На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.
І зноў будзем разважаць над асобнымі фрагментамі са Святога Пісання, над якімі заклікаем і вас схіліцца разам з намі…
Дух Святы, напаўняй нас сваімі дарамі!
Спасланне Духа Святога
Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам у тым самым месцы. Раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі. З’явіліся ім падзеленыя языкі, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх. Усе напоўніліся Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць.
Былі ў Ерузалеме жыхары Юдэі, людзі пабожныя з усякага народу пад небам. Калі ўзняўся гэты шум, сабралася мноства людзей і захвалявалася, бо кожны з іх чуў, што яны гавораць на ягонай мове. Былі ўражаныя і здзіўляліся, кажучы: “Ці ж усе тыя, хто гаворыць, не галілейцы? Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся? Парфяне і мідзяне, эламіты і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападоцыі, Понта і Азіі,Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, сумежных з Кірэнай, ды прыезджыя рымляне, юдэі і празеліты, крыцяне і арабы, — мы чуем, што яны гавораць нашымі мовамі пра вялікія справы Божыя”. Усе былі ўражаныя і ўзбянтэжаныя, кажучы адзін аднаму: «Што гэта значыць?». А іншыя з насмешкай казалі: «Яны напіліся маладога віна». (Дз 2, 1-13).
У парафіі Ўзвышэння Святога Крыжа ў г. Ліда сабраныя за “круглым сталом” вернікі разважалі над урыўкам “Спасланне Духа Святога” з Евангелля. Удзельнікамі пасяджэння былі клерык Гродзенскай духоўнай семінарыі Аляксей Ціхан, а таксама Дар’я Роўба, Кацярына Перавозава, Павел Слізевіч, Яраслаў Паўловіч, Эвяліна Буцько. Вядучым быў дыякан Уладзіслаў МАЛЫШКА.
Вядучы:
– Шаноўныя, прапаную паразважаць над цікавым біблійным сюжэтам і адказаць сабе на пытанні: як Святы Дух дзейнічае ў жыцці канкрэтнага чалавека, грамадства, якую падказку нясе кожнаму з нас і ці заўважаеце вы яе? Можа, гэты ўрывак напамінае вам аб чымсьці лёсавызначальным у вашым жыцці?
Адзначым адразу, што Пяцідзясятніца – гэта адно з галоўных свят, якое і адзначаецца праз 50 дзён пасля Пасхі. Як ведаем з гісторыі хрысціянства, у гэты дзень у Ерузалем, акрамя веруючых юдэяў, збіралася шмат людзей з суседніх тэрыторый. Нягледзячы на тое, што краіна на той час была пад акупацыяй рымлян, усе яны прыходзілі памаліцца, успомніць дзень, у які Майсею быў дадзены Закон на гары Сінай, паглядзець на ўсё сваімі вачыма. Свята збірала веруючых і няверуючых з розных куткоў. У гэтым урыўку асабіста я знахожу для сябе падобныя – з сённяшнім жыццём – асацыяцыі. У нас таксама шмат таго, што спрыяе святкаванню, узрастанню ў веры, і шмат, што не спрыяе. Глядзіце, два гады жывём пад страхам заразіцца каронавірусам, людзі не рызыкуюць нават ісці ў касцёл, бо баяцца падхапіць вірус, і сядзяць па дамах, як сядзелі апосталы. І тыя баяліся выходзіць на вуліцу, размаўляць з іншымі і прапаведваць, бо не ведалі, што будзе далей. Сёння я і сам задаю сабе пытанне: што магу зрабіць у гэтай сітуацыі я, дыякан?.. Як ісці прапаведваць, калі так шмат неспрыяючых акалічнасцей: пандэмія – не спрыяе, ваенны канфлікт – не спрыяе… І вяртаючыся да старонак Бібліі, бачу надзею толькі ў Святым Духу.
У многіх эпізодах чытаем, што Святы Дух прыходзіць як вецер, гэта моцна імгненнае уздзеянне; нават жыццё пры стварэнні свету ўвайшло ў чалавека подыхам ветру. Бог пасылае нам свае шматлікія дары і не чакае, што мы будзем доўга і ціха сядзець, млява разважаць, а накіроўвае да таго ж нейкія рэзкія або надзвычайныя сітуацыі, якія патрабуюць ад нас такой жа імгненнай рэакцыі. Іншымі словамі, Святы Дух пачынае дзейнічаць ужо ў нас самых, дзейнічаць адразу, адначасова з тою акалічнасцю, якая раптам увайшла ў нашае жыццё. Як, напрыклад, апосталы, напоўненыя Святым Духам быццам павевам моцнага ветру, пачалі гаварыць на іншых мовах, Дух даваў ім прамаўляць, а ўсе прысутныя пачулі іх – і дзіва! – кожны на сваёй роднай мове. Часам і ў нас так адбываецца: адны нас не чуюць, хоць і прамаўляем слушныя і важныя рэчы, а іншыя – абавязкова чуюць і разумеюць! Дык у чым сіла Духа Святога? Што ўразіла вас у гэтым урыўку асабліва?
– Асабіста мяне моцна кранула тое, што гэты вялікі дар – прамаўляць на той мове, якую пачуюць і зразумеюць іншыя людзі, – атрымалі простыя вучні, якія ішлі за Езусам. Яны не вызначаліся асаблівай дасведчанасцю ці мудрасцю, не мелі багатых ведаў, яны былі звычайнымі людзьмі, якія проста ішлі за Хрыстом. Канешне, і між імі маглі ўзнікаць нейкія свае праблемы ці недарэчнасці і цяжкасці, але, нягледзячы ні на што, яны ішлі за Езусам да канца, жадаючы ўпадабняцца Яму, дзейнічаць па Яго прыкладу. І гэта Гасподзь, пакідаючы гэты зямны свет, дае нам надзею, гаворыць аб тым, што Ён пашле нам Святога Духа, які таксама будзе дзейнічаць, дапамагаць прапаведваць Слова Божае, несці яго тым, хто адчувае ў ім патрэбу. Гаворачы пра тое, што яно з’яўляецца жывым і дзейсным, мы павінны слухаць яго ў нашым жыцці і верыць, што Дух Святы дзейнічае ў самым чалавеку заўсёды так, што нават у самыя складаныя часы ўсё, урэшце, становіцца зразумелым і ясным.
Вядучы:
– А зараз давайце ўявім сабе сітуацыю. Вось мы тут сядзім, як апосталы, за сталом, размаўляем, і раптам на нас моцны подых ветру, з неба спускаюцца языкі полымя і затрымліваюцца на кожным з нас. Ваша рэакцыя, вашыя думкі ў гэты момант?
Павел Слізевіч:
– Я падумаў бы, што Езус зноў жартуе… А калі сур’ёзна, то, думаю, калі б мы, вучні Хрыста, якія за Ім ходзяць і якія ўжо чулі папярэджванне, што Езус пашле на нас Святога Духа, на свае вочы ўбачылі і языкі гэтага полымя, і адчулі павеў ветру, то моцна не здзівіліся б. Не здзівіліся б, па-першае, ужо сказаў, што былі папярэджаныя аб прыйсці Духа Святога, па-другое, менавіта аб гэтым мы маліліся б, як апосталы ў вячэрніку; па-трэцяе, мы б разумелі гэты асаблівы момант, да якога вучняў і падрыхтаваў Езус Хрыстус. Калі б у тых абставінах не было між імі адзінства (лічу гэта важным фактарам), калі б у гэтай інтэнцыі яны не маліліся, калі б не былі падрыхтаваныя, то Святы Дух не сышоў бы на іх ўсіх адначасова. Езус да гэтага іх падрыхтаваў, і яны прынялі гэтыя дары.
Вядучы:
– Апосталы ўзрадаваліся, калі на іх узышоў Дух Святы. А чаму? І чаму мы павінны радавацца, што мы – хрысціяне, працягваем справу апосталаў, з’яўляемся тымі, хто атрымлівае дар Духа Святога ў сваім жыцці? Ці заўважаеце гэта?
Эвяліна Буцько:
– Думаю, што сапраўдны сталы хрысціянін заўсёды заўважыць дзеянне Святога Духа. Вярнуся да эпізоду яшчэ з дзяцінства, калі хадзіла на ўрокі рэлігіі, рыхтуючыся да бежмавання. Памятаю, разглядалі мы тэму Святога Духа. Сястра Галіна расказвала тады пра сябе, што калісьці яна перад кантрольнымі работамі ў школе заўсёды малілася да Святога Духа і што заўсёды было ў яе добра. Тое ж магу сказаць цяпер пра сябе і я. Ішла на экзамен ў 9-м класе і памалілася да Святога Духа. Першы раз у жыцці атрымала за дыктант “10”, хаця да тога выпадку “10” не было ніколі – толькі “8” і “9”. З той пары, на які б экзамен, заданне, ці працу я не ішла, заўсёды малюся да Святога Духа. Сёння гэта адна з асноўных маіх малітваў. Думаю, што гэта і ёсць праяўленне Святога Духа ў маім жыцці, канешне, не без маіх намаганняў. Упэўнена, што кожны веруючы чалавек заўважае дзеянні Святога Духа ў жыцці і дзякуе за гэта Богу.
Вядучы:
– Чытаючы тэкст Евангелля, нельга не заўважыць фразу, што, атрымаўшы Духа Святога, яны пайшлі прапаведваць. На вашую думку, як у наш час, канкрэтна ў дадзеных абставінах мы можам несці Духа Святога і прапаведваць Добрую Навіну?
Кацярына Перавозава:
– Скажу пра сябе. У мяне многа сяброў, якіх ведаю больш за палову свайго жыцця. Сярод іх не толькі веруючыя, ёсць і няверуючыя, але пры дапамозе Інстаграм кантактую з усімі. Для мяне гэта стала інструментам перадачы веры, звычайнай пляцоўкай, дзе можна падзяліцца сваімі думкамі, разважаннямі, даць сведчанне веры, падказаць або напісаць тэкст малітвы, якая найболей прыдатная ў тым ці іншым выпадку. У маім жыцці Езус на самых простых рэчах дае мне такі дар веры, што я магу, седзячы ў кампаніі сяброў з кубкам кавы, ці праз Інстаграм даць асабістае сведчанне, напоўненае Святым Духам, падняць дух чалавека нават неверуючага, што пасля мне са здзіўленнем пішуць: “Гэта праўда? Як гэта магчыма?” І пасля пачынаюць задумвацца, Хто насамрэч кіруе нашым жыццём. Мой самы вялікі прыклад – мая мама. Яна цяжка хварэла, прызналі анкалогію. Усе родныя і знаёмыя маліліся за яе ў касцёлах, таксама ў цэрквах. Я перажывала вялікую паніку, мне не хапала веры. Пасля адзін чалавек прыслаў мне відэа са сведчаннем жанчыны, якая ўсё жыццё хварэе, але жыве! Тое відэа так на мяне ўздзейнічала, што я пачала яшчэ болей маліцца і мацней паверыла ў сілу ўздзеяння Святога Духа. Урэшце, дажыла да таго шчаслівага моманту, калі мая мама напісала мне, што хваробы ў яе гэтай болей няма. Тое відэа я перасылала яшчэ многа разоў тым, хто перажываў нешта падобнае, што і я. Працягваю і далей выкарыстоўваць Інстаграм для евангелізацыі: прашу памаліцца за каго-небудзь, запісваю і перасылаю сведчанні веры сябрам, прапаноўваю часам паразважаць над якім-небудзь урыўкам, сказам ці словам з Евангелля. І становіцца вельмі прыемна, калі мне ў адказ прыйдзе: “А ведаеш, сёння я была ў касцёле… Думала над тым, аб чым ты напісала мне апошнім разам”, або: “Учора хадзіў у царкву… Адчуў сябе незвычайна ўзнёсла”. Заўважаю і разумею, што Езус Хрыстус пасылае мне насустрач людзей, якія з’яўляюцца быццам ніадкуль, але, напоўненыя Святым Духам, дзеляцца гэтым вялікім дарам са мною.
Вядучы:
– Стаўлю пытанне для Яраслава: уяві сітуацыю, што ты выйшаў на плошчу, перад табою процьма народу з розных куткоў свету, розных нацыянальнасцей, усе рознамоўныя. Што галоўнае сказаў бы ты ім, каб яны зразумелі?
Яраслаў Паўловіч:
– Па-першае, сказаў бы так: маліцеся, браты і сёстры, каб Святы Дух сышоў на вас і каб яго дзеянні вы заўважылі і прынялі. Па-другое, дары Святога Духа – найбольшая ласка Пана Бога, якою Ён агортвае нас у самыя адказныя моманты нашага жыцця. Карыстайцеся імі толькі ў стваральных мэтах, ва ўдзячнасць Богу і на карысць усім людзям.
Вядучы:
– А можаце падзяліцца, ці здараліся ў вашым жыцці цуды, якія б яскрава гаварылі аб прысутнасці Святога Духа і яго ўздзеянні на вас? У чым гэта праяўлялася?
Дар’я Роўба:
– Многа разоў прымала ўдзел у рэкалекцыях, медытацыях, ездзіла на “Вінаграднік” ў Воршу і заўважала: сяджу са Святым Пісаннем, разважаю над Божым Словам, а стан мой такі, што зараз, здаецца, нябачныя крылы падымуць мяне і панясуць высока-высока… Здаецца, быццам я ўжо не сяджу на стуле, а недзе пад аблокамі… Той стан я расцаніла як адпачынак у Святым Духу. У школьным дзяцінстве таксама была вялікая адкрытасць на Бога, вялікі давер Святому Духу, і здаралася так, што выдатныя адзнакі атрымоўвала лёгка, без асаблівых намаганняў – адзін раз прачытаўшы. Але пасля страціла гэты дар…
Вядучы:
– Завяршаючы сённяшнія нашыя разважанні, падкрэслім яшчэ раз: уздзеянні Святога Духа, як прыгожа сказана ў Бібліі, падобныя да моцнага павеву ветру. Адбываюцца імгненна, і ты незаўсёды бываеш здольны “ухапіць”, зразумець, што гэта – дары Святога Духа ці супадзенне, выпадковасць, тая самая “фартуна”, падчас якой і табе патрэбна прыкласці пэўныя намаганні? Адрозніць гэта бывае вельмі цяжка, але патрэбна памятаць галоўнае: Бог дае чалавеку дары Святога Духа, дае назаўсёды, і для нас важна – не баяцца прыняць іх. Той жа дар мужнасці: бываюць у жыцці абставіны, калі нельга стаяць у баку і маўчаць, а наадварот – трэба мужна заявіць, хто я, якія ў мяне мэты. Апосталы таксама сядзелі і маўчалі, уражаныя і ўзбянтэжаныя, аднак Пётр узяў на сябе смеласць выказаць свае думкі і растлумачыць, што азначаў і той вецер, і тыя языкі полымя… Жадаю вам і сабе быць тымі хрысціянамі, якія не баяцца прыняць на сябе пэўныя абавязкі ў прапаведванні Слова Божага, і жадаю смеласці ў прыняцці дароў Святога Духа – мудрасці, розуму, рады, мужнасці, умеласці, пабожнасці, боязі Божай. Жадаю годна імі карыстацца на хвалу Божую і на карысць Усяму Святому Касцёлу.
Пасяджэнне завяршылася супольнай малітвай да Духа Святога.
Малітва
Духу Святы, які сышоў у самым пачатку Касцёла на Апосталаў і верных, каб асвяціць іх розум, запаліць сэрцы і ўмацаваць у веры. Просім Цябе: будзь заўсёды таксама з намі, напаўняй нас Тваімі дарамі, прасвятляй у сумненнях, суцяшай у смутку, ратуй у небяспецы, выбаўляй ад памылак, падымай пры падзенні, кіруй намі мудрасцю Тваёй, яднай нас узаемнай хрысціянскай любоўю, каб усе мы жылі ў згодзе і святой еднасці як адна Божая сям’я. Давядзі ўсіх нас да шчаслівай вечнасці, каб там з усімі анёламі і святымі мы выказвалі Табе ўдзячнасць і хвалу на векі вечныя. Амэн.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
Гродзенская вобласць