«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І зноў будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

 

Пра цемру, зрок

і нашыя здольнасці

 

 

 

Аздараўленне сляпога ля Ерыхона

 

Калі Ён падыходзіў да Ерыхона, адзін сляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласціну. Пачуўшы, што праходзіць натоўп, распытваўся, што гэта такое. Яму сказалі, што праходзіць Езус Назаранін. Тады ён закрычаў: «Езу, Сыне Давіда, змілуйся нада мною!» Тыя, што ішлі наперадзе, загадвалі яму, каб змоўк. Ён жа яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давіда, змілуйся нада мною!». Спыніўшыся, Езус загадаў прывесці яго да сябе. Калі той наблізіўся да Яго, спытаўся: «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» Той адказаў: «Пане, каб я зноў бачыў». І Езус сказаў яму: «Будзь відушчым! Вера твая ўратавала цябе». Той адразу стаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, убачыўшы гэта, узнёс хвалу Богу.       (Лк 18, 35-43)

 

 

 

У парафіі Святога Юзафа ў Ляхавічах удзельнікі сустрэчы за “круглым сталом” разважалі пра цуды Езуса Хрыста, звязаныя з аздараўленнем. Акцэнт зрабілі на аздараўленні сляпога.  Удзел у пасяджэнні прымалі Валянцін і Вольга Сяргей, Таццяна Гуліцкая, Марыя Катрай, Вольга Караваевіч, Алена Абражэвіч, Яўген Папроцкі. Вядучым быў пробашч парафіі ксёндз  Павел МАЗАН.

 

 

Вядучы:f-str-17

– Шаноўныя, вы ведаеце, колькі розных цудаў сатварыў Езус, і ведаеце, што ў Евангеллях найбольш ёмка апісаны тыя, якія звязаны з аздараўленнем людзей. Зразумела, што менавіта гэта  для большасці і было найбольш заўважна. Але  справа яшчэ ў тым, што, па-першае, Езус  не рабіў гэта напаказ, Ён прапаведваў Слова Божае, а паслухаць Яго збіраліся цэлыя натоўпы; і, калі даведваўся Езус аб цяжкай, часта невылечнай хваробе, праяўляў сваю неабсяжную любоў, міласэрнасць і нікому не адмаўляў у дапамозе.  Па-другое, акрамя аздараўлення, праз  гэтыя цуды Езус даваў людзям зразумець, чаму існуе хвароба і як яна звязана з грахом. Успомніце, калі ласка, каго Ён аздаравіў?

 

– Жанчыну, якая многа гадоў пакутавала на крывацёк…

 – Паралізаванага.

– Беснаватага.

– Стражніка, якому вярнуў на месца адсечанае вуха…

– Кульгавага…

– 10 пракажоных…

– Коснамоўнага…

 

Вядучы:

– Так, яшчэ шмат іншых, каго прыносілі да Яго на насілках, каго прыводзілі, як сляпога, і ўсе знайходзілі ў Яго ўцяшэнне. У апісанні кожнага аздараўлення ёсць свае акалічнасці і дэталі: дзе адбываецца дзеянне, як вядуць  сябе прысутныя, як рэагуюць на здарэнне. Дробязі? Не, бо дазваляюць дакрануцца да тых падзеяў, якія адбываліся  са звычайнымі людзьмі, якім пашанцавала сустрэць Самога Бога і якіх Ён аздаравіў. Як думаеце, для чаго гэта ўсё наогул апісвалі евангелісты? І навошта нам гэта ведаць?

 

Таццяна Гуліцкая:

– На  мой погляд, атрымаць аздараўленне мог толькі глыбока веруючы чалавек. Езус Хрыстус не даваў таблетак ці іншых лекаў, не рабіў аперацый – Ён вылечваў Словам, значыць, яно павінна было лажыцца на душу веруючага, які нічога з таго, што выходзіць з вуснаў Бога, не ставіць пад сумнівы. Для гэтага патрэбна мець веру асаблівай моцы.

 

Алена Абражэвіч: f-str-18

– Лічу, што евангелісты апісвалі гэта, бо былі непасрэднымі і праўдзівымі сведкамі аздараўлення. А здароўе, як вядома, – самая важкая прычына, каб звярнуцца да Бога, для кожнага чалавека. Дзякуючы аўтарам, усе веруючыя і тым болей няверуючыя маглі даведацца і пераканацца ва ўсемагутнасці  Езуса.

 

Вядучы:

– Сапраўды, здароўе – гэта людская паўсядзённасць, таму лагічна, што і сёння, калі віншуем чалавека са святам ці з юбілеем, у першую чаргу жадаем яму здароўя. Так і некалі, людзі прасілі ў Бога менавіта яго. Але заўважце: той сляпы, што сядзеў пры дарозе на Ерыхон, звярнуўся спачатку не з просьбай зрабіць яго відушчым, а прасіў аб міласціне. “Змілуйся нада мною”, іншымі словамі – прабач мне мае грахі, не звяртай на іх увагі…

  

Таццяна Гуліцкая:

– Кожная фізічная пакута, няшчасці, калецтва, цяжкая хвароба, якую перажываў чалавек, былі дадзены яму за нейкія грахі, і сляпы разумеў, што перш трэба папрасіць у Бога прабачэння. 

 

Вядучы:

– Так, людзі свята верылі, што прычына іх няшчасцяў крыецца ў непаслушэнстве Богу. А калі Езус меў сілу прабачыць грэх і прабачаў, то наступствамі гэтага дзеяння было аздараўленне, ацаленне. А як сёння? Прыходзіць вернік да касцёла і просіць: дапамажы, Божа!  Дай мне тое, дай тое, яшчэ і тое… А пра карані нашых няўдач забываемся, забываемся, што ў аснове іх ляжыць грэх…  У нашых просьбах часта абмяжоўваемся занадта павярхоўным, не заўважаючы сапраўдны гарызонт Божай усемагутнасці і міласэрнай ласкі. А  той сляпы паступаў правільна, адразу крычаў “Змілуйся!”. Чаму ён змяніў сваю просьбу, калі Езус наблізіўся да яго?

 

Алена Абражэвіч:

–  Можа, не зусім змяніў, але дадаў да той першай просьбы яшчэ адну, вельмі важную і актуальную для яго. У Бібліі напісана, што былі прароцтвы адносна таго,  што з роду Давіда выйдзе Місія і зробіць усіх людзей свабоднымі ад граху.  Менавіта гэты сляпы жабрак сэрцам адчуў, што гэты Езус Назаранін і ёсць сапраўдны Місія, таму пачаў да яго звяртацца: “Сыне Давіда, змілуйся нада мною!”. Дарэчы, гэта вызвала абурэнне натоўпу. А калі Езус наблізіўся, сляпы выказаў яшчэ адну важную просьбу: “каб я зноў бачыў!”…

 

Вядучы:

– А чаму натоўп, які ішоў наперадзе, загадваў яму, каб замаўчаў, але няшчасны крычаў яшчэ мацней?

 

Таццяна Гуліцкая:

– Натоўп проста ішоў, рухаўся наперад, не зважаючы ні на што ўвагі  і маючы, напэўна, свае карысныя інтарэсы, таму ніхто з іх не хацеў, каб штосьці ім перашкаджала.

 

Вядучы:

– Так, натоўп – з’ява ў некаторым сэнсе небяспечная, яна можа быць стыхійнай, можа быць арганізаванай, але яна ніколі не ўлічвае інтарэсы асобы, індывіда. Тыя людзі жылі сваім жыццём, камфортна, ад Назараніна чакалі цудаў, нейкага паляпшэння іх становішча, таму за ім  хадзілі, але Сына Божага ў ім не адчулі. Не хацелі нават пра гэта думаць, рызыкаваць, бо, калі б прынялі за Місію, то павінны былі б прыняць на сябе і нейкія абавязкі. А сляпы хоча сваё жыццё змяніць, “перавярнуць”. Як лічыце,  што яскрава праявілася ў яго воклічы? Чаму сляпы адчуў тое, чаго не адчулі і не ўбачылі відушчыя людзі з натоўпу?

 

Таццяна Гуліцкая:

– Вокліч сляпога – гэта крык вызнання глыбокай веры чалавека, чыя фізічная недасканаласць дазволіла ўбачыць тое, чаго не ўбачылі іншыя. Ведаем, не раз чулі пра тое, што людзей з недасканаласцямі Бог узмацняе тым, што надзяляе іх звыш меры іншымі прыроднымі якасцямі, дае тое, што ў іншых адсутнічае,  быццам “ураўнаважвае” дары, якімі надзяліў чалавека ад нараджэння. Дзякуючы гэтаму, такія людзі перамагаюць духоўную цемру, выходзяць з яе і аказваюцца болей растаропнымі.

 

Яўген Папроцкі:

– Сляпы пазнаў Місію, таму што верыў прароцтвам, ведаў, што ёсць Сын Божы, Які ходзіць па людзях, чыніць цуды, выганяе злых духаў, уваскрашае мёртвых, кантралюе прыродныя з’явы, і адчуў Яго, калі Той наблізіўся. Таму без усякіх сумніваў і назваў яго Сынам Давіда.

 

Таццяна Гуліцкая:

– …Дык ён жа, пачуўшы, што ідзе натоўп, пачаў рыспытваць: што гэта такое? Яму адказалі, што праходзіць Езус Назаранін. І тады ён закрычаў: ”Сыне Давіда!..”. Сляпы адчуў, што гэта той  самы, пра Каго гаварылі прарокі.   

 

Вядучы:

Пробашч парафіі кс. Павел Мазан з удзельнікамі пасяджэння (злева направа) Марыяй Катрай, Таццянай Гуліцкай, Яўгенам Папроцкім, Вольгай  Караваевіч, Валянцінам і Вольгай Сяргей, Аленай Абражэвіч.

Пробашч парафіі кс. Павел Мазан з удзельнікамі пасяджэння (злева направа) Марыяй Катрай, Таццянай Гуліцкай, Яўгенам Папроцкім, Вольгай Караваевіч, Валянцінам і Вольгай Сяргей, Аленай Абражэвіч.

– Шаноўныя, а зараз паразважаем над выразам “Вера твая ўратавала цябе”.  Пан Езус прамовіў гэтыя словы, і сляпы адразу ўбачыў свет Божы і Таго, Хто ацаліў яго. Вар’яцкі крык веры стаў тут кульмінацыйным момантам. Але паставім сабе пытанне: ці абавязкова верыць, каб  атрымаць ад Бога ласку аздараўлення, іншыя даброты? Ведаем жа, што Бог Усемагутны і дзейнічае як хоча, дзе хоча і калі хоча…

 

Таццяна Гуліцкая:

– Каб Бог дзейнічаў у нашым жыцці, дапамагаў спраўляцца з цяжкасцямі, асабіста я лічу, што вера проста абавязковая.  Сказана ж у Бібліі: “Шчаслівыя  тыя, хто не бачыў, а паверыў!”…

 

Яўген Папроцкі:

– Успомнім святога Паўла. Не быў ён паслядоўнікам Хрыста адразу, наадварот – “апосталам язычнікаў”, які пераследваў хрысціянаў. Але па дарозе ў Дамаск святло з неба так асвятліла Паўла, што ён упаў з каня, аслеп, тры дні нічога не бачыў. У Дамаск яго прывялі іншыя, а пасля туды прыбыў вучань па імені Ананія, якому Бог даручыў знайсці Паўла. “Ідзі, бо гэты чалавек – маё выбранае начынне. Ён занясе імя Маё народам, каралям і сынам Ізраэля. Я пакажу яму, колькі ён павінен выцярпець дзеля Майго імя”. Тады пайшоў Ананія і ўвайшоў у дом. І, усклаўшы на Яго рукі, сказаў: „Браце Саўле, Пан Езус, які з’явіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты зноў мог бачыць і напоўніўся Духам Святым“. І адразу Павел убачыў свет, падняўся і быў ахрышчаны. Аб чым гэты сюжэт? Аб тым, што Бог можа ўчыніць любы цуд над любым чалавекам, але па праўдзівай дарозе пойдзе толькі той, хто прыме гэтую ласку ад Бога ў сваё сэрца і паверыць.

 

Алена Абражэвіч:

– Значыць, у сляпым каля Ерыхона, як і ў язычніку Паўлу, Бог убачыў сваю прыладу, начынне, тых людзей, якія панясуць далей праўду пра Бога…

 

 Вядучы:

– Так, Бог у сваіх дзеяннях не абмежаваны, але вера з’яўляецца сваеасаблівай “гарантыяй” таго, што Бог здзейсніць цуды і дасць ласкі перш таму, у каго сэрца на Яго адкрытае, таму, хто шчыры ў сваім даверы да Божага Слова. І мы бачым, што гэтая “гарантыя”, гэтая “умова” адкрываецца ўжо падчас Сакрамэнту хросту, які з’яўляецца “видимым знаком невидимой благодати”. Маецца на ўвазе “благодати Божией”.  Заўсёды памятайце выраз з Евангелля Мацвея: “Калі ў вас будзе вера з гарчычнае зерне і вы скажаце гэтай гары: “Перасунься адсюль сюды!”, яна перасунецца. І для вас не будзе нічога немагчымага”.

 

Таццяна Гуліцкая:

– Аб Божай падтрымцы веруючых вымоўна і яскрава гавораць і такія словы з Евангелля: “Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны. Тым, хто паверыць, будуць спадарожнічаць такія знакі: у Маё імя будуць  выганяць злых духаў…На хворых будуць ускладаць рукі, і яны выздаравеюць”.  Гэта словы ўваскрослага Хрыста.

 

Вядучы:

– Вы заўважылі, напэўна, што ва ўсіх хрысціянскіх малітвах су-стракаюцца словы “Змілуйся нада мною”,  і зараз ужо ведаеце, чаму… А нашы праваслаўныя браты носяць крыжыкі з надпісам “Спаси и сохрани».

 

Яўген Папроцкі:

–…Таму што ўсе мы – грэшныя і павінны перш за ўсё прасіць Бога аб прабачэнні. Хваробы, ўсялякія людскія няшчасці – гэта наступствы граху.

 

   Вядучы:

– Разважаючы над гэтым сюжэтам, заўважаем вялікую місію Касцёла, пра якую не адзін раз чулі ў пропаведзях: “Прыйдзіце да Мяне ўсе…”. Сляпы не мог падыйсці да Божага Сына самастойна. Заўважце,  і Езус не падыйшоў да яго, але загадаў, каб бедака да Яго падвялі. Іншымі словамі: “Прывядзіце да Мяне ўсіх, хто ва Мне адчувае па-трэбу”. Такі загад Езус даваў вучням, якія былі з Ім побач.  Місія Касцёла – гэта таксама місія кожнага з нас: прывесці да Езуса тых, хто Бога яшчэ не пазнаў, хто яшчэ сумняваецца…

 

Бр. Карнэлій:

А ці былі ў вашым асабістым жыцці выпадкі Божай інтэрвенцыі, якія выражаліся б у аздараўленні, у іншых дабротах? Як зразумець існуючы ў народзе выраз, што сляпыя бачаць болей, чым  бачаць  відушчыя?

 

Вольга Сяргей:

Тры гады таму я трапіла ў парафію Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Масты на рэкалекцыі  італьянскага святара Антанэллё Кадэду, які нясе служэнне ў Бразіліі. У мяне жудасна балела рука, не магла яе ні павярнуць, ні падняць, ні кубак утрымаць… А дамоў вярталася, не адчуваючы ніякага болю; палёгку адчула ўжо падчас службы, і па сённяшні дзень…  Хаця мая рука была другаснаю праблемаю, з якою ехала ў Масты…

 

Вядучы:

– А памятаеце, як лажылі мы плітку два гады таму. Купілі і падрыхтавалі ўсё, што патрэбна, і высветлілася, што ўкладка будзе каштаваць “у разы” болей, чым сама гэта плітка. Пачаў шукаць спецыялістаў – адзін даражэй за другога. І аднойчы, пасля службы, падыходзіць да мяне мужчына і кажа: “Ксёндз, я бачыў сон: кладу ў гэтым  касцёле плітку”. Пытаю: “Колькі праца ваша каштуе?”. “Дык я хацеў бы, – адказвае ён, – каб гэта была мая ахвяра… Ну а калі грошы, то зусім мізерныя…”.  Лічу, што гэта Пан Бог падказаў чалавеку, каб зрабіў такое дабро для Касцёла, для ўсёй супольнсці.

 

Яўген Папроцкі:

–  За плячыма маю ўжо 90, і маё жыццё – цалкам цуд, здзейснены Богам. Пачатак 30-х гадоў  мінулага стагоддзя: паўтара гектара зямлі, мама-ўдава з трыма дзецьмі (тата загінуў у 1932 г.), нас трэба “на ногі” паставіць, а тут неўзабаве яшчэ вайна… Але мы ніколі не адыходзілі ад веры, і я лічу, што мне дапамагаў Бог ва ўсім: скончыць школу, паспяхова здаць экзамены ў медінстытут, завяршыць вучобу. Бог растаўляў на маім шляху добрых людзей. Як таго Паўла асляпіла святло з неба, так мяне азарыла сустрэча з адною габрэйкаю, якая   дапамагла мне ўладкавацца на працу пасля інстытута і па-мацярынску апекавалася мною. Перакананы, што так хацеў Бог. Ён убачыў, што ў будучым магу  стаць для людзей карысным, таму захоўваў мяне ў розных абста-вінах… І сёння іду да касцёла не для таго, каб паказаць, што вось я, стары доктар, іду маліцца і спяваць, а  іду,  каб падзякаваць Богу і Касцёлу. І калі ў каго з вас ёсць яшчэ сумнівы адносна Божага ўмяшальніцтва, то не сумнявайцеся: Бог – ёсць!

 

Вядучы:

– У кожнага з прысутных, ведаю, ёсць свае пераканаўчыя прыклады таго, як вялікія цярпенні і глыбокая вера прыводзяць да Божага цуду. Сённяшні ўрывак з Евангелля яскрава паказвае, як фізічная недасканаласць Бартымея вызваліла яго ад духоўнай слепаты, узмацніла ў ім веру, зрабіла паслядоўнікам Хрыста. Бо, каб не адсутнасць зроку, можа, не прышоў бы да Бога, не зазнаў бы Яго.  Гэтая фізічная  недасканаласць пераканала, што няма іншай дарогі да збаўлення  як толькі праз крыж Хрыста. Праз мукі. Праз збаўленне ад духоўнай слепаты. Амэн.

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

Брэсцкая вобласць


 

 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий