«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І зноў будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

 

 

«Прасіце, і будзе дадзена вам»

 

 

 

 

Моц малітвы

 

І Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і  хто стукае, таму будзе адчынена. Калі ў кагосьці з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той дасць яму замест рыбы змяю? Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна? Калі ж вы, будучы дрэннымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго.    Лк 11, 9-13.

 

 

 На чарговае пасяджэнне  за “круглым сталом” у Івянцы сабраліся вернікі абедзвюх парафій  – Св. Міхала Арханёла і Св. Аляксея.  Над урыўкам “Моц малітвы” з Евангелля  Св. Лукі разважалі   Кацярына Суша, Людміла Страчынская, Люся Смяян, Алена Русовіч, Тамара Фа-мічэнка, Іна Жылкевіч, Галіна Сабалеўская. Вядучым быў   а. Яўген ГОЛУБ, OFMConv.

 

 

Вядучы: f-str-17

– Дарагія, урывак, над якім сёння прапаную паразважаць, вам добра вядомы, бо распавядае пра малітву як сродак  да будавання адносінаў з Панам Богам.  Запрашаю выказаць свае думкі, меркаванні, падзяліцца досведам і сведчаннямі.

 

Людміла Страчынская

– Павінна прызнацца, што аса-біста ў мяне чытанне Святога Пісання ніколі не вызывае  аднолькавых пачуццяў. Іншы раз прачытаю – усё проста, і пытанняў няма; а іншы раз чытаю той самы урывак і не разумею… Таксама і з гэтым тэкстам, у якім Езус дае простыя формулы: маліцеся – і будзе вам дадзена; і будзе вам адчынена; і знойдзеце тое, што  шукаеце… Проста! А на самой справе?

   Я была знаёма з адной жанчынай, якая штодня прыходзіла ў касцёл – малілася, спявала, дарэчы, спеўнікамі не карысталася  – усе песні ведала на памяць. Аднойчы разгаварыліся з ёю пасля Імшы, і яна расказала, што моліцца за сына, які меў залежнасць ад алкаголю. Напрыканцы заўважыла: “А ведаеце, маліцца – цяжка”. Я не зусім зразумела: як гэта – цяжка? А калі сама пайшла ў Кола Ружанцовае і кожны дзень патрэбна было адгаварыць частку Ружанца, калі пачала шчыра і асэнсавана маліцца за дзяцей, за ўнукаў, – пагадзілася, што маліцца сапраўды цяжка: то не хапае часу, то нейкія пільныя справы наваліліся, то забылася… І тады ўжо: ой, успомніла (!), хутчэй адгаворваю тую частку, і ўяўляецца мне ружанец разарваны… Яшчэ зразумела, што малітва па-вінна быць  вельмі-вельмі шчырай, ісці ад самага сэрца і што Богу патрэбна давяраць літаральна ўсё, тады будзе штосьці вам дадзена… Магла б прывесці многа прыкладаў з асабістага вопыту, але раскажу пра апошні. У чэрвені ўнук здаваў цяжкі экзамен, назначаны ён быў на 15 гадзін дня, і я іду ў нашу каплічку.  Шчыра малюся Каронку да Божай Міласэрнасці, іншыя малітвы, прашу дапамогі Маці Божай…  Праз пэўны час званок: “Мама, ты, напэўна, добра малілася, бо не толькі свайму ўнуку дапамагла, але ўся група здала; экзаменатар строгі, усе баяліся…”.  Але такі “хуткі” вынік малітвы прыходзіць не заўсёды, часам патрэбна на яго пачакаць…

 

Іна Жылкевіч: f-str-18

– Хачу засяродзіцца на наступных словах урыўка: “Калі ж вы, будучы дрэннымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго”. Я гэта разумею так: маліцца трэба і прасіць дапамогі не толькі сабе і сваім родным, блізкім, але і маліцца за сваіх ворагаў, за тых, каго асуджаеш, на каго злуеш, каб і яны зразумелі, чаго хоча ад іх Пан Бог. А малітва і пост заўсёды дзейнічаюць. У  кожнага з нас, напэўна, ёсць  тысячы прыкладаў таго, як дзейнічаў Пан Бог у адказ на нашыя малітвы і як гэта адчувалася. І ўсе, напэўна, заўважылі, што малітва прыносіць плён тады, калі адбываецца з пакорай, постам… І трэба абавязкова чытаць Святое Пісанне, разумець, што Пан Бог хоча ад нас не толькі ахвяры, але і міласэрнасці.

 

Галіна Сабалеўская:

– Св. Лука прызывае нас, каб нашыя просьбы да Бога былі асэнсаваныя, духоўныя: хто шукае – той атрымлівае… Але мы павінны не на матэрыяльным засяроджвацца, а шукаць Бога, шукаць веры, напаўняцца духоўнасцю, тады атрымаем Божую ласку. Мне пярэчыла наконт гэтага адна жанчына: маўляў, калі я папрашу Бога, каб стаць міліянерам, то што – стану? Канечне, не, гэта просьба не да Бога. Айца Нябеснага просім аб узмацненні веры і духа, і Ён дае. У жыцці часта бываюць такія сітуацыі, здаецца, няма з іх выйсця, а памолішся, заспакоішся, і Бог напоўніць Духам Святым, і дасць табе розум, і ты прымеш правільнае рашэнне. Але ж і самому пра сябе трэба клапаціцца, у першую чаргу –  жыць па Богу, выконваць Яго Запаведзі. Менавіта аб гэтым апошні радок з урыўка: “Тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго”.

 

Іна Жылкевіч:

– Часта бывае так, што людзі просяць, а Пан Бог быццам не чуе… А пасля і да самога чалавека дой-дзе, што тое, аб чым прасіў Госпада, было дарэмна, непатрэбна. Адна жанчына сведчыла, што таксама  доўга прасіла Бога аб тым, чаго моцна жадала. І тое моцна жаданае Бог ёй  даў. “А пасля, з цягам часу, – прызнавалася яна, – зразумела, што гэта надта складаны шлях, і мне патрэбна было штосьці іншае…”.   Таму, звяртаючыся да Бога з просьбай, трэба мець заўсёды такую паставу: я прашу, але, Пане Божа, на ўсё няхай будзе воля Твая!

 

   Людміла Страчынская:

 – У адным з каталіцкіх часопісаў прачытала ўспамін Св. Яна Паўла II адносна яго асабістага стаўлення да малітвы да Пана Бога.  Прызнаваўся, што ён сам напачатку думаў, што Бога можна толькі праслаўляць і дзякаваць Яму. Пазней зразумеў, што можна і прасіць – здароўя, парады, дапамогі ў нейкай канкрэтнай справе, але малітва павінна ісці ад шчырага сэрца, тады Пан Бог пачуе.  Усе мы прысутнічалі на рэкалекцыях перад Вялікаднем,  якія праводзіў у нас айцец Юзаф ,  і памятаем, што ён расказваў пра тыя просьбы, якія выказваюць вернікі да Пана Бога: адна жанчына малітоўна прасіла сабе добрага мужа, дзеці прасілі, каб снег выпаў, а адна сям’я кудысьці ад’язджала, і бацька чамусьці затрымліваўся. Калі паглядзелі, чаму яго няма, то ўбачылі, што ён стаіць на каленях і моліцца Ружанец.  І тая затрымка захавала іх ад аварыі, бо акурат па той дарозе, дзе яны павінны былі ехаць, адбылося здарэнне. Слухаючы айца, я тады падумала: напэўна, кожны прысутны ў сваім жыцці знайшоў падобную сітуацыю, калі Пан Бог дапамог менавіта такім спосабам…

 

Тамара Фамічэнка:

–  Напісана: “Прасіце, і будзе дадзена вам”. Гэтыя словы з Евангелля  сапраўды заўсёды на слыху.  Калі ў мяне ўзнікае якая-небудзь праблема, я прашу: “Езу, Ты гэтым займіся”, або “Езу, на Цябе ўся надзея”. Малюся таксама, але не атрымоўваецца ў мяне, як расказваюць некаторыя знаёмыя, што моляцца дзве гадзіны. Звярнула ўвагу на апошнія радкі, дзе сказана, што Айцец Нябесны  дасць Духа Святога тым, хто просіць. І я так разумею: Айцец Нябесны дасць Сем Дароў Святога Духа – мудрасць, розум, раду, мужнасць,  умеласць, пабожнасць, боязь Божую. А гэта і ёсць акурат тое, што нам патрэбна  штодня.

 

 Люся Смяян:

– А я хачу сказаць, што практыкую сябе ў малітвах і просьбах да Пана Бога кожны дзень, на працягу ўсяго дня і праслаўляю Яго на кожным кроку. Раніцой паднялася, зайшла на кухню – дзякую Пану Богу, праслаўляю Яго спевам, любую працу пачынаю з падзякі Богу і просьбы, каб з Яго дапамогай я магла папрацаваць на хвалу Пану, а вечарам зноў падзякаваць за ўсё, зрабіць рахунак сумення. Малюся за дзяцей, ведаю, што праца ў іх адказная, з людзьмі, таму кожны дзень стараюся пазваніць, блага-славіць у дарогу. Часам кажу: “Я буду маліцца, а ты, калі не можаш прамаўляць голасна, далучайся да мяне і прамаўляй разам у думках сваіх”. На працягу дня малюся рознымі малітвамі, а любімыя мае – гэта Ружанец і Навэнна да Маці Божай Пампейскай. 

 

Кацярына Суша:

– Са Святым Пісаннем я пазнаёмілася нядаўна, Біблія трапіла мне ў рукі пасля смерці мае бабулі. Сёння, калі чытаю, разумею ўсё з кропкі гледжання свайго жыццёвага вопыту, таму што іншага яшчэ няма, але ўрывак, над якім разважаем, не падаецца мне цяжкім, наадварот – дастаткова зразумелым, і ён аб тым,  што нам патрэбна несупынная малітва. Лічу, што кожны хрысціянін, кожны, хто ходзіць да касцёла, павінен маліцца.  Каб мець дыялог з Богам, дзейснае ўзаемадзеянне з Панам, не трэба чакаць жыцця вечнага, а трэба рабіць гэта зараз. У маім жыцці, здаецца, не было такіх цяжкіх сітуацый, дзе неабходна было б звяртацца да Бога асаблівым чынам, хоць, канечне, найбольш складанае чалавек заўсёды давярае Богу. Але трэба разумець: Бог –  не той, хто выконвае ўсё, што нам у галаву стукне; Бог – Нябесны Айцец, і Ён, падобна нашым зямным бацькам, ведае лепей, што для нас добра, а што – дрэнна. Таму, калі няма адказу на нашыя просьбы да Бога, – гэта азначае таксама  адказ. 

 

Алена Русовіч:

– Заўважыла: чым болей хаджу ў касцёл, тым болей новага адкрываю для сябе. Нават здзіўляюся: як жа так, даўно хаджу, а чаму пра некаторыя рэчы чую быццам упершыню, чаму яны прайшлі міма мяне… І пераконваюся, што гэта Пан Бог кожны раз дае такую ласку адкрываць Сябе … Дзякую Богу за гэта. У жыцці было шмат праблем і з бацькамі, і з мужам, і Бог выслухоўваў мае малітвы, даваў сілы спраўляцца з цяжкасцямі. Але сёння турбуе мяне мая нейкая  асабістая недасканаласць – не магу да канца даверыцца Богу. І не ў сэнсе, што Бог не дапаможа, а ў сэнсе, што надзея на самую  сябе  ўсё ж дамінуе, перабольшвае ў маіх ваганнях, не магу “скінуць” на Бога ўсе свае праблемы. Стаю у храме, малюся, а думкі падварушваюць: “А што з гэтым буду рабіць? А з гэтым як быць?”. Хоць і разумею розумам, што толькі з Яго волі і ласкі можам нечага ў жыцці дасягнуць, а сумневы ўсёроўна не пакідаюць.  А сказана ў Святым Пісанні: калі б вера наша была з гарчычнае зерне, то маглі б горы перавярнуць, і нічога  немагчымага для нас не было б.

 

Галіна Сабалеўская:

–  А я заўсёды кажу і дзецям сваім, і знаёмым, і блізкім людзям: маліцеся, прасіце Бога, і ўсё ў вас атрымаецца. Ведаю па сваёй сям’і – Бог столькі ласкі нам даў, што не магу ўсяго пералічыць: дзеці выраслі, адукацыю атрымалі, дачакаліся мы ўнукаў.  Праўда, заўсёды маліліся, звяртаючыся да Бога з усімі просьбамі, і Ён выслухоўваў. Лічу вельмі дзейснымі малітвамі Ружанец, Навэнну да Маці Божай Пампейскай і да Маці, якая развязвае вузлы.

 

   Іна Жылкевіч:

–  Нам трэба маліцца яшчэ аб навяртанні іншых людзей – словамі малітваў, прыкладам сваёй  веры,  асабістых учынкаў. Гэта таксама дзейнічае. Памятаю адзін выпадак. Ехалі мы ў пілігрымку, аўтобусам і на мяжы пачалі маліцца. Некаторыя маладыя заткнулі вушы, каб нават і не чуць. Але мы прадаўжалі малітву, і пасля нас так удала прапусцілі памежныя службы, што мы нават не пакідалі салон аўтобуса, дапамагла малітва. Экскурсавод здзівілася: “Ну ніколі яшчэ такога не было!”.  Праз некаторы час зноў ехалі з тым самым экскурсаводам. Яна ўспомніла: “А вы маліліся? Давайце памолімся, каб і на гэты раз Пан Бог дапамог…”.

На здымку: а. Яўген Голуб з удзельнікамі пасяджэння Люсяй Смяян, Аленай Русовіч, Людмілай Страчынскай, Кацярынай Суша, Інай Жылкевіч, Тамарай Фамічэнка і Галінай Сабалеўскай.

На здымку: а. Яўген Голуб з удзельнікамі пасяджэння Люсяй Смяян, Аленай Русовіч, Людмілай Страчынскай, Кацярынай Суша, Інай Жылкевіч, Тамарай Фамічэнка і Галінай Сабалеўскай.

 

Вядучы:

– Дарагія, паспрабую падсумаваць нашыя разважанні. Я хацеў  бы звярнуць увагу  на некаторыя дэталі гэтага Евангелля, якія не толькі падкрэсліваюць патрэбу вытрывалай малітвы, але  пазначаюць  яе характар, вобраз Бога і нашых адносінаў  з Ім, што праз малітву праяўляюцца.   Гэтыя адносіны Святы Лука  выражае  ў  трох  дзеясловах: «прасіце»,  «шукайце»,            «стукайце». 

Тэрмін “прасіце” выражае  адначасова  пэўную абмежаванасць таго, хто моліцца, ня-здольнасць  паўплываць на ўсе грані  ўласнага жыцця, але адначасова і паказвае яго давер да Бога. Мы  ж  не  просім аб дапамозе чалавека, якога не ведаем (хіба толькі ў крытычных сітуацыях), а просім  таго, у кім упэўнены, каму давяраем. 

Другі тэрмін – “шукайце”. Шуканне звязана з працэсам нашага развіцця, з дзейнасцю, з адкрыццямі.  Шуканне – гэта заўсёды вынік працы чалавека і тая прастора, дзе Дух Святы дзейнічае, дзе чалавек адкрывае праўду. Гэтае шуканне падобна да веславання: калі  вецер дзьме ў парус – то  гэта дазваляе не прыкладаць намаганні, але  і  веславаць  патрэбна,   бо рызыкуеш або застацца на тым самым месцы  падчас шціля, або прынясе  цябе да незнаёмага  порту.  Таксама  і тут: Бог нам дае, Бог благаслаўляе, але гэта не значыць, што мы павінны заставацца на адным  месцы,  на тым самым  узроўні.  Варта капаць глыбей, пазнаючы, Хто ёсць Бог і хто мы самі.  Шуканне – гэта працэс атаясамлення  ўласнай веры з жыццём. Часта сустракаюся з меркаваннем,  што духоўнае жыццё  і што-дзённасць адасобленыя, размежаваныя,  быццам духоўнасць – рэч не жыццёвая. На маю думку,  гэта  памылковае  сцвярджэнне. Бог – канкрэтны, прысутнічае ў нашым жыцці, дзейнічае праз жыццё і нас заклікае: “Шукайце!”. 

І апошняе, што мне моцна падабаецца, – гэта калі Бог уваходзіць у наш будзённы свет, адклікаецца на  людскія пошукі Сябе праз шчырую  малітву і прызывае: “Стукайце!”. Стуканне – гэта  ўжо канкрэтнае дзеянне. Працэс, які бярэ пачатак з патрэбы, з усведамлення,  што дапамога прыйдзе.  Ведаеш, знайшоў – стукай, пачынай. А пачнеш  – і справа  пойдзе!

 

Пасяджэнне завяршылася супольнай малітвай  даручэння сябе Маці  Божай.

 

 

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

Мінская вобласць


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий