«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   У бягучым годзе тэмамі для разважанняў мы абралі асобныя фрагменты са Святога Пісання, над якімі заклікаем схіліцца разам з намі…

 

 

 

Крыху адпачніце

 

 

 

Вяртанне апосталаў

 

Апосталы сабраліся каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. А Ён сказаў ім: “Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце”. Бо так шмат людзей  прыходзіла і адыходзіла, што ім не было нават калі паесці. Таму адплылі яны ў пустыннае месца адны.”      Мк 6, 30-32.

 

 

 

 f-str-17У парафіі св. Карла Барамея і св. Бэнэдыкта ў Пінску сабраныя за “круглым сталом” разважалі над кароткім урыўкам з Евангелля, у якім Езус прызываў апосталаў адпачыць. Удзел у пасяджэнні прынялі Любоў Самуйлік, Вікторыя Куцько, Максім Зімніцкі, Яніна Сярэдзіч, Юлія і Віталій Дунько. Вядучым быў пробашч парафіі кс. Часлаў ЛАДЫКА.

 

 

Вядучы:

Тэма сённяшняй сустрэчы, лічу, цікавая: сапраўды, што такое адпачынак, чым мы самі яго лічым? Якія мэты ставім, калі прыходзіць тая вольная часіна, – адпачыць целам ці душою? Якому адпачынку аддаём перавагу? І наогул: чым важны ён для чалавека? Святыя айцы Касцёла вучылі, што адпачыць – гэта не азначае зрабіць нейкі перапынак ў сваім жыцці, каб вызваліць  сваю галаву ад складаных думак, а пасля распачынаць і паўтараць тыя самыя памылкі, якія рабіліся перад гэтым. Вучылі, што адпачываць – гэта нара-джацца зноў і зноў нанава. У адпаведны момант спыніцца, па-глядзець на сябе збоку і задаць сабе пытанне: што дало табе жыццё? Шчыра паразважаць, як ты пражываеш яго, як палепшыць яго? Калі не будзе гэтага часовага затрымання, гэтага перапынку для разважання, чалавек  моцна стамляецца, губляецца ў сваіх думках і зноў паўтарае тыя самыя памылкі.

 

Вікторыя Куцько:

Калі працуеш настаўнікам, перш за ўсё адчуваеш стомленасць ад штодзённай суматохі, калі твае мазгі занятыя і асабістымі, і праблемамі вучняў. Менавіта ад гэтагаі хочацца адпачыць целам, і хочацца адпачыць маральна. Але маральны адпачынак не існуе без духоўнага напаўнення. Некалькі гадоў таму мне пашчасціла падчас чарговых вакацый паехаць у Навагрудак на Ігнацыянскія рэкалекцыі, асаблівасць якіх заключаецца ў тым, што прайходзяць яны на працягу амаль цэлага тыдня ў маўчанні, кожны дзень адбываецца размова з духоўным кіраўніком, і можна было паглыбіцца ў свае перажыванні, “пакапацца” у думках, каб вырашыць некаторыя праблемы, у тым ліку звязаныя і з працай. Той адпачынак меў добры плён, і я лічу, што вакацыі павінны несці з сабою дзве карысныя якасці – забяспечыць чалавеку адпачынак і душэўны, і фізічны.

 

Вядучы:f-str-18

– А як знайсці гэтую раўнавагу паміж імі – адпачыць і духоўна, і фізічна?

Любоў Самуйлік:

– Пытанне гэта цікавае і складанае, і ў мяне так не атрымоўваецца, каб адначасова адпачыць і духоўна, і фізічна; у мяне гэта адбываецца неяк паасобку. Адпачынак для душы – гэта адпачынак з Богам, гэта нашыя з мамай песні пра Бога, калі збіраемся з ёю на кухні і спяваем.  А калі адпачываю целам (для мяне гэта проста сон), то думаць пра адпачынак з Богам не атрымоўваецца.

 

   Яніна Сярэдзіч:

Пакуль я працавала настаўніцай – адпачываць не было калі, гэта праўда, і я не шукала адпачынку ні на моры, ні на пляжы, гэта не маё… Перш за ўсё заўсёды шукала адпачынак для душы, для галавы… Але мая душа адпачывала толькі тады, калі я накіроўвалася кудысьці, каб убачыць і спазнаць нешта новае, мне заўсёды былі патрэбныя новыя ўражанні, пілігрымкі па святых мясцінах. Сёння я – былы настаўнік, але па-ранейшаму патрабую, каб душа напаўнялася нечым новым, добрым, пазітыўным. Гады два назад была ў падарожжы на Святую Зямлю. Прызнаюся, моцна хвалявалася, ці вытрымаю вялікія адлегласці, ці змагу быць разам з маладымі,  многа хадзіць, а я ўжо ва ўзросце… Але тыдзень праляцеў, як прыгожы сон, вярнулася, не адчуваючы ні цяжкасці ў нагах, ніякіх іншых абцяжарваючых абставін. Наадварот, на свет і людзей  паглядзела іншымі вачыма. Навучылася адпачываць у малітве, у размове з вялікай Маці – Маці Божай. У Яе пытаю і Яе прашу…

 

Максім Зімніцкі:

– Як адпачыць і целам, і душой? На мой погляд, душа павінна дапамагаць целу адпачываць. Чалавек павінен так духоўна развівацца, і так разважаць сябе, каб заўсёды знайсці ў сабе сілы суцішыцца. Канечне, гэта няпроста ў наш такі складаны час, вызначаны вялікімі хуткасцямі жыцця, але ўсё ж не трэба так моцна “заганяць” сябе, патрэбна кантраляваць і ўмець разважыць. І на працы трэба болей спакойна рэагаваць на розныя сітуацыі. Патрэбна маліцца і прасіць Бога, каб заўсёды даваў такую магчымасць суцішыцца. А калі душа спакойная, калі ніякія праблемы не турбуюць ні тваіх думак, ні твайго сэрца, то і цела будзе адпачываць.

 

Вікторыя Куцько:

– Я згодная з п. Янінай, што людзі, якія вядуць “сядзячы” лад жыцця, павінны разгружаць сябе як мага болей і не баяцца адлегласцяў, якія карысна пераадолець нагамі. Трэба імкнуцца ў пілігрымкі, розныя падарожжы, каб пабыць з Богам, знаёміцца з багатай гісторыяй нашых продкаў. Для мяне добрым душэўным адпачынкам з’яўляецца знаёмства з сакральнай архітэктурай,  наведванне музеяў, розных мастацкіх выставаў, слуханне добрай музыкі, таксама, як і сустрэчы з цікавымі людзьмі.

 

Віталій Дунько:

– Мы з жонкай былі на адпачынку ў розных месцах – і на моры, і ў іншых краінах, і гэта ўсё вельмі цікава і добра. Але найлепшым лічу адпачынак ў стылі духу Тэзэ, калі кожны год (у нас была такая магчымасць) мы былі на моладзевых сустрэчах, сустракаліся ў малых групах, і я быў моцна шчаслівы ад таго, што там перажываў. Безумоўна, адчуваў фізічную стомленасць, але адначасова быў задаволены ад знаёмства з новымі людзьмі і іх сведчаннямі. Быў моцна крануты тым, што людзі, якія сустрэліся, можа, першы, можа, апошні раз так адкрыта і шчыра сведчаць аб сіле малітвы і аб тым, як дзейнічае у іх жыцці Бог. Тая адкрытасць надавала сілы, моцы духу на цэлы год наперад. Сёння разумею, што зусім не важна, у які бок мы накіроўваемся падчас адпачынку, – на Святую Зямлю, у Тэзэ, Будслаў ці Лагішын. І важна не куды ісці, а з Кім ісці; зараз наша мэта не прыйсці куды-небудзь, а пабыць на гэтым шляху з Богам. І, канечне, выкарыстаць параду Езуса: ідзіце ў пустыннае месца і крыху адпачніце…

 

Юлія Дунько:

– Можа, і дзіўна, але адпачываць я магу і целам, і душою, знаходзячыся нават у дарозе, дзякуючы таму, што ўдаецца імгненна ўвайсці ў медытацыю. Яшчэ моцна цаню моманты, якія дае нашае з мужам акружэнне, калі, нягледзячы часам на фізічную стомленасць, накіроўваемся на сустрэчу з сябрамі, каб разам з імі правесці вечар, напоўніцца Святым Духам. І гэта не проста словы: сумесная малітва, нашыя размовы пра Бога, адкрытае сведчанне аб прысутнасці Бога і аб тым, як адчуваем Яго ў нашым жыцці… Такое акружэнне, людзі, з якімі можаш адкрыта гаварыць пра свой духоўны стан,  – гэта падарунак ад Бога.

 

Вядучы:

– Езус сказаў: ідзіце адны ў пустыннае месца… Ён быццам прадугледжваў неабходнасць супрацьстаяць ідалапаклонству  спешкі. У спешцы, у хуткасцях чалавек губляе сам  сябе. Па-глядзіце, што сталася ў нашым жыцці. Разумныя машыны, хуткасны інтэрнэт павінны былі аблегчыць быт чалавека, вызваліць яго ад цяжкай працы, дадаць яму вольнага часу, магчымасцей духоўна развівацца, а выйшла наадварот: гэта ўсё забрала ў чалавека чалавечае, ён замкнуўся ў сабе, яму не хапае часу, ён недзе ўсё спяшаецца; шум, мітусня суправаджаюць яго ад раніцы да вечара. А Езус клікаў у пустыннае месца, гэта значыць у цішыню… Скажыце, ці маеце цішыню – на сёння адзінае выйсце – вы? Як ствараеце яе ў сваім асяроддзі?

 

Вікторыя Куцько:

Калі мець на ўвазе цішыню ў фізічным сэнсе (адсутнасць шумаў), то сёння знайсці яе амаль немагчыма ні днём, ні ўвечары, ні ўначы; гукі розных гаджэтаў пранікаюць і даганяюць чалавека ўсюды. На лад цішыні дапамагае настроіць сябе толькі глыбокае пагружэнне ў малітву, засяроджванне на ёй…

 

Любоў Самуйлік:

– Шчыра прызнацца – мне вельмі цяжка быць у цішыні, яна асацыіруецца ў мяне з адзінотаю; мне трэба з кімсьці размаўляць, кагосьці слухаць. Адзіная цішыня, якая  робіць сэрца лагодным і лёгкім, – гэта падчас  адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту або калі застаюся ў храме адна, каб паразважаць, падумаць; але ў тыя хвіліны перакананая, што на самой справе я не ў адзіноце – тады адчуваю прысутнасць Бога.

 

   Вядучы:

– Калі я вучыўся  ў семінарыі, у нас быў святар, адказны за дысцыпліну, які  меў вельмі тонкі слых, хадзіў па калідорах, сачыў за тым, каб уначы, з 21 гадзіны вечара да 9 гадзін раніцы сапраўды панавала silentium sanctus – святая цішыня, каб клерыкі маглі засяродзіцца на адчуваннях сваёй душы, а не спалі ў навушніках. Цішыня – гэта не проста адсутнасць гукаў,  гэта стан нашай душы… 

 

 

Яніна Сярэдзіч:

– Я слухала Любу і думала, што вялікае значэнне мае ўзрост. Калісьці вучнёўскія сшыткі я правярала пад музыку, а сёння шукаю і, на шчасце, лёгка знаходжу цішыню. Асабліва ўвосень, зімою, калі цямнее рана, сапраўды меней гукаў у нашым асяроддзі, бяру ружанец у рукі і іду. Выбрала дарогу, дзе амаль нікога не чую, нікога не бачу і цэлую гадзіну прабываю ў малітве. Паглыбляюся ў свае думкі, жаданні, хачу, каб мяне бачыў Бог, каб пачула Маці Божая…

 

Максім Зімніцкі:

– Лічу вельмі неабходным шукаць і знайходзіць для сябе гэтую цішыню – і на працы, і дома. Напрыклад, знайсці вечарам тыя неабходныя 15 ці 20 хвілін, паклаўшы дзяцей спаць, і проста пасядзець, проста падумаць, як твой дзень прайшоў, што адбываецца ў тваім жыцці, спакойна памаліцца і падзякаваць Богу. І гэтыя хвіліны трэба знайходзіць кожны дзень, каб суцішыцца і духоўна, і фізічна…

 

Віталій Дунько:

– Некалькі момантаў. Першы звязаны з ранейшым, калі была спакуса ехаць за рулём аўтамабіля на працу і абавязкова слухаць музыку, а як што спадабалася – то ўключыць мацней. Цяпер наадварот, я лаўлю цішыню, хочацца выкарыстаць гэтыя хвіліны, каб падзякаваць Богу ці звярнуцца да Яго з пытаннем і пастарацца, наколькі гэта  магчыма, пачуць на яго адказ, паразважаць. Такія моманты імкнуся выкарыстацьчатыры разы на працягу дня: едучы на працу і з працы, на абед і пасля абеду.

Другі момант. Атрымоўваецца так, што з жонкай праводзім разам не так многа часу, але бывае, што самі даём сабе шанс спецыяльна сустрэцца пасля працы, каб пагуляць уздоўж Піны. Канечне, абмяркоўваем, як дзень прайшоў,  што дзе новае пачулі, але і з прыемнасцю засяроджваемся на гуках і спевах цвыркуноў ці конікаў, разумеючы, што гэтыя хвіліны цішыні – таксама благаслаўлёны час, калі  вось так можна прайсці і падзякаваць Богу за жыццё, за жонку, за  тое, што пасля працоўнага дня маеш магчымасць адпачыць.

  Трэці момант пажаданай цішыні для мяне – гэта проста выехаць на прыроду, прыкупіўшы ў магазіне хлеба з каўбаскамі, пайсці ў пустыннае месца, сядзець на беразе рэчкі і ўглядацца ў прыгажосць яе плыні… Цудоўны адпачынак.

 

Юлія Дунько:

– Я памятаю той час, калі Віталік ўключаў музыку, а я выключала… Цішыню заўсёды любіла болей, чым шум. Сёння мая праца прайходзіць у цішыні, пішу карціны дома і маю магчымасць не толькі памаліцца, паразважаць, але і пачуць сябе. Часам бывае такі “званочак” празвініць у душы, што вызаве нават забеспакоенасць. Але і гэта карысна. Не, я не адмаўляюся часам пабыць у кампаніі, дзе і гамонка, і музыка, але цішыня  для мяне – прыярытэт.

 

Вядучы:

– Памятаеце, што Бог даў нам 3-ю Запаведзь: дзень святы – святкаваць. Як выконваеце яе?  Ці можаце ўспомніць, якая падрыхтоўка да перажывання ня-дзелі была ў вашым дзяцінстве? Асабіста я памятаю, што ў нашай сям’і  яна пачыналася з суботы, калі ўсё прыбіралася, рыхтаваліся белыя кашулькі і белыя блузачкі. У нядзельку раніцай заставалася толькі сабрацца і ехаць да касцёла… Ездзілі за 9 км, на кані… Дарэчы, не памятаю, каб у нядзелю было дрэннае надвор’е. Відаць, радасць так перапаўняла, што надвор’я не заўважаў.

 

Вікторыя Куцько:

–  Асабіста для мяне нядзеля – вельмі важны дзень, я – арганістка. З кватэры выходжу крыху раней, каб пабыць у цішыні, адпаведна сябе настроіць… Роля, якую выконваю падчас святой Імшы, не дазваляе поўнасцю пагрузіцца ў сябе, у свае разважанні, бо ты – выканаўца музыкі, спеваў, патрэбна быць уважлівым! Але нядзеля – сапраўды святы дзень, ёсць магчымасць слухаць Божае Слова, напаўняцца ім. Пасля службы кожны раз іду да мамы і сястры (яны жывуць асобна ад мяне), рэшту  дня праводжу з імі і вельмі ўтульна сябе адчуваю.

 

Максім Зімніцкі:

Пробашч парафіі кс. Часлаў Ладыка і ўдзельнікі пасяджэння (злева направа) Люба Самуйлік, Максім Зімніцкі, Вікторыя Куцько, Яніна Сярэдзіч і сужэнства Юлія і Віталій Дунько.

Пробашч парафіі кс. Часлаў Ладыка і ўдзельнікі пасяджэння (злева направа) Люба Самуйлік, Максім Зімніцкі, Вікторыя Куцько, Яніна Сярэдзіч і сужэнства Юлія і Віталій Дунько.

–  Бог вызначыў для нас: шэсць дзён працаваць, а сёмы – адпачываць. І гэта вельмі вялікі падарунак ад Бога. Бо, пакуль чалавек працуе, не атрымоўваецца хадзіць да касцёла кожны дзень, таму так важна паўнавартаснае перажыванне ня-дзельнай святой Імшы. Паўтары гадзіны святога супакою ў касцёле – казанні святара, разважанні над імі, сакрамэнт святой Камуніі, падзяка Богу за ўсё, што маем,  – гэта цудоўны час. А рэшту дня, лічу, патрэбна абавязкова правесці з сям’ёю, з родзічамі. На самой справе, добра быць і размаўляць з Богам; добра быць у цішыні, адпачываць і целам, і душою, але ў нас ёсць яшчэ і заданне быць добрым мужам і добрым бацькам, і гэтае заданне таксама атрымалі ад Бога. А як быць добрым, не размаўляючы з імі, не дыскутуючы, наогул не знаходзячыся побач?

 

Вядучы:

– Шаноўныя,  з якога б боку мы ні разглядалі сённяшнюю тэму, прыходзім да высновы: самае галоўнае для чалавека – жыццё ў Богу, жыццё з Богам і жыццё, накіраванае да Бога. Калі чалавек будзе гэтым жыць, ён знойдзе час на адпачынак, які не па-шкодзіць ні яму, ні ягонай сям’і, ні яго адносінам з Богам – наадварот, адновіць яго духоўныя і фізічныя сілы, дапаможа нарадзіцца нанова.   Амэн.

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

Брэсцкая вобласць


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий