На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.
У бягучым годзе тэмамі для разважанняў мы абралі асобныя фрагменты са Святога Пісання, над якімі заклікаем схіліцца разам з намі…
Збаўца нарадзіўся!
Калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, прыбылі ў Ерузалем мудрацы з усходу, кажучы: «Дзе народжаны Кароль юдэйскі? Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму». Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерузалем з ім. Ён сабраў усіх першасвятароў і кніжнікаў народу і пытаўся ў іх, дзе мае нарадзіцца Хрыстус. Яны сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам: “І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым не меншы сярод гарадоў Юды, бо з цябе выйдзе Правадыр, які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля”». Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час з’яўлення зоркі. Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Ідзіце і дакладна разведайце пра Дзіця; калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму». Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі. А зорка, якую бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над месцам, дзе было Дзіця. Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся. Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго. Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міра. Атрымаўшы ў сне наказ не вяртацца да Ірада, адышлі ў сваю краіну іншай дарогай. (Мц 2, 1-12).
У парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў в. Рось Ваўкавыскага раёна адбылася сустрэча за “круглым сталом”, падчас якой вернікі разважалі над зместам урыўка з Евангелля св. Мацвея “Паклон мудрацоў”. Удзельнікамі сустрэчы былі Таццяна Бурава, Вольга Гіль, Аляксандр Шумель, Наталля Расюк, Алена Наумнік. Вядучым пасяджэння быў пробашч парафіі кс. Чэслаў ПАЎЛЮКЕВІЧ.
– Шаноўныя, сёння разважаем з вамі над сюжэтам, добра вядомым кожнаму хрысціяніну з дзяцінства: Нованароджанаму Каралю Юдэйскаму прыйшлі пакланіцца мудрацы свету. Дарэчы, гэты сюжэт знайходзім толькі ў Евангеллі ад св. Мацвея, болей ні ў кога з евангелістаў яго няма. Адкажам на пытанне: як сталася, што Збаўца нарадзіўся менавіта ў Бэтлееме і ў такой беднасці?
Алена Наумнік:
– Аб месцы нараджэння Пана папярэджвалі прарокі: “І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым не меншы сярод гарадоў Юды, бо з цябе выйдзе Правадыр, які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля”. Менавіта ў Бэтлеем накіраваліся Юзаф з цяжарнаю Марыяй, каб прайсці перапіс насельніцтва па загаду імператара Аўгуста. Людзі веруючыя, яны чыталі Пісанне і ведалі, што ў іх павінна нарадзіцца Дзіця. Напэўна, гэтай падзеі чакалі, але месца ім не знайшлося ў заездзе па той прычыне, што перад імі ў горад прыбыло мноства народу, і ўсё было занята іншымі людзьмі.
Таццяна Бурава:
– Канечне, яны разумелі, што ў хуткім часе ў іх павінна нарадзіцца Дзіця. Я чытала, што Юзаф моцна перажываў, паколькі да многіх гаспадароў дамоў звяртаўся з просьбаю прыняць іх, а яму ўсюды адказвалі, таму і роды засталі Марыю там, дзе засталі…
– А зараз давайце паразважаем па-людску: калі яны ведалі пра маючае адбыцца нараджэнне, то чаму не прыехалі раней, месяцаў за пяць, і не падрыхтаваліся? Павінны былі падрыхтавацца і прыняць Сына Божага ў добрых ўмовах.
Таццяна Бурава:
– Простыя людзі, яны не маглі прадбачыць, колькі народу прыбу-дзе на той перапіс…
Наталля Расюк:
– Відаць, разлічвалі на тое, што нараджэнне Божага Сына – клопат Самога Пана, Ён усё ўладкуе…
Вядучы:
– Паспрабуем паглыбіцца ў нашыя разважанні крыху іншым чынам. Для прыкладу возьмем актуальнае на сёння, што моцна хвалюе людзей, – каронавірус. На днях размаўляў са сваім знаёмым, які летась перанёс хваробу, гаварылі з ім пра кантакты, пра тое, што не ўсе людзі прытрымліваюцца санэпідрэкамендацый, і ён кажа: “Такая ўжо чалавечая натура: ведаеш сімптомы, іх заўважаеш, адчуваеш нават, а што сапраўды ты сам захварэў – не верыш. Як заўсёды: нешта з некім адбываецца, але толькі не з табою!”. І я рызыкую правесці аналогію: можа і ў выпадку з Юзафам і Марыяй праявілася звычайная “чалавечая натура”, яны ж людзі; хоць і ведалі, што чакаюць нараджэння Дзіцяці, але не да канца верылі, што яно – Сын Бога Жывога, Месія? Ці было ў іх поўнае разуменне, што гэта Той, пра каго пісалі прарокі? І ўсё ж чаму Бог дазволіў Свайму адзінаму Сыну прыйсці ў свет у такой беднасці?
Алена Наумнік:
– Са Старога Запавету ведаем, што яшчэ задоўга да нараджэння Езуса Усемагутны Бог прыходзіў да Выбранага народу і бачыў, у якой беднасці жывуць габрэі. Вырашыў, што Яго адзіны Сын павінен прыйсці на гэты свет як Збаўца і павінен атаясаміць сябе з беднымі. У багатых праблем ніякіх не было.
Таццяна Бурава:
– Дома мы са сваім 12-гадовым сынам Антонам таксама разважалі над гэтым пытаннем: чаму Езус нарадзіўся ў такой беднасці? Зрабілі вывад: калі б Збаўца нарадзіўся ў якім-небудзь палацы, у харомах, то хто б да яго дапусціў простых людзей? Можа мудрацы і змаглі б прыйсці, а бедныя людзі, пастушкі – не. А тут нават жывёлы адчулі блізкасць Бога. Гэтым самым падкрэслена адкрытасць Бога на ўсіх.
Вядучы:
– Відавочна: адказ на пытанне – чаму Бог дазволіў Свайму адзінаму Сыну прыйсці ў свет у такой беднасці? – выходзіць за межы людскога разумення; гэта – таямніца нашай веры. У Бога было шмат розных спосабаў, каб ажыццявіць прыход Збаўцы ў чалавечы свет, але Ён выбраў менавіта такі шлях веры і пазнання для Свайго Сына, які засведчылі мудрацы з усходу і над якім зараз разважаем. Дарэчы, кім яны былі? Якія дары прынеслі Нованароджанаму?
Таццяна Бурава:
– Перш за ўсё, яны былі тымі, хто шукаў Бога і ісціну, а адправіцца ў далёкую дарогу маглі толькі людзі, якія мелі глыбокую ўнутраную патрэбу, людзі надзеі, якія шукалі сапраўднай зоркі збаўлення. Для свайго часу яны былі адукаванымі, але іх мудрасць не заканчвалася на ведах, ім хацелася ўпэўніцца, убачыць усё сваімі вачыма. Яны былі першымі з ліку простых людзей, якія не належалі да Выбранага народу і якія прыйшлі пакланіцца Хрысту.
Наталля Расюк:
– Мудрацы прынеслі Нованароджанаму сімвалічныя дары: золата – як сімвал Боскага святла, указанне на Божае валадарніцтва нованаро-джанага Езуса; кадзіла – сімвал святарства, адухаўлення, хвалы, ахвяры і малітвы; міра – прадказанне пакут і смерці Езуса. Евангелле не называе, колькі было мудрацоў. Іх колькасць выводзіцца на падставе дароў, якія яны склалі нованароджанаму Езусу, а іх постаці выконваюць сімвалічную ролю, бо прадстаўляюць весь язычніцкі свет. Пазней у трох мудрацах або каралях бачылі прадстаўнікоў трох кантынентаў – Еўропы, Азіі і Афрыкі. Яшчэ бачылі доказ таго, што для Валадарства Езуса Хрыста не мае значэння ні раса, ні паходжанне. З трыма мудрацамі таксама звязваюць тры ўзросты: маладосць, сталасць і старасць.
Вядучы:
– Шаноўныя, на ваш погляд, якое значэнне маюць мудрацы сёння? Наогул, ці ёсць яны ў цяперашнім свеце?
Наталля Расюк:
– Канечне, ёсць, толькі іх не так многа. І гэта тыя людзі, якія шукаюць Бога, ідуць пакланіцца Яму, прысвячаюць Яму свой час. Бог заўсёды пасылаў да людзей прарокаў, а людзі не заўважалі іх. Мудрацы, якія не былі хрысціянамі, аднак прыйшлі на паклон да Нованароджанага, паказваюць, як павінны мы ісці да Яго; сёння гэта можна расцаніць як навучанне.
Вядучы:
– Вы ўсе вучыліся ў савецкай школе і добра памятаеце, што адносіны з Богам школа “змяс-ціла” у выраз: “рэлігія – опіум для народа”. Пазней, калі я вучыўся ў духоўнай семінарыі, адкрыў для сябе, што ўсе знака-мітыя вучоныя былі веруючымі, а многія навукі развіваліся, дзякуючы менавіта Касцёлу. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, працуючы ў Маскве, часта заязджаў у Гродна (напрыканцы 90-х, тады я быў вікарыем у адной з парафій) і расказваў, як прыходзілі да яго многія акадэмікі, прафесура розных навуковых супольнасцей і прасілі: дайце пачытаць што-небудзь з духоўнага. Яны як земскія мудрацы былі спецыялістамі ў сваіх сферах, пазнавалі законы макра- і мікрасвету, але разумелі, што адных галіновых ведаў недастаткова, бо ёсць нехта большы, хто запускае весь гэты махавік Сусвету. Яны таксама шукалі адказ на пытанне: хто Ён? А мы сёння – звычайныя пастушкі, ці нават авечкі – што ці каго шукаем? Бог даў нам розум, таленты – як іх выкарыстоўваем? Нядаўна прыехала адна сужэнская пара з “традыцыйнай” скаргай: цёмныя сілы атакуюць, жыццё ва-ліцца з рук… Дапамажыце… Пачынаем размаўляць, разам шукаць крыніцы, адкуль можна чэрпаць духоўную падтрымку, і я агучваю пытанне: якая для нас, хрысціян, галоўная кніга? У адказ: “Біблія!”. “А колькі разоў вы яе чыталі?”. Пара няёмка апусціла галовы. “Значыць, вы не ў пошуку, не мудрыя, губляеце час…”. Мудрацы з Евангелля паступалі іначай, чым вы-звалі нават занепакоенасць караля Ірада. Дарэчы, чаго ён збаяўся?
Наталля Расюк:
– Ірад баяўся страціць уладу, баяўся пераменаў. Ён нават прыказаў забіць усіх немаўлят мужчынскага роду, каб не стварыць сабе прэцэдэнт у будучым. Можам назіраць і сёння: кожны, на свой спосаб, хоча заставацца ўладальнікам, быць гаспадаром, каб нічога са сваіх рук не выпусціць. Самы просты прыклад з жыцця сям’і: дзеці даўно выраслі, а бацькі ўсё баяцца згубіць над імі ўладу…
Вядучы:
– Маецца на ўвазе ўлада над асабістым жыццём, над ладам жыцця… Атрымоўваецца, што вызнаем Бога як нашага Пана, але не Пана майго жыцця, бо я сам хачу застацца гаспадаром сваіх каштоўнасцей, магчымасцей, свайго часу, не хачу пазбавіцца таго, да чаго маю прывязанасць… Гэта азначае, што чалавек баіцца даверыцца Божай волі… Парафіяніна запрасілі на рэкалекцыі, а ён знайшоў тысячы прычын, каб туды не пайсці… Уладар свайго жыцця, паступае, як хоча! Прысутнічаю на пахаванні і бачу дзяўчыну з завушніцамі ў форме крыжыкаў. Пасля ўсяе цырымоніі далікатна падказваю ёй, маўляў, гэта ж хрысціянскі сімвал, а не ўпрыгожванне. “Зараз гэта мода!”, – адказвае.
Аляксандр Шумель:
– Насамрэч, такою “ўладаю” сёння можа выступаць любая залежнасць, пад уздзеянне якой трапляе чалавек, той жа тэлефон, тэлевізар і інш. Маем справу з сур’ёзным ворагам… І калі не будзем ісці за Збаўцай, у нас не застанецца ніякіх шансаў на збаўленне.
Вядучы:
– Так, “каралём” у негатыўным сэнсе можа выступаць сёння і мода, і камфорт, і яшчэ шмат з таго, што па сутнасці з’яўляецца нашым ворагам, і праз іншых людзей, абставіны, акалічнасці, рэкламу можа накіроўваць чалавека ў ілжывым напрамку. Таму патрэбна быць дасведчанымі, мудрымі і давяраць сябе волі Божай. Мудрацы з Евангелля, пакланіўшыся Нованароджанаму, адышлі ў сваю краіну іншай дарогай, таму што ва сне Бог падказаў ім, каб не вярталіся да Ірада. І так яны паступілі. Якую галоўную функцыю выканалі Тры Каралі?
Таццяна Бурава:
– Добрую Навіну аб тым, што нарадзіўся Пан і Збаўца, яны распаўсюдзілі на ўсе кантыненты свету. У гонар гэтага 6 студзеня святкуецца Свята Трох Каралёў або Урачыстасць Аб’яўлення Пана. У гэты дзень у касцёлах асвячаецца золата, ладан, вада і крэйда. Крэйдай пішам на дзвярах нашых дамоў С+М+В. Гэта – абрэвіятура выразу на латыні “Christus Mansionem Benedicat”, які абазначае: “Няхай Хрыстус благаславіць гэты дом”. Існуе таксама меркаванне, што надпіс на дзвярах абазначае першыя літары імён мудрацоў – Каспар, Мельхіёр, Бальтазар. У любым выпадку пазначэнне гаворыць аб нашай прыналежнасці да Хрыста.
Вядучы:
– А ці могуць быць мудрацамі ў сваім асяроддзі сённяшнія каралі? Ці могуць выконваць тыя ж функцыі, евангелізаваць? І куды сёння трэба ехаць на місіі?
Наталля Расюк:
– Ехаць? У нас тут непачаты край работы…
Таццяна Бурава:
– Абавязак евангелізаваць ляжыць на кожным з нас у кожную хвіліну: на працы, у сябе дома, на вуліцы…
Аляксандр Шумель:
– …Гэта ўжо як пакіруе воля Божая. У бягучым годзе трапіў я ў бальніцу ў Ваўкавыск з гэтаю “моднаю” хваробаю – каронавірусам. У палаце сем мужыкоў, ляжым. Абстаноўка не радасная, розныя думкі ў галаву прыходзяць. Да вайны тут канюшня была, а зараз бальніца… Успамінаецца, што і Пан Езус ў хляве нарадзіўся… Абеды прыносяць… Что ж, трэба зрабіць знак крыжа, перш чым за яду брацца. Перахрысціўся, глядзяць на мяне… Пасля абеду ціхі час: хто ў тэлефоне, хто дрэмле… Думаю сабе: трэба зрабіць крок! Пытаюся: можа тут католікі ёсць? Аказваецца, усе католікі! Кажу: “Не хлебам адзіным жыве чалавек… Можа хацелі б пачытаць Слова Божае? Кніжка такая ёсць…”. І дзіва – ніхто не сказаў “Не”, усе – “Чытай!”. Ад-крываю Біблію, пачытаў, усім спадабалася. Прынеслі вячэру – зноў памаліліся. Так дзень за днём… Тут і 8 сакавіка надышло, свята жанчын, а мы не можам сваім жонкам ні цукеркі, ні кветкі падарыць. Кажу, давайце памолімся на Ружанцы за жонак нашых і за медсясцёр, дактароў-жанчын… Ружанец адзін на ўсіх аказаўся, але памалі-ліся. Словам, скончылася тым, што ўсе выздаравелі, выпісвацца пачалі, а пад канец нашага сумеснага быцця мужчыны нават прасілі: “Пачытай што-небудзь”. І я то Мудрасць Сіраха, то Эклезіяста вазьму… Слухаюць, задаволеныя…
Вядучы:
– Так, мудрацы з усходу, да якіх вяртаюцца сёння нашыя думкі, сімвалізуюць шлях усяго чалавецтва да Хрыста, яны быццам узначальваюць працэсію, што адбываецца цягам усёй гісторыі. Сёння Тры Каралі – гэта вобраз усіх святых, якім пакланяемся, якіх імкнёмся наследваць у сваім жыцці і сведчанню якіх – верым: Хрыстус нарадзіўся не для свайго народу, а для ўсяго свету.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
Гродзенская вобласць