На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.
У бягучым годзе тэмамі для разважанняў мы абралі асобныя фрагменты са Святога Пісання, над якімі заклікаем схіліцца разам з намі…
З місіяй навучаць
З’яўленне ўваскрослага Хрыста
…Нарэшце, з’явіўся Адзінаццаці, калі яны былі за сталом, і папракаў іх за бязвер’е і жорсткасць сэрца, бо не паверылі тым, хто бачыў Яго ўваскрослага. Ён сказаў ім: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню. Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны. Тым, хто паверыць, будуць спадарожнічаць такія знакі: у Маё імя будуць выганяць злых духаў; будуць размаўляць новымі мовамі; змеяў рукамі браць будуць, і, калі штосьці атрутнае вып’юць, не пашкодзіць ім. На хворых будуць ускладаць рукі і яны выздаравеюць (Мк 16, 14-18).
Місійны наказ “Ідзіце і навучайце ўсе народы…” стаў тэмай для абмеркавання за “круглым сталом” у парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах на Гродзеншчыне. Удзельнікамі пасяджэння былі Алег Канеўка, Дамінік і Ала Буйніцкія, Адьфрэда Трон, Наталля Каспяровіч. Вядучым быў пробашч парафіі а. Багуслаў ВУЙТОВІЧ, OFMconv.
Вядучы:
– Тэма, якую будзем разглядаць з вамі сёння, – шырокая і вядомая. Місійны наказ Езуса – “Ідзіце і навучайце, ідзіце і прапаведуйце Евангелле ўсякаму стварэнню…”, які знайходзім ў евангелістаў св. Мацвея і св. Марка, – нясе вялікае заданне паслядоўнікам Хрыстуса. Вучням належала працаваць на той глебе, у якую Езус кінуў зерне Божай праўды, клапаціцца, каб яно прарасло і прынесла багаты плён: “Ідзіце і навучайце…”З таго часу мінула амаль дзве тысячы гадоў. Давайце паразважаем, як можна выканаць гэты запавет Езуса сёння? Вы прадстаўляеце розныя пакаленні, хацелася б пачуць вашыя меркаванні.
Альфрэда Трон:
– Для майго пакалення натуральным і зразумелым было навучанне Божым законам найперш у сям’і. Напрыклад, як было ў нас. Ва ўзросце шасці гадоў я добра сябе помню. Дзяцей гадавалася пяцёра, і кожную нядзельку раніцою тата садзіўся разам з намі, мы спявалі і ма-ліліся гадзінкі. Гэта было да снедання. Паснедаўшы, тата запрагаў каня, і ехалі на святую Імшу ў Трабы. А як таты не стала, мама пайшла ў III Закон францішканскі, каб разам з іншымі вернікамі ўтвараць найбольш стабільную і надзейную супольнасць парафіі. Я ўзяла з мамы прыклад і, з цягам часу, таксама пайшла ў III Закон францішканскі. Але адбылося гэта ўжо значна пазней, у Гальшанах. Маліліся за свае сем’і, за дзяцей, за новыя пакліканні святарскія і місійныя, за аднаўленне касцёла ў Гальшанах. Я прый-шла сюды ў той час, калі святыня стаяла ў запусценні, святара не было, а парафіяне маліліся пад адкрытым небам, снег на галаву сыпаў. З 1981 г. пачалі клапаціцца, каб ўлады вярнулі нам касцёл. Некалькі разоў пісалі ў Маскву, але адказ прыходзіў адзін: разабрацца на месцы. І як напісана ў Святым Пісанні, што будуць вучняў Езуса за веру пераследаваць, так было і тут. І да мяне дамоў прыязджалі прадстаўнікі ўладаў не раз, палохалі, маўляў, будзеш пісаць далей – з працы будзеш звольнена. Аднак Маці Божая дапамагла, і 2 жніўня 1990 года касцёл наш адкрыўся. З той пары існуе нашае апостальства малітвы: кожная трэцяя нядзеля месяца – спатканне; кожны першы чацвер месяца – молімся пры гадзіннай адарацыі аб пакліканнях; кожны дзень з 8 раніцы – на ружанцы. Молімся аб пакліканнях, за місіянераў, за памерлых, за навяртанне грэшных.
– Гальшаны – месца гістарычнае, якое захавала сваю аўтэнтычнасць. Апошнім часам бачым, якую цікавасць праяўляюць да яго турысты. Але, на жаль, заўважна стала і тое, што цікавяць іх болей разваліны замка і меней – касцёл, алтар; назіраецца нейкая аднабаковасць у вывучэнні гісторыі продкаў, іх духоўнай спадчыны. А ў той самы час у нашым касцёле гучыць чароўная арганная музыка, гучаць песні, якія славяць Бога і створаны Ім Сусвет. Праз музыку і спевы мы пакланяемся Яму, дзякуем, просім Яго аб міласэрнасці. Лічу, многа губляюць тыя, хто гэтага не чуе. Наталля, а як думаеце Вы – арганістка?
Наталля Каспяровіч:
– Музыка, безумоўна, Божы дар, але гэта таксама і праяўленне ве-лічы Самога Бога. Гэта гукі аргана ў спалучэнні са спевамі дасягаюць глыбокай таямніцы душы, уздзейнічаюць на людскія эмоцыі, пачуцці, нараджаюць жаданне ўдасканальвацца і дасягаць нечага светлага, радаснага, высокага і шчырага ў адносінах з Богам, дапамагаюць верніку адчуць сапраўдную блізкасць Бога.
Альфрэда Трон:
– Старэйшыя парафіяне памятаюць, як прыехала да нас Наталля – прыгожая 20-гадовая дзяўчына і як стала арганізоўваць хор. У касцёл прыходзілі такія людзі, што не ўмелі нават маліцца, але за маладою адукаванаю Наташаю пацягнуліся. Яе прыклад быў моцна патрэбны, паспрыяў навяртанню многіх маладых. Праз музыку і спевы яна навучала пазнаваць і любіць Бога.
Наталля Каспяровіч:
– Павінна прызнацца, што мне і самой пашанцавала ў тым сэнсе, што я трапіла на кватэру да вельмі пабожнай жанчыны – святой памяці Станіславы Жупранскай: заўсёды з ружанцам у руках, дыпламатычная, з тактам… “Наташка, у касцёл прывезлі арган, мо б ты схадзіла паглядзела…” – ці то пытала яна, ці то запрашала – нават не ведаю… Хоць па прафесійнай падрыхтоўцы я баяніст, але клавішныя ніколі не палохалі, для навучэнцаў музвучылішчаў фартэп’яна – абавязковы інструмент… Праз некаторы час: “А ці чула, – далікатна ці то пытала, ці то зноў запрашала Станіслава, – айцец Людвік (Бартошак) арганізаваў духавы аркестр. Мо б ты прыйшла паглядзела?..”. На той час мая гаспадыня яшчэ не ведала, што ў тым аркестры пачынаю іграць (на барытоне) і я. Святар сабраў школьнікаў, забяспечыў іх інструментамі…З дарослых былі толькі я і мой будучы муж Ян. Так я прыйшла ў касцёл працаваць, пакліканая, хутчэй за ўсё, сваёй гаспадыняй, і за гэта ёй моцна ўдзячная. Праз некаторы час накіравалі мяне на курсы арганістаў у Польшчу, стварыла хор, у якім пазней спявалі мае абедзве дачушкі. Старэйшая, Элеанора, іграла яшчэ і на скрыпцы, а малодшая дачка Аня –арганістка ў касцёле Св. Міхала ў Смаргоні сёння.
Вядучы:
– “Ідзіце і навучайце ўсе народы…”. Запавет, выказаны Езусам у такой форме (не то, каб “чакайце, да вас прыдуць…”) прызывае вучняў Езуса да актыўных дзеянняў, да таго, каб не сядзелі на месцы, а распаўсюджвалі Слова Божае нават у самых маленькіх мясцовасцях. І дзень сённяшні дае шмат магчымасцей для навучання навуцы Езуса. Як лічыце, што найважнейшае, што першаснае ў гэтым?
Ала Буйніцкая:
– У маім разуменні, вывучыць навуку Езуса нельга за адзін урок, за адзін дзень ці год – адносінам з Богам патрэбна вучыцца на працягу жыцця. І зусім не значыць, што, калі чалавек пасталеў, – вучыцца яму неабавязкова. Наадварот, абавязкова, пры гэтым не трэба саромецца вучыцца ад сваіх дзяцей. Ведаю з вопыту сваёй сям’і: мы з мужам заўсёды імкнуліся маліцца з дзецьмі ружанец, тлумачылі ім асновы веры, імкнуліся прывіць цікавасць да духоўнай літаратуры. Але, дзякаваць Богу, дзеці ж падрастаюць, становяцца асобамі, вучацца самі, і атрымоўваецца, што зараз мы вучымся ўзаемна: яны – ад нас, мы – ад іх.
Зараз працую катэхеткай і бачу, якія малыя прыходзяць, каб падрыхтавацца да першай Святой Камуніі. Некаторыя не ўмеюць нават перажагнацца. А пачынацца ўсё павінна ад матчынай калыскі, з сумеснай хатняй малітвы. З малых гадоў дзеткі павінны ведаць: прачнуліся – і падзякуйце Пану Богу за тое, што вам добра спалася і добра ўсталася, што побач з вамі тата з мамаю, што ёсць на стале хлеб і да хлеба… Сустрэла неяк дыскусію, дзе на поўным сур’ёзе абмяркоўвалася: дзяцей патрэбна “гадаваць”, ці дзяцей патрэбна “выхоўваць”? Смешна нават: гадуюць цялят, а дзяцей – усё ж выхоўваюць. Канечне, у сённяшнім свеце цяжка зацікавіць дзяцей – большасць загразлі ў тэлефонах і кампутарах, але і ў гэтых умовах патрэбна шукаць да іх падыходы: каго пахваліць, каму абавязак новы прыдумаць, аўтарытэт пабожнага дзіцяці – падтрымаць. На ўрокі рэлігіі да мяне ходзяць дзеці да 8-га класа. Была ў нас з імі такая тэма: “Мы ўсе – місіянеры”. Падкрэслівалася, што ад моманту хросту вы можаце і павінны быць прапаведнікамі – прапаведаваць Божую праўду, любоў, справядлівасць, калі бачыце ў школе, што сябра ваш робіць нешта дрэннае, грашыць, – не маўчыце, папраўце яго, падкажыце, што так нельга. Большасць дзяцей згадзілася, а некаторыя адразу: “А чаго я палезу?”. Складанасць вызывае і тое, што некаторыя дзеці перакананыя: пасля першай Святой Камуніі – кропка, ніякай катэхезы. Ну яшчэ, можа, на Божае Нараджэнне прыйдуць, ці перад Вялікаднем вярбу асвяціць… Для такіх дзяцей найлепшай пропаведдзю будзе асабісты прыклад бацькоў – апостальства ўчынкаў. А словы са-праўды не заўсёды дзейнічаюць. Нават на катэхезе: здаецца, слухаюць усе ўважліва, усё ўспрымаюць, а выйдуць на вуліцу – нічога не памятаюць…
Алег Канеўка:
– Так, прамаўляць можна шмат, але ніколі няма ўпэўненасці, што нехта цябе слухае і нехта пачуе. Ты яму гаворыш найважнейшыя рэчы, а ён думае, як хутчэй паесці ці як раней легчы спаць. Цяперашняму свету патрэбны ўчынкі. Трэба, каб за тым, хто хоча быць сапраўды прапаведнікам і добрым прыкладам, ішлі, як за Майсеем, які выводзіў юдэяў з егіпецкай няволі, бо каб габрэі не бачылі яго адважных і рашучых учынкаў, яны вярнуліся б назад у Егіпет, навошта ім было б перажываць усялякія цяжкасці. Калі я бачу нашага айца Багуслава, я разумею, што хачу быць падобным да яго, жыць і любіць людзей, як ён. Ведаю, што ён аддасць патрабуючаму апошні кавалак хлеба.Такія прыклады прыцягваюць, хочацца такім быць, болей часу аддаваць Богу, не глядзець, што на дварэ дождж і ты прамокнеш, або, што ты мала паспаў. Трэба мяняцца самым і неяк мяняць гэты свет.
Вядучы:
– А як прадстаўнік самага малодшага пакалення лічыць: ці магчыма прапаведваць сярод моладзі сёння? Што патрэбна для гэтага выкарыстаць, як дайсці да іх сэрца?
Дамінік Буйніцкі:
– Лічу, што з сябрамі патрэбна быць шчырымі і ў школе, і на працы, гэта значыць – абавязкова сказаць, падказаць, калі яны ў чымсьці памыляюцца. Просты прыклад: пятніца, пост, а нехта з сяброў не звяртае ўвагі. Гаворыш ім аб гэтым – у адказ: “Забыўся!”. Або пытаюся, чаму не ходзіш на святую Імшу? Мне ў адказ: “А я там нічога не разумею”. А калі паслухаць сённяшнія некаторыя песні, у якіх амаль не абыходзіцца без мацерных слоў, што з іх можна зразумець і чаму там навучыцца? Безумоўна, па-трэбна знаходзіць час, ісці ў касцёл і слухаць праўдзівае, карыснае, тое, што дапаможа табе ў жыцці. Праўда, цяпер з-за каранавірусу некаторыя бацькі не надта хочуць адпускаць дзяцей у касцёл, на ўрокі рэлігіі, але пропуску ў адносінах з Богам нельга дапускаць. Ёсць трансляцыі на Catholiс.by, таксама з Гродзенскай катэдры… Можна глядзець, слухаць, навучацца…
Вядучы:
– А як да гэтага заахвоціць моладзь? Як я бачу, нашаму Дамініку ўдалося прыцягнуць сяброў да выканання паслугі міністрантаў, нават пераканаць іх у тым, каб на службу прыходзілі не ў спартыўных касцюмах, а ў прыстойным убранні. Якім чынам?
Дамінік Буйніцкі:
– Яны самі пераканаліся, што служыць Хрысту, быць блізка Божага алтара – вялікі гонар.
Альфрэда Трон:
– Чалавек бярэ прыклад не толькі з бацькоў – і ад ксяндза, і ад знаёмых, і ад тых, каго нават першы раз бачыць. Паводзіны аднаго чалавека тым ці іншым чынам заўсёды ўздзейнічаюць на лад жыцця іншага…
Вядучы:
– Ёсць такая даўняя пагаворка: словы – вучаць, а ўчынкі – пераконваюць. Ведаю аднаго святара, які адчуў пакліканне пасля вельмі складаных акалічнасцей, пераасэнсаваўшы ўсё сваё папярэдняе жыццё. Малады хлопец, ён пайшоў за голасам моладзі, праводзіў час з сябрамі, ужываў алкаголь і вяртаўся дамоў п’яны. Дзверы яму адчыняла мама, ціхенька даводзіла да спальні, і на наступны дзень ўсё паўтаралася. Так адбывалася працяглы час. Аднойчы дзверы адчыніў тата і амаль не сваім голасам запытаў: “Сын, ці ты бачыў хоць адзін раз, каб твой бацька явіўся ў такім стане, як ты сёння?”. І гэтыя словы, як прызнаваўся пазней сын, так запалі ў душу, так акрэслілі сутнасць яго бацькі, якога ён сапраўды ніколі не бачыў п’яным, што даў сабе клятву: алкаголь нават да вуснаў не даносіць. І так зрабіў. Наблізіўся да Бога. Паступіў у семінарыю. Стаў святаром і па прашэсці многіх гадоў сведчыў аб гэтым, прамаўляючы казанне ў Гродна.
Яшчэ прыклад са сведчання другога верніка. Калі быў малады, займаўся футболам, а маліцца вечарам ленаваўся. Аднойчы лёг у ложак, заснуць яшчэ не паспеў, як вярнуўся з працы бацька. І сын, назіраючы за ім з-пад коўдры, бачыў, як моцна замучаны тата старанна мыў рукі, пасля, не могучы, укленчыў і пачаў маліцца. Маліўся доўга, і сыну стала сорамна. Пачаў думаць толькі аб тым, каб тата хутчэй скончыў і каб хутчэй укленчыць самому. Пасля таго малітва падзякі Богу за пражыты дзень стала для хлопца абавязковай.
Ала Буйніцкая:
– Згодна з айцом Богуславам і заўважаю, як часта прыклад не толькі старэйшых уздзейнічае на дзяцей, але і наадварот. Калі малыя ходзяць на падрыхтоўку да Першай Святой Камуніі, заўсёды запрашаю, каб прыходзілі разам з імі бацькі. І ёсць такія станоўчыя прыклады, што, дзякуючы гэтаму, і тата з мамаю становяцца бліжэй да Бога, пачынаюць хадзіць да касцёла менавіта пасля таго, як дзеці прынялі Першую Святую Камунію.
Вядучы:
– Шаноўныя, падводзячы кароткі вынік нашых сённяшніх разважанняў, павінны з вамі адзначыць галоўнае: Езус Хрыстус даў сваім вучням даручэнне – распаўсюджваць Евангелле сярод усіх народаў. Гэтае даручэнне датычыцца ўсіх веруючых – не толькі святароў ці сясцёр і братоў законных. Пасля хросту кожны мае права і абавязак несці Добрую навіну свету, быць прыкладам у разуменні Божых запаведзяў і кіравацца імі ў сваім жыцці, мяняць свет да лепшага і, урэшце, весці за сабою іншых да жыцця ў святасці.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
Гродзенская вобласць