«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І зноў будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

 

 

«Чыніце на Маю памяць»

 

 

 

 

Апошняя вячэра

 

Калі настала гадзіна, Езус заняў месца за сталом, і Апосталы разам з Ім. І сказаў ім: “Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець, бо кажу вам, што ўжо не буду есці яе, аж пакуль  яна не здзейсніцца ў Божым Валадарстве”. І, узяўшы  келіх, узнёс падзяку і сказаў: “Вазьміце гэта і падзяліце  паміж сабою, бо кажу вам, што адгэтуль  не буду піць  ад вінаграднага плоду, пакуль не прыйдзе Божае Валадарства”. І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, паламаў і даў ім, кажучы: “Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць”. Таксама ўзяў і келіх пасля вячэры, кажучы: “Гэты келіх ёсць новым запаветам  у Крыві  Маёй, якая за вас будзе праліта.   Аднак вось рука таго, хто выдасць Мяне, на стале са Мною.Бо сапраўды, Сын Чалавечы ідзе як вызначана, але гора таму чалавеку, які выдае Яго!” І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто з іх збіраецца ўчыніць гэта.      Лк 22, 14-23.

 

 

Сабраныя за “круглым сталом” у парафіі Маці Божай Каралевы ў Брэсце разважалі над урыўкам “Апошняя вячэра” з Евангелля Св. Лукі. Удзельнікамі пасяджэння былі Павел Тышук, Юлія Андрушкевіч, Людміла Міцкевіч, Вераніка Смаль, Уладзіслаў Торшын. Вядучай была сястра міласэрнасці Таццяна ЯРАШОНАК, SM

 

 

 

Вядучая: f-str-17

– Шаноўныя, сёння паразважаем з вамі над самай значнай падзеяй у жыцці Езуса Хрыста, якая апісана ўсімі евангелістамі. Апошняя вячэра, якую называюць яшчэ і Тайнай вячэрай, або Вячэрай Панскай, згодна з Бібліяй, з’яўляецца па часе тою, якою Езус падзяліўся з Апосталамі перад Сваім укрыжаваннем. Падчас вячэры Пан Езус зрабіў важныя прадказанні, запаветы, выказаў папярэджанне таму, хто здраджвае Сыну Чалавечаму, і ўстанавіў Святую Эўхарыстыю. Канечне, гэты ўрывак вы чулі ўжо многа разоў, таму запрашаю застанавіцца на ім больш падрабязна, зрабіўшы акцэнт на значэнні Святой Эўхарыстыі. Калі ласка, выказвайце  думкі, меркаванні, дзяліцеся пачуццямі, якія выклікала ў вас чытанне гэтага тэкста наогул.

  

Юлія Андрушкевіч:

– Езус з Апосталамі сабраліся ў месцы тайным для спажывання пасхі і адначасова важнай размовы. Езус хацеў паведаміць сваім вучням, што гэта  ёсць апошняя Яго вячэра перад смерцю. Мяне гэта моцна ўразіла: якую моц духа трэба мець, каб, збіраючыся на крыж, быць адважным, прабачыць яшчэ таго здрадніка, які тут, побач!  Як жа моцна патрэбна было любіць людзей, каб цалкам разумеючы, што “болей ніколі не будзе есці пасху, пакуль яна не здзейс-ніцца ў Божым Валадарстве”, учыніць усё гэта дзеля іх свабоды! Езус падчас гэтай вячэры паказаў вучням ступень Сваёй адданасці і любові да чалавека, у аснове якой ляжыць прабачэнне. З гэтага ўрыўка бачна ўся веліч усяе ахвяры нашага Збаўцы. Прыняў ад блізкага чалавека здраду і прабачыў яго. Здаецца мне, што людзі ва ўсім свеце яшчэ па сённяшні дзень не прабачылі Іуду, яго імя ўжо стала сінонімам здрады…

 

Людміла Міцкевіч:

– Самае важнае і самае вялікае, што ўчыніў Езус падчас Апошняй вячэры, – гэта дар nаямніцы, якою Ён падзяліўся са сваімі паслядоўнікамі на многія-многія вякі наперад  і якою карыстаемся мы сёння. Езус даў людзям магчымасць у далейшым прымаць Яго Цела ў  выглядзе хлеба, да гэтага такой магчымасці яны не мелі… Ён пакінуў нам такі дар менавіта падчас Апошняй вячэры…

 

Вядучая: f-str-18

– Так, Пан Езус,  разумеючы, што гэта апошняя з Апосталамі сустрэча перад Сваёю Мукаю, хоча застацца з імі назаўсёды, аддае Сваю прысутнасць у іншым выглядзе – у постаці хлеба і віна. І гэта была першая святая Імша ў гісторыі Касцёла.

                           

Павел Тышук:

–  А давайце задумаемся: чаму Езус Хрыстус сеў за стол з Апосталамі? Мог бы збоку дзе-небудзь пастаяць і сказаць тое, што збіраўся, а Ён сеў менавіта за стол і пачаў дзяліцца хлебам. З ворагам, думаю, ніхто не спяшаецца так сябе вясці. На мой погляд, Езус захацеў і дазволіў, каб чалавек стаў Яго прыяцелем. Ведаў, што чакае Яго ў будучым і не хацеў пакінуць чалавека сам-на-сам… У некаторым сэнсе, можна сказаць, прыраўняў чалавека да Сябе.  І Святая Эўхарыстыя, у маім разуменні, – гэта дзяленне хлебам акурат ў тым сэнсе, каб запанавалі прыяцельскія адносіны паміж Богам і чалавекам, каб быць адным цэлым, існаваць адзін у адным…

 

Юлія Андрушкевіч:

– Але мы не проста прымаем гэты Хлеб. Каб яго з’есці, гэта значыць каб прыняць Госпада ў сваю  істоту, у сваё сэрца, патрэбна быць самому ўпэўненым, што ты годны злучыцца, паяднацца з Богам такім чынам. Для гэтага павінен зрабіць пэўныя крокі – вызнаць свае грахі, прыняць цвёрдае рашэнне пазбавіцца іх, пабыць у споведзі, прабачыць вінаватым, самому папрасіць прабачэння. А гэта зусім няпроста нават у звычайных бытавых сітуацыях.

 

Людміла Міцкевіч:

–… Да прыняцця Сакрамэнту Святой Эўхарыстыі патрэбна рыхтавацца з адказнасцю, з якою дзеці рыхтуюцца да Першай Святой Камуніі.

 

Вядучая:

– Падчас Апошняй вячэры Езус перамяніў хлеб і віно ў Сваё Цела і Кроў. Гэта адбылося сілаю Слова Божага. Розумам нам цяжка гэта растлумачыць, бо прызвычаіліся верыць толькі ў тое, што бачым фізічна. Але ж таму і называем  гэтае  пераўтварэнне “вялікай таямніцай веры”, а сябе –  “веруючымі”, таму што верым ў словы Езуса Хрыста, Які ніколі нас не падмануў. Калі Ён сказаў –значыць гэта праўда. Усе Яго словы збываюцца, і для мяне гэта таксама таямніца…

 

Уладзіслаў Торшын:

– Каб асэнсаваць значэнне Святой Эўхарыстыі, патрэбна ўспомніць словы Езуса, якія Ён прамовіў перад тым, як пакінуць Апосталаў і вярнуцца да Айца: “Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку”. Бог выбраў такі просты і цудоўны спосаб – быць з чалавекам, перамяніўшыся ў постаць хлеба і віна. Гэта класны спосаб на сустрэчу чалавека з Богам. Але ён вымагае веры, бо толькі праз веру мы бачым Бога.

 

 Людміла  Міцкевіч:

– Сустрэла каментарый да Апошняй вячэры, дзе была простая і такая цікавая, на мой погляд, думка: “Я, такі грэшнік, прымаю Бога ў сябе, у сваё сэрца, і Ён перамяняе мяне ў Сябе, узвышае маю натуру да Сваёй Боскай. Гэта адбываецца падчас прыняцця Яго Цела. Ён прынізіў Сябе, існуе ў невялікім кавалачку хлеба, каб нас узвысіць”.

 

Вядучая:

– Святая Эўхарыстыя – гэта заўсёды сустрэча з Жывым Богам, які хоча нам даць сапраўднае жыццё. Ці можаце сказаць, як выглядае ваша падрыхтоўка да гэтай сустрэчы? Як адбывалася яна раней і як – зараз? Якія перашкоды сустракаюцца на гэтым шляху асабіста у вас?

 

Вераніка Смаль:

– Першай перашкодай, відаць, з’яўляюцца хуткасці сучаснага жыцця.  Можа і супярэчлівая думка, але сапраўды недзе мы ўсё спяшаемся, спазняемся, нам заўсёды не хапае часу. Наш старэйшы сын Ромка (вучыцца ў 4-м класе) вельмі хвалюецца, калі да пачатку святой Імшы ў касцёле застаецца некалькі хвілін, а мы ўсе яшчэ ў дарозе… Ён міністрант, прыслугоўвае каля алтара і ўжо навучыўся шанаваць час. Мы з мужам у гэтым падтрымліваем сына, імкнемся спланаваць свой дзень, каб у ім абавязкова засталося месца для Бога, але не заўсёды гэта ўдаецца.  Павінна прызнацца, што патрэбу падрыхтоўкі да сустрэчы з Богам, вартаснага перажывання Эўхарыстыі мы адчулі пасля прагляду  на ютубе фільма-спектакля “Тайна Евхаристии”, пастаўленага на выснове містычных перажыванняў Каталіны Рывас. Усёй сям’ёй праглядалі яго некалькі разоў. Можна сказаць, што гэта катэхеза і адначасова духоўная дапамога ў перажыванні самай вялікай таямніцы нашай веры. І можна сказаць, што гэты фільм-спектакль пра кожнага з нас… Кожны  сябе знойдзе, з усімі недахопамі…

 

Уладзіслаў  Торшын:

– Прызнаюся, раней падрыхтоўкі перад прыняццем Сакрамэнту Эўхарыстыі ў мяне не было. Прымаў удзел у святой Імшы, але насамрэч цяжка было засяроджвацца на галоўным, у галаве віравалі нейкія свае, штодзённыя думкі. Пасля, калі трапіў на так званыя “дні засяроджанасці” у касцёле, дзе мова акурат ішла пра тое, што Бог не прыходзіць да нас выпадкова, а прыходзіць тады, калі мы самі гэтага прагнем, я зразумеў, як  важна па-знаць стан сваёй душы. І пасля гэтага я пачаў рыхтавацца. Сёння іду ў касцёл і малюся, прашу Бога, каб распаліў у маёй душы гэтыя прамяні, каб мацнейшай была мая вера,  каб я сустрэў Пана Езуса ў Святой Камуніі, прашу Святога Духа аб ласцы засяроджанасці на ўсім, што адбываецца падчас святой Імшы ў храме.

 

Людміла Міцкевіч:

– Лічу, што рыхтавацца  да Святой Эўхарыстыі мы павінны абавязкова: пост, прабачэнне, споведзь, таксама прывесці ў парадак свае думкі. Канечне, гэта толькі мінімум, але хоць бы яго мы прытрымліваліся заўсёды…

 

Вядучая:

На здымку: сястра Таццяна (у цэнтры) з удзельнікамі  пасяджэння – злева направа –  Уладзіславам Торшыным, Веранікай Смаль, Людмілай Міцкевіч, Юліяй Андрушкевіч, Паўлам Тышуком.

На здымку: сястра Таццяна (у цэнтры) з удзельнікамі пасяджэння – злева направа – Уладзіславам Торшыным, Веранікай Смаль, Людмілай Міцкевіч, Юліяй Андрушкевіч, Паўлам Тышуком.

– На спазненнях трэба затрымацца асобна, таму што яны перашкаджаюць усім – і цэлебранту, і міністрантам, і прысутным вернікам, і, канечне, таму, хто спазняецца. Мусім усё ж неяк лепей планаваць свой час! Прыклад мне дала калісьці мая бабуля, якая прыходзіла на святую Імшу за час да яе пачатку, узяўшы з сабою мяне. Жылі мы на вёсцы, касцёл існаваў, а святар прыязджаў здалёк. І пакуль ён прыедзе, усе разам маліліся Ружанец, Літаніі, спявалі песні, кожны яшчэ адгаворваў асабістыя малітвачкі, цалкам адарваўшыся ад тых хатніх спраў, з якімі прыйшоў. І гэта сапраўды было такою духоўнаю падрыхтоўкаю.

 

Людміла Міцкевіч:

– Пакаленне, да якога належаць нашыя бабулі, імкнулася пазнаць Бога нягледзячы ні на якія цяжкасці; і тое, што забаранялася, яшчэ больш да сябе прыцягвала. У гэтым пераконваюць шматлікія сведчанні. Сёння маем цудоўныя магчымасці, каб падрыхтавацца да Святой Эўхарыстыі, але не  заўсёды карыстаемся… Відаць, такая ўжо ганебная чалавечая натура: што даступна – тое нецікава. Іншая справа нашы дзеці, якія ходзяць на катэхезу. Дзякуем сёстрам, якія навучылі перш за ўсё з павагаю адносіцца да ўсяго, што звязана з іменем Госпада.

 

Вядучая:

– …Ну а бацькам заўсёды трэба памятаць: нішто так не ўздзейнічае на паводзіны дзіцяці, як бацькоўскі прыклад. Скажыце, калі ласка, ці заўважаеце ў сваім жыцці плады Святой Эўхарыстыі? Ці гэты сакрамэнт змяняе вашае жыццё?

 

Людміла Міцкевіч:

– Эўхарыстыя – гэта сэнс нашага існавання. Яна прыносіць душэўны супакой, дае разуменне таго, што будзе пасля мяжы жыцця і смерці, напаўняе сэрцы верай, што і нашае пакаленне незагубленае, і кожнаму веруючаму дае надзею, што, калі жывеш па законах Божых, то ўсё ў цябе выйдзе на “добра”.

 

 Вераніка Смаль:

– Дзякуючы Эўхарыстыі, мы ўзрастаем ў любові да Бога і бліжняга. Бог становіцца нам больш  зразумелым.

 

Юлія Андрушкевіч:

– Святая Эўхарыстыя дае адчуванне цяпла, прычым не толькі на духоўным, але і на фізічным узроўні; некаторы час яна ў табе жыве,   хочацца рабіць людзям дабро. Але праходзіць некалькі дзён, і заўважаеш, што напаўненне душэўным агнём пачынае пагасаць, значыць, трэба зноў ісці на святую Імшу…  Я не надта задумваюся над тым, што будзе з намі  пасля зямнога жыцця, але адчуваю, што Эўхарыстыя надае мне моцную падтрымку сёння.

 

   Павел Тышук:

– Калі казаць карацей, то Святая Эўхарыстыя фарміруе хрысціянскія каштоўнасці, фарміруе чалавечае ў чалавеку. І вельмі заўважна – і на працы, і ў іншых месцах – хто ты такі, чым дыхаеш, да чаго імкнешся. Не бачна, скончыў ты інстытут ці не, маеш вышэйшую адукацыю ці не, а вось ці маеш любоў да бліжняга, ці паважаеш яго – гэта бачна…

Тут казалі пра падрыхтоўку да святой Імшы. Згодзен, рыхтавацца трэба, але не значыць, што чытаць толькі Святое Пісанне. Лічу карысным слухаць і Радыё Марыя, глядзець тэлевізійныя праграмы, дзе тлумачыцца Святое Пісанне, чытаць нядзельныя казанні на каталіцкіх сайтах у інтэрнэце. Усё гэта датычыцца духоўнай падрыхтоўкі.    А як выглядае знешняя? У якім выглядзе прыйшоў чалавек у Божы храм? Памятаю, калі быў яшчэ міністрантам, ксёндз заўсёды правяраў рукі ў тых, хто прыслугоўвае. Брудныя пазногці – вон! Летам прыйшоў у шортах – ідзі і належным чынам адзенься. Для дзяўчат таксама ніякіх кароткіх спадніц! Знешняму выгляду надавалася вялікае значэнне, бо ты прыйшоў на самую важную сустрэчу ў жыцці – сустрэчу з Жывым Богам!

А як паводзім сябе пасля святой Імшы? Адразу “уключаецца хуткасць”, усе бягуць, гамоняць, нешта жуюць… Памятаю, калісьці мама зрабіла мне слушную заўвагу за тое, што пасля святой Імшы ўзяўся за семечкі. “Як можна? Ты ж прыняў Цела Езуса Хрыста, ты абражаеш Бога!”. Між іншым, памятаю, як некалі людзі, выходзячы з касцёла, сапраўды бралі ў рот толькі чорны хлеб…

 

Вядучая:

– Як разумееце выраз “Гэта чыніце на Маю памяць”?

 

Уладзіслаў Торшын:

– Бог хоча, каб мы памяталі момант Ягонай ахвяры на крыжы, і разам з Ім  набліжаліся да гэтай Таямніцы Смерці і Уваскрэсення.

 

Вядучая:

– Так, тое, што адбылося з Панам Езусам у Вялікую Пят-ніцу, адбываецца падчас кожнай святой Імшы. Езус памірае за нас кожны раз, і разам з Ім мы становімся ўдзельнікамі той самай ахвяры. І мы сведчым аб гэтым. Павінны сведчыць. Адна з такіх распаўсюджаных формаў –  працэсіі Божага Цела, падчас якіх хрысціяне даюць публічнае сведчанне сваёй веры і пабожнасці ў адносінах да Найсвяцейшага Сакрамэнту. У свята Божага Цела (сёлета будзе адзначацца 16 чэрвеня) католікі ідуць па вуліцах гарадоў і вёсак, якія ў гэты дзень становяцца адною вялікаю святыняю Бога Жывога. Такое ўрачыстае святкаванне  нагадвае праўду пра тое, што найпрыгажэйшая і найбольш годная манстранцыя для Хрыста — гэта жывое сэрца чалавека.

 

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

г. Брэст.


 

 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий