На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.
І зноў будзем разважаць над асобнымі фрагментамі са Святога Пісання, над якімі заклікаем і вас схіліцца разам з намі…
Моцай Езуса Хрыста
Выпрабаванне Езуса ў пустыні
Езус, напoўнены Духaм Святым, вярнуўся з-над Ярдaна, i вадзіў Яго Дух па пустыні сорак дзён, а д’ябал выпрабоўваў Яго. I нiчoгa не еў у тыя днi, a кaлі яны скoнчыліся, згаладаўся. Тады д’ябaл скaзaў Яму: «Кaлі Ты Сын Бoжы, скaжы гэтaму кaменю, кaб ён стaў хлебaм». Езус aдкaзaў яму: «Нaпiсaнa: “Не хлебaм aдным будзе жыць чaлaвек”». Тады д’ябал павёў Яго і пaкaзaў Яму ў імгненне ўсе валадарствы свету. І скaзaў Яму д’ябал: «Я дaм Тaбе ўсю гэтую ўлaду i славу iх, бo яна мне перададзена, i кaму хaчу, даю яе. Кaлі Ты пaклoнiшся мне, уся будзе Тваёй». У адказ Езус скaзaў яму: «Нaпiсaнa: “Пaну Бoгу твaйму будзеш пакланяцца i Яму aднaму будзеш служыць”». Тады зaвёў Ягo ў Ерузaлем, пaстaвiў нa крыле святынi i скaзaў Яму: «Кaлі Ты Сын Бoжы, кiнься aдгэтуль унiз, бo нaпiсaнa: “Анёлaм свaiм загадае пра Цябе,кaб ахоўвалі Цябе” i: “Яны нa рукaх пaнясуць Цябе, кaб Ты часам не спатыкнуўся aб кaмень сваёй нaгой”». А Езус скaзaў яму ў адказ: «Скaзaнa: “Не будзеш выпрабоўваць Пaнa Бoгa твайго”». Скoнчыўшы ўсе выпрабаванні, д’ябaл aдступіў aд Ягo дa пары. (Лк 4, 1-13).
У парафіі Спаслання Святога Духа ў Бярозаўцы Гро-дзенскай вобласці прайшло пасяджэнне за “круглым сталом”, у якім прымалі ўдзел Марына Юрчык, Ніна Мажэйка, Тарэса Казлова, Юлія Кепурка, Карына Руткоўская, Часлава Каламыцкая, Сяргей, Рэгіна і Віктар Дычок, Ян Краснік, Марыя Бічэўская, Леанарда Жадзеўская і сястра Гражына Яновіч. Разважалі над урыўкам “Выпрабаванне Езуса ў пустыні” з Евангелля Св. Лукі. Вядучым быў пробашч парафіі кс. Андрэй РАДЗЕВІЧ.
Вядучы:
– Шаноўныя! Будзем разважаць з вамі над зместам урыўка, які добра ведаем, але які адкрые сёння нам нешта новае, актуальнае, бо, колькі б ні чыталі Святое Пісанне, кожны раз тэкст вызывае новыя адчуванні, і ў гэтым – ні з чым не параўнальная прыгажосць і каштоўнасць Жывога Слова Божага.
Віктар Дычок:
– Звярніце ўвагу: д’ябал выпрабоўваў Езуса ў пустыні 40 дзён, але ўрывак гаворыць толькі аб трох спробах спакусіць Езуса. З аднаго боку, гэта, відаць, самыя рызыкоўныя спробы, на якіх лёгка было стаць злоўленым, але чалавечая натура Езуса тры разы адракаецца, не прымае спакушаючых прапановаў д’ябла. З другога боку, лічба “тры” – сакральная, яна напомніла мне пра тое, што апостал Пётр тры разы адракаўся ад Езуса, а пасля тры разы казаў, што любіць Яго.
Вядучы:
– Думка цікавая. У Літургіі хросту ёсць момант дыялогу святара з бацькамі і хроснымі дзіцяці, калі святар таксама тры разы пытаецца, ці выракаецеся злога духа…
Сяргей Дычок:
– А я задаюся пытаннем: у якім выглядзе прыходзіў да Езуса д’ябал? Ён жа бацька хлусні, ніколі не называе сябе злым духам, а заўсёды прыкідваецца: можа прыйсці ў выглядзе мудраца, пасланніка з неба, уладара. Езус адразу зразумеў, хто знаходзіцца перад Ім. І мне здаецца, што, калі прагучала першая прапанова ператварыць камень у хлеб, Езус мог гэта зрабіць, але не захацеў, таму што рызыкаваў упасці ў грэх гардыні: маўляў, Я ўсё магу і зараз табе дакажу сваю ўсемагутнасць. Але Ён абмінуў спакусу і тую, якая прагучала, і тую, якая не прагучала.
Ніна Мажэйка:
– Гэты ўрывак лічу вельмі карысным для моладзі, таму што ў яе не хапае яшчэ жыццёвага вопыту, у пэўныя моманты ёй цяжка сказаць “не”, а Езус вучыць нас якраз гэтаму. І ў жыцці так патрэбна – што б там табе ні паабяцалі ў будучым, – умець сказаць “не” і стаяць на сваім.
Тарэса Казловіч:
– Дазвольце працягну думку Ніны і застанаўлюся на трэцяй спакусе, калі д’ябал завёў Езуса ў Ерузалем, паставіў на крыле святыні і сказаў: “Калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз…”. А для чаго – “кінься”? Паглядзець, ці Бог выратуе Сына Свайго ці не?.. Гэта не мела ніякага сэнсу, рабілася толькі напаказ. І ў адказ гучыць: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго”. Маецца на ўвазе – без патрэбы. На маю думку, урывак падкрэслівае, што да Пана Бога патрэбна звяртацца сапраўды ў цяжкіх сітуацыях, па сур’ёзнай прычыне, а не “выпрабоўваць” Яго дарэмна.
Віктар Дычок:
– А як можна выпрабоўваць Бога не дарэмна?..
Вядучы:
– Так, кожнае выпрабаванне Яго – дарэмнае… Бо Пана Бога выпрабоўваць нельга, Ён валадарыць і кіруе ўсім сусветам.
Часлава Каламыцкая:
– Гэты эпізод вяртае мяне да той з’явы ў сучасным жыцці, пра якую ўсе чулі і ведаеце, як падлеткі мелі такую “моду”, ставячыся ў экстрэмальныя сітуацыі, напаказ і даводзілі сябе да самагубства. Д’ябал іх да гэтага падштурхоўваў, яны згаджаліся, не гаварылі яму “Не, гэтага рабіць не будзем!” і… адыходзілі з жыцця.
– Ну, так: ты – кінься ўніз, а я пагляджу, што з гэтага атрымаецца…
Рэгіна Дычок:
– Хрыстос не ўступае з д’яблам у дыялог, адказвае яму словамі Святога Пісання. Лічу, што нам гэта таксама навука. Бо, калі часам прыходзіць нейкая думка ці патрэба зрабіць выбар, то мы не можам знаць, адкуль яна прыйшла – ад д’ябла ці гэта ад Бога сыходзіць. Таму трэба заўсёды звяртацца да Святога Пісання і ім кіравацца.
Часлава Каламыцкая:
– Бо Слова Божае, Святое Пісанне – гэта аснова ўсяго, што нам трэба. У гэтым сэнсе мне спадабаліся словы пробашча, калі ён дарыў дзецям Бібліі, то сказаў, што не знайшоў адмысловую малітву, каб асвяціць гэтыя кнігі. А гэта значыць – што яны ўжо самі па сабе асвечаныя Божай ласкай, і трэба часцей у іх заглядаць. Дарэчы, у нас калісьці прадавалася кніжка “Слова Божае на кожны дзень” з каментарыямі, і было вельмі добра – на Літургію я ішла, падрыхтаваная. Сёння кіруюся Літургічным календаром, каб ведаць наперад, аб чым будзе гаварыць ксёндз.
Карына Руткоўская:
– З дзяцінства хаджу ў касцёл, бабуля прывучыла мяне да чытання каталіцкіх выданняў, у прыватнасці, да газеты “Слова Жыцця”, і я з дзяцінства вырашыла, што курыць не буду ніколі. А зараз знаёмая моладзь, сябры часам прапаноўваюць: паспрабуй, у гэтым нічога дрэннага, не спадабаецца – пакінеш. Я адмаўляюся. Лічу, што ў гэты момант праз іх мяне падбухторвае д’ябал і хоча адарваць мяне ад Бога. Я адмаўляюся. Канешне, рабіць гэта цяжка, але трэба думаць і розумам, і сэрцам, каб не пагрузіцца ў грахі сучаснага свету, а накіроўвацца да Бога.
Вядучы:
– Віктар сказаў пра тры спакусы д’ябла, якімі ён выпрабоўваў Езуса, такія асноўныя стратэгіі, праз якія д’ябал можа ўдарыць і перамагчы чалавека. Першае – патрэба хлеба, інакш кажучы – патрэба цела. Праз цялесныя патрэбы грэх часта ўваходзіць у душу чалавека. Другая спакуса – пажаданне вачэй – багацце, нястрыманае жаданне мець усяго як мага болей; сёння мала тых, хто задавальняецца малым. Трэцяе – гардыня: кінься і дакажы, што ты можаш усё! Сапраўды, тры самыя слабыя “пункты” ў жыцці чалавека. Фрагмент вельмі яскрава падкрэслівае, што злы дух, д’ябал у прынцыпе існуе і дзейнічае! Некаторыя абвяргаюць гэтае сцвярджэнне, але яго не прыдумаў Касцёл на пэўным этапе свайго існавання, ці Папа Рымскі, ці біскупы – аб гэтым гаворыць Святое Пісанне! Невыпадкова сёння нават ў тэалагічных колах ідуць дыскусіі на тэму існавання д’ябла. Але ў таго, хто гэтае існаванне адмаўляе, губляецца пачуццё граху, а гэта само па сабе ўжо небяспечна. Лічу, што такая нездаровая думка закралася ў нашае мысленне з-за скрыўлення ў веры. Глядзіце, якія часам “упрыгожванні” носяць дзеці на сваіх куртачках – такіх “чорцікаў”. Або казаў ужо, як некалькі гадоў таму быў ў Ваўкавыску на свяце горада і бачыў, як ахвотна бацькі купляюць дзецям бліскучыя “рожкі”.Тыя бегаюць, адзін другога палохаюць… Такая гульня ні што іншае, як “асваенне” з д’яблам. Пасля не трэба здзіўляцца, што ў дзяцей “рогі” вырастаюць… Сапраўдны хрысціянін – заўсёды добры стратэг і ведае, дзе ўзмацніць абарону, каб нішто не прарвала яе. І Святое Пісанне падказвае, дзе нашыя слабыя месцы.
Марыя Бічэўская:
– Але глядзіце, як д’ябал вы-прабоўваў Езуса, якімі словамі: “Я дам Табе ўсю гэтую ўладу і славу. Каму хачу, даю яе. Калі Ты паклонішся мне…”. Хацеў узяць верх над Панам Богам. Д’ябал жа ведаў, што перад ім – Сын Божы, і так смела замахнуўся на верхавенства Божае.
Ян Краснік:
– Д’ябал – ілжэц, выпрабоўвае Езуса сваім махлярствам. Якую ўладу ён дасць, калі сам яе не мае…
Віктар Дычок:
– Д’ябал спакушае Езуса так далікатна, што адразу можна падумаць нават спачувае Яму: маўляў, Ты ж галодны, ператвары камень у хлеб, паеш, я ж нічога дрэннага Табе не кажу… І вось тут самая небяспечная рэч: з бачным злом заўсёды лягчэй змагацца, чым з тым, якое не бачна нашымі вачыма, а нас датычыцца, дзейнічае! Пра павука так кажуць: не страшна, што ён вялікі, а страшна, калі яго не бачыш. Дзве думкі, якія выношу з гэтага фрагмента: першая – 40 дзён па пустыні Езуса вадзіў Святы Дух. І калі Езус апынуўся перад такімі выпрабаваннямі, то чалавек – тым болей… Таму, калі чалавеку Бог дае апынуцца ў складанай сітуацыі і яму трэба зрабіць кардынальны выбар – значыць у гэтым ёсць вялікі сэнс! Значыць, чалавеку гэта патрэбна, карысна! Другая думка датычыцца цытаты: “Не будзеш вы-прабоўваць Пана Бога твайго”. Глядзіце: прыходзім у касцёл, молімся, бясконца просім аб чымсьці Бога, і надыходзіць момант, калі з’яўляюцца сумнівы: “Чаму Ён не чуе?.. Дык можа Ён наогул не існуе?..”. Але нельга падаць у веры. І “выпрабоўваць” Бога – грэх. Трэба памятаць, што на ўсё свой час, Бог ведае, калі і што нам патрэбна.
Марына Юрчык:
– А для мяне гэты ўрывак – больш пра надзею. Возьмем 1-ю і 3-ю спакусы – яны звернуты да Боскай прыроды Хрыста. Д’ябал прапаноўвае Яму зрабіць нешта звышнатуральнае – ператварыць камень у хлеб, кінуцца з вышыні і застацца жывым. Але, каб вытрымаць гэтыя спакусы, Хрыстос не звяртаецца да Сваёй Боскай прыроды, не робіць ніякіх цудаў, хоць і мог, але выкарыстоўвае сваю чалавечую сутнасць і дае адказ д’яблу. Лічу, што гэты эпізод вучыць нас, як правільна рэагаваць на выклікі і спакусы, бо і ў нас ёсць тое, што было у Езуса, – сіла. Сіла гэтая ў тым, хто мы ёсць: мы – Божыя людзі, маем Святое Пісанне, і гэтага дастаткова.
Ян Краснік:
– Д’ябал заўсёды прыходзіць да чалавека, калі чалавек становіцца слабейшы…
Віктар Дычко:
– Яшчэ важная акалічнасць: Езус пайшоў на пустыню пасля Ярдана, пасля Хросту, і д’ябал пачаў на яго атакі. Так бывае і ў нас: выходзіш з касцёла пасля споведзі, напоўнены Святым Духам, і раптам нешта пачынае рабіць да цябе рызыкоўныя “захады”, правацыраваць на дрэнныя ўчынкі… Д’ябал заўсёды нападае ў момант, калі яго не чакаеш.
с. Гражына Яновіч:
– Гэты фрагмент вельмі важны для нашага духоўнага жыцця, ён уводзіць нас у Вялікі Пост. Езус пайшоў на пустыню, напоўнены Духам Святым, узяў на сябе абавязак посту – 40 дзён без вады і яды. І зрабіў гэта перад пачаткам сваёй публічнай дзейнасці, абмежаваўшы сябе ва ўсім, каб цярпець разам з тымі, дзеля каго прыйшоў. Што робім мы ў свой час посту? Ад чаго адмаўляемся – цукерачак не есці?.. Якія вызначаем сабе пастановы? Мы прывыклі да посту як да абавязку, якога вымагае ад нас Касцёл. А трэба, каб мы самі хацелі пасціць. І справа зусім не ў адмаўленні ад спажывання мяса, іншых тлустых ці салодкіх страў – справа ў нашай здольнасці быць людзьмі моцнай веры, кіраваць сваімі ўчынкамі, накладаць на сябе пакуту, упадабняючыся Езусу.
Ян Краснік:
– Людзі не разумеюць, што, церпячы цялесна, яны атрымоўваюць духоўнае…
Вядучы:
![На здымку: пробашч парафіі кс. Андрэй Радзевіч (у цэнтры) з удзельнікамі сустрэчы (злева направа) Карынай Руткоўскай, Янам Краснікам, Віктарам Дычок, Нінай Мажэйка, с. Гражынай Яновіч, Юліяй Кепурка, Марыяй Бічэўскай, Чаславай Каламыцкай, Сяргеем і Рэгінай Дычок, Марынай Юрчык, Тарэсай Казловай і Леанардай Жадзеўскай.](https://dialog1994.by/wp-content/plugins/jquery-image-lazy-loading/images/grey.gif)
– Сястра Гражына выказала слушную думку: людзі згубілі са-праўдны сэнс посту і часам прымаюць на сябе абавязкі, якія не каштуюць ім ніякіх духоўных намаганняў. А на самой справе – для чаго пост? Для таго, каб перамагаць пазней зло ў нашым жыцці. Калі я навучуся казаць “не” нават нечаму для мяне прыемнаму, то, калі прыйдзе спакуса, я таксама сумею сказаць “не”. Глядзім на Пана Езуса. Ён быў аслаблены фізічна, 40 дзён не піў і не еў, але быў моцны, бо праз гэты пост навучыўся су-працьстаяць усім спакусам і выпрабаванням; была сіла ў гэтым посце!
Часлава Каламыцкая:
– Ведаю па сабе: час Вялікага посту дае шмат плёнаў. Я многа раз заўважала, што пад канец перыяду становішся больш разважлівым, спакойным, і ўсе людзі здаюцца табе добрымі, памяркоўнымі, ты пачынаеш болей іх разумець…
Юлія Кепурка:
– Для мяне час Вялікага посту –час складаны. Кожны год раблю сабе пастанову, вымагаю пэўных вынікаў і заўважыла, што самае цяжкае – пост цялесны. Цяжка яго прытрымлівацца. Таму як мага болей паглыбляюся ў размовы з людзьмі, у чытанне Святога Пісання, а адмовіцца ад ежы – не магу.
Марыя Бічэўская:
– А мяне заўсёды здзіўляла, як маці, пахаваўшы 7-гадовага сына, трывала ў посце і ніколі не з’ела да Спаса ніводнага яблыка. Кажам: “Мамачка, ну хоць спрабуй – такія спелыя, духмяныя”, а яна да 90 гадоў дажыла і ніколі свой абет не нарушыла.
Вядучы:
– Шаноўныя, але ж трэба быць разважлівымі, не ўпадаць у крайнасці, зважаючы толькі на знешнія праяўленні і формы посту. Куды значна важней тое, што адбываецца з нашым сэрцам і сумленнем. І справа не толькі ў ежы; ёсць, пэўна, іншыя рэчы, якія мы павінны ахвяраваць у часе посту. Вам ужо расказваў, што ведаў мужчыну, які ў пятніцу жыў толькі на вадзе, але ў той дзень да яго лепей было не падыходзіць. А гэта, самі разумееце,– ужо не рэлігійная практыка…
с. Гражына Янковіч:
– Мы павінны дзякаваць Богу за тое, што ёсць Касцёл, што мы да яго належым і што ён прапануе нам практыку, гледзячы на Езуса Хрыста. Для сябе даўно зрабіла выснову, што для мяне гэтыя 40 дзён моцна патрэбныя, яны – заклік, каб з іх чэрпала сілу ісці па жыцці.
Падсумоўваючы разважанні, якімі шчыра дзяліліся прысутныя, пробашч парафіі кс. Андрэй яшчэ раз падкрэсліў, якую вялікую сілу маем у Езусе Хрысце і што толькі Яго моцай перамагаем спакусы, праявы злога духа і грэх у нашым штодзённым жыцці.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
Гродзенская вобласць