На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.
У бягучым годзе тэмамі для разважанняў мы абралі асобныя фрагменты са Святога Пісання, над якімі заклікаем схіліцца разам з намі…
Даручэнне, дадзенае на крыжы
Укрыжаванне Езуса
“Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена. Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў Маці: “Жанчына, вось сын Твой”. Потым сказаў вучню: “Вось Маці твая”. І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе”. Ян 19, 25-27
Чарговае пасяджэнне «круглага стала» прайшло ў парафіі св. Яна Паўла II у Баранавічах. У ім прымалі ўдзел Паліна Кавелька, Паліна Атоўка, Марыя Антонава, Аляксандр Салаеў, Кірыл Вашчанка, Аксана Веразуб. Вядучым быў пробашч парафіі кс. Віталій МЕСНІКЕВІЧ.
Пасяджэнне пачалося з сумеснай малітвы сабраных, каб Святы Дух адкрыў іх сэрцы на ўдасканаленне разумення місіі Марыі, якая атрымала даручэнне ад Свайго Сына, распятага на крыжы.
– Паспрабуем уявіць сабе тую сцэну: Галгофа, куды прывялі змучанага, знясіленага, зняважанага Сына Божага, каб споўніць вынесены Пілатам смяротны прысуд. Сярод тых, хто суправаджаў Яго на крыжовым шляху, была Найсвяцейшая Маці Марыя. Яна бачыла крыж, які нёс на плячах яе Сын. Бачыла, як падаў, не вытрымоўваючы весь цяжар яго. Зараз бачыць апошнія прыгатаўленні да смяротнай казні, чуе грук молата, якім прыбіваюць рукі і ногі Сына, і невыцерпна цяжкі боль запаўняе Яе сэрца. Людзі, што адразу збегліся паглядзець на гэтае відовішча, Яе не падтрымліваюць – баяцца самі; пасля наогул разбегліся. Пры жудасным здарэнні не застаўся ніхто з апосталаў, акрамя Яна. Да апошняй хвіліны жыцця з Божым Сынам застаецца і Яго Маці, у маўчанні стаіць каля крыжа, разумеючы, што Сын прынёс Сябе ў ахвяру за людскія грахі, каб прымірыць чалавека з Богам. Цяжка нават сабе ўявіць душэўны стан Найсвяцейшай Маці…
Як думаеце, ці можна параўнаць перажыванні Марыі з перажываннямі сучасных маці, калі ім даводзіцца таксама сустракацца са смерцю сваіх сыноў, асабліва, калі смерць наступіла ў выніку якога-небудзь трагічнага выпадку?
Аксана Веразуб:
– Асабіста я лічу, што сын для маці – заўсёды аб’ект яе бязмежнай любові. Дзе б ён ні быў, якія б учынкі ні рабіў, думкі яе заўсёды з ім побач. Пакуль малы – сэрца баліць за малога, а стане дарослым – і за дарослага баліць, і за сям’ю яго. Канечне, не заўсёды маці прымае пазіцыю сына, як і не заўсёды можа пакіраваць яго дзеяннямі, але яе ўласнае адчуванне, здаецца, ніколі не памыляецца ў тым, што адбываецца з яе сынам. Тым больш у трагічных выпадках, калі наступіла смерць раптоўна, яшчэ ў вы-ніку якіх-небудзь негатыўных дзеянняў самога (наркотыкі, алкагалізм), калі грамадства адкінула яго і не лічыцца з ім як з паўнавартасным грамадзянінам, – сэрца маці болем баліць! І ў гэтым сэнсе, на мой погляд, усе матулі маюць аднолькава цяжкі душэўны стан.
– Так, місія мацярынства – самая высокая місія жанчыны. Напэўна, кожная дзяўчына марыць стаць дарослай жанчынай, а кожная жанчына – стаць маці. І бліжэй сувязі, чым маці і дзіця, хіба таксама няма: носіць яго пад сэрцам, у муках народзіць, корміць, не дасыпае начэй, перажывае за кожны яго крок… Канечне, на ўсё гэта патрэбна мець многа духоўных і фізічных сіл. А калі на жаночы лёс выпадае яшчэ якая-небудзь “галгофа”? Як справіцца з ёю, як рэагаваць на яе, дзе чэрпаць сілы?
Марыя Антонава:
– Найсвяцейшая Божая Маці была падтрымана Божай ласкай. А дзе чэрпаць сілы жанчыне-маці ў звычайным жыцці – гэта залежыць ад яе самой, ад самога чалавека. Адныя знаходзяць крыніцу падтрымкі ў малітве і спадзяванні на дапамогу Духа Святога, другія – у падтрымцы іншых людзей, трэція – у занятках, у якія пагружаюцца, як кажуць, з галавою. Ёсць і такія, каму, каб справіцца са сваім душэўным болем, трэба пабыць аднаму, нават ізалявацца ад грамадства. Чалавек, трапляючы ў складаныя сітуацыі, асабліва сутыкнуўшыся са смерцю блізкіх, часта не дае рады сваім пачуццям, не можа справіцца са сваімі эмоцыямі.
Аксана Веразуб:
– На маю думку, дзеці павінны давяраць маме, таму што гэта яна – самы блізкі чалавек, які даў жыццё. Яна заўсёды з табою: калі не целам, то думкамі, душою, у тым ліку ў самыя цяжкія хвіліны твайго жыцця, як Марыя пад крыжам са сваім Сынам. А сябры, прыяцелі, якіх у цябе можа быць і вельмі шмат, бывае, “подставят”, “предадут”. Такіх прыкладаў у жыцці дастаткова.
Вядучы:
– Некалькі разоў пераглядаў фільм “Жизнь и судьба» (ёсць на Ю-тубе) і знайшоў, на мой погляд, моцна паказальны прыклад бязмежнай любові маці да свайго сына. Ён – у пісьме маці, якая падчас вайны апынулася ў гета і, адчуваючы блізкую смерць, падсумоўвае сваё жыццё. Яна не ўпэўнена, што ліст дойдзе да адрасата, хоць і вельмі на гэта спадзяецца. Расказала пра адчуванне свайго асабістага жыцця, жыцця сына і піша апошнія радкі: “Помни, что всегда с тобой в несчастье и в дни горя материнская любовь. Её никто не в силах убить. Живи, живи, живи вечно!”. У той апошні момант, калі жыццё адыходзіць, жанчына выказвае галоўны пасыл свае мацярынскай любові: жыві, маё любае дзіця! І так адбываецца, відаць, у большасці сітуацый.
Паліна Атоўка:
– Лічу, што ў кожным выпадку дзіця – гэта прадаўжэнне ягонай маці, гэта яе часціна, гэта тая самая кроў. Маці ніколі не здрадзіць свайму дзіцяці, заўсёды гатова прыйсці яму на дапамогу, і частку ягонага клопату ўзяць на сябе, як зрабіла гэта Марыя. Большасць маці гатовы выканаць усё, што папросіць іх сын ці дачка. А калі грамадства адкіне яго, у маці можа з’явіцца нават адчуванне, што гэта яе віна, што гэта яна нешта недагледзела ў сваім дзіцяці…
Вядучы:
– А што адбылося у той сцэне з Бібліі, калі Езуса прывялі на смерць? Адбылося адваротнае – Сын праявіў апошні клопат пра сваю Маці, даручыўшы Яе свайму найлепшаму вучню Яну, якога любіў, якому давяраў, у кім не сумняваўся. Сказаў Езус: “Вось Маці твая!”. Але ведаў Езус, якое шчодрае і любячае сэрца ў Яго Найсвяцейшай Маці і якая вялікая ў Яе патрэба любіць! “Жанчына, вось сын Твой!”, – сказаў, паказаўшы вачыма на Яна. Тым самым Езус быццам паяднаў іх, даручыўшы адно аднаму.
Марыя Антонава:
– Бог – Ён не чый-небудзь, а наш, значыць Яго Маці – нашая Маці. А паколькі Ян – прадстаўнік народа, значыць Езус даверыў Сваю Найсвяцейшую Маці ўсяму народу, усяму Касцёлу. Іншымі словамі, праз гэтае трагічнае здарэнне Езус Хрыстус дае нам Сваю Маці, і мы павінны апекавацца Ёю – Яе шанаваць, Ёй спяваць, пра Яе складаць вершы, прыслухоўвацца да Яе слоў, таксама да Яе звяртацца за дапамогай.
Паліна Атоўка:
– У гэтай сцэне бачым давер Найсвяцейшай Марыі Пану Богу і Яго Сыну. Яна нічога не спытала, не бунтавала, не даказвала – згадзілася моўчкі, бо ведала, што гэта – план Бога і хацела, каб дзейнічала воля Божая ў Яе жыцці. Пакорная поўнасцю, яна зноў сказала сваё “Так!” Богу.
Вядучы:
– А як думаеце, ці гэтае незвычайнае даручэнне Езуса, дадзенае на крыжы, азначае адказнасць вучня Яна перад Маці Божай у будучым? У чым яно павінна выражацца?
Марыя Антонава:
– Езус Хрыстус, адчуваючы надыходзячую смерць, хацеў такім чынам адудзячыць Сваёй Маці за весь той клопат, які праяўляла пра Яго ў жыцці. А выйсце Ён бачыў толькі ў тым, каб даручыць Сваю Маці Яну, якога любіў і якому давяраў. Безумоўна, для Яна гэта нечаканасць і вялікая адказнасць, фактычна ён прымае “функцыі” Езуса-сына і павінен будзе да канца жыцця праяўляць клопат пра сваю новую маці – Маці Божую.
Вядучы:
– Так, гэта як просьба да лепшага сябра, якому можна даверыць самае дарагое, што ёсць у тваім жыцці, і папрасіць апекавацца ім у будучым. Звяртаю ўвагу на мудры ўрок, які дадзены ў гэтым урыўку з Евангелля і які павінны засвоіць і выконваць усе дзеці адносна сваіх бацькоў, асабліва – калі мама з татам ужо нямоглыя… Памятаю выпадак са свайго душпастырскага жыцця, калі пасля семінарыі быў пры-значаны на службу ў адну з парафій, і мяне запрасілі на пахаванне адзінокай нябожчыцы. Не, сын у яе быў, прычым начальнікам у горадзе, але наведваўся да яе зрэдку, а на пахаванне не прыехаў зусім. Людзі з прыкрасцю расказвалі, колькі ўсялякага дабра зрабіла жанчына свайму сыну за жыццё, як чакала яго штодня, а ён прыехаў, узяўшы ў руку дзве пластыкавыя кветкі, праз некалькі дзён пасля таго, як адыйшла з жыцця… Сапраўды жудасна, калі дзеці не адчуваюць адказнасці за бацькоў.
А зараз прапаную разгледзець яшчэ сітуацыю з людскога жыцця. Памірае дзіця, матка становіцца самотнаю, ні ў чым не знаходзіць сабе ніякага суцяшэння. Ці ёсць у яе духоўныя сілы прыняць новае жыццё або іншае (чужое) дзіця? Чаму сужэнцы, не маючы сваіх дзетак, баяцца падарыць шчасце дзіцяці, узяўшы яго з Дому малюткі?
Аксана Веразуб:
– Цяжкае гэта пытанне. Каб прыняць чужое дзіця, у сэрцы жанчыны павінна быць непамерна вялікая ахвярная любоў! Думаю, што не кожная гатова на такі паступак, як Марыя, якая прыняла вучня Яна як сына. Для Яе воля Божая вырашыла ўсё. У нашым жыцці, хоць пэўная колькасць людзей і лічыць сябе веруючымі, ўсё іначай. Калі ў сужэнскай пары няма дзетак – адна сітуацыя, а калі дзіця было і памерла – іншая сітуацыя і іншыя пачуцці. Канечне, некаторыя пары ўсынаўляюць, некаторыя прымаюць у сваю сям’ю дзяцей, якія апынуліся ў сацыяльна цяжкім становішчы, на канкрэтны тэрмін. Бываюць вынікі добрыя, а бывае, што дзетак вяртаюць назад у прыют. Дзейнічаюць у краіне і іншыя формы сацыяльнай падтрымкі дзяцей-сірот і дзяцей з сацыяльна небяспечных сямей. Я сама чатыры гады “працавала мамай” у Доме сямейнага тыпу ў Мінску. У мяне пад апекай было ад пяці да дзесяці дзяцей і я павінна была зрабіць усё тое, што робіць звычайная мама са сваімі адным або дзвюма. Прызнаюся шчыра: не вытрымала, хоць і лю-біла дзяцей.
Паліна Кавелька:
– На маю думку, маці не павінна ўпадаць у роспач, апускаць рукі, а павінна маліцца, і Бог пачуе яе шчырую просьбу; праз год, два ці болей цуд адбудзецца, яна возьме на рукі сваё дзіця…
Вядучы:
– Так, Божы Провід дзейнічае і заўсёды вядзе свае стварэнні да дасканаласці. Я ведаў сужэнскую пару, якая доўгі час не магла нарадзіць дзіця. Для жыцця яны мелі ўсё неабходнае і, пасля многіх ваганняў, вырашылі ўзяць малютку з дзіцячага Дому. Узялі дзяўчынку, усынавілі, а праз год у іх нарадзіўся хлопчык. Так пакіраваў Бог; Усявышні такім чынам хацеў зрабіць шчаслівымі і тую дзяўчынку, і гэтых сужэнцаў…
Аляксандр Салаеў:
– Нават немагчыма сабе ўявіць, што адчувала Маці Божая, гледзячы на свайго ўкрыжаванага Сына, адчуваючы Яго надыходзячую смерць, як і немагчыма адчуць боль сучасных маці, якія страцілі сваё дзіця з-за невылечнай хваробы, у выніку трагічных здарэнняў, або на працягу пяці ці болей гадоў не змаглі нарадзіць. Невыцерпны боль, роспач, страта сэнсу жыцця. І вельмі часта менавіта ў такія часы людзі шукаюць Бога, перажываюць навяртанне, і Бог ідзе ім насустрач.
Вядучы:

– …як здарылася з жанчынай, – таксама ведаем з Бібліі, – якая моцна цярпела, 12 гадоў хварэючы на крывацёк. Памятаеце, што сказаў ёй Хрыстус пасля таго, як дакранулася да краю Яго плашча і раптоўна выздаравела? “Вера твая ўратавала цябе». Так, вера стварае цуды.
Шаноўныя, мы разгледзелі з вамі даручэнне Езуса Хрыста, дадзенае Ім ў апошнія хвіліны жыцця: “Вось Маці твая”, – сказаў Хрыстус вучню, паказваючы поглядам на Найсвяцейшую. “Жанчына, вось Сын твой”, – сказаў, паказваючы поглядам на Яна. Вучань зразумеў волю паміраючага Збаўцы і прыняў на сябе адказнасць за Маці Божую ў будучым. Прыняў Найсвяцейшую ў свой дом і да самай канчыны не пакідаў яе. Гэтым самым пададзены прыклад і нам, людзям, як мы павінны ўшаноўваць Маці Божую, і ва ўсе дні звяртацца да яе заступніцтва. Незвычайнае даручэнне Езуса ўраўнаважыла ступень адказнасці: Маці – перад Сынам, ад Якога атрымала даручэнне, і, фактычна, працягвае Місію свайго Сына, становіцца Маці ўсіх дзяцей Божых і Касцёла ў цэлым, і Сына – перад Маці, Які не хоча, каб засталася Яна самотнаю і страціла аб’ект сваёй бязмежнай мацярынскай любові. Мы спрабавалі правесці аналогію з сучасным жыццём, адносінамі паміж маці і дзецьмі, прыйшлі да высновы, што ўсе нашыя дзеянні – гэта паказчык узроўню нашай веры.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
Брэсцкая вобласць