі новастворанай групы каталіцкага руху «Курсільё»: Ала Янулевіч, Алёна Леаненка, Яўген Пілец, Наталля Кушмар, Эльвіра і Станіслаў  Дайновічы, Данута і Сяргей Раманавы і Валерый Пелюткевіч. Вядучым быў пробашч парафіі кс. Міхал Васількевіч. Уступную прамову і каментары зрабіў а. Томаш Ксёнжкевіч, CMF.

 

а. Томаш:

– Шаноўныя, сёння мы з вамі застановімся на вельмі цікавай і важнай тэме. Сустрэнемся нават з цяжкасцямі ў разуменні культуры Старажытнага Ўсходу, якая была створана адносна дзяцей. З аднаго боку – іх любілі, выхоўвалі ў цёплым сямейным коле, з іншага боку – з асобай дзіцяці не надта лічыліся, і, калі яно не адпавядала, на іх думку, пэўным “стандартам”, маглі нават пазбавіцца яго, прычым самым жорсткім спосабам. Да 12-гадовага ўзросту дзіця не мела ніякіх правоў і поўнасцю залежала ад волі бацькоў. Канешне, яны клапаціліся аб узрастанні сваіх дзяцей, імкнуліся перадаць ім духоўныя каштоўнасці. Гістарычная літаратура распавядае, як па суботах пасля службы ў сінагогах бацькі прасілі равіна ўдзяліць іх дзецям благаслаўленне, і равіны ўдзялялі. У Ерузалемскім храме раз на  год адбываўся Йом Кіпур – дзень пакаяння, прабачэння, у які першасвятар таксама благаслаўляў дзяцей. Нямнога патрабавалася ад яго – толькі ўскласці рукі…

Аднак на старонках Евангелля мы сустракаемся з рэакцыяй вучняў, якія не хацелі дапусціць дзяцей да Езуса, каб Ён дакрануўся да іх, і бачым рэакцыю Самога Езуса.  Ён абурыўся і строга сказаў: “Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае”. Пасля абняў іх, усклаў на іх рукі, паблагаславіў, прытуліў да Сябе…

Звяртаю таксама ўвагу на вельмі важны кантэкст, на фоне якога запісаны клопат Езуса пра дзяцей, – гэта непарушнасць сужэнства. Як жа важна для дзяцей, каб сужэнскае адзінства бацькоў заставалася непарушным на працягу жыцця, бо ў выніку разводу дзіця становіцца ахвяраю…  Пан Езус падкрэслівае важную ўмову і для нас самых: калі не станеце, як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Божае. Паразважаем, як гэта разумець?

 

Вядучы: f-str-18

– Сапраўды, важна ўспомніць, што ў старажытным Ізраэлі дзеці да 12 гадоў былі дзецьмі, не болей, – каб параўнаць, як адчуваюць сябе сёння нашыя падлеткі. Гэты перыяд у іх жыцці лічым “пераходным” і бачым, як лоўка некаторыя ім карыстаюцца: калі хочуць быць сама-стойнымі, не залежнымі ад бацькоў, кажуць: “Мы ўжо не дзеці”. А калі не хочуць прыняць на сябе адказнасць, гавораць: “Мы ж яшчэ не дарослыя”. Але ці набліжаюцца яны пры гэтым да Бога? Усе вы –  самі бацькі і можаце ўспомніць, чаго патрабавалі ад вас і што дазвалялі вам вашыя бацькі, і чаго патрабуеце сёння ад сваіх дзяцей вы. Паразважайце, калі ласка, ці  дазваляеце ім прыходзіць да Езуса? На першы погляд, калі разумець даслоўна, то можна сцвярджаць, што ніхто ніколі нікому не перашкаджае прыходзіць да Хрыста. Але, калі ў сённяшнім свеце  дарослы чалавек (а гэта перш за ўсё бацькі) не набліжаецца да Бога, не паказвае гэты прыклад, то можам сцвярджаць, што ўжо падсвядома ён не дазваляе свайму дзіцяці наблізіцца да Езуса. Адсюль пытанне: як дапамагчы дзіцяці прыйсці да Бога?

 

Данута Раманава: 

– Як было ў маім дзяцінстве: жылі мы недалёка ад касцёла, але, паколькі дзецям школа забараняла туды хадзіць, мама вадзіла мяне агародамі. Я ведала на памяць пацеры, хоць і  мала што разумела; проста слухала маму і ішла за ёю. Цікавасць да пазнання веры з’явілася значна пазней, калі ўжо сама стала жонкаю і нарадзіліся свае дзеці.  Але ж і час прыйшоў іншы, у дзяцей з’явілася катэхеза, і ад іх я пачала сама  многаму вучыцца. Памятаю свайго старэйшага сына. Прыходзіць аднойчы са школы і заяўляе: “Звальняюся з цымбалаў, хачу прыслужваць у касцёле…” (а правучыўся ў ДМШ месяц). “Добра, сынок, але касцёл – гэта табе не цымбалы. Тут не можна сёння захацець так, заўтра – іначай…”. Скончылася тым, што ён застаўся міністрантам і быў крануты тым шчаслівым выпадкам, што акурат прыслужваў а. Пятру Марцінцу падчас сакрамэнту хросту свайго малодшага брата, нашага Дзяніса. Зараз Дзяніс таксама ахвотна ходзіць да касцёла, зімою хадзіў на рараты, але заўважаю, што яму цяжэй, чым старэйшым – Яўгену і Дзіяне: тады было многа дзяцей, іх равеснікаў, якія з радасцю наведвалі заняткі катэхезы, а сёння Дзяніс часта бывае адзін… Але ведаеце, што сказаў Жэня, адслужыўшы ў войску: “Мама, ты многае не ведаеш і лепей табе не ведаць, але мне вельмі часта дапамагала малітва”.  

 

Вядучы:

–Задам пытанне, якое хвалюе мяне асабіста. Ці не здаецца вам, што сучасныя бацькі праяўляюць звышапякунства над сваімі дзецьмі, тым самым перашкаджаючы  развіццю  іх   самастойнасці? Праяўляецца гэта і ў бытавых сітуацыях (“Ай, ён яшчэ маленькі, сам зраблю”), і на рэ-лігійным узроўні: “Ён маленькі, каб аб гэтым гаварыць; падрасце – сам зразумее”, “Ён маленькі, каб так рана будзіць да касцёла, – няхай паспіць”. Бацькі імкнуцца не навучыць дзяцей, а падмяніць сабою… Што падказвае ваш вопыт?

 

Ала Янулевіч:

– У нас два сыны, выхоўваем аднолькава, а ў стаўленні да веры яны розныя. Калі мы пераехалі жыць у Абухава, тут будаваўся храм. Старэйшы сын Віталік пытаецца: “Што гэта будуецца?”. “Царква”, – адказваю. “А куды мы будзем хадзіць?..”. Інакш кажучы, пытання – ісці ці не ісці – не было, было толькі: “Куды?”. Таму што гэтай праблемы ў іх у прынцыпе не было: нядзелька – значыць, усе разам збіраемся да касцёла (у той час жылі мы ў Гожы). А як сталі падрастаць – нешта пачало мяняцца. Віталіка кс. Пётр запрашаў прыслужваць каля алтара; адказаў святару “падумаю” і не пайшоў, а Максімільян – згадзіўся. І заўважылі мы такую яшчэ рэч: калі настойліва клічам ісці разам да касцёла – адгаворваюцца і шукаюць прычыну, каб не пайсці; калі выязджаем з дому, калі нас няма – ідуць самі. Максі-мільян вучыцца ў Гродне. Пытаюся: “Сынок, да касцёла збіраешся?”. Адказвае: “Падумаю…”. А як яно далей будзе – не ведаем, хоць і ўпэўненыя, што прыклад мы ім паказваем станоўчы…

 

Наталля Кушмар:

– Сапраўды, з малымі лягчэй (смяецца): палажыў у люльку, або ўзяў за руку і павёў. Калі нашыя дзяўчынкі былі малыя, у нас таксама не было ніякіх на гэтую тэму адгаворак: нядзелька – значыць у касцёл! Цяпер падраслі, і пачынаюцца ваганні: “А  можа не пайсці”, “А можа лепей у наступны раз…”. Праўда, у нас зараз малы Косця, у гэты час у яго сон, і мы дамовіліся, што нехта – па чарзе – павінен заставацца дома. І пачынаецца: “А чаму я…?”, “А чаму не я?…”.  Можа так адбываецца, што мы даём дзецям замнога выбару?

 

Яўген Пілец:

– Думаю, што так у большасці сямей. У малым узросце да ўдзелу ў святой Імшы дзеці адносяцца як да нейкага рытуалу; дарослыя іх клічуць – і яны паслухмяна ідуць, патрэбнае выконваюць… Так адбываецца ў раннім  дзяцінстве, а пачынаюць падрастаць – з’яўляюцца пытанні. У падрастковым узросце прымусіць іх нешта рабіць – немагчыма, таму яны павінны ўжо ведаць, дзеля чаго людзі ходзяць да касцёла, і ісці асэнсавана.

 

Алёна Леаненка:

– Лічу, што ў сем’ях патрэбна болей размаўляць на рэлігійныя тэмы. Не проста заставіць дзяцей схадзіць у касцёл, не проста памаліцца з імі дома супольна, але растлумачыць, дзеля чаго гэта робім мы, дарослыя.

 

Яўген Пілец:

– Ну так: калі Бог на першым месцы, то і размаўляць пра Яго трэба ў першую чаргу.

 

Вядучы:

– Але, калі глыбока задумацца, то выраз “Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне…” – можна сказаць “набліжацца да Мяне, быць са Мною” – у практыцы хрысціянскай веры не азначае толькі хадзіць у касцёл. Тэала-гічна яднанне з Богам у святой  Эўхарыстыі, у якой Бог дае Сябе людзям, – самая вялікая ласка Айца. Аднак усведамленне таго, што я сустракаюся з Богам, прыходзіць не толькі пасля наведвання касцёла і не толькі на гэтым базіруецца.

 

Данута Раманава:

– Гэта абавязкова яшчэ ўчынкі, тое, як паводзім сябе мы, і як паводзяць сябе, гледзячы на дарослых, дзеці…

 

Сяргей Раманаў:

– Ці наблізіцца чалавек да Бога, ці не, у вялікай ступені залежыць і ад грамадства. Звярніце ўвагу на краіны Усходу. Там патрэба ўдзельнічаць у малітве заложана ў дзяцей з малых гадоў, а ў нашых  – замнога выбару. Кантактуюць адзін з другім, дзеляцца ўражаннямі і пачынаюць разважаць: ага, ён не ходзіць у касцёл і ўсё ў яго нармальна, а я хаджу і не маю таго, што ён; значыць, і мне хадзіць неабавязкова…  Узнікае дылема. І ў сем’ях па-рознаму бывае: кагосьці прымушаюць ісці ў касцёл, а хтосьці, нават насуперак сям’і,  сам пачынае шукаць Бога. Памятаю сябе ў падлеткавым узросце, калі прыйшоў да сваёй бабулі і папрасіў даць мне малітву. Вывучыў Ойча наш на праваслаўны манер, а сакрамэнт хросту атрымаў у касцёле, меўшы 23 гады. Гэта было ў часы, калі грамадства перашкаджала набліжацца дзецям да Бога, але жаданне пазнаць Яго ў маёй душы ўсё ж узнікла. Ну і не будзем забывацца пра бацькоўскі аўтарытэт…

 

Вядучы:

– Прызнаемся сабе шчыра: а ўсё ж лягчэй назіраць за дзецьмі, гаварыць, што ўсё залежыць ад сям’і, ад бацькоўскага аўтарытэту, чым аналізаваць асабістыя адлегласці да Бога. Але ж трэба заўважыць: мы  – таксама  Божыя дзеці, і ў нас ідэальны айцец, дае нам добры прыклад, запрашае прыходзіць да Яго. А чаму не ідзём? Чаму не ідзём так часта, не падыходзім так блізка, як падказвае ці нават патрабуе наш унутраны голас? І гэта менавіта да нас звяртаецца Езус з  папярэджваннем: “хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго”. Што азначае выраз “стаць, як дзеці”?

 

Алёна  Леаненка:

– Стаць адкрытымі на Бога, на іншых людзей. Мець чыстае сумленне.

 Ала Янулевіч:

– Гэта азначае быць такімі ж жыццярадаснымі, добрымі, праўдзівымі, шчырымі. Дзеці ніколі не махлююць.

 

Вядучы:

– Звярніце ўвагу: ва ўрыўку напісана, што дзяцей “прыносілі”. Значыць, гэта былі яшчэ маленькія дзеці. А як паводзяць яны сябе, бачачы незнаёмых? Моцна прыціскаюцца да сваёй маці і, такім чынам, адчуваюць сябе ўтульна, бяспечна. Так павінны паводзіць сябе ўсе дзеці Божыя, з поўным даверам прыціскаючыся да Бога, быць як мага бліжэй да Яго.

 

Станіслаў  Дайновіч:

– Магу сказаць, што ўсё жыццё я правёў у касцёле. Бацькам у часы іх маладосці  забаранялі хадзіць у храмы (гэта былі савецкія часы), але яны хадзілі і веру сваю перадавалі пасля нам, сваім дзецям. Ніхто ніколі не пытаў, хочаш ты ісці ці не. Мама нават жартавала: “Пакуль я маю права голасу, вы будзеце хадзіць у касцёл!”. І калі ў 7 гадоў я стаў міністрантам, то і гэта было падказкай бацькоў, бо сам яшчэ мала што разумеў… Але колькі радасных пачуццяў з’явілася пасля! Адразу мы проста стаялі каля алтара, пасля нам дазволілі званіць, пазней – дапамагаць пробашчу пры ўдзяленні святой Камуніі. І каб не пайсці ў касцёл ці спазніцца – нават думкі такой не было. Баяўся, што, калі не яўлюся на патрэбны час, то з-за мяне нешта важнае можа не адбыцца. Такое разуменне надавала і гонару, і адказнасці. Пачаў разумець, што я тут патрэбны.  Дзіця, якое ходзіць да касцёла, павінна ведаць і верыць, што там яно будзе блізка Бога і навучыцца нечаму новаму, чаму нельга навучыцца ў іншых месцах… Без такога пераканання не будзе ў дзяцей матывацыі для наведвання храма.

 

Алёна Леаненка:

– Гэта ўжо будзе залежаць ад таго, што бацькі яму ў галаву ўкладуць…

 

а. Томаш:

– Калі рыхтуем маладых да шлюбу і разважаем над тэмаю сям’і, то вылучаем галоўны прынцып у выхаванні дзяцей – быць для іх пастырамі, а не пастухамі: пастух –  заганяе, а пастыр – вядзе за сабою.

 

Валерый  Пелюткевіч:

– Я абсалютна згодзен з тым, што з дзецьмі патрэбна болей размаўляць пра Бога, сумесна маліцца  вечарамі, адказваць на ўсе іх пытанні, але цвёрда перакананы, што прымушаць хадзіць у касцёл – нельга.  Патрэбна так усё арганізаваць, так жыць, каб дзецям самым гэтага хацелася. Свайго 6-гадовага сына Давіда я не прымушаю ісці са мною ў касцёл, але часта ён сам збіраецца, нічога не кажучы; бывае, у канцы дня папросіць: “Давай пачытаем Біблію!”. Цешуся, што яму гэта цікава, што такая патрэба ўзнікае ў яго самога. Стараюся, каб з цягам часу ён сам усё болей разумеў, які гэта вялікі скарб.

 

Эльвіра Дайновіч:

Удзельнікі пасяджэння за "круглым сталом" (злева направа): Яўген Пілец, Алёна Леаненка, Станіслаў і Эльвіра Дайновічы, а. Міхал Васількевіч, Валерый Пелюткевіч, Данута і Сяргей Раманавы, Ала Янулевіч, а.Томаш Ксёнжкевіч і Наталля Кушмар.

Удзельнікі пасяджэння за «круглым сталом» (злева направа): Яўген Пілец,
Алёна Леаненка, Станіслаў і Эльвіра Дайновічы, а. Міхал Васількевіч, Валерый Пелюткевіч, Данута і Сяргей Раманавы, Ала Янулевіч, а.Томаш Ксёнжкевіч і Наталля Кушмар.

– Мая асабістая гісторыя вельмі пераканаўчая ў тым сэнсе, што Бог павінен быць на першым месцы. Было мне крыху болей за чатыры гады. Нядзелька, пад вечар тата з мамаю збіраюцца да касцёла, мяне пакідаюць з бабуляй. Мне захацелася піць. Выйшла на кухню і, нічога нікому не кажучы, палезла ў печку за вадою. Не дацягнулася, а абаперлася на рашотку, якая была моцна распалена. Мая рука амаль што там не засталася. Я плакала, крычала ад болю і роспачы, мяне ратавалі… Але тата з мамаю ў касцёл пайшлі. Мне было вельмі крыўдна: як жа так?.. Затое, пражыўшы шмат гадоў пасля,  зрабіла для сябе выснову на ўсё жыццё: Бог заўсёды павінен быць на першым месцы, што б там ні было!

 

а. Томаш:

– Шаноўныя, калі ў некалькі словах падсумаваць сказанае, то гаворка ідзе пра тое, каб выпрацаваць у дзяцей патрэбу сустрэцца з Хрыстом і быць з Ім блізка, каб узрастаць да ўзроўню Усявышняга.  А гэта – задача ўсіх дарослых: бацькоў, выхавацеляў, старэйшых братоў і сясцёр, святароў і асобаў  кансэкраванага жыцця. Дазвольце дзецям пазнаць Бога!

 

 

 

 Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

Гродзенская вобласць


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий