«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І зноў будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

Шлях да сустрэчы з Богам

 

 

 

 

Заклік да чування

 

 Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя свавольным жыццём, п’янствам і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, бо ён, як пастка, прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Таму чувайце і маліцеся ўвесь час, каб вы маглі пазбегнуць усяго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым». У дзень Ён навучаў у святыні, а ноччу ўзыходзіў начаваць на гару, называную Аліўнай. Увесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў святыню слухаць Яго.     (Лк 21, 34-38)

 

 

f-str-17У парафіі  Маці  Божай Каралевы Супакою ў Альбярціне (Слонім) прайшоў “круглы стол”, на якім абмяркоўваўся  “Заклік да чування” з Евангелля Св. Лукі.  У пасяджэнні прымалі ўдзел Алена Пятроўская, Алена Гардзейчык, Марыя Пятроўская, Раман Шыдэрскі і Ўладзімір  Пілясаў. Вядучым быў пробашч парафіі а. Юрый КАТОВІЧ, OFMCap.

 

 

Пасяджэнне пачалося з супольнай малітвы да Святога Духа, каб дапамог адкрыць сэрцы прысутных на Слова Божае.

 

Вядучы:

– Разважаючы над гэтым урыўкам з Евангелля Св. Лукі, хацеў бы звярнуць увагу на два галоўныя моманты, аб якіх папярэджвае нас Езус. Першы – не прывязвацца да тых зямных дабротаў, якімі сучасны свет “абцяжарвае” нас у нашых жыццёвых клопатах. Другі – гэта быць чуйнымі, чуваць, маліцца, быць гатовымі на сустрэчу з Езусам у любы момант жыцця. Заўважце, сказана: “Удзень  Ён навучаў у святыні, а ноччу ўзыходзіў начаваць на гару, называную Аліўнай. Увесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў святыню слухаць Яго”. Гэта гаворыць аб тым, што людзі патрабавалі Слова Божага, адчувалі ў ім падтрымку, шукалі яго і слухалі… І мы павінны слухаць Таго, Хто прыходзіць да нас праз нашую малітву і, дзякуючы гэтаму, адчуваць блізкасць  нашага Нябеснага Айца. Наконт гэтага запрашаю вас падзяліцца сваімі думкамі і меркаваннямі.

 

   Раман Шыдэрскі:

– Кожны з аўтараў Святога Пісання меў на ўвазе канкрэтную групу людзей, да якой звяртаўся. Святы Лука, выхаваны ў паганстве, у першую чаргу і звяртаўся да язычнікаў, якія не ведалі Закону Божага, перададзенага Выбранаму народу праз Майсея, таму тлумачыў ўсё падрабязна, дапамагаў асэнсаваць Слова Божае тым, хто яго слухае.  Апостал заклікае нас да чування (бодрствования – русская версия перевода), каб мы былі гатовыя сустрэць той апошні дзень… Калі наступіць гэты дзень – ці канец свету, ці канец майго асабістага жыцця – не вядома, але ён наступіць, і мы павінны сустрэць яго ў цвярозым розуме і з чыстымі помысламі. Не належыць нам прывязвацца да жыццёвых дробязей, клопатаў, а ўсвядоміць, што ёсць у нас значна важнейшае – духоўнае жыццё, рэлігійныя практыкі, якія дазваляюць трымаць сэрца ў чыстаце, прайсці свой зямны шлях і падрыхтавацца да жыцця вечнага. Яшчэ адзін важны момант: сказана, што Езус маліўся днём у храме, а ноччу – у садзе Аліўным. З Крыжовага шляху ведаем, што малітва ў садзе Аліўным была апошняй малітвай Сына Божага, Які рыхтаваўся да смерці. Так я разумею гэты ўрывак.

 

   Уладзімір Пілясаў:

– Падтрымліваю Рому ў тым, што мы павінны быць гатовымі ў пэўны дзень стаць твар у твар перад Госпадам. Як я разумею, мы не павінны весці разгульнае жыццё, а наадварот –  шчыра маліцца і памятаць, што малітва – гэта зварот да Бога, просьба да Яго, размова з Ім. Але разам з малітвай патрэбен і адпаведны лад жыцця. Канечне, абставіны часам бываюць  вельмі складанымі, і мы павінны разумець, што  з намі можа стацца так, як напісана ў Бібліі, “першыя  стануць апошнімі…”. Ходзім у касцёл, слухаем казанні, а ці ўсё разумеем, ці выконваем так, як  належыць сапраўдным дзецям Бога? Ведаем, што Езус днём размаўляў з мноствам людзей, да кожнага меў Сваё Слова, а ўначы Сам напаўняўся Словам Божым, каб раніцою зноў перадаць яго тым натоўпам, якія да Яго прыходзілі. І мы так павінны рабіць: днём дапамагаць людзям добрымі справамі, а вечарам – насычацца Словам Божым, папаўняць свой духоўны багаж. Што датычыцца  тэксту ўрыўка, шкадую, што ён такі нешматслоўны, я б з радасцю прачытаў бы болей падрабязныя  выклады ў арыгінале, таму што каментары, якія сустракаем, часам вядуць “не туды”. Ды і наогул, у кожнага чалавека сваё адчуванне Бога. Нават слухаючы святароў, заўважаеш, што адзін і той жа ўрывак Святога Пісання трактуецца па-рознаму.

 

Вядучы:

– Так, сапраўды і святар кожны раз адкрывае ў Божым Слове нешта новае для сябе і гэтым новым дзеліцца… 

 

Алена Пятроўская: f-str-18

– Не дзіва, гэта лёгка заўважаеш асабліва тады, калі з якой-небудзь прычыны наведваеш  іншы, або мяняеш  свой касцёл на новы  ў сувязі са зменай месца жыхарства: слухаеш новага ксяндза і быццам атрымоўваеш новыя веды, новае бачанне перспектывы жыцця. У сённяшнім урыўку мяне вельмі кранае фраза: “Зважайце на сябе”. Як гэта правільна і актуальна! Перш чым павучаць кагосьці чаму-небудзь – паглядзі на сябе: а ці выконваеш, ці паступаеш сам так, як гаворыш, і да чаго заклікаеш іншых? Святы Лука пералічвае крытэрыі жыцця людзей таго часу і папярэджвае: “Каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя  свавольным жыццём, п’янствам і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, бо ён, як пастка…”. Крытэрыі жыцця людзей часоў Езуса Хрыста чымсьці былі падобныя да нашых, у чымсьці адрозныя. Вядома, ад штодзённых клопатаў і мы нікуды не дзенемся, але не трэба ад іх “фанацець”, на першым месцы заўсёды павінен быць Бог, тады ўсё астатняе таксама будзе на сваіх месцах. “Зважайце на сябе” – гэта адзін з маіх жыццёвых лозунгаў. Як мага часцей трэба задаваць самым сабе пытанне: “Ці я паступаю так, як гавару?”.

 

Уладзімір Пілясаў:

– Успамінаю нядаўняе казанне айца Юрыя, у якім ён падкрэсліў, што нашыя пачуцці трэба “растапляць”, жыць не ў тым свеце Божым, які чалавек сам сабе прыдумаў, шукаючы нейкія выгоды, усё, што задавальняе максімальныя патрабаванні,  а раскрываць сэрца на Бога, упускаць Госпада унутр сябе, каб Ён змяняў нашае сэрца. Не жыць, закрыўшыся ад людзей. Трэба маліцца, трэба Бога прасіць, трэба стукаць у дзверы, і адкрыўшы іх – ведаць, куды ты трапіш.

 

Алена Пятроўская:

– У сваіх малітвах кожны чалавек аб нечым просіць Бога, я таксама прашу. Але разумею, што ў Бога на кожнага свае планы, таму ўсе мае просьбы, урэшце, заканчваюцца адной: Божа, зрабі, як лічыш патрэбным, а не так, як я хачу.

 

Марыя Пятроўская:

– Прыйшла да высновы, што шчаслівы той чалавек, які мае сваё кола людзей, з якімі можна адкрыта пагаварыць пра Бога, разам з імі памаліцца і гэтага не саромецца. Такое кола я знайшла  сярод касцёльных людзей.  І дома, з унукамі. А на працы зрабіць гэта складана, далёка не ўсе маюць такія адносіны з Богам, каб пра іх расказаць іншым.

 

Алена Гардзейчык:

– Кожны чалавек у пэўным сэнсе слабы, кожны патрабуе Божага ўмяшальніцтва і Божай дапамогі, але не заўсёды спяшаецца маліцца. Думае: яшчэ паспею, іншым разам… І не сказала б, што ўсе вядуць разгульны лад жыцця. Не, справа ў іншым: на першым месцы ў людзей заўсёды нейкія бытавыя пытанні, якія патрабуюць хуткага вырашэння, а пра той дзень, пра які папярэджвае Святое Пісанне, няма калі падумаць. Дарэмна, канечне, бо дзень той абавязкова прыдзе. Калі – не ведае ніхто, і добра, што не ведае, бо было б многа напружання ў жыцці, ды і жыццё страціла б сэнс. Пра той дзень ведае толькі Пан Бог, а нам навошта  ведаць? Жывём спакойна, молімся, сумленна робім сваю справу, добрыя ўчынкі, любім Бога і бліжняга, спадзяёмся на Божую Міласэрнасць. Могуць з’явіцца нейкія прадвеснікі, катаклізмы… Але і яны, думаю, не будуць яшчэ азначаць нашага апошняга дня, а толькі тое, што ён праз некаторы час усё ж наступіць… Можа так стацца, што чалавек пры-звычаіцца да такой рэальнасці, як часам бывае ў нашым жыцці. А чуваць патрэбна, каб быць у любы час прыгатаванымі.

Разважаем пра тое, што людзі – розныя па ўзросту, па роду сваіх заняткаў, па ступені разумення сацыяльнага жыцця – кожную  раніцу прыходзілі слухаць Езуса, і Ён знаходзіў патрэбныя словы да кожнага. Тое самае адбываецца і сёння. І сёння чалавек прыйшоў, паслухаў, пазнаў нешта новае, нешта яго зацікавіла, і з’явіліся пытанні, з якімі ён прыйдзе ў храм заўтра. І так будзе прадаўжацца, бо кожны дзень ён будзе спадзявацца на новыя для сябе адкрыцці: чым большая галіна маіх ведаў, тым большая і галіна майго няведання. Бог стварыў чалавека і адарыў яго здольнасцямі і жаданнямі пазнаваць Сябе і свет, і гэта добра.

 

Раман Шыдэрскі:

– У Святым Пісанні Езус гаворыць: чувайце і маліцеся, каб вы былі ў сілах супрацівіцца ўсім бедствам і без сораму стаць перад Богам. Калі сёння чую са звестак СМІ, з якою лёгкасцю лідэры некаторых краін пагражаюць ядзернай зброяй, палічыўшы сябе “вялікімі” Сусвету, то з надзеяй перачытваю радкі Святога Пісання і думаю, што сённяшняя міжнародная сітуацыя, можа, яшчэ і не канец свету. Езус сказаў: “Чувайце і маліцеся ўвесь час, каб вы маглі пазбегнуць усяго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым”.  Падкрэслю: “Каб маглі пазбегнуць…”. Значыць, можна пазбегнуць,  трэба толькі поўнасцю даверыцца Пану Богу, спадзявацца на Яго. Ён прыдзе ў канцы свету і збавіць нас. Гэтая думка асабіста мне дабаўляе сіл.

 

Вядучы:

– Так, Бог апякуецца намі, і не важна, першыя мы ці апошнія, Ён любіць нас. Але  ў гэтым моманце хачу ўсё ж звярнуць увагу на тое, як чалавек сам сябе ацэньвае: не трэба сябе прыніжаць і лічыць тымі, хто ў апошнюю хвіліну трапляе ў апошні вагон цягніка, а трэба памятаць галоўнае: мы – дзеці Божыя, Ён стварыў нас на Свой вобраз і падабенства, за гэтых дзяцей, дзеля адпушчэння нашых грахоў аддаў Свайго Сына. У гэтым моманце давайце ўспомнім таксама, якая першая Запаведзь любові? Палюбі бліжняга свайго, як самога сябе. Аднак калі не будзем сябе паважаць, не будзем цаніць, а толькі крытычна сябе ацэньваць, то як палюбім бліжняга? А калі не палюбім бліжняга, то як палюбім Бога? Мы ж не бачым Яго, Ён прыходзіць да нас у Слове… Так, як прыходзіў да тых натоўпаў, да якіх прамаўляў Езус,  – вінаградараў, сейбітаў, земляробаў…  “Чувайце  і маліцеся ўвесь час”, – заклікае Езус, – каб не трапіць у зло,  якое распаўсюдзілася ў свеце, і  каб гэтае зло не авалодала  нашымі  сэрцамі, каб тая прапаганда, якая гучыць з тэлеэкранаў, не знішчыла нашу сувязь ні з бліжнімі, ні з Богам. Адны  пагражаюць  ядзернай зброяй, другія – чымсьці яшчэ, трэція – яшчэ… Але слухайце: калі Бог стварыў зямлю і ўсё, што на ёй, калі Ён – адзіны Ўладар Сусвету, калі Ён любіць нас і калі будзем выконваць усё тое, што Пан запаведаў, увесь час маліцца  і  чуваць, то ў той Судны дзень Ён пашле нам збаўленне і прыме ў Сваё Валадарства Нябеснае.

 

 Раман Шыдэрскі:

– Захапляемся тым, што Езус размаўляў з натоўпамі людзей, і ўсе Яго разумелі. Але разумелі не таму, што былі надта падрыхтаваныя, а таму што Ён  звяртаўся да іх на простай мове, тлумачыў на простых жыццёвых прыкладах, на шматлікіх прыпавесцях. Калі б было інакш, ніхто б не зразумеў. Як і сёння. Бог  так вялікі, што ў некаторых  момантах  становіцца неспасцігальным, чым болей да Яго набліжаемся, тым болей аддаляемся… І ў гэтым таксама свая таямніца. Людзі хацелі б разгадаць таямніцу Бога, як і таямніцу Найсвяцейшай Тройцы, але гэта немагчыма. Трэба проста жыць, давяраючы Богу, дзякаваць Яму, прасіць Яго і мець у сэрцы надзею. Інакш кажучы – трэба шчыра  размаўляць з Богам.

 

Алена Пятроўская:

    – Бог – не матэматыка, што дастаткова вывучыць формулы… Бог – гэта пазнаванне новага кожны дзень. Можам чытаць адзін і той жа ўрывак са Святога Пісання, тут ужо падкрэслівалі, але кожны раз адкрываць Бога і сябе з іншага боку. І гэта цудоўна!

 

Марыя Пятроўская:

– Мне надта падабаецца малітва ў касцёльнай супольнасці або раніцай, калі іду на працу, дзе я адзін-на-адзін з Богам. Чытаю Ружанец і нішто, акрамя яго, не займае тады маіх думак. Гэта благаслаўлёны час.

 

Вядучы:

На здымку: пробашч парафіі а. Юрый Катовіч, OFMCap (сярэдні ў верхнім радзе) з удзельнікамі пасяджэння (злева направа) Раманам Шыдэрскім і Уладзімірам Пілясавым, Аленай Гардзейчык, Марыяй Пятроўскай, Аленай Пятроўскай (у ніжнім).

На здымку: пробашч парафіі а. Юрый Катовіч, OFMCap (сярэдні ў верхнім радзе) з удзельнікамі пасяджэння (злева направа) Раманам Шыдэрскім і Уладзімірам Пілясавым, Аленай Гардзейчык, Марыяй Пятроўскай, Аленай Пятроўскай (у ніжнім).

–… На тым стаіць наша вера: Бог Айцец, Сын Божы і Дух Святы – Трыадзіны Бог, або Бог у трох асобах. Калі не прыняць гэта з верай – то і не зразумееш.

 Дзякуем Богу за  тое, што сёння мы яшчэ раз схіліліся над Яго Словам, змешчаным на старонках Святога Пісання, і што яно ўзварушыла нашыя думкі, сэрцы, напомніўшы: малітва – гэта самы кароткі шлях да сустрэчы з Богам. Важна, каб мы чувалі, каб не змарнавалі час, каб былі гатовыя на прыход таго дня – раніцай, увечары, ўначы… І каб заўсёды слухалі  сумленне – Божы голас у сабе.

 

Пасяджэнне закончылася малітвай падзякі Богу за сустрэчу і благаслаўленнем, якое а. Юрый удзяліў усім прысутным.

 

 

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

Гродзенская вобласць


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий