«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І зноў будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

 

 Скарб у нябёсах

 

 

 Багаты чалавек

 

Спытаўся ў Яго адзін начальнік: «Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?». Езус адказаў яму: «Чаму называеш мяне  добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог.  Ведаеш запаведзі:  не  чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, шануй бацьку свайго і маці». Той адказаў: «Усё гэта я захоўваў з юнацтва майго». Пачуўшы гэта, Езус сказаў яму: «Табе нестае яшчэ аднаго: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах. Потым прыходзь і ідзі за Мною». Калі ж ён пачуў гэта, засмуціўся, таму што быў вельмі багаты. Езус, убачыўшы, што той засмуціўся, сказаў: «Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае». Хто чуў гэтае, спыталіся: «Хто ж можа збавіцца?». А Ён адказаў: «Тое, што немагчыма для людзей, магчыма для Бога»     (Лк 18, 18-27).

 

 

 

 

f-str-17У парафіі Св. Андрэя Апостала ў Лынтупах за “круглым сталом” разважалі над урыўкам “Багаты чалавек” з Евангелля  Св. Лукі. У пасяджэнні прымалі ўдзел Тэрэса Мальч, Галіна Сотнікава, Ганна Бондар, Наталля Балаш, Лілія Ягело, Марыя Баран, Альжбета Хмылко, Эльвіра Вашкінэль, Галіна Лукша, Галіна Вайцяховіч, Ганна Лагунёнак, Міраслава Нячаева,  Любоў Міхайлава, Валянціна Руткоўская, сёстры законныя BDNP Розанна Стружыньска і Марыя Шамовіч. Вядучым быў пробашч парафіі кс. Аляксандр БАРАН.

 

 

 

Вядучы:

Шаноўныя, будзем разважаць з вамі над вельмі цікавым і павучальным урыўкам са Святога Пісання, дзе канчатковым зяўляецца адказ на пытанне: “Хто можа ўвайсці ў Валадарства Божае?”. Гэтае пытанне задае Пану Езусу юнак, які перакананы ў сваіх бездакорных паводзінах. Але Езус скіроўвае яго ўвагу на адзін недахоп і прапаноўвае яму прадаць усё, што ён мае, і раздаць бедным, пасля чаго “будзеш мець скарб у нябёсах”. Але не толькі гэта. Атрымаўшы свабоду ад багацця, якое ён палюбіў больш, чым Бога, юнак павінен будзе вярнуцца і ісці за Езусам. А каб ісці за Езусам, трэба мець поўны давер да Бога, мець натхненне прысвяціць Яму сваё жыццё. Як думаеце, што з’яўляецца перашкодаю на шляху наследвання Бога?

 

Ганна Лагунёнак:

– Калі юнак пытаецца ў Езуса, што трэба для таго, каб збавіцца і трапіць ў Валадарства Божае, я ўсведамляю, што і мы часам крывім душою, калі пытаемся, што нам трэба зрабіць. Патаемна ў душы адчуваем, але гэтыя крокі і чыны часам вельмі балючыя, для нас невыгодныя, калі трэба нешта карэнным чынам змяніць, а гэта ўжо цяжка. Мне здаецца, што і юнак у глыбіні душы ведаў, што яму патрэбна рабіць, але, калі пачуў з вуснаў  Езуса “адкінь тое, да чаго моцна прывязаны”, у дадзеным урыўку «багацце”, – сумеўся. Так і мы: прывязанасці маем, а парваць з імі адразу – цяжка.

 

Альжбета Хмылко:

– Прызнацца, першае пачуццё, якое ўзнікае пасля чытання, павярхоўнае, і яно такое: у мяне багацця няма; дзяліцца і раздаваць  – гэта не для мяне. Але ж калі глыбока падумаць, то Бог надзяліў чалавека сапраўды вельмі многімі дарамі…

 

Эльвіра Вашкінэль:

– Пасля чытання і ў мяне з’явілася такая першая думка: багацце – гэта маёмасць. Пачала разважаць, якою меркаю мераць: хто багаты, хто бедны… І тут  муж мне кажа: мы ўсе – багатыя. Рукі-ногі маем, значыць, ужо багатыя; значыць, можам ісці да другіх людзей, рабіць дабро…

 

Любоў Міхайлава:

– Разумею гэты ўрывак як па-трэбу раздаваць духоўнае багацце, тое, чым нашую душу напоўніў Бог. І тут вельмі шмат складнікаў – гэта і дапамагчы матэрыяльна, і зрабіць добры ўчынак для іншага, і паўшчуваць, калі ўзнікла патрэба. У цэлым гэта разнабаковыя дары. Бо няма нейкага спецыяльнага крытэрыя ацэнкі “багацця”, цяпер амаль ўсе выраўняліся, усе атрымліваюць зарплату або пенсію, жывуць у цёплых хатах. Ну, акрамя тых, хто сам аб сабе дбаць не хоча. Але тым, колькі чаго ні дай, – не ацэняць, духоўнага наогул успрымаць не навучыліся… Яны сапраўды заслугоўваюць ушчування, каб паглядзелі на сябе з боку…

 

Міраслава Нячаева:

– А я лічу, што гэты ўрывак вучыць па-добраму адносіцца да  ўсіх, асабліва да тых, якія, можа, і не паводзяць сябе як трэба; яны не толькі пакрыўджаныя лёсам, але, можа, і Богам, бо яны не ідуць да Бога, не разумеюць Ягонай Міласэрнасці. Ім трэба дапамагчы, нягледзячы на тое, як яны жылі раней, – п’яніцамі ці не п’яніцамі… Іх трэба падтрымаць, падаць ім руку. Самае галоўнае – багацце духоўнае, ім трэба дзяліцца.

 

Альжбета Хмылко:

– Не, тут мова ідзе пра матэрыяльнае… “Прадай і раздай”… А гэта цяжка, чалавек моцна да яго прывязаны… Духоўнае раздаць лягчэй…

 

Ганна Лагунёнак:

– Такая ўжо чалавечая натура: я столькі працаваў, зарабіў добрую пенсію, набыў нейкую маёмасць, каштоўнасці, і ўсё гэта раздаць?.. А той іншы – гультай, неахайнік, працаваць лянаваўся… Або чуеш часам: дапамагаць дзецям гэтых п’яніц? Такія-сякія, няхай самі пра сябе і пра сваіх дзяцей клапоцяцца! І такая пастава разлятаецца, як зерне, – ва ўсе бакі..:

 

Любоў Міхайлава:

– Ніхто не патрабуе. Раздаваць – гэта добрая воля кожнага…

 

Лілія Ягела:

– Правільна, дзецям патрэбна дапамагаць…Але і яны павінны быць удзячнымі: няхай бы прыйшлі ў касцёл, дапамаглі што-небудзь – прац розных на ўсіх хопіць, а то атрымоўваецца так, што даць ім, падтрымаць іх абавязаны, а яны са свайго боку?.. Нічога нікому не павінны? Я не кажу зараз пра дзяцей, а пра іх бацькоў, трэба ж мець нейкую свядомасць, пачуццё маральнай адказнасці за свае паводзіны…

 

Вядучы:f-str-18

– …Аднак вернемся да пытання Езуса: “Ведаеш запаведзі: «не чужалож, не забівай, не крадзі…”. “Усё гэта я захоўваў з юнацтва майго”, – адказвае юнак. На першы погляд здавалася б, што гэтага дастаткова, каб атрымаць скарб у нябёсах, але не, Езус бачыць, што на сэрцы хлопец мае нешта яшчэ, і тут ходзіць аб духоўнай свядомасці. Гэта датычыцца сёння і нас. Просты пры-клад, удзел у Святой Эўхарыстыі. Ведаем, што для хрысція-ніна гэта галоўнае і абавязковае, а як насамрэч? Нядзелька, а тут нейкі госць прыехаў знянацку: а-а, нічога страшнага, я ж усё з дзяцінства ведаю і захоўваю, а калі не пайду на Імшу разок, то які ўжо тут грэх – дробязь! І падобных дробязей, калі чалавеку не хапае духоўнай моцы, каб адарвацца ад сваіх звычак, за жыццё назбірваецца  мноства, і яны адлучаюць нас ад Бога. Гэты ўрывак болей пра наш духоўны стан, бо нас хутчэй паглынаюць бытавыя абавязкі, чым тое, што загадвае нам Пан. Зноў просты прыклад: нядзелька  – дзень, які мы павінны ахвяраваць не толькі Богу, але і блізкім, сваёй сям’і. А хіба ахвяруем? Хіба прысвячаем? Нам і на гэта не хапае часу.

 

Альжбета Хмылко:

– На жаль, гэта праўда, грашылі і ў нядзельку, хоць і святы дзень. Успамінаю, як некалі мая свякроўка заахвочвала картошку капаць. Канечне, мы маладыя былі, але разумелі, што справа абавязковая, і пачынаем сумнявацца: як быць – нядзелька, грэх… А свякроўка: “Нічога, дзеткі, гэты грэх я на сябе бяру”. Ды хіба толькі мы – усе людзі капалі, выходзіць, усе грашылі свядома…

 

Любоў Міхайлава:

– Калі прааналізаваць усё жыццё, то можна прыйсці да такога смешнага вываду, што самае вялікае багацце – нашыя грахі, бо з імі найцяжэй расстацца…

 

Вядучы:

Так, чалавеку бывае цяжка адарвацца ад звычак, ад прывычнага ладу жыцця, ад ілюзорнага камфорту, і тады ён жыве з такою паставаю: усё мяне задавальняе, “мой дом – моя  крепость”, мяне не цікавіць тое, што ў свеце, у краіне і г.д. Але чалавек створаны як  асоба, якая павінна жыць у соцыуме – у сям’і, супольнасці, калектыве, ён не можа не рэагаваць на тое, што адбываецца наўкола. Часам прывязанасць да матэрыяльнага, зямнога так моцна дамінуе, што чалавек нават знайходзіць сабе апраўданне, чаму паслабелі яго адносіны з Богам. Але мы з вамі ў такіх выпадках гаворым ужо аб адсутнасці духоўнасці.

 

Ганна Лагунёнак:

– Звярнула ўвагу на такі цікавы радок з гэтага ўрыўка: юнак адышоў ад Пана… засмучаны. Можа, ён чакаў пахвалу ад Бога, што Запаведзі выконвае з маленства, а не пачуўшы, засмуціўся? Але Бог яму сказаў праўду, чаго насамрэч яшчэ не хапае, каб трапіць у Валадарства Божае.

 

Вядучы:

– Так, Пан Бог не асудзіў яго, а сказаў праўду, а яна не спадабалася…

 

с. Розанна Стружыньска:

– Хачу звярнуцца да апошняга фрагмента ўрыўка, дзе Езус гаворыць: “Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці  ў Валадарства Божае”. І далей па тэксту: Хто чуў гэтае, спыталіся: “Хто ж можа збавіцца?”. Мне прыходзіць такая думка: вельмі часта мы думаем, што, робячы для людзей добрыя ўчынкі, прытрымліваючыся Божых Запаведзей у асабістым жыцці, мы самі здольныя, паводле сваіх сіл і магчымасцей, прыйсці да збаўлення. Аднак пры гэтым забываемся, што кожны момант нашага жыцця – гэта ласка Бога, кожны наш выбар – падтрымка Бога, Яго міласэрная рука. Нічога не робім ад сябе. Пан ёсць над усім, і адсюль фраза – “што немагчыма для людзей,  магчыма для Бога”.

 

Вядучы:

– Шаноўныя, разважаючы далей, хачу вярнуць вас да катэхезы, у якой некалькі дзён таму мы чулі словы Збаўцы, дзе Ён, на просьбу аднаго з укрыжаваных успомніць яго ў Сваім Валадарстве, адказаў: “Сёння будзеш са Мною ў раі”. Аб чым гэта? Аб тым, што ў той адзіны, апошні момант жыцця чалавек адкрыўся на Бога, паверыў Яму, і Езус, нягледзячы на грахі і злачынствы ўкрыжаванага, прабачае і абяцае яму Валадарства Божае. Многа разоў мы з вамі падкрэслівалі, што такі момант ёсць у кожнага чалавека, і кожны па-вінен шчыра пакаяцца, як Марыя Магдалена, стоячы на каленях, са слязамі на вачах. У адных такі момант прыходзіць раней, у іншых – пазней, але, калі не выкарыстаем яго, каб пакаяцца і вызнаць веру, то і не атрымаем Валадарства, пра якое гаворым.

 

Лілія Ягела:

Так, прачнуўся раніцою здаровы, устаў, пайшоў – падзякуй Богу, бо ўсё ў нас – з Яго ласкі. А самае вялікае багацце на свеце – здароўе, а калі няма яго, то не купіш і не зробіш нічога добрага ні сабе, ні іншым.

 

 

с. Розанна Стружыньска:

– Але хвароба таксама можа быць дарам Божым…

 

Ганна Лагунёнак:

– Цяперашнім часам патрэбна дзякаваць за ўсё: за цёплую пасцель, за ваду і харчы, якія маем, за тое, што жывём у сваіх хатах. Да гэтага мы прывыклі, карыстаемся і не задумваемся аб тым, што гэта і ёсць самая вялікая каштоўнасць, асабліва сёння…

 

   Лілія Ягела:

   – Так, у адну хвіліну можна згубіць усё…

 

Валянціна Руткоўская:

– Асабіста я лічу: калі чалавек уступае ў размову з Богам, значыць, ён хоча з Ім быць. Калі чытае, напрыклад, “Дыялог”, “Аvе Маria”, наогул духоўную літаратуру, значыць, ён шукае адказу на пытанні, якія яго хвалююць. А пытанні і праблемы, якія точаць і здаюцца цалкам невырашальнымі, ёсць у кожнага. І, нягледзячы на тое, што мы веруючыя, у душу закрадваецца сумненне: я слабы, не спраўлюся, гэта не для мяне, ніхто не дапаможа. Адначасова ў Вяночку да Божай Міласэрнасці паўтараем: “давяраю”, “давяраю”, “давяраю”… Езус падтрымлівае нас і кажа: “Што немагчыма для людзей, магчыма для Бога”. І, калі мы гэта зразумеем, калі паверым у гэтую Божую сілу і моц, – справімся з любой праблемай. А не паверым шчыра, то і будзем насіць яе невырашанай ўсё жыццё. Тут трапна было сказана, што грахі нашыя быццам самае вялікае багацце, з якім цяжка расстацца. Каб зразумець, што “па веры будзе дадзена вам”, што ты справішся, – не спяшайся ўскладаць на сябе надзею, а ўсім сэрцам прымі Сакрамэнт Эўхарыстыі, павер, што гэта Цела Божае, што да нас у гэты момант прыходзіць Жывы Бог… Хто разумее гэта – мае вялікі скарб. А калі няма даверу да Бога, чалавек з кожным днём  слабее ўсё болей… Езус бачыў гэта, таму і звярнуўся да Святой Фаўстыны, евангелісткі нашых дзён, каб тлумачыла і заклікала давяраць Божай Міласэрнасці.

А багацце матэрыяльнае… Няхай будзе, нікому яно яшчэ не перашкаджала…

 

Ганна Лагунёнак:

– Багацце – гэта і дар, і выпрабаванне. Лічу, што сёння не ўсе багатыя яго вытрымліваюць.  А хто вытрымлівае, той атрымоўвае вялікую пашану ў вачах Бога. У нашых мясцовасцях ёсць такія прыклады: колішнія ўладальнікі Бышэўскі, Даўгяла імкнуліся як мага болей зрабіць для людзей, давалі сродкі на пабудову храма.

 

Валянціна Руткоўская:

– Усе багатыя асобы прыносілі плён, таму што былі людзьмі веруючымі, ва ўсіх сваіх справах спадзяваліся на волю Божую…

 

с. Марыя Шамовіч:

На здымку: пробашч парафіі ксёндз Аляксандр Баран, законныя сёстры Розанна Стружыньска і Марыя Шамовіч з удзельнікамі пасяджэння за "круглым сталом".

На здымку: пробашч парафіі ксёндз Аляксандр Баран, законныя сёстры Розанна Стружыньска і Марыя Шамовіч з удзельнікамі пасяджэння за «круглым сталом».

– Мы тут гаварылі пра багацце, калі пачулі, што Езус сказаў юнаку: “ідзі, прадай, раздай…”. На самой справе не ведаем, ці было яно ў юнака. Ды і наогул у кожнага свая мера багацця. Для мяне, напрыклад, абразік, медальёнчык – багацце, а іншы скажа: дробязь. Гэты фрагмент гаворыць мне пра тое, што, акрамя таго, што я павінна захоўваць права, я павінна яшчэ любіць, а як? Мяркую, праз матэрыяльны свет… Напрыклад, як тая ўбогая ўдава, пря якую таксама разважалі нядаўна. Для мяне гэта адказ на ўсе пытанні, якія звязаны з багаццем: жанчына аддала ўсё, што мела. Мець многа – можна быць прывязаным, а мець крышку – можна аддаць апошняе, і мая здольнасць падзяліцца, лічу, – самае важнае ў маіх адносінах з Богам.

 

Вядучы:

– Шаноўныя, у Святым Пісанні многа вобразаў, якія даюць магчымасць паглыбляцца ў разважаннях і духоўна асэнсоўваць не толькі падзеі, што месцяцца на старонках Вечнай Кнігі, але і тое, што адбываецца з намі, сённяшнімі. Занятак складаны і адначасова просты. Складаны для тых, хто далёкі ад Бога, і просты для тых, хто Бога шукае, хто Яму давярае і на Яго спадзяецца. Жыццё вечнае, скарб у нябёсах – гэта мэта жыцця  кожнага  хрысціяніна. Таму варта абуджаць у сабе жаданне служыць Богу, гатоўнасць ахвяраваць усё дзеля Яго.

 

 

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

Віцебская  вобласць


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий