«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І зноў будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

 

Куды нам сесці

 

 

 

Першае і апошняе месца        

 

   Заўважыўшы, што запрошаныя выбіралі першыя месцы, расказаў ім  прыпавесць: «Калі  нехта  пакліча цябе на вяселле, не сядай  на  першае  месца,  каб не аказалася, што нехта  з пакліканых ім больш ганаровы за цябе, і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе, не падышоў і не сказаў табе: “Саступі яму месца”. Тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе  месца.  Але  калі запросяць цябе, прыйдзі і сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоў да  цябе і сказаў: “Дружа, перасядзь вышэй”. Тады будзе табе пашана  перад тымі, хто сядзіць з табою. Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца».     (Лк 14, 7-11)

 

 

 

f-str-17У парафіі Перамянення Пана ў в. Новая Мыш Баранавіцкага раёна прайшло пасяджэнне “круглага стала”, на  якім быў абмеркаваны ўрывак “Першае і апошняе месца”  з Евангелля Святога Лукі. Удзел у разважаннях прынялі сужэнскія пары Генадзь і Лілія Гарбуновы, Генадзь і Марына Хіневічы.  Вядучым  быў  пробашч парафіі кс. Алег СІЛЬКЕВІЧ.

 

 

 

Вядучы:

– Шаноўныя, сёння мы з вамі  засяродзім увагу на прыпавесці Езуса Хрыста, якую вы добра ведаеце. Да яе часта звяртаемся, прамаўляючы казанні падчас святой Імшы, і сэнс яе таксама зразумелы. У пэўных момантах яна і сёння актуальная, але я сказаў  бы, што прыярытэты мяняюцца. Калі  збіраюцца  вя-лікія сходы, вяселлі, іншыя мерапрыемствы,  можам назіраць карціну  наадварот: людзі імкнуцца сесці дзе-небудзь збоку, на задніх лаўках, маўляў, наперадзе няхай сядзе хто-небудзь лепшы. Так адбываецца і сярод нас, святароў: ведаем, дзе традыцыйна месца біскупа, дзе сядзіць дэкан, уступаем  старэйшым святарам, самі  месцімся  збоку. І гэта правільна: чалавек не павінен сам сябе ўзвышаць, гэта нават вельмі рызыкоўна, таму  што можа мець эфект супрацьлеглы.

 

Лілія Гарбунова:

Некаторыя ў жыцці і паводзяць сябе рызыкоўна, не могуць справіцца са сваёю ганарыстасцю, фанабэрыстасцю… І гэта заўсёды заўважна прысутнымі і моцна раздражняе.

 

Вядучы:

– Запрашаю паразважаць над тым, як  сэнс прыпавесці – не ўзвышай сябе сам, няхай узвысяць цябе другія – можам прымяніць у нашым штодзённым жыцці. 

 

Марына Хіневіч:

– Гэтая прыпавесць не толькі пра ганарыстасць, гардыню, яна адначасова і пра пакору. Разважаючы, прыходжу да высновы, што быць пакорным у працоўным калектыве, з кіраўніцтвам намнога прасцей, чым у сям’і. Згадзіцеся: скажа табе кіраўнік  нешта зрабіць – добра, зраблю так; або калега ў нечым сябе праявіць захоча – добра, няхай будзе па-твойму. А ў сям’і так не атрымоўваецца, хоць усе разумеем, што муж – галава сям’і, жонка павінна падпарадкоўвацца.  Але такая абсалютная падпарадкаванасць, на мой погляд, вядзе да прыніжэння жанчыны, у якой, дарэчы, абавязкаў часта значна болей, чым  у мужчыны. Аналізірую свае і мужа паводзіны і думаю, што ў нашай сям’і мы з ім абое ганарыстыя…

 

Генадзь Гарбуноў (смяецца):

 –   Аднак столькі гадоў разам, у вас добрая сям’я, значыць – умееце знайсці кампраміс, “збавіць хуткасць”, “прытармазіць” дзе трэба…  А гэта цудоўныя якасці, можа нават найлепшыя для сям’і.

 

Лілія Гарбунова:

– Як вядома, у спрэчках саступае разумнейшы.

 

Вядучы:

– Вялікі сэнс у тым, што гаворыць Езус пра запрошанага, які заняў апошняе месца, а быў дастойны лепшага, і гаспадар дому заўважыў, падыйшоў да яго, прамаўляючы: “Дружа, перасядзь вышэй”. Думаю, прыемна, як і на працы таксама заўважаюць таго, хто працуе прафесійна, самааддана, яго шануюць, узвышаюць…  Аналагічна ў сям’і: я – добрая мама, ці я – добры бацька, але як жа цудоўна, калі аб гэтым скажаш не ты сам і не ты сама, а скажуць твае дзеці, твае ўнукі…

 

Лілія Гарбунова:

– Нядаўна была на святой Імшы ў баранавіцкай парафіі Узвышэння Святога Крыжа і слухала пропаведзь кс. пробашча Валянціна Новака, які акурат і падкрэсліваў: як жа цешыць вашую гардыню, калі вас на працы пахвалілі, першае месца прысудзілі… Падумала: гардыня – грэх… Але ж на самой справе гэта прыемна, як і калегі цябе цэняць, і кіраўніцтва, яшчэ і прэмію дадуць…

 

Марына Хіневіч:

– Асабіста для мяне гэта не з’яўляецца неабходнасцю – пахвала, прэмія… Да ўсяго гэтага адношуся вельмі стрымана. Заўсёды імкнулася  болей  працаваць над выпраўленнем сваіх заганаў, сваіх грахоў..

 

Генадзь Гарбуноў:f-str-18

– Правільна, гэтаму вучыць нас Слова Божае: ніколі не трэба сябе выпінаць напаказ, па тваіх заслугах няхай ацэньваюць цябе іншыя. А калі не заўважылі – значыць, пасядзі ціха, значыць, так яно і павінна быць… А не то што явіўся на нейкі сход, сеў у першы рад і чакаеш: зараз цябе вызавуць на сцэну, зараз пахваляць; а не вызвалі, не пахвалілі… Аблом? Аблом.

 

Марына Хіневіч:

– … Так, калі тваю гардыню не «уважили, не пощекотали, твоя гордыня ущемлена», – прымі з пакораю…  Чытала разважанні аднаго праваслаўнага святара акурат наконт ганарыстасці і людской самаўпэўненасці. Шчыра прызнацца, не ўсё напісанае я прачытала з лёгкасцю, можа, і прыняла не ўсё, але адна фраза засела ў галаве моцна: “Гордыня лечится унижением». Лічу, што гэта і сапраўды добрае лякарства. Цябе прынізілі?.. Прымусілі сысці з таго месца, якое ты сам сабе прыдумаў і заняў, не маючы на гэта ніякіх падстаў?.. Цяпер з пакораю прымай прыніжэнне… І не тое, каб, як волю Божую, а як тое, што ты сам заслужыў, як пакаранне за сваю пыху…

 

Генадзь Гарбуноў:

–  Але ж усведамляем мы ўсё праз сваю асабістую чалавечую прызму: справядліва ці не справядліва. І прыніжэнне прыняць цяжка, а часам і немагчыма…

 

Генадзь Хіневіч:

–  Пра тое, што “заўважаць і ацэняць”. Усё вельмі неадназначна; адна справа пытанні духоўныя, зусім іншая  – жыццёвыя сітуацыі. Нават анекдот ёсць: сустракаюцца калегі і адзін з іх гаворыць. “У нас работнік новы, але такі бесталковы, нічога не разумее, усё за яго трэба зрабіць”. “Ой, не, – адказвае той. – Не бесталковы, а надта разумны: вы ж за яго робіце…”. Я б сказаў, што кожны чалавек ведае, на што ён здольны, кожны выбірае сваю “нішу” і часта нават прыстасоўваецца да абставінаў. Канечне, яго “ацэньваюць” і калегі, і начальства. Але парадокс часта ў тым, што “наверх” ідуць не самыя лепшыя, а тыя, ад каго хацелі… пазбавіцца. І падымаюцца яны па службовай “лесвіцы” так шпарка, што ўсе пасля дзівяцца: во, рост! А самыя здольныя, болей працавітыя, прафесійныя, мудрыя застаюцца ўнізе. Пытанне: хто кім кіруе ў такім выпадку?

А што датычыцца пакоры, то з ёю таксама неадназначна, асабліва ў працоўным калектыве. Не ўсе людзі аднолькавыя, ва ўсіх свае “плюсы” і “мінусы”, і тут залежыць ад асабістых  якасцей чалавека: ёсць “прыспасабленцы”, аб іх мы сказалі, а ёсць пакорныя “лошадки, на которых пашут”. Я б сказаў, што гэта сфера адносінаў, рэгуляваць якія магчыма тэарэтычна, а на практыцы хутчэй за ўсё – немагчыма.

Пакора і ў сямейным жыцці – рэч вельмі цікавая, у асобныя моманты – абавязковая. Дзеці адна-значна павінны падпарадкоўвацца сваім бацькам, малодшыя – старэйшым, таму што ў старэйшых болей вопыту, мудрасці. Ад іх заўсёды залежала і духоўнае выхаванне малодшых, і матэрыяльнае ўтрыманне іх да пэўнага ўзросту. Успамінаю, светлай памяці, свайго дзеда і дзядзьку (абое ўжо адыйшлі), адносіны паміж якімі назіраў. У дзядзькі, канешне ж, былі свае амбіцыі, але слова дзеда было закон.

Згодзен, што дзеці нашыя падрастаюць, развіваюцца, у некаторых сферах “сильно продвинутые”,   ведаюць больш за нас і не павінны быць бесхрыбетнымі “ягнятамі”, а мець сваю кропку гледжання, пазіцыю. Аднак лічу, што сямейная “субардынацыя” на пачатку іх жыцця  прывучае да парадку ў цэлым і стане карысным вопытам для іх самых у будучым.

 

Пытанне:

– Асноўны сэнс урыўка – пакора?

 

Вядучы:

– Асноўны сэнс – не ўзвышаць самога сябе, і ступень сапраўднай велічы чалавека вырашае пакора. Пакора з’яўляецца раўнавагай паміж розумам, які ведае сваё месца, і сэрцам, якое не прагне лішняга. Устаноўленай Богам меры нельга пераступаць, бо тады зоймем чужое месца і можам пачуць: дружа, перасядзь ніжэй! Разумныя людзі чым больш ведаюць, тым яшчэ мацней перакананыя ў сваёй недасканаласці і адгэтуль бярэцца іх сціпласць.

 

Генадзь Гарбуноў:

– У некаторай ступені мы самі сябе ацэньваем, так ужо прызвычаіліся. Але што гаворыць нам Біблія? Тое, што ведаем мы, не з’яўляецца аб’ектыўным, а суб’ектыўным. Можа ты сябе ўзвялічваеш, узвышаеш і за сабою гэтага не заўважаеш? Таму трэба сціпла заняць сваё месца, і няхай цябе ацэняць іншыя, няхай ацэніць Бог, атрымаеш па сваіх заслугах.

 

Марына Хіневіч:

– Згодна, але колькі бывае, што таленавітых, працаздольных не проста “не ацэньваюць”, а затоптваюць па прычыне адсутнасці звычайнай увагі да чалавека? На жаль, такія выпадкі здараюцца…

 

Генадзь Гарбуноў:

– Працоўныя калектывы бываюць падобнымі да вуліцы, загружанай рознымі відамі транспарту, якія рухаюцца ў адным напрамку, але з рознымі хуткасцямі і рознымі канчатковымі мэтамі. Раскажу сваю гісторыю. Прыйшоў я на будоўлю майстрам, там ёсць начальнік, які не ўсё робіць так, як мне гэта прадстаўлялася. Падумаў, вось стану на яго месца, буду рабіць лепей. Прайходзіць час, і я – прараб, у маім падчыненні ўжо некалькі майстраў. Бачу, не задаволены яны маім кіраўніцтвам. Кажу: “Хлопцы, калі што не падабаецца, станьце на маё месца – хто вам перашкаджае? Кіруйце на здароўе!”… Час ішоў. Далей не падабалася мне, як кіруе начальнік участка, як кіруе галоўны інжынер, начальнік упраўлення… Тут толькі што сказалі: ёсць таленавітыя, начальства іх не заўважае, прыціскае… Заўважае… І мяне заўважалі,  грэх скардзіцца, усе названыя “месцы” прайшоў.  І, напэўна, былі такія, каму і мой стыль кіраўніцтва не падабаўся. Але хіба ўсе работнікі кожны дзень маглі ведаць, тым болей разумець, якія складаныя пытанні вырашае іх непасрэдны кіраўнік і чаму паступае так, а не іначай? Не маглі. Адсюль і непаразуменні. Але праўда і тое, што, калі на пасадзе чалавек даўно, адчуў сілу ўлады, яго “начинает заносить”. І тады, відавочна, трэба набрацца сілы волі, адыйсці ўбок і пагадзіцца з тым, што ты – такі, як усе, проста абставіны так склаліся, што кіраўніцтва даверылі менавіта табе… Таму не злоўжывай!

 

Генадзь Хіневіч:

   – Гэта не азначае, аднак, што не трэба даваць згоду на пасаду начальніка… Вышэй сказалі:  многа залежыць ад асабістых рысаў характару чалавека…

 

Пытанне:

– А як гэты ўрывак можна суаднесці з нашым духоўным жыццём?

 

 

–  Марына Хіневіч:

   –  Я б сказала, што і ў духоўным жыцці мы часта праяўляем гардыню. Пакуль стаіш у касцёле, слухаеш казанне святара, прымаеш Святую Камунію, і пакуль усё, што па-за тваімі плячыма, ідзе добра, здаецца, што і тваё духоўнае жыццё ў поўным парадку, ты нічым яго не парушаеш, не гнявіш Бога, не грашыш. Але так адбываецца, калі твае планы ажыццяўляюцца. А калі здараецца, што  Бог зменьвае іх і патрэбна прыняць Яго волю, узнікае бунт, спрэчка з Богам. Прызнаюся, так было і са мною, і не адзін раз. І гэта гавару пра сябе і пра нас, дарослых. Можна сабе ўявіць, як дзецям цяжка прыняць волю Бога, яны цалкам не разумеюць, для чаго трэба адступацца ад сваіх планаў, мараў, ад таго, на што мэтанакіраваныя. Пацверджанне сваім некаторым высновам я знайшла ў кнізе Уільяма Пола “Хижина. Разговор с Богом». Згодна з аўтарам: людзі, на жаль, хутчэй гатовы судзіць Бога, а не прымаць Яго волю.

 

Генадзь Хіневіч:

– Так адбываецца, бо людзі часта кіруюцца эмоцыямі, а не розумам, вырашаюць свае задачы, вызначыўшы для сябе нейкую тактыку: крок за крокам, паступова імкнуцца задаволіць свае амбіцыі. Чалавек цвёрда ідзе да свае мэты, а Усявышні бачыць, што гэта – не для ягонага дабра…  Бог – Валадар, іншымі словамі – стратэг, Ён ведае, што нам карысна, а што прывядзе да цяжкіх наступстваў і сваім рэзкім умяшальніцтвам імкнецца прадухіліць гэтыя наступствы…

 

Вядучы:

На здымку: пробашч парафіі Перамянення Пана кс. Алег Сількевіч з удзельнікамі пасяджэння  (злева направа) Генадзем і Ліліяй Гарбуновымі і Марынай і Генадзем Хіневічамі

На здымку: пробашч парафіі Перамянення Пана кс. Алег Сількевіч з удзельнікамі пасяджэння (злева направа) Генадзем і Ліліяй Гарбуновымі і Марынай і Генадзем Хіневічамі

– Шаноўныя, Езус на звычайным прыкладзе паказаў спрадвечную праўду. Калі які-небудзь, можа нават выпадковы, госць прыходзіў і займаў самае важнае месца, а пасля прыходзіў сапраўды важны чалавек, і гаспадар прапаноўваў першаму, каб уступіў месца гэтаму другому, складвалася непрыемная сітуацыя. І наадварот: калі чалавек наўмысна садзіўся на ніжняе, а гаспадар запрашаў заняць болей пачэснае месца, яго сціпласць надавала яму яшчэ болей пашаны. Сціпласць заўсёды была адметнай рысай вялікіх людзей. Яны не ўзвышаюць сябе, не пышацца сваімі ведамі. І трэба памятаць:  якімі б важнымі ні лічылі мы сябе самі, калі ады-дзем з гэтага свету ці пакінем службу,  жыццё і праца пойдуць  сваім парадкам і без нас. Таму правільна паступае той, хто  чытае Святое Пісанне і кіруецца яго падказкамі ў штодзённым жыцці. На самой справе ў жыцці ўсе і ўсё заўважаюць. І ацьньваюць, і дзякуюць, патрэбна толькі быць сціплымі і мець цярплівасць. Галоўнае, што нас і нашыя ўчынкі бачыць Бог і час прыйдзе, калі Ён скажа нам: “Дружа, перасядзь вышэй!”. 

 

 

 

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

Брэсцкая  вобласць


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий