«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І зноў будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

 

 

І вы – сведчыце!

 

 

Вучні і свет

 

Калі свет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зненавідзеў. Калі б вы былі са свету, ён любіў бы вас, як сваё. А паколькі вы не са свету, бо Я выбраў вас са свету, таму свет ненавідзіць вас. Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга не большы за свайго гаспадара. Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць. Калі слова Маё захавалі, то і вашае захаваюць. Але ўсё гэта будуць рабіць вам з прычыны імя Майго, бо не ведаюць таго, хто паслаў Мяне. Калі б Ян не прыйшоў і не гаварыў з імі, не мелі б граху. Цяпер жа не маюць апраўдання за свой грэх. Хто ненавідзіць Мяне, той і Айца Майго ненавідзіць. Калі б Я не ўчыніў тых спраў, якіх не рабіў ніхто іншы, яны не мелі б граху. А цяпер яны бачылі і зненавідзелі Мяне і Айца Майго. Але няхай збудзецца слова, напісанае ў іхнім Законе: “Зненавідзелі мяне без прычыны”. Калі прыйдзе Суцяшыцель, якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, які ад Айца паходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне. Але і вы сведчыце, бо вы ад пачатку са Мною.      (Ян 15, 18-26)

 

 

 

 

f-str-17У супольнасці “Сужэнскія сустрэчы” у Баранавічах разважалі над тэкстам з Евангелля “Вучні і свет”. Удзельнікамі пасяджэння за  “круглым сталом” былі Аляксандр і Святлана Квяткоўскія, Віктар і Таццяна Шастак, Валянціна і Ўладзімір Ліцкевіч, а таксама Кацярына Хмяльнова і Наталля Высоцкая. Вядучым пасяджэння быў а. Сцяпан ЦЭРГЕЛЬ.

 

 

Вядучы:

– Шаноўныя ўдзельнікі сустрэчы! Кожны тэкст мае не толькі свайго аўтара, але і свайго чытача. Чытачоў Святога Пісання – мільёны, і кожны з іх знайходзіць у ім залатое зерне для сябе. Можа, не ўсё і не адразу становіцца зразумелым, на некаторыя рэчы патрэбен час, а можа, нават цэлае жыццё, каб зразумець тое, што заложана ў радкі Святой Кнігі. Мяркую, што і сённяшні тэкст вызывае шмат розных і не аднолькавых пачуццяў. Таму зараз прапаную застанавіцца на тым, што вас найболей уразіла.

 

Валянціна Ліцкевіч:

–  Няма слоў у Святым Пісанні, якія б не краналі сэрца хрысціяніна. У гэтым тэксце знаходжу для сябе словы, сугучныя з Катэхізісам Каталіцкага Касцёла, якія заклікаюць мяне, каб ніколі не была раўнадушнай ці крывадушнай у стасунках з людзьмі. Калі бачу чыйсьці грэх, то без пыхі, без надменнасці, а з любоўю і цярплівасцю павінна падыйсці да чалавека і падказаць, у чым яго памылка. Бо калі гэтага не зраблю, а пра грэх буду ведаць, то стану яго саўдзельнікам. Так і ў сям’і, і на працы: мы, хрысціяне, павінны  прапаведваць Евангелле, перш за ўсё – сваімі ўчынкамі.

Успамінаю савецкія часы. Адкуль наша мама брала аблатку, каб была яна на вігілійным стале перад Божым Нараджэннем, – не ведаю, але гэты кавалачак хлеба і момант дзялення ім аб’ядноўваў нас з Госпадам і між сабою. Людзі шчыра верылі ў Бога, маліліся, спявалі задушныя песні на пахаваннях – усё  гэта было натуральнаю часткаю іх асабістага жыцця і гэтым жыццём яны прапаведвалі Евангелле! Заўважыла: у апошні час часта разважаю над такім добрым, адначасова каварным словам “кампраміс”: як дакладна трэба разумець само паняцце. Калі ў сям’і дамаўляемся, які супчык зварыць на абед і нехта некаму саступае ў сваіх жаданнях – адна справа, тут граху няма, а калі жанчына саступае мужчыне і ідзе на забойства ненароджанага дзіцяці, або калі такое рашэнне прымаюць разам, тут няма кампрамісу – тут грэх. Калі на працы нехта памыліўся, але не зрабіў шкоды іншым  – ідзі на кампраміс, калега, прабач яго. А калі адбываецца замова супраць кагосьці – гэта ўжо  не кампраміс, гэта грэшныя паводзіны ў калектыве. Іншымі словамі: калі кампраміс вядзе да граху – страх, а калі ты робіш пэўныя крокі, каб упакорыць сябе, ідучы насустрач іншаму, – гэта ласка ў вачах Бога.

 

Аляксандр Квяткоўскі:f-str-19

– Мяне моцна ўразілі словы “нянавісць” і “нянавісць без прычыны”. Езус быццам канцэнтруе на іх увагу. Згаджаюся: людзі могуць ненавідзець і без прычыны. Нянавісць – такое пачуццё, якое прыходзіць да чалавека на мяжы з нейкім учынкам, яно здольнае выклікаць нядобрыя наступствы, нават забойства. Прызнацца, у мяне быў вялікі кавалак жыцця, калі нянавісць у ім прысутнічала амаль кожны працоўны дзень, бо праца была звязана з тым, што нехта нечага не зрабіў, а я вымушаны быў несці за гэта адказнасць. І гэтае агіднае пачуццё накапліваецца не знянацку і не раптам  – паступова, з такім лёгкім “акцэнтам”: ну, не зразумеў чалавек; ну, забыўся; ну, не выканаў; ну, па-крыўдзіўся… Але з кожным днём усё болей і болей… Сітуацыі паўтараюцца, і ты прыходзіш да таго памежнага стану, калі з-за ягоных учынкаў пачынаеш ненавідзець усё навокал. Спрабуеш змагацца, пераадольваць, а не атрымоўваецца!..     Калі вярнуцца да сённяшняга тэксту, то становіцца зразумелым, што і Езуса зненавідзелі не адразу: хадзіў, прапаведваў, пачаў рабіць цуды, аздараўляць… Любое дзеянне з Яго боку пачынала сустракаць непрыняцце.  Ці магчыма назваць такі момант, калі свет зненавідзеў Хрыста? Немагчыма; гэта адбылося з цягам часу.  А калі больш  дакладна, то нянавісць з’явілася тады, калі стала зразумела: калі Яго слухаць, то трэба мяняць сваё жыццё! А хто хацеў мяняць?..

Як чалавек, я многа разважаў над “памежным” станам і прыйшоў да высновы, што на той час, калі ўзнікалі мае першыя пачуцці нянавісці, я сам не заўсёды разумеў людзей. Трэба было шчыра пагутарыць з тым саслужыўцам, можа, і ў яго былі асабістыя слушныя прычыны, а я гэтага не зрабіў, не выясніў. Пасля думаў: а ці я сам не паспрыяў часам гэтай сітуацыі?..  Возьмем такі просты жыццёвы прыклад: я ў сваім гаражы, кручу гайкі, а да мяне нехта прыйшоў. Нечага ж яму трэба, але зараз ён забірае мой час, і ўнутры ў мяне: не перашкаджай, няма калі слухаць, прыйдзеш другі раз… І так, хіба, адбываецца ва ўсіх выпадках, калі прыходзіцца выйсці з зоны асабістага камфорту, растацца з тым, да чаго прызвычаіўся, калі трэба нешта або некага нават на кароткі час прыняць у сваё жыццё…  Заўважыў за сабою, што, калі мае  пачуцці “зашкальваюць”, калі нават ненавідзець ужо не магу, разумею: я –  слабы, хворы, зараз, падобна, ужо мяне ненавідзяць…  Пасля доўгіх разважанняў  зрабіў  просты вывад: не павінен я шукаць ворагаў вакол сябе і тым больш разбірацца, чаму мяне ненавідзяць, бо толькі маё сумленне можа мяне асудзіць. І тады маё жыццё пачынае мяняцца. І дзякуй Богу, што пазбавіў мяне такіх памежных станаў.

 

Святлана Квяткоўская:

– На мой погляд, справа ў ведах або ў іх адсутнасці. Каб не ведалі мы Яго жыцця, таго, што Ён прапаведваў, чаму навучаў і да чаго заклікаў – то і граху не мелі б. Але ж ведаем… А ці   выконваем? Мяркую па сабе: здаецца, робіш усё правільна, па сумленні, а калі па-ставіш перад сабою пытанне “як паступіў бы на маім месцы Езус?”, пачынаеш губляць супакой…

Вяртаюся да часу, калі я толькі пачынала пазнаваць Госпада, і не перастаю здзіўляцца таму, як –ад стану “не ведаю” да стану “ведаю” – мяняецца ўспрыманне свету, самога сябе, а нават чуллівасць асабістага сумлення. Лягчэй жыць, калі жыццё болей-меней адладжана, усё адбываецца па прывычнаму “сцэнарыю”, калі не “капаеш” свае думкі глыбока… А калі возьмеш у рукі Святое Пісанне і зазірнеш унутр сябе, адразу заўважыш, што нешта ў сваім жыцці трэба абавязкова мяняць… Разумею многіх людзей, якія, калі пачынаеш гаварыць з імі пра Бога, ставяць  “блок” – пераводзяць тэму гутаркі, адыходзяць у бок… Гэта азначае, што баяцца адыйсці з таго “свету”, пра які гаварыў Езус… Так сталася і з маёю даўняю сяброўкаю, у яе нават з’явілася нейкая агрэсія… Я запытала: адкуль? чаму? “Калі жыць па такіх правілах, як ты кажаш,  – адказала яна, – гэта не жыццё; я на такое не гатова”. Я падумала тады: пакуль Гасподзь не пакажа ёй шлях, мае спробы будуць дарэмныя… 

Рада, што Бог дае сябе пазнаваць; не магу сказаць, што за гэта свет “зненавідзеў” мяне. Я б сказала, што “свету” не хапае разумення. І каму не хапае – тыя ад мяне адыходзяць, а каму хапае, хто ведамі пра Бога ўзбагачаецца, – наадварот, тыя да мяне прыходзяць.  Гледзячы на некаторыя з’явы ў сучасным свеце, як чалавек веруючы, моцна злуюся, раздражняюся… Але трымаюць мяне Словы Госпада: “Паколькі вы не са свету, бо Я выбраў вас…”. І так будзе заўсёды, пакуль не прыйдзе Валадарства Божае.

 

Кацярына Хмяльнова:

– Мяне ўразіла фраза: “Слуга не большы за свайго гаспадара. Калі Мяне пераследавалі, то  і вас будуць пераследаваць…”. Слова “слуга” вызывае непакой у сэрцы, многа прыемней чытаць радкі, дзе Бог называе нас сваімі сябрамі. Бо гэта сябры Бога нясуць груз адказнасці за захаванне і перадачу веры, з’яўляюцца прыладаю для ажыццяўлення Яго служэння. Згаджаюся са Святланаю, што ў некаторых людзей нават размова пра веру вызывае негатыў, бо з ёю заўсёды спалучаны абавязкі. Таму вельмі важна навучыцца слухаць чалавека – і не тое, што і як ён гаворыць, са злосцю ці без, асуджае цябе за веру ці не, а імкнуцца зразумець, у чым усё ж сутнасць яго выказвання, прыслухацца, а ці не з’ўляецца яно крыкам аб дапамозе? Можа, гэта акурат знак таго, што Бог просіць, каб у дадзены момант ты дапамог гэтаму чалавеку: дзеяннем, маўчаннем – толькі не асуджэннем. Судзіць – права Бога, і толькі Ён ведае, калі, да каго і з якою меркаю трэба падыходзіць. Лічу, што зрабіць свет лепшым – у нашых сілах. За-клікаю маліцца за тых, каму ў дадзены момант наша падтрымка патрэбна больш за ўсё.

 

Наталля Высоцкая:

–  З сённяшняга тэксту моцна кранае: “Я выбраў вас са свету… Але і вы сведчыце, бо вы ад пачатку са Мною”.  Не хачу сказаць, што ў жыцці мяне хтосьці ненавідзеў, але што са школьнай парты адчувала сябе белай варонай – праўда. Не хадзіла на школьныя дыскатэкі, забаўляльныя вечарыны, заўсёды казала: “Я – у касцёл”. І адчувала сябе камфортна, ведала, што Бог мяне слухае, дапамагае. Прайшло больш за 25 гадоў, была ў нас сустрэча з выпускнікамі. І ведаеце што сказалі мне, дарэчы, пераважна мужчыны, у якіх даўно свае сем’і: “Дзякуй, што засталася тою самаю Наташаю, якую калісьці ведалі мы і якую не змяніў час. Прыемна, што ты – наша аднакласніца”. Так, я ніколі не скрывала веру, не хлусіла і не фальшывіла. Нешта падобнае адбываецца і сёння, хоць і не вучуся ў школе. Клічуць ці пайсці куды разам, ці паехаць – адмаўляюся: “У гэты перыяд у мяне пост”. Чую пра сябе: “Ну, ты дзіўная, марнуеш час”. Калі пачынаю размаўляць з калегамі пра Бога або расказваць пра мерапрыемствы, якія адбываюцца ў парафіі, у сясцёр законных, некаторыя слухаюць, прымаюць зацікаўлена, іншыя кідаюць рэпліку: “…якая святая”. А я лічу, што з такіх маленькіх крокаў складаецца мой шлях да Бога, лічу, што гэта ёсць такое маё апостальства.

 

Таццяна Шастак:

–  Азіраючыся на мінулае, трэба  падзякаваць Богу за нашых бацькоў і бабуль, якія ў тыя няпростыя часы захавалі веру. Мой тата расказваў, як у храмах, асабліва ў рэлігійныя святы, дзяжурылі настаўнікі і вышуквалі дзяцей, каб пасля наказаць іх за тое, што прыйшлі на службу. Я таксама выхоўвалася ў савецкай школе, і мама мая працавала ў школе, але, як кажуць, нас Бог абнёс, ніякіх ганенняў за веру мы не адчулі, як і не адчулі нянавісці, ці насмешак з боку “свету”. А рэлігійныя практыкі, традыцыі існавалі, але гэта ніколі не ра-білася напаказ. Аблаткі, пра якія нагадала Валянціна, былі ва ўсіх сем’ях, свят заўсёды чакалі, і Бог прысутнічаў у жыцці людзей натуральна. Памятаю, як з горада (яшчэ малая была) ездзілі мы да бабулі ў вёску і, калі з трасы аўтобус зварочваў у бок вёскі Мядзведзічы, здалёк віднеўся шпіль касцёла. Я аж трымцела, каб убачыць яго першай і першай аб’явіць: “Ужо бачны касцёл!”.

Сёння няма пераследу за веру з боку ўладаў. Назіраем, што некаторыя  крокі робяцца і ў адукацыі, каб даць дзецям прадстаўленне аб духоўнасці, – у  праграмы ўводзяцца пэўныя дысцыпліны, праводзяцца экскурсіі з наведваннем святынь. Але трэба, каб самі людзі, пакуль вандруюць тут, на зямлі, праявілі большы клопат аб сабе і сваёй душы. Бо чалавечае жыццё кароткае, можна і не паспець…

 

Віктар Шастак:

– Калі пра канкрэтнага чалавека гаворым, што ён – хрысціянін, міжвольна ўяўляем: гэты чалавек моліцца, ходзіць у храм, слухае Слова Божае і сваім ладам жыцця сцвярджае, што жыць Божымі Запаведзямі – значыць станавіцца лепшым самаму і паляпшаць сваё акружэнне. Але Езус папярэджваў: будзьце гатовыя к таму, што вас будуць ненавідзець, паколькі Я выбраў вас. І так ёсць. Езус паказаў, як трэба жыць і на якія ахвяры ісці дзеля бліжняга, а што зрабіў з Ім жорсткі свет? Прысудзіў смерць. І тут пачынаеш разумець, на якую глухую сцяну натыкаецца Слова Божае, і што насамрэч магу зрабіць я, каб у адносінах паміж людзьмі расквітнелі прыязнь, дабро, любоў, міласэрнасць? Па-першае, я сам павінен павярнуцца тварам да Бога, разабрацца ў сваёй сутнасці, імкнуцца заяснець тым светам, які сыходзіў ад Езуса. Няхай бачаць іншыя і няхай вучацца. Я і сам штодня вучуся. Бачу, як ідзе да касцёла знаёмая сужэнская пара, трымаюцца за рукі, адзін другога прыабдымаюць, і ў маёй галаве адразу: якія прыгожыя адносіны, і я так хачу, і я так магу!.. І па-другое, дапамагчы іншым пазнаць Бога і разабрацца ў душы, ад чаго яна баліць і чаму радуецца… І калі такім чынам дапамагу хоць аднаму з натоўпу – ужо будзе перамога.  

 

Вядучы:

На здымку: а. Сцяпан Цэргель з удзельнікамі пасяджэння (злева направа) Уладзімірам і Валянцінай Ліцкевічамі, Аляксандрам і Святланай Квяткоўскімі, Наталляй Высоцкай,  Віктарам і Таццянай Шастак і Кацярынай Хмяльновай

На здымку: а. Сцяпан Цэргель з удзельнікамі пасяджэння (злева направа) Уладзімірам і Валянцінай Ліцкевічамі, Аляксандрам і Святланай Квяткоўскімі, Наталляй Высоцкай, Віктарам і Таццянай Шастак і Кацярынай Хмяльновай

– Шаноўныя, калі я чытаў тэкст, таксама звярнуў увагу перш за ўсё на нянавісць у адносінах свету да паслядоўнікаў Хрыста, пра якую папярэджваў Езус. Успомніў  крывавыя старонкі гісторыі, пра якія ведаем, і з’явілася думка: сёння мы – шчаслівыя людзі: адкрыта дзейнічаюць храмы, можам спакойна вызнаваць веру, і ніхто нікога не пераследуе за рэлігійную прыналежнасць. Бываюць моманты, калі даводзіцца стаць белай варонай або плыць супраць плыні, бо, на жаль, яшчэ шмат людзей жывуць па законах “свету”, які супрапастаўляе сябе Божым Запаведзям. Але як хрысціяне мы пакліканыя, па Слову Езуса, быць соллю зямлі, быць светам гэтага свету. Гэта няпроста, але давайце жыць так, каб людзі бачылі, што мы – крыху іншыя, што мы “не з гэтага  свету”, што нас выбраў Хрыстус і прызваў быць Ягонымі вучнямі. Запісана ж: “І вы сведчыце, бо вы ад пачатку са Мною”.

 

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

Брэсцкая вобласць

 


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий