«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І зноў будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

 

«Я пасылаю вас…»

 

 

Місія сямідзесяці двух

 

Пасля гэтага Пан вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх па двое  перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсціІ сказаў ім: «Жніво  сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб  работнікаў паслаў на жніво сваёІдзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод  ваўкоў. Не бярыце ні каліты, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце. У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: “Спакой гэтаму дому!” Калі будзе  там сын спакою, то на ім спачне спакой ваш. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. Калі прыйдзеце ў які горад, і  прымуць вас, ешце, што вам пададуць.  Аздараўляйце ў ім хворых і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”. Калі прыйдзеце ў які горад і не  прымуць вас, то выйдзіце на Яго вуліцы і скажыце: “Нават пыл горада вашага,  які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”. Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе лягчэй, чым  гораду таму.    (Лк 10, 1-12)

 

 

 

 

Моладзевая група парафій Узвышэння Святога Крыжа і Св. Казіміра г. Брэста разважала за “круглым сталом” над урыўкам “Місія сямідзесяці двух”  з Евангелля Св. Лукі. У пасяджэнні прынялі ўдзел Кірыл Міранкоў, Марыя Юрэц, Ульяна Нічыпарук, Ганна Здонец. Вядучым быў пробашч парафій, ксёндз доктар Антон АНЦІПЕНКА.

 

 

 

Вядучы:f-str-17

– Шаноўныя, паспрабуем паразважаць  з вамі над цікавым і вельмі багатым па зместу ўрыўкам, які і нам, сённяшнім, паказвае місію сапраўднага вучня Хрыста. Езус, адпраўляючы сваіх вучняў у свет, дае ім канкрэтныя парады, як весці сябе ў дарозе, што сказаць, пераступіўшы парог дома незнаёмага гаспадара, як сябе паводзіць, калі часам сустрэнуцца з недобразычлівасцю і г. д. Скажыце, калі ласка, што знайшлі вы  ў гэтым тэксце для сябе асабліва цікавага і карыснага, што закранула вашае сэрца,  на што звярнулі ўвагу, што здзівіла вас.

 

Ульяна Нічыпарук:

–  Мяркую, што Езус паслаў сваіх вучняў па двое для таго, каб ім не было страшна, каб ў дарозе яны падтрымлівалі адзін аднаго, бо дарога магла быць  небяспечнай. Гэта – з аднаго боку; з другога – па двое, каб і іх не баяліся тыя людзі, да каго яны зойдуць у хату, сапраўды – не натоўп пераступіць парог, а толькі двое. Яшчэ мне спадабалася тое, што Езус наказаў ім, каб вялі сябе вучні прыстойна,  не бегалі з хаты ў хату, шукаючы  лепшых умоваў, бо гэта надта  прынізіла б гаспадароў дому, а задавальняліся тым, што ім будзе прадастаўлена. І каб елі і пілі тое, што пададуць ім.

 

Марыя Юрэц:

 – Я звярнула ўвагу на выраз: “Ідзіце, Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў”. Гэта азначае, што Пан Езус прадбачыў цяжкасці, з якімі сустрэнуцца  вучні, магчыма, іх і не прымуць зусім, будуць абражаць, пераследаваць, нападаць на іх – прысутнасць ваўкоў  заўсёды паказвае небяспеку.

 

Кірыл  Міранкоў:

–  Мяне здзівіла тое, што ім было сказана ні вітацца ні з кім у дарозе і нічога з сабою не браць. У якім доме прымуць – там і заставацца, там накормяць, а калі не прымуць – патрэбна пакінуць тую мясцовасць і ісці далей. Але ў такім выпадку ў вучняў не было б сілы ісці далей: горад ад горада на далёкай адлегласці, торбы з кавалкам хлеба з сабою не бралі… Яны маглі б нават загінуць.

 

Ганна Здонец:

– Пан Езус адправіў сваіх вучняў, якія павінны былі не проста пайсці да людзей, а знайсці, неяк адчуць сярод іх  добразычлівых, якія б прынялі, далі ім начлег, накармілі б і паслухалі. Езус прадбачыў, што цяжкасці магчымы, але верыў у тое, што насамрэч многа такіх, хто прыме вандруючых вучняў.

 

Вядучы: f-str-18

 – Вы звярнулі ўвагу на рэчы матэрыяльнага характару, але за гэтым матэрыяльным паўстае духоўнае – давер Богу. Гасподзь не кажа, што Я іду, а – “Я пасылаю вас”. Гэта азначае: Я выбраў вас і вы павінны выканаць Маё заданне, не клапоцячыся ні пра які свой побыт, ні пра адзенне, ні пра харч, і 72 вучні адправіліся расказваць, хто такі Езус Хрыстус, прапаведваць,  што наблізілася Валадарства Божае. Яны дакладна не ведалі, чым усё скончыцца, але даверыліся Богу. І гэта вельмі яскравы і важны момант – давер Богу, па-першае. І па-другое – гэта было выпрабаванне вучняў, іх веры. Сапраўды, не проста прыйсці да незнаёмых людзей, спадзявацца на тое, што яны і прымуць цябе, і павераць у твае словы… Езус Сам хацеў пераканацца, на што здольныя Яго вучні.  Яму гэта было неабходна, бо “жніво вялікае, а работнікаў мала”. Як разумееце вы гэты выраз?

 

Ганна Здонец:

– Я разумею гэта літаральна: каб людзі працавалі болей, самааддана, шчыра…

 

Вядучы:

– “Жніво” ў  дадзеным кантэксце – метафара, якая выкарыстана,  каб зрабіць больш зразумелым стан тагачаснага грамадства. “Жніво” тут азначае натоўпы народу, якія гатовыя прыняць у сваё сэрца Бога, але патрэбны “работнікі” – тыя, хто панясе ім праўду пра Езуса Хрыста. Тых 72  вучняў,  якія  пайшлі  з місіяй, на тагачасны Ізраэль вельмі мала… А што сёння? Людзей яшчэ болей, сродкаў, каб расказаць пра Езуса, дастаткова, а жадаючых рабіць гэта – мала. Але з іншага боку, кожны з вас мае пакліканне і можа працаваць на “жніве” – расказваць пра Бога, сваім жыццём наследаваць узор Хрыста, не быць, як усе, не плыць па плыні, не служыць гэтаму секулярнаму свету  і  яго тэндэнцыям. Калі  я сапраўдны хрысціянін,  для мяне важна не пагуляць у нядзельку, а пайсці на св. Імшу ў касцёл, прысвяціць гэты дзень Богу; не пайсці ў пятніцу ў бар на  вечарынку, а з’есці хлеб і запіць вадою, ахвяруючы свой пост на карысць важнай патрэбе сабе ці бліжняму…

А  зараз  застановімся на прывітанні “Спакой гэтаму дому!”. Як разумееце яго? Як у сувязі  з  ім належыць інтэрпрэтаваць  нашыя адносіны з Богам?

 

Марыя Юрэц:

–  Калі прыходзім у якую-небудзь кампанію, мы не павінны адразу выказваць, напрыклад, якія-небудзь прэтэнзіі, ці патрабаванні,  рабіць заўвагі, а прывітацца, быць ветлівымі, выказваць павагу да прысутных. Калі нас там прымаюць, можам застацца і працягваць размову, калі не – пакінуць іх…

Ульяна  Нічыпарук:

– Якім бы ты дружалюбным ні быў, з боку іншых людзей часам можаш сустрэць непаразуменне нават па той простай прычыне, што ты ім не падабаешся. Лічу, што такія выпадкі не трэба прымаць блізка да сэрца – адыйсці і забыцца, што гэта было.

 

Ганна Здонец:

–  Я падтрымліваю кропку гледжання Ульяны: калі ты да людзей з дабром, і яны павінны праяўляць да цябе такія ж стасункі. А калі не –  патрэбна адыйсці,  не  марнаваць  на іх часу і  сіл…

 

Вядучы:

– “Спакой гэтаму дому! Калі будзе там сын спакою, то на ім спачне спакой ваш. Калі ж не, то вернецца да вас”.  Цікавая аналогія супрацьлегласцей. Атрымоўваецца так: калі той, каму вы сказалі добрыя словы, заслугоўвае ў Бога благаслаўлення,– Бог яго благаслаўляе, робіць шчаслівым. Калі ў Бога ён не заслугоўвае – гэтыя словы вяртаюцца вам. А што адбываецца, калі мы гаворым чалавеку ганебныя словы, прыніжаем яго чалавечую годнасць, шлём яму нейкія пракляцці?..

 

Ганна Здонец:

– Адбываецца тое  самае – ганебныя словы вяртаюцца нам самым і ўздзейнічаюць на нас…

 

Вядучы:

– Так, і па гэтаму вельмі важна і неабходна сачыць за сваімі выказваннямі – Пан Бог заўсёды на варце, заўсёды абараняе слабых і з імі застаецца. Таму, калі заходзіце ў дом – кажыце “Спакой вам!”, і яго жыльцы будуць благаслаўлёнымі, калі яны заслужылі ў Бога, а калі не – будзеце благаслаўлёнымі вы самі. Дарэчы, праяўленне павагі да дому, дзе цябе прымаюць, асабліва заўважна падчас пілігрымак, і маладыя людзі павінны гэта цвёрда засвоіць. Калі гаспадары даюць начлег, частуюць самым лепшым, што ў іх ёсць, ствараюць умовы для адпачынку, а ганарлівая моладзь адказвае, маўляў, гэтага не ем, малака не п’ю, тут спаць не буду, хочацца спытаць: і вы лічыце сябе вучнямі Хрыста? І бачыце сябе сярод тых 72-х?..  Тады прачытайце яшчэ раз урывак з Евангелля Святога Лукі.

Далей паразважаем: чаму Пан Бог гаворыць вучням, што, калі які горад не прыме вестку аб набліжэнні Божага Валадарства, то будзе яму горай, чым Садоме?

 

Ганна Здонец:

– Пан Бог проста папярэджвае: калі людзі не прымуць вестку аб набліжэнні Божага Валадарства, гэта вызаве яшчэ большы гнеў Усявышняга, чым у выпадку з Садомай…

 

Ульяна Нічыпарук:

–  Садом  і  Гамора былі знішчаны за тое, што жыхары адкінулі Бога  і  моцна  грашылі. А адкінулі па той, хутчэй за ўсё, прычыне, што  не  ведалі  Яго.  А  тут прыйшлі  вучні,  каб пра Бога расказаць, а  людзі не праявілі ніякай цікавасці, не захацелі нават паслухаць іх.

 

Марыя Юрэц:

– Згаджаюся, у Садому прыйшоў прарок. Напэўна, прыйшоў не дзеля забавы, а каб сказаць нешта важнае, а жыхары горада не праявілі да яго ні малейшай павагі, не прынялі,  не выслухалі… Таму Езус і сказаў, што тым, хто Бога не прыме, у будучым будзе яшчэ цяжэй, чым Садоме.

 

Кірыл  Міранкоў:

– Бог накіраваў на  Садому вогненны  дождж, і загінулі ўсе. А з гэтага ўрыўка ведаем, што людзі, якія Хрыста не прынялі, засталіся жыць, яны проста не захацелі  прыняць Добрую навіну і змяніць свой лад жыцця. У будучым гэта  станецца вялікай для іх спакусай: нешта будзе іх пастаянна мучыць, трывожыць, ім будзе страшна, таму што жыць без  Бога немагчыма, душа патрабуе Бога, а яны тут Яго свядома не прынялі.  А гэта яшчэ страшней, таму  што  весь час яны  будуць  знаходзіцца пад уздзеяннем  душэўных  перажыванняў па  тыпу: “Дарэмна ўсё ж я  адмовіўся,  патрэбна  было выслухаць тых прамоўцаў, распытаць, хто такі Езус, што нясе Ён  людзям…Ах, дарэмна я страціў дзень, трэба было пайсці ў касцёл, памаліцца, паслухаць казанне…”.

 

Вядучы:

На  здымку: кс. пробашч  Антон  Анціпенка з моладдзю –  Ульянай  Нічыпарук, Ганнай  Здонец,  Марыяй  Юрэц  і Кірылам  Міранковым.

На здымку: кс. пробашч Антон Анціпенка з моладдзю – Ульянай Нічыпарук, Ганнай Здонец, Марыяй Юрэц і Кірылам Міранковым.

   – Так, знішчэнне фізічнае для чалавека відавочна не так страшна, як знішчэнне душы. Калі я адчуваю прысутнасць Бога  ў сваім жыцці, я – шчас-лівы  ужо тут, на зямлі. А ў  вечнасці? Наш розум да канца не разумее, што ёсць вечнае. Бачым  толькі  сённяшнюю рэальнасць, перажываем  боль, страх, стрэс, апатыю,  шукаем  Бога,  ідзём  на  сустрэчу з Ім.  А чалавек, які жыве без Бога  тут,  на  зямлі, пастаянна  знаходзіцца  пад  прэсам спакусы, грахоў, нянавісці. Ён можа быць багатым, але багацце не дае адчування блізкасці Бога ў душы. І Пан Бог  гаворыць  нам аб тым, што, калі чалавек мае шанс быць блізка Бога тут, на зямлія, але Бога не прымае, адкідвае, будзе “узнагароджаны”   яшчэ болей,  як у Садоме. 

 

Бр. Карнэлій Консэк:

– Ці былі такія моманты ў вашым асабістым жыцці, дзе вам патрэбна было зрабіць выбар: я з Хрыстом ці не?

 

Ульяна Нічыпарук:

– Былі, і не адзін раз, асабліва у школе, калі на цябе паказваюць пальцам, смяюцца над табою толькі таму, што ты верыш у Бога.

 

Ганна Здонец:

– …маўляў, брэд, няма ніякіх навуковых доказаў, што Бог існуе. А пераканаць іх у тым, што памыляюцца яны самі, даказаць існаванне Бога таму, хто не хоча цябе нават слухаць, – практычна немагчыма.

 

Вядучы:

– У такіх выпадках сапраўды спрэчкі і дыскусіі амаль безвыніковыя. Тут важна веруючаму самаму не паддацца на спакусы д’ябла, стаяць на сваім: я – веру, а калі ты не верыш – гэта твая справа… Прыйдзе час, калі будзем стаяць перад брамаю Неба, і Святы Пётр скажа: “Заходзьце, будзе  Суд…”.  Таму важна не страціць тое духоўнае, што набылі, не стаць, як усе тыя, хто дзеля матэрыяльных багаццяў гатовы прадаць сваю душу. Важна  быць вучнямі Хрыста, быць сярод 72-х, якія ідуць і  гавораць аб набліжэнні Божага  Валадарства. А хто не  хоча слухаць – не затрымлівайцеся  каля  яго,  не  губляйце час, бо наперадзе чакае “вялікая жатва”, а вы і ёсць тыя самыя “работнікі”, якія перш за ўсё самі прынялі Хрыста, паверылі  Хрысту. І Бог сёння кажа: “Ідзіце. Я пасылаю вас…”.

 

 

 

 

 Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий