На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.
У бягучым годзе тэмамі для разважанняў мы абралі асобныя фрагменты са Святога Пісання, над якімі заклікаем схіліцца разам з намі…
Дарога да неба
Езус – дарога да Айца
«Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. А калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце». Кажа яму Тамаш: «Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?» . Езус сказаў яму: «Я – дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне». Ян 14, 1-6
У салігорскай парафіі Св. Францішка вернікі, якія сабраліся за “круглым сталом”, разважалі над урыўкам з Евангелля Св. Яна. У пасяджэнні прымалі ўдзел Галіна Мартыненкава, Аляксандр Кляменя, Валянціна Расцянене, Ірына Доўгалявец, Таццяна Нужнова, Ірына Чадовіч, Галіна Нікіціна і Валянціна Новікава. Вядучым быў пробашч а. Сабеслаў Томала , OFM.
Вядучы:
– Шаноўныя, каб болей наблізіць да вас змест урыўка, дазвольце раскажу вам тое, што сам назіраў у жыцці. Як ведаеце, да пачатку 80-х я жыў ў Польшчы і, да паступлення ў духоўную семінарыю, працаваў шахцёрам. Гэта быў час, калі шмат палякаў хацелі выехаць за мяжу, каб апынуцца ў лепшым свеце, якім на той час былі Аўстрыя, Германія, Францыя, Англія, іншыя краіны, але пашпарт і візу на выезд атрымаць было цяжка, і шахцёры прыдумалі такі спосаб: збівалі яшчыкі тыпу труны, чалавек туды неяк умайстроўваўся і, засыпаны вуглём, адбываў у вагоне грузавога цягніка ў Аўстрыю (я працаваў на шахце, з якой туды адгружалі вугаль). Дома шахцёр папярэджваў, маўляў, “прападу, а пасля аб’яўлюся”. Праз пэўны час, паспяхова дабраўшыся да пажаданай “кропкі”, прысылаў сваім родным картку: “Я – уваскрос!”. На новым месцы пачынаў абжывацца, будаваць дом, каб пасля забраць сям’ю. Многім гэта ўдавалася.
Вы, напэўна, разумееце, што я не стаўлю знак роўнасці паміж тымі шахцёрамі і Езусам, але асацыяцыі ўзнікаюць падобныя. Хрыстус знік, апосталы гаравалі, бо дакладна не ведалі, дзе Ён, але не страцілі надзею, што Ён жывы, спадзяваліся на сустрэчу з Ім, тым больш, што Хрыстус сказаў, што пойдзе падрыхтаваць для іх месца. На вашу думку, што азначае выраз: “У доме Айца Майго шмат святліц”?
Ірына Чадовіч:
– Каб другія апосталы не падумалі, што толькі Пятру Езус паабяцаў “Потым ты пойдзеш за Мною”, Езус і ім сказаў, каб не перажывалі за месца, бо “У доме Айца Майго шмат святліц”. Але сёння паўстае пытанне: як не заблудзіцца нам, як выбраць дарогу, дзе засталіся сляды Езуса, каб ісці па іх? На першы погляд, пытанне складанае. Але, калі адкрыць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла і прачытаць 10 Божых Запаведзяў, дзве Запаведзі любові, учынкі міласэрнасці для цела і для душы, то разумееш, што гэта і ёсць адказ на вышэйузгаданае пытанне. І хто скарыстаецца гэтымі ласкамі, таму Дух Святы падкажа дарогу і прывядзе ў святліцу Пана Бога.
Вядучы:
– Але заўважце, Езус не сказаў, што для ўсіх пойдзе рыхтаваць месца, а падкрэсліў: “для вас”. Словы “шмат святліц” азначаюць, што Бог дае шанс кожнаму – трапіць у святліцу, але для гэтага патрэбна выконваць пэўныя ўмовы… А многія сёння лічаць, што дайсці да Бога яшчэ паспеюць і ў 70, і ў 80 гадоў, адным словам, калі пастарэюць, калі вольнага часу ў іх стане болей. Але разлічваць на ўзрост, да якога дажывеш і які скарыстаеш, – памылка. Пайдзіце на могілкі, паглядзіце, колькі маладых там ляжыць… Канечне, Пан Бог міласэрны, але і справядлівы. Ягоная міласэрнасць праяўляецца, пакуль чалавек жыве і сам звяртаецца да Бога, а пасля смерці сустрэне яго толькі Божая справядлівасць.
Валянціна Расцянене:
– А я так разумею: Пан Бог, Езус – унутры нас, Ён дзейнічае ў нашым сэрцы. Толькі сэрца нам патрэбна больш адкрыць, каб Езус змог пабудаваць у ім такія святліцы, як Радасць, Супакой, Любоў, Дабрыня. І калі яны будуць будавацца, то будуць стварацца і новыя адносіны паміж людзьмі, чалавек адчуе Божае Валадарства ўжо тут, на зямлі. Прызыў “Няхай не трывожыцца сэрца вашае” азначае, што патрэбна даверыцца Пану Богу і ісці за Ім. Тады можна будзе трапіць у тыя Боскія святлічкі.
Вядучы: чаму праявіў непаразуменне Тамаш?
Валянціна Расцянене:
– Тамаш прызнаўся, што не ведае, куды ідзе Езус. Апосталы часта сумняваліся, хоць і былі вучнямі Хрыста. А дарога да Бога – толькі праз Езуса, праз пакаянне. Шлях гэты не просты, цяжкі, і аднаго толькі жадання пераадолець яго – мала, трэба мець яшчэ і падтрымку Бога. Ідзі за Езусам – і не заблытаешся. Для гэтага важна чуць Слова Божае, кожную нядзельку прымаць удзел у святой Імшы, слухаць казанне пробашча і да наступнай нядзелі ім жыць, не разменьваючыся на “шмат”, а сканцэнтрыраваць сваю ўвагу на чымсьці адным, што найболей уразіла, што адгукнулася ў тваім сэрцы – можа, адно слова, ці адзін сказ… Раней у мяне часам пыталі тыя, хто не быў на святой Імшы: “Ну, што там у касцёле?”. Адказвала трыма сказамі і адчула, што першыя два слухаюць, а апошні – ужо не. Тады пачала адказваць двума сказамі. Бачу, слухаюць толькі першы. Зараз, калі хто задае падобнае пытанне, адказваю адным словам: “Навука”. Бо так я сама разумею тое, што гаворыць нам наш пробашч, і стаўлюся да сказанага менавіта як да навукі.
Галіна Мартыненкава:
– Калісьці я была на рэкалекцыях і бачыла, што людзі прыходзілі туды з блакноцікамі. Вельмі добрая гэта практыка, бо, калі ты сёння прыйшоў да касцёла, то імкнешся пачуць адказ на тое, што хвалюе цябе сёння. Але і тое ранейшае, што ў цябе запісана, таксама можа быць адказам на пытанне, пагартай старонкі сваёй памяці… Аднойчы ў мяне запытала жанчына: а што будзе з тымі, хто не верыць, з тымі, хто іншых веравызнанняў, напрыклад, не хрысціянамі. Куды яны трапяць пасля смерці – на неба? Я задумалася: а сапраўды, куды? Пытанне зусім не рытарычнае, бо сучасны чалавек многа падарож-нічае, заводзіць знаёмствы з рознымі людзьмі, часам яны становяцца блізкімі, і адносіны да іх таксама становяцца шчырымі, мы пачынаем за іх трывожыцца… Мы, католікі, верым (і імкнемся), што пасля зямнога пілігрымавання трапім на неба, а куды астатнія? Ці ёсць святліцы для іх і дзе? Мне падалося, што часткова я знайшла адказ у кніжцы Марыі Сімы “Мое общение с душами в чистилище”. Сэнс яе ў тым, што, калі ў чалавека было шмат магчымасцей, каб пайсці Божым шляхам, а ён гэтага не зрабіў, то на неба ён не трапіць. А калі ён нічога падобнага не чуў, ніхто яму пра Бога ніколі не гаварыў, калі ён абсалютна нічога не ведае, то віна яго не такая вялікая…
– Прыемна, што вы шмат чытаеце, шукаеце адказы, імкнучыся разабрацца нават у складаных пытаннях. Але хацеў бы папярэдзіць: каб не заблытацца ў гэтых адказах, якія, напэўна, маюць права на існаванне хутчэй за ўсё як прыватныя меркаванні, бо не з’яўляюцца кананічным выданнем, звяртайцеся заўсёды да Бібліі. “Я – дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне”. У гэтых словах – весь адказ на пытанне: да Айца – толькі праз Езуса, іншага шляху няма. І я так скажу: сваё збаўленне кожны чалавек трымае ў сваіх руках, а Пан Бог кожнаму дае свабодны выбар. Скажыце, калі ласка, чаго больш за ўсё баіцца сучасны чалавек?
– Смерці.
– Хваробы.
– Згубіць працу.
– Страціць сваіх блізкіх.
– Згубіць веру.
— Згубіць Бога.
Вядучы:
– Атрымоўваецца, што 99% таго, чаго баімся, датычыцца нашага зямнога жыцця. “Баюся смерці”, – скажуць многія, але рэдка хто скажа: “Баюся трапіць у пекла”.
Галіна Нікіціна:
– Сёння чалавек не ў стане ахапіць сваім розумам усяго, што адбываецца ў жыцці. Таму Бог прызывае: верце! А калі верым у Бога – быццам “дэлегіруем” Пану Богу цяжкасці свае, спадзяёмся, што Ён пачуе маленні нашыя і дапаможа. Веруючаму чалавеку жыць лягчэй, ён і смерці баіцца меней. Прызнаюся, хоць я лічу сябе практыкуючым католікам, але не так даўно зразумела, што галоўнае, дзеля чаго ходзім у касцёл, выконваем Божыя Запаведзі, прымаем святыя Сакрамэнты, – гэта Збаўленне сваёй душы і бліжняга, і іншай глабальнай мэты няма. Сёння ведаем пра існаванне многіх рэлігій, іх “спікеры” сцвярджаюць, што і там многа розных цнотаў, але ў нас, хрысціянаў, ёсць адказ: “Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне”. Значыць, наш шлях на неба – толькі праз Езуса Хрыста, бо толькі Ён – адзіны Сын Адзінародны.
Галіна Мартыненкава:
– Чалавек прыходзіць да касцёла і вельмі часта чакае падказку, што рабіць яму з тымі праблемамі, якія апанавалі яго сёння, і сапраўды забываецца пра глабальную мэту…
Галіна Нікіціна:
– Лічу, што патрэбна так арга-нізаваць сваё духоўнае жыццё, так накіраваць сваё разуменне, каб усе актуальныя праблемы сённяшняга дня вырашаць менавіта праз прызму той адзінай і самай галоўнай мэты – Збаўлення. Гэта азначае: не вырашаць іх любым, у тым ліку амаральным шляхам, а менавіта – на падставе навукі Касцёла. Тая прызма павінна быць наперадзе нашага светапогляду.
Вядучы:
– Так, ёсць Касцёл, ёсць Святыя Сакрамэнты, ёсць навука Езуса… Калі ўсяго гэтага будзем трымацца – атрымаем месца на небе. Весь сэнс Касцёла ў тым, каб дапамагчы чалавеку атрымаць Збаўленне і дайсці да неба. Без гэтай высокай мэты Касцёл ператварыўся б у звычайную дабрачынную арганізацыю… А вы – ці думаеце асабіста аб тым “месцы”, дзе будзеце пасля смерці? Які клопат пра яго праяўляеце? Як паводзяць сябе ў гэтых пытаннях вашыя блізкія?
Галіна Мартыненкава:
– Думаем і, па-людску здаецца, робім усё, што ад нас залежыць: молімся, імкнемся жыць на падставе Божых Запаведзей, тлумачым дзецям сваім усё, што разумеем самі, паказваем ім добры прыклад і чакаем Спаслання Духа Святога, каб падказаў, што можам зрабіць для нашых блізкіх яшчэ. Калі сумняваліся апосталы, якія былі блізка Езуса, то нічога дзіўнага няма ў тым, што сумняваемся мы. Адно толькі трэба засвоіць цвёрда: сумняваешся ці не ведаеш – не стой на месцы, не марнуй час, ідзі і пытай у болей дасведчаных – святара, людзей, якія ўсё жыццё пражылі з Касцёлам. Не будзь абыякавым ні да сябе, ні да іншых.
Галіна Нікіціна:
– Быць неабыякавым у наш час цяжка. Часта можна пачуць: “Не твое дело, не лезь, это моя семья!”. І гэтыя межы – дзе тваё, а дзе не тваё – выставіць падчас немагчыма. Нават цяжка набрацца смеласці выказаць чалавеку слушную заўвагу. Але і гэта трэба ў сабе пераадольваць, пазбаўляцца сумніваў. А калі яны ў цябе ўсё ж з’явіліся, значыць існуе сур’ёзная праблема, якую трэба рашаць. Чалавек павінен заўсёды памятаць, што стварыў ён не сам сябе, і ўздзейнічаць сам на сябе без дапамогі збоку, на жаль, таксама не можа. І калі нехта з’явіўся на тваім шляху і хоча табе дапамагчы, падумай, можа гэта Бог такім чынам цябе ратуе. Прапанову дапамагчы ў складанай сітуацыі не трэба расцэньваць як “умяшальніцтва” ў тваё асабістае – выключна як дапамогу Бога.
Ірына Чадовіч:
– Сённяшнія людзі сапраўды перад выбарам: ці ісці за Хрыстом – ці шукаць сабе апраўданні; пайсці памаліцца ў касцёл, прыняць Святую Камунію і выпрасіць у міласэрнага Бога ласку спыніць гэтую пандэмію – ці застацца дома, скарыстаючыся дыспэнзай. Успомніце св. Моніку, якая, дзякуючы малітве, прывяла свайго сына да Бога, і ён стаў святым. І ў маёй сям’і шмат праблем, і я малюся за свайго сына – удзельнічаю ў суполцы “Маці ў малітве”, пілігрымую да святых месцаў, малюся дома. У сілу малітвы шчыра веру.
Валянціна Расценене:
– Прабачце, вярнуся да пачатку нашых разважанняў. На пытанне, чаго баіцца сучасны чалавек, мы быццам не адказалі, але, відаць, нашыя кволыя крокі і ёсць пацверджаннем таму, што мы ўсё ж на шляху да Бога, на шляху да неба, што гэта, хіба, і ёсць пачатак боязі трапіць у пекла.
Галіна Мартыненкава:
– На мой погляд, найважнейшая задача для кожнага хрысціяніна – дасягнуць неба не з-за боязі трапіць у пекла, а з любові да сябе і бліжняга, як сказана ў Святым Пісанні, а святліц там хопіць для ўсіх.
Галіна Нікіціна:
– Наша псіхіка заўсёды патрабуе візуальнага пацверджання таго, што сфарміравана нашай свядомасцю. Пацверджанне евангельскай праўды, што Езус – наша дарога, асабіста я знаходжу ў нашым касцёле, на цэнтральнай алтарнай сцяне, дзе, пачынаючы ад табернакулюма, уверх уздымаецца дарога (як у жыцці), вылажаная цаг-лінкамі. Яна напамінае дарогу Віа Далароса ў Ерузалеме, па якой, згодна з хрысціянскай традыцыяй, пралягаў шлях Хрыста да месца распяцця і па якой сёння кожную пятніцу ідуць францішканцы, каб напомніць свайму сэрцу мукі Хрыста. Дарога ў нашым касцёле створана нашым мудрым пробашчам айцом Сабеславам. Часта задаюся пытаннем: колькі ж тут цаглінак? Колькі прыступак павінен кожны з нас пераадолець, каб дасягнуць неба, тых самых святліц, якія ёсць у Пана Бога? Нездарма ж кажуць, што рукамі мастака, скульптара кіруе Бог. Гэтая дарога моцна сімвалічная…
Вядучы:
– Шаноўныя, прааналізаваўшы з вамі гэты ўрывак, прыходзім да высновы, што заложаны ў ім змест адносіцца да ўсяе навукі Хрыста і ўказвае на фінал жыцця тых, хто верыць. Але маецца на ўвазе вера сапраўдная, не фармальная, не тая, што “па вялікіх святах хаджу да касцёла”… Некаторыя са-праўды ходзяць да касцёла як экскурсанты і лічаць, што гэтага ім дастаткова. Падчас застаецца ўражанне, што большасць з іх цікавіць толькі тое, што адбываецца і ёсць сёння, або што будзе заўтра. А запытай пра жыццё вечнае… Ці ўсе пра яго думаюць? А думаць трэба абавязкова. Амэн.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
Мінская вобласць