«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І зноў будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

 

 

Гісторыя адной сустрэчы

 

 

 

Па дарозе ў Эмаус

 

Двое з іх у той жа дзень ішлі ў вёску, якая знаходзілася ў шасцідзесяці  стадыях ад Ерузалема і якая называлася Эмаус. Яны размаўлялі паміж сабою  пра ўсё тое, што адбылося. А калі размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус  наблізіўся ды ішоў разам з імі. Аднак вочы іх былі стрыманыя, таму не  пазналі Яго. А Ён сказаў ім: «Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?». І  яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў  Яму: «Ты, адзін з тых, хто прыйшоў у Ерузалем, і не ведаеш, што там сталася ў  гэтыя дні?». Ён спытаў іх: «Што?». Яны сказалі Яму: «Тое, што сталася з  Езусам з Назарэта, які быў прарокам, магутным у чынах і ў слове перад Богам і  ўсім народам; як першасвятары і кіраўнікі нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як гэта сталася. Але і  некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы і не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы (…)     (Лк 24, 13-23).

 

 

f-str-17У парафіі Святой Ганны ў Дзяржынску прайшло пасяджэнне “круглага стала”, дзе разважалі над урыўкам з Евангелля Св. Лукі “Па дарозе ў Эмаус”. Яго ўдзельнікамі былі Ядвіга Хадасевіч, Ніна Макарэвіч, сужэнства Антаніна і Генадзь Лысыя і Тэрэза Грыбовіч. Вядучым быў пробашч парафіі Сяргей ДАБРАГОСТ, MSF.

 

Пасяджэнне пачалося з супольнай малітвы да Святога Духа, каб ахінуў сэрцы сабраных і дапамог адчуць радасць той сустрэчы, якая адбылася ў Езуса з вучнямі па дарозе ў Эмаус.

 

Вядучы:

– Шаноўныя, прапанаваны для разважання фрагмент вельмі важны ў разуменні нашай асабістай сустрэчы з Богам – не заўсёды намі распазнанай, але заўсёды лёсавызначальнай. Як у вучняў Езуса Хрыста. Адразу бачым, як двое – Кляоп і яшчэ адзін – ішлі, шчыра абмяркоўвалі па-дзеі, якія адбыліся ў Ерузалеме, і так былі засмучаныя імі, што нават не заўважылі, як Езус наблізіўся да іх. Збаўца пачаў пытацца, маўляў, пра што размаўляеце між сабою, і тады Кляоп  расказаў, што быў такі Езус з Назарэта, які быў прарокам, магутным у чынах і ў слове перад Богам, як пасля застаўся ўкрыжаваным. Расказаў, што і жанчыны здзівілі: пайшлі на досвітку да магілы, дзе Езус быў пахаваны, а цела не знайшлі. Ну і далей ведаем з урыўка, якой вялікай была радасць вучняў, калі стала зразумела, што перад імі – Сам Езус, якога пазналі ў ламанні Хлеба. Яны пабеглі назад у Ерузалем, каб гэтай радасцю дзяліцца з іншымі. Скажыце, калі ласка, каб на “машыне часу” вы маглі апынуцца разам з вучнямі на той дарозе, то з кім лепей захацелі б быць  – з тымі двума, якія пачыналі свой шлях у Эмаус, ці з тымі, хто, пазнаўшы Хрыста, пабег назад у горад?

 

Ніна Макарэвіч:

– Кажуць, што радасць павялічваецца, калі ёю дзелішся з іншымі. А хіба ёсць што лепшае ў свеце, чым несці людзям радасць?! Вучні Хрыста, якія вярнуліся ў горад, менавіта і панеслі Добрую Навіну засмучаным, тым, хто сумняваўся. Людзі, напэўна, чулі пра Назарэтаніна, які прапаведваў, што Місіі належыць моцна цярпець, памерці і ўваскрэснуць, але пад уплывам вучэння фарысеяў гэтаму не верылі. А тут Езус Хрыстус явіўся вучням, быў з імі, благаславіў іх, на свае вочы яны ўсё гэта ўбачылі і сваімі вушамі пачулі! Вучні сталі самымі першымі сведкамі тых надзвычайных падзеяў, таму маглі распаўсюджваць навіну, як кажуць, з першых вуснаў. Я б хацела быць сведкай радасці, быць з тымі, хто пабег назад у Ерузалем да апосталаў з радаснай весткай.

 

Антаніна Лысая:

– А мяне прываблівае момант ламання хлеба. Менавіта тады вучні пазналі Езуса, калі Ён застаўся з імі за сталом, узяў хлеб, паламаў, благаславіў і даў ім. Пасля гэтага адкрыліся іхнія вочы. У гэтым бачым дзеянне Божага Слова і праяўленне Божай ласкі. Калі сёння, падчас святой Эўхарыстыі, святар прамаўляе, ад Імя Езуса Хрыста, словы “Ешце – гэта ёсць Цела Маё” і “Піце – гэта ёсць Кроў Мая”, я заўсёды прыпамінаю біблійны эпізод, над якім сёння разважаем, дзе Езус, пасля Свайго  Уваскрасення, паказваецца вучням.

 

Ядвіга Хадасевіч:f-str-18

– Лічу, што добра было б і з Панам Езусам прайсці, і пабегчы з тымі, хто імкнуўся хутчэй распаўсюдзіць навіну аб Яго Уваскрасенні. Згадзіцеся, на працягу ўсяго шляху да Эмауса Езус тлумачыў сваім спадарожнікам усё, што пра Місію было напісана ў Старым Запавеце, што казалі прарокі пра Яго смерць і пра Яго Уваскрасенне. Хіба нам, сучасным, такія веды не патрэбныя?  Яшчэ як патрэбныя! Ён Сам падрыхтаваў сваіх вучняў да ўсяго таго, што адбылося пазней, Ён Сам адкрыў ім вочы на Божую праўду. Але праўда і тое, што мы, паслядоўнікі Езуса, у сваім жыцці паўтараем шлях Езуса – шлях ахвяры, цярпенняў, надзеі і веры ў жыццё вечнае. 

 

Вядучы:

– Так, Езус Хрыстус явіўся вучням і напомніў пра тое, што казалі раней пра Яго  прарокі. Затым адбылося ламанне хлеба. Што гэта такое?

 

Генадзь Лысы:

– Гэта як  дзяленне аблаткай у касцёле.

 

Ядвіга  Хадасевіч:

– Гэта – Святая Эўхарыстыя.

 

Вядучы:

– Дзяленне хлебам і ёсць Святая Эўхарыстыя, хоць і ў такіх спецыфічных умовах. Гэта сёння святая Імша праводзіцца ў касцёле, дзе ёсць алтар, амбона, а першыя хрысціяне, як Езус з апосталамі, садзіліся, а дакладней – лажыліся вакол невысокага століка (гэта можна ўбачыць нават у фільмах пра старажытны Рым ці старажытны Ізраэль), маліліся, дзяліліся прэсным хлебам і ўспаміналі словы Езуса: “Бярыце і ешце – гэта ёсць Цела Маё…”, перадавалі келіх з віном: “Бярыце і піце…”. Адзін другога перапытвалі: “А ты помніш, як Езус сказаў: “Благаслаўлёныя тыя, што плачуць, бо суцешаныя будуць…», “А помніш, як Езус дапамог рыбы налавіць?”. Сёння на Імшы мы чытаем Слова Божае, а яны адзін другому расказвалі…  Сапраўды, згаджаюся з меркаваннем, што добра было аказацца вучнем Езуса Хрыста і добра было стаць тым, хто, нягледзячы на змучанасць, паімчаўся ў Ерузалем, каб Добрую Навіну людзям данесці, як мы на Пасху: “Хрыстос уваскрос!”.

А ці быў у вашым жыцці момант, каб Бог Сам явіўся да вас і нешта вам  патлумачыў, быццам па палічках разлажыў?

 

Тэрэза Грыбовіч:

– Працяглы час я малілася ў пэўнай інтэнцыі і аднойчы, падчас малітвы ў касцёле, недзе пасярэ-дзіне той малітвы, пачула быццам унутраны голас: вось тое, аб чым молішся. Не, гэта не быў голас знешні, але я адчула яго ўсёю сваёю істотаю. Ад нечаканасці схамянулася, адчуванне было незвычайнае і я не магла дачакацца заканчэння святой Імшы, каб хутчэй падыйсці да ксяндза і запытацца, што гэта такое і як з гэтым жыць. “Ну што,–  адказаў святар, выслухаўшы.– Добра, што ты гэта адчула, Бог так даў”. І  пасля яшчэ былі выпадкі знакавыя. Лічу, што Бог усім падказвае, трэба толькі ўважліва пры-слухоўвацца да Яго.

 

Ядвіга  Хадасевіч:

– Памятаю, была зіма, я ў рукавіцах, іду за горад на працу, і як заўсёды, пры мне ружанчык.  Крыжык змясціўся на маёй далоні, а пацяркамі была абвіта рука паверх рукавіцы. Ішла і доўгі час малілася да Найсвяцейшай Маці, просячы дапамогі свайму ўнучку Арцёму. Раптам мая далонь стала моцна-моцна гарачая ад крыжыка. Падумала, што такі моцны агонь  гарэў у грудзях Божай Маці, калі яна стаяла пад крыжам, на якім канаў яе Сын. Падумала, што гэта таксама знак таго, што Бог чуе мае малітвы. Тым болей, што малілася не я адна – родныя, блізкія, знаёмыя, малілася ўся наша парафія. Значыць, гэта быў знак для ўсіх, хто маліўся і хто ахвяраваў сродкі на лячэнне, дзякуючы якім мой унучак пабываў у клініках у Маскве, Санкт-Пецярбургу, нават Ізраэлі. Захворванне складанае, рэдкае, і на сёння зроблена ўсё, што залежыць ад чалавека, МРТ робяць праз кожныя паўгода. Усё астатняе – ад Усявышняга. І мы працягваем маліцца да Пана Бога і просім іншых людзей, каб маліліся за нашага Арцёма.

 

Вядучы:

– Дазвольце маленькую рэмарку: не кожная бабуля можа па-хваліцца ўнукамі, як наша пані Ядвіга. Нягледзячы на роспач, напэўна, адчувае і радасць на сэрцы – трое з чатырох яе ўнукаў-хлопчыкаў, у тым ліку Арцём, – міністранты касцёла. Маем надзею, што хутка і чацвёрты прыйдзе, сёння яшчэ замалы – яму ўсяго тры гадкі.

 

Ніна Макарэвіч:

– Быў і ў маім жыцці перыяд, калі адчувала сябе быццам на ростанях. Звязаны ён быў з прафесійнай дзейнасцю, спецыялізацыяй у галіне медыцыны і атрыманнем сэртыфікату на новы від абслугоўвання хворых. На папярэдняй працы трапіла пад скарачэнне, а новай, якая б задавальняла, знайсці адразу не магла. Што рабіць? Пачала шчыра маліцца  да Маці Божай Нястомнай Дапамогі, адмаўляць навэнну – і на дзявяты дзень, знаходзячыся ў Чырвоным Касцёле ў Мінску, адчула радасць і незвычайны супакой на сэрцы, прыйшла ўпэўненасць, што ўсё ўладкуецца. Выйшла з храма і кажу сама сабе ўслых: “Дзякуй Табе, Пане Божа!”. І сапраўды, праз некалькі дзён мне пазванілі і прапанавалі працу – найлепшую для мяне на той момант.

 

Антаніна Лысая:

– Я ўпэўнена, што Бог прысут-нічае з намі кожны дзень. Успом-ніце, калі ласка, колькі хваляванняў перажывалі, пачаўшы рамонт касцёла. Быў жнівень. Намецілі адразу паставіць агароджу і дамовіліся з парафіянамі, што арганізуем суботнік і ўсё зробім. Прачынаюся пад раніцу – дождж, як з вядра. Што ж будзе, у нас жа ўсё раскопана, усё паплыве… Я – да Маці Божай: “Матачка Найсвяцейшая, Ты ж ведаеш, што мы павінны былі сёння зрабіць. Дапамажы!”. А тут хутка ўжо 7 гадзін раніцы, мужчыны звоняць: як быць? Адказваю ўсім: прыходзьце! І што думаеце: сабраліся парафіяне – і дождж перастаў! Звоняць знаёмыя з Мінска, з Дзераўной, Хатава – ўсюды ліўні, а ў нас – сонейка! У той дзень мы ўсё-усё парабілі, што запланавалі. Аналагічная сітуацыя здарылася і як фундамент пачалі, і з вывазам грузаў з тэрыторыі касцёла. Перажывалі, роспач агортвала, як тых вучняў Хрыстовых, не адзін раз, але  ў выніку ўсё рабілася так, як патрэбна Богу.

 

Вядучы:

– Так, маленні нашыя небезвыніковыя, Бог прысутнічае з намі, як Езус з вучнямі: кладзе руку нам на плячо і пытае: чаго стаіце, панурыя, аб чым цяжкім разважаеце? І далей падказвае выйсце, дае надзею, плады Яго ўмяшальніцтва адчуваем на кожным кроку. На той дарозе ў Эмаус быў момант, калі вучні, яшчэ не ведаючы, што перад імі Сын Божы, інтуітыўна адчулі вялікую цікавасць да Яго асобы і пачалі прасіць, каб застаўся з імі нанач. І Ён застаўся. А якімі знакамі, словамі, дзеяннямі мы з вамі просім Бога, каб застаўся з намі?

 

Ніна Макарэвіч:

– Гэта можа выражацца звычайнай людскою просьбаю, і думаю, што большасць вернікаў так і робіць. Асабіста я таксама прашу простымі словамі: Божа, будзь са мною тут, дома, на працы… Дзе знаходжуся, там і прашу. Трынаццаць з паловаю гадоў працавала ў анкалагічным шпіталі ў Мінску. У маім кабінеце вісеў абраз Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, можна сказаць, такая бачная прысутнасць Бога.  Пацыенты затрымліваліся каля яго і, нягледзячы на сваю прыналежнасць да іншай канфесіі, рабілі знак крыжа на лбе, простымі словамі прасілі дапамогі, а калі час дазваляў, то і распавядалі гісторыі свайго жыцця. Гісторыі падчас вельмі сумныя, многія шкадавалі  за свае грахі, сярод якіх часцей за ўсё сустракаліся аборты. Слухаць было сумна, але з’яўлялася і  спадзяванне, што гэта – першы крок да навяртання. І так было.

Зваротам-просьбай да Бога, каб быў з намі, з’яўляецца таксама і кожная святая Імша.

Вядучы:

– Так, спавядаемся, молімся, прымаем удзел у Святой Эўхарыстыі, просім Бога, каб падтрымаў і ўзмацніў нас Сваім Целам і Крывёю, і цэлебрант, напрыканцы святой Імшы, прамаўляе словы, моцна пажаданыя для ўсіх, хто ўдзельнічаў у Эўхарыстыі: “Пан – з вамі!”. Затым – “Ідзіце ў супакоі Хрыста”. І з гэтай радасцю вернікі выходзяць з касцёла, быццам тыя вучні, што пабеглі ў Ерузалем. Што азначае той бег у Ерузалем для нас сёння? 

 

Ніна Макарэвіч:

– Нам многае дадзена Богам, і мы павінны дзяліцца гэтымі Божымі дарамі з іншымі людзьмі. Я медыцынская сястра, не так шмат ад мяне залежыць, але імкнуся дапамагчы кожнаму, хто да мяне звяртаецца, і калі гэта ў маіх сілах – супакоіць, даць карысную параду, падбадзёрыць, падлажыць свае рукі… Імкнуся, каб праз мяне дзейнічаў Пан, каб усе адчулі радасць прысутнасці Бога ў нашым штодзённым жыцці. Несці Евангелле іншым – абавязак кожнага хрысціяніна.

 

Ядвіга Хадасевіч:

– Часам хто-небудзь са знаёмых пытаецца: ну як там у цябе тое ці тое атрымалася?.. Заўсёды адказваю: “Дзякуючы Пану Богу”. Бывае, што сапраўды ужо прыйшоў адказ ад Бога, а бывае, што яшчэ трэба пачакаць, і пачакаць доўга. У мяне была праблема з сынам, я не пераставала маліцца, просячы Бога, каб пазбавіў яго залежнасці і дрэнных звычак. І сёння магу сказаць: дзякуючы Пану Богу сынок мой жыве як належыць кожнаму сталаму чалавеку.

 

Вядучы:

– А ці бывае, што вы абяцаеце маліцца за каго-небудзь незнаёмага, за іншых людзей наогул?  Як на гэта рэагуюць людзі?

 

Антаніна Лысая:

– Рэагуюць вельмі станоўча, дзякуюць. Не было такіх, каб сказалі: “Не вашая справа”, наадварот. У мяне быў выпадак, што доўгі час я малілася за праваслаўных. Гэтым мы таксама сцвярджаем, што ўсё залежыць ад Пана Бога, што Ён чуе нашыя малітвы, бо, уваскрослы, жыве побач з намі.

На здымку: пробашч парафіі Сяргей Дабрагост, MSF з удзельнікамі  сустрэчы (злева направа): Тэрэзай Грыбовіч, Генадзем і Антанінай Лысымі, Ядвігай Хадасевіч і Нінай Макарэвіч.

На здымку: пробашч парафіі Сяргей Дабрагост, MSF з удзельнікамі сустрэчы (злева направа): Тэрэзай Грыбовіч, Генадзем і Антанінай Лысымі, Ядвігай Хадасевіч і Нінай Макарэвіч.

 

Вядучы:

– Бог уваскрос, Бог Жывы, Ён сярод нас! Гэта самая галоўная падзея, першымі сведкамі якой сталі вучні Хрыста на дарозе ў Эмаус і пабеглі расказваць аб ёй. Яны і нам даюць прыклад, каб сёння мы спяшаліся распаўсюджваць праўду аб Уваскрасенні Езуса і аб Яго благаслаўленні усіх збянтэжаных, напалоханых, разгубленых: “Супакой вам!”. Пан Езус прыходзіць не толькі да вучняў, але да ўсіх, нават да тых, хто пачынае рабіць толькі першыя крокі на дарозе да Бога. І гэта дае нам надзею на лепшую будучыню, на Божую прысутнасць і Яго бясконцую міласэрнасць.

 

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

Мінская  вобласць


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий