«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І зноў будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

 

Лепта ў скарбонку

 

 

 

Лепта беднай удавы

 

Глянуўшы, Ён убачыў багатых, якія кідалі свае дары ў скарбонку. Убачыў таксама і адну бедную ўдаву, якая кідала туды дзве лепты,  і сказаў:  «Праўдзіва кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх укінула. Бо ўсе яны  кідалі ў дар, маючы лішак, а яна, будучы  ў нястачы сваёй, укінула ўвесь  пражытак свой, які мела».     (Лк 21, 1-4)

 

 

f-str-17Удзельнікі рэкалекцый для дзяўчат, якія прайходзілі ў супольнасці Сясцёр Святой Сям’і ў Баранавічах, разважалі над урыўкам “Лепта беднай удавы” з Евангелля  Св. Лукі. У пасяджэнні за “круглым сталом” прымалі ўдзел Эмілія Дасюкевіч, Эвеліна Мухіна, Маргарыта Высоцкая,  Анастасія Гацэвіч,  Анастасія Гансецкая, Ангеліна Бубен, Вераніка Прыгоцкая. Вядучай была сястра Наталля Танковіч, MSF.

 

 

Вядучая:

   – На першы погляд, звычайны сюжэт:  вернікі кладуць у скарбонку ахвяру і адыходзяць убок… Але Езус бачыць пры гэтым сэрца кожнага з іх, ацэньвае. Урывак са Святога Пісання невялікі, а які багаты ў ім змест! Калі ласка, паразважайце над тым, што гавораць вам гэтыя радкі асабіста, што вас найбольш кранае…

 

   Эмілія Дасюкевіч:

– Урывак мне спадабаўся ў цэлым. Багатыя паклалі ў ахвяру столькі, колькі ім не шкада было, колькі  палічылі патрэбным – ні больш,  ні  менш.  Яны,  можа, не раз сцвярджалі  самі  сабе і перад іншымі  людзьмі:  Божа, я з Табою! Аднак  былі  моцна  прывязаныя  да нечага зямнога, матэрыяльнага, быў у іх нейкі разлік… А бедная ўдава,  якая  нічога  не  мела (сказана ж, “бедная”) палажыла ўсё, што  ў яе было, ні грама сабе не пакінуўшы.  Яна  аддала  Богу ўсё і  засталася,  можна сказаць, на Божых руках, з Божай воляй, не думаючы, што будзе з ёю далей…

 

   Вераніка Прыгоцкая:

– Мяне таксама крануў гэты тэкст. Бедная  ўдава  аддала ўсё, на што яна  магла б  жыць  заўтра, – “укінула весь пражытак свой”. Пытанне: а сапраўды, на што яна будзе жыць заўтра? Але яна не баялася аддаць Богу ўсё, проста верыла, што Бог яе не пакіне. Так патрэбна і нам, у нашым жыцці: штосьці  абавязкова  аддаваць у дар Богу, бо атрымаем ад Бога болей. 

 

   Эвеліна Мухіна:   

– Калі  падумаць  і паставіць сябе  на месца ўдавы, то лёгка зразумець,  што  яна  зрабіла вялікі ўчынак. Жанчыны ў той час працавалі,  але  многа  не зараблялі. Так і яна: не мае мужа, хутчэй за ўсё і дзяцей, і  ёй  даводзіцца вельмі многа працаваць, каб зарабіць гэтыя грошы. І яна аддае апошнія! Ці мы змаглі б аддаць Богу ўсё, што зароблена цяжкаю працаю? На самой справе ведаем такія выпадкі, калі чалавек кладзе ахвяру “дзеля вока”, каб бачылі бліжнія, каб атрымаць пры гэтым сабе нейкі “бонус”, атрымаць пахвалу… На мой погляд, урывак дае многа месца для  шчырага разважання сам-на сам: ці здольныя мы аддаць апошняе Богу? А ці гатовыя дапамагчы іншаму чалавеку – не напаказ, ад усяго сэрца, можа нават у шкоду сабе?

 

Анастасія Гацэвіч:f-str-18

– Гэты ўрывак нагадаў мне выпадак з майго дзяцінства, калі ў адным з летніх лагераў мы ставілі пантаміму па тэкстах з Бібліі, і мне акурат выпала роля беднай ўдавы. Мы павінны былі азнаёміцца з тэкстамі, зразумець іх і “ужыцца” кожны ў сваю ролю. Мяне ўжо тады ўразіла, па-першае, што ўдава палажыла ў скарбонку весь свой скарб, які мела, па-другое, што Езус Хрыстус звярнуў увагу Апосталаў не на багатых, якія, магчыма, таксама нямала паклалі, але на ўдаву, якая ахвяравала ўсё. Я разумею гэта як абсалютны давер Богу, перакананне, што Бог заўсёды дасць болей, чым ты пакладзеш у скарбонку на Божыя справы.

 

Ангеліна Бубен:

   – Удава паклала не многа, але гэта было астатняе, што яна магла пакласці. Не сумняваючыся,   даверыла Богу свой лёс, ведала, што клапаціцца пра яе будзе Гасподзь.  Да таго ж, Бог лічыць ахвяру не толькі матэрыяльную, але і духоўную. І многія людзі гатовыя прынесці яе  хутчэй, чым матэрыяльную, бо не ва ўсіх ёсць для гэтага магчымасці. Разважаючы з кропкі гледжання сучаснага чалавека, то мы сёння  палічылі б яе рашэнне не зусім разумным – магла б жа палову з таго, што паклала ў скарбонку, пакінуць сабе, а яна – аддала. Але вера менавіта ў тым і заключаецца, каб аддаць Богу ўсё. Не ведаю, як бы паступіла сёння я, каб апынулася перад выбарам – аддаць усё ці палову пакінуць сабе…

 

Анастасія Гансецкая:

– Езус заўважае усіх – і багатых, і бедных. Мог тым бедным сказаць, маўляў,  на што мне твае грашы, але наадварот: не гаворыць, а цэніць іх вялікую адданасць Усявышняму. Бог не карыстаецца людскімі ўяўленнямі і меркамі, што ёсць вялікае, а што – нікчэмнае. І тое, чаму мы сёння не прыдавалі б ніякага значэння, у вачах Хрыста выглядае важным, вялікім, цэнным. Дзеянні і ўчынкі бедных людзей у жыцці амаль непрыкметныя, а ў Бібліі ім нададзены статус важных. Думка пра тое, што Хрыстос глядзіць, які чалавек па сутнасці сваёй, а не  што ён мае, дапаможа нам пазбавіцца зайздрасці.

 

   Вядучая:

– Сапраўды, па-людску гледзячы і ацэньваючы ўчынкі іншых, мы заўважаем толькі знешнія праяўленні гэтых учынкаў, а на самой справе не можам ведаць, што ў сэрцы чалавека, які прынёс ахвяру Богу, Касцёлу, іншаму чалавеку. Напрыклад, прынёс матэрыяльнае, а з якой мэтай – каб сапраўды зрабіць карысць Богу і бліжняму,  ці каб пазбавіцца непатрэбнага?..  Гасподзь заўсёды  глядзіць не на знешняе, а на нашае сэрца. І Ён ацэньвае. Для нас гэта таксама ўрок, каб мы вучыліся быць ахвярнымі на падставе любові да Бога і бліжняга і рабілі гэта не толькі ў супольнасці Касцёла, але і па месцы сваёй працы, вучобы, свайго жыхарства, у адносінах з іншымі людзьмі. І пытанне “Што я даю Богу, іншаму чалавеку, з чым да яго прыходжу?” трэба сабе задаваць часцей.

 

   Эмілія Дасюкевіч:

– Люблю глядзець хрысціянскія фільмы і ўспамінаю зараз той, які пастаўлены на сюжэт з Евангелля пра бедную ўдаву, якая ахвяравала на Божыя справы ўсе свае грошы. Яе ролю выконвала дзяўчына, і багатыя моцна кпілі, насміхаліся над ёю. А Езус заступаўся, казаў, што ў яе чыстае сэрца, што сапраўды яна паклала больш за ўсіх.

 

Маргарыта Высоцкая:

– Аддаць Богу ўсё – гэта самы вялікі ўчынак, які можа зрабіць чалавек у сваім жыцці.

 

Вядучая:

– Дзве лепты, ахвяраваныя ўдавою, асабіста я расцэньваю як адлюстраванне дзвюх запаведзей любові  – любі Госпада Бога і любі бліжняга свайго. Ахвяраю сваёю я паказваю, наколькі я адданы Богу і наколькі люблю Бога ў іншым чалавеку. З іншага боку – вучуся любіць сябе.  Калі прымаю сябе такім, які я ёсць, значыць, я здольны палюбіць і Бога, быць удзячным Яму за тое, што я ёсць у гэтым жыцці,  і палюбіць  іншага чалавека.

 

   Ангеліна Бубен:

– Хачу дадаць: багатыя клалі ў скарбонку, але, напэўна, у іх заставалася яшчэ многа грошай. І мне здаецца, што ахвяравалі яны дзеля “галочки”, не ад шчырага сэрца.

 

Вядучая:

– Таму зараз і падкрэсліваем з вамі: важна не параўноўваць, ведаючы толькі матэматычныя цыфры, хто колькі даў, колькі палажыў, а галоўнае  – у якой інтэнцыі чалавек так зрабіў. А гэтага мы не ведаем. Нават зараз у сваіх разважаннях гатовыя асуджаць багатых, бо яны мала далі, або не ўсё аддалі, але што ў іх насамрэч было на сэрцы, ніхто  з  нас  не ведае. Крытыку навесці заўсёды лёгка, парадавацца за іншага, прыняць яго, дапамагчы – чамусьці значна  цяжэй..

 

   Эмілія Дасюкевіч:

 – “Карцінка”, якая склалася ў сітуацыі з беднай удавой, нагадвае мне такі жыццёвы сюжэт: аднаму чалавеку  стала  дрэнна (быў адзін дома)  і ён пазваніў свайму сябру, маўляў,  дапамажы  мне. Той адказаў, што  ён  заняты, але хутка будзе  свабодны  і  абавязкова прыйдзе.  Пазваніў  другому  з тою ж  просьбаю.  Той быў вольны, адпачываў, але адказаў: “Прабач, я заняты”. І не прыйшоў. І я параўноўваю: багаты з урыўка – гэта той, хто не прышоў на дапамогу свайму  сябру, не захацеў ахвяраваць яму ні свой вольны час, ні душэўныя  і  фізічныя  сілы, наогул не  праявіў  ніякай  павагі  да бліжняга… А бедная ўдава – гэта той першы, які быў на самой справе заняты,  але  адразу   сказаў  цвёрда: прыду!

 

  Анастасія Гацэвіч:

– Далучаюся  да сказанага: вельмі часта мы мяркуем пра чалавека,  бачачы  толькі  знешнія  яго характарыстыкі,  або ўчынкі, не ведаючы,  аднак,  яго  сутнасці, магчымасцей  і,  урэшце,  інтэнцый: мала паклаў, дзіўна апрануты… Езус  вучыць  не  асуджаць  іншых, а  пазнаваць  іх,  аказваць  ім дапамогу,  каб пасля разам з імі служыць  Пану Богу.

 

Вядучая:

–  Часам  такое ўражанне застаецца, што мы прывыклі да веры, да Бога як да рытуалу: пабыў у касцёле – рытуал выканаў,  палажыў  ахвяру  ў  скарбонку – таксама выканаў, з касцёла выйшаў – я ўсё зрабіў, астатняе мяне не датычыцца. А наколькі я гатовы  на працягу тыдня, на працягу жыцця служыць  іншаму чалавеку, дапамагаць яму? Да  гэтых пытанняў патрэбна  падыходзіць з чыстым сумленнем, каб пасля будаваць жывыя  адносіны  з Богам.

 

   Эмілія Дасюкевіч:

–   Мне ўспомнілася прыпавесць пра хлопчыка, які гуляў у шахматы. У пакоі было іх трое, заходзіць чацвёрты, дарослы, і пытае: што б вы зрабілі, каб даведаліся, што сёння вечарам  або  заўтра  раніцою вас не стане?  Першы сказаў, што пабег  бы  хутчэй  і  папрасі ў бы ва ўсіх   прабачэння;  другі  сказаў, што паспяшаўся  б да споведзі; трэці  сказаў, што працягваў бы гуляць  у  шахматы.  Гэта  азначае,  што толькі апошні  з  хлопчыкаў быў прыгатаваны  з  чыстым сэрцам стаць перад  Богам. Адсюль выснова: жыць патрэбна,  як  у апошні  дзень  і час: у поўным даверы  Богу – па-першае, і  быць  прыгатаванымі  стаць перад Ім у любую  хвіліну –  па-другое. Як  сказана  ва  ўрыўку, што ўдава аддала  ўсё –  гэта азначае: свой лёс  аддала  Богу  даверліва  і  поўнасцю.

 

  Анастасія Гацэвіч:

– Я раскажу гісторыю, на мой погляд, вельмі  яскравую,  якую чула ад ксяндза. На шматкалёсным ровары па канатнай дарозе катаўся адзін цыркач. Гледачоў было шмат, цэлы натоўп, які  ў захапленні яго майстэрствам апладзіраваў. Цыркач прапанаваў: “Хто з вас  хоча – сядзьце, пакатаю!”. Натоўп раптам прыціх. І толькі  адзін  хлопчык  згадзіўся на прапанову, і яны працягвалі  катацца разам, а натоўп зноў апладзіраваў  у  захапленні. Пасля прысутныя  запыталі   хлопчыка: “Як  жа ты адважыўся?”. “А гэта мой тата, – адказаў малы. – Чаго ж мне баяцца?”. Так і гэтая ўдава з урыўка: чаго  ёй  баяцца  за сваё будучае, калі  яна  поўнасцю  давярае   Богу-Айцу?! 

 

   Вераніка  Прыгоцкая:

На здымку: сястра Наталля Танковіч з Маргарытай  Высоцкай (злева направа), Веранікай Прыгоцкай, Ангелінай Бубен, Анастасіяй Гансецкай,  Эміліяй Дасюкевіч, Анастасіяй Гацэвіч  і Эвелінай Мухінай.

На здымку: сястра Наталля Танковіч з Маргарытай Высоцкай (злева направа), Веранікай Прыгоцкай, Ангелінай Бубен, Анастасіяй Гансецкай, Эміліяй Дасюкевіч, Анастасіяй Гацэвіч і Эвелінай Мухінай.

– Дазвольце   раскажу  і  я. Вельмі  часта пападаўся мне ў інтэрнэце ролік з такім сюжэтам: маленькая  дзяўчынка  прыходзіць у магазін і прыглядаецца да галубых бусаў. Пасля працягвае прадаўцу (а гэта быў сам майстра-ювелір) грошы, якія у яе былі, і кажа:  “Палічыце, калі ласка, ці хопіць у мяне на бусы. Яны моцна падабаюцца маёй старэйшай сястры… Жывём з ёю, засталіся без таты з мамаю, сястра апякуецца намі, я б хацела яе парадаваць”. Уладальнік  магазіна  задумаўся, а пасля палажыў бусы ў пакецік і працягнуў  дзяўчынцы.  Праз  некаторы час прыходзіць да яго тая самая  старэйшая  сястра дзяўчынкі, каб вярнуць  пакупку  назад, таму  што гэта вельмі дорага, і яны не  могуць  дазволіць  сабе  купляць  такія   ўпрыгожванні…  Майстра  адказаў:  “Не,  твая  сястра заплаціла  самую  вялікую  цану – аддала ўсё, што ў яе было…”.

 

Вядучая:

– Падзякуем Пану Богу за нашу сустрэчу, за тое, што Ён ёсць сярод нас, і папросім, каб і надалей вучыў нас заўважаць іншага чалавека, любіць яго, які б ён ні быў – бедны ці багаты, апрануты  прыгожа  ці  не вельмі, разумець  яго  патрэбы, своечасова дапамагаць. І самае галоўнае, каб мы мелі чыстае сэрца, вучыліся давяраць Богу і будаваць з ім жывыя адносіны, якія бачылі ў розных абставінах на прыкладах хлопчыка, што гуляў у шахматы, цыркача, дзяўчынкі ў гісторыі з бусамі. Папросім праз Марыю, нашую Нябесную Маці, якая давярала Богу бясконца, часам і не разумеючы, што адбываецца, але на ўсё адказвала “так”, спадзяючыся толькі на волю Божую. “Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца…”

 

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий