«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І зноў будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

 

Пакайцеся!

 

 

Заклік да пакаяння 

 

 У той самы час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра галілейцаў, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. А Ён адказаў ім на гэта: «Думаеце, што гэтыя галілейцы былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілейцаў, калі так пацярпелі? Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. Думаеце, што тыя васямнаццаць, на якіх упала сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія  жылі ў Ерузалеме? Не, кажу вам; але  калі не  пакаецеся, усе таксама загінеце».     (Лк 13, 1-5)

 

 

 

 

f-str-17У парафіі Божага Цела ў Мінску сабраныя за “круглым сталом” парафіяне разважалі над урыўкам “Заклік да пакаяння” з Евангелля Св. Лукі. У пасяджэнні прымалі ўдзел Ірына Сінкевіч, Аксана Кішкурна, Таццяна Грыцкевіч, Сяргей Федарук, Ганна Луцкая, Лілія Андрэева, пробашч парафіі а. Юрый Кулай, OCD. Вядучай была с. Валянціна Гацкевіч, SM.

 

 

 

Вядучая:

– Паважаныя браты і сёстры! У гэтым урыўку бачым два канкрэтныя пасылы: першы – масавая гібель людзей, да якой спрычыніліся палітычныя замешкі. Другі – гэта таксама смерць, якая наступіла ў сувязі з няшчасным  выпадкам, –  упала вежа. А ў нашыя часы? На жаль, таксама многа смярцей, выкліканых рознымі акалічнасцямі і абставінамі: ці дрэва ўпадзе, ці цэгла на галаву, ці здарыцца ДТЗ… Нечакана. І зараз у свеце ідзе барацьба, гінуць людзі. І Пан Езус запрашае чалавека падумаць: ці гатовы ён да такога здарэння, да такой нечаканай смерці? Іншымі словамі, Пан запрашае нас пакаяцца. Жывём у такі час, калі людзі не адчуваюць сваёй грэшнасці і не адчуваюць патрэбы навяртання. Але гэта пагубны лад жыцця.  Трэба прагнуць навяртання. Трэба хацець раніцой прыйсці на малітву, трэба хацець пакаяцца ў грахах, кагосьці прабачыць і самаму папрасіць прабачэння, з кімсьці паяднацца… Езус дае нам зразумець: можаце прыпадкова хутка загінуць. А ці вы гатовыя? 

 

Таццяна  Грыцкевіч:

– На маю думку, у гэтым урыўку Езус гаворыць пра смерць фізічную і смерць духоўную. Насамрэч  смерць фізічная, можа нават, не такая трагічная, як смерць духоўная. І гэтыя “некаторыя”, якія  звярнуліся  да Езуса і сказалі, што Пілат змяшаў кроў галілейцаў  з  іх ахвярамі, самі былі напэўна грэшнымі. Думаю, што Пан ведаў грахі гэтых “некаторых”, таму  і  папярэдзіў: калі не пакаецеся,  усе  таксама загінеце. І загінуць можна не абавязкова фізічна; загінуць  можна і духоўна, маючы грахі смяротныя.

 

Сяргей Федарук:

– Асноўная думка ў гэтым урыўку для мяне наступная: канец свету для кожнага чалавека асабіста  можа наступіць у любую хвіліну, аб гэтым не ведае ніхто, акрамя Нябеснага Айца. Таму Езус, маючы перажыванні за смерць тых людзей, якія загінулі выпадкова, папярэджвае ўсіх астатніх, хто будзе Яго слухаць і чуць, і заклікае падрыхтавацца да сустрэчы з Айцом Нябесным, да Суда Нябеснага. Заклікае, каб чалавек, якому наканаваны той ці іншы лёс, пакідаў гэты свет, прымірыўшыся з Богам, з людзьмі, прабачыўшы усе крыўды. Адыходзіць з  гэтага  свету мы павінны ў стане асвячальнай ласкі, клапаціцца пра якую патрэбна пры жыцці.f-str-18

 

Ірына Сінкевіч:

– У гэтым урыўку Езус двойчы падкрэслівае неабходнасць пакаяцца, навярнуцца. І Ён звяртаецца не толькі да тых, хто да Яго прыйшоў, але і да нас, сённяшніх,  бо  Слова Божае актуальнае заўсёды.  Мы з вамі перажылі  жудасны час пандэміі, і ніхто не ведаў, хто калі можа адыйсці з гэтага жыцця. Мы і сёння не ведаем, што  будзе праз хвіліну, таму заклік да тых, якія жывуць,  вельмі актуальны, каб да яго прыслухацца, каб пакаяцца і весці барацьбу са злом.  Духоўная барацьба не бачная, але яна існуе і  яна моцная. Вельмі шкада было тых людзей, якія адыйшлі падчас пандэміі, і ніхто не ведае, ці былі яны грэшныя, ці бязгрэшныя… Той час пакінуў людзям страх, з-за якога многія яшчэ і сёння не запрашаюць да сябе нікога… Хоць і ведаем, што ўсе  памром. Таму вельмі важна, каб, адышоўшы з зямнога жыцця, мы былі ў стане асвячальнай ласкі, а не ў стане граху.

 

Аксана Кішкурна:

– Маё  меркаванне  наконт зместу  ўрыўка супадае з тымі выказваннямі, якія тут ужо прагучалі. Сапраўды, важна не тое, што цела памірае; значна трагічней, калі памірае душа. А калі душа мёртвая, то чалавек ужо не жывы. І Езус хоча папярэдзіць нас і просіць, каб  жылі з Богам,  каб пакаяліся, каб у пэўны час душы маглі прыйсці да Неба і сустрэцца з Богам. Чытаючы ўрывак, абавязкова разважаем пра сваё штодзённае жыццё, пра смерць, пра жыццё вечнае… А значыць – пра нашыя сённяшнія адносіны  з Панам Богам.

 

Ганна Луцкая:

–  Зноў застанавіліся мы на закліку да пакаяння. Але ці першы раз гучыць ён са старонак Святога Пісання?! Прыклады, якія прыводзяцца, ёсць і сярод нашай сучаснасці. Думкі вяртаюць да трагічных падзей 1999 года, калі на Нямізе загінулі 53 чалавекі, многія засталіся параненымі. А пытанне паўстае тое ж самае: “Ці былі больш грэшнымі  тыя  53,  што  загінулі, за тыя дзве з паловаю сотні, якія пацярпелі, ды і наогул  усіх астатніх жыхароў Мінска?”. Іх смерць – гэта званочак для усіх тых, хто застаўся: задумайцеся, перагледзьце, асэнсуйце і перамяніце сваё жыццё, пакайцеся, але не проста вызнайце свае грахі і жывіце, як жылі, а сапраўды перамяніце! Пастаўце на п’едэстал Бога і жывіце Ім кожны дзень!

 

Лілія Андрэева:

– Хачу  падтрымаць думку, што смерць фізічная і смерць духоўная – не адно і тое ж. Смерць фізічная – гэта бачнае; калі хаваем  блізкіх, сутыкаемся з ёю.  Разумею, што не ва ўсіх сем’ях і не заўсёды  пра яе размаўляюць. Напрыклад,  у нашай  сям’і мама з намі пра смерць пачала гаварыць, калі мы былі яшчэ малыя. Сама  яна рана засталася сіратою, расказвала, што малодшых яе сясцёр забралі ў інтэрнат, але ў яе не было глыбокай крыўды на Бога, не было нараканняў на лёс, а была  вельмі  шчырая   любоў да бацькоў. Была выказана вера і надзея, што яны з нябёсаў  моляцца за нас і  дапамагаюць нам. Я ніколі не ведала маміных  бацькоў,  сваіх бабулю і дзядулю, але іх любіла і люблю. Таму, калі прыйшоў час нам з дзецьмі  гаварыць пра смерць, то не было гэта так ужо цяжка. Больш  таго, мы з мужам бралі іх з  сабою на пахаванні, мой Юрачка меў чатыры гады, калі хавалі маю маму. Не было яму страху.  Цяпер усім  кажу:  не бойцеся паказаць  дзецям  фізічную смерць, яны спакойна  ўспрымаюць, калі ім спакойна гэта растлумачыш.  Смерць духоўная – гэты момант болей жудасны. Я бачыла такіх людзей, якія ў свой час не зразумелі навяртання, не разумелі  пакаяння,  не лічылі гэта галоўным. Мне было цяжка штосьці ім на гэтую тэму гаварыць, бо самі яны не захацелі адчыніць  дзверы  Пану  Богу, калі  Ён  стукаўся  да іх. Разважаючы пра гэта сёння, маючы ўжо дарослых дзяцей, разумею: без пакаяння будзе цяжка паміраць. А  калі  дарогу   да Неба мы  знайшлі  ўжо тут, на зямлі, то і калі надыйдзе той час, чалавечы страх будзе прысутнічаць, але прадчуванне радасці ад сустрэчы з  Богам, спадзяюся, будзе перабольшваць.

 

Вядучая:

– Калі я схілілася над гэтым Словам Божым, то прыгадала словы Пана  Езуса “Няхай сонца не заходзіць над гневам вашым” і  гэта  рассеяла мае думкі  над  тым, як  я  заканчваю мой дзень. І для  кожнага чалавека  можа  быць  такое пытанне: “Што ў сэрцы маім цяжка, бо не ведаю, ці прачнуся?”. Крыху раней у Евангеллі ад Святога Лукі Пан Езус пытаецца ў нас: “Чаму ж вы і па саміх  сабе  не судзіце, што слушнае?”. Так, прыглядзіцеся да сітуацыі, у якой жывяце, што перажываеце ў адносінах да сям’і, у школе і наогул да асяроддзя. Патрэбна цішыня, пакора, жаданне, каб маё нутро было  чыстае, лёгкае, свабоднае, каб, калі не прачнуся… Так, не прачнуся, памру, але ці сумленне дае ў гэты момант спакой?

  

Лілія Андрэева:

– У маім жыцці была такая цяжкая  сітуацыя,  калі адчула вострую неабходнасць споведзі. Разумела, што калі я сёння не атрымаю прабачэння і памру… Тут у нас тады не было яшчэ нават капліцы, і мне прыйшлося ляцець вечарам у Чырвоны касцёл, “вырываць” там святара… Ксёндз Аляксандр Фаміных запытаў: “Што, так ужо сапраўды нельга было пачакаць?”. Кажу, не, адкуль я ведаю, можа я памру… І лекарам сказала (у мяне тады  былі  вялікія цяжкасці з сэрцам). А яны мне: маўляў, што ўжо аб смерці гаворыце, у 30 гадоў, вы маладая яшчэ… Ну і што,  кажу, і маладыя паміраюць… А сама адчуваю: калі не паспавядаюся, то нават заснуць не змагу, бо не ведаю, што будзе з раніцы наступнага дня… Яшчэ думаю: калі ў Бога  будзе такі на мяне “план”, то няхай ужо будзе… Але без граху…

 

Таццяна Грыцкевіч:

 –  Нам, людзям, здаецца, што цярпець  павінны  толькі  грэшнікі. Але не,  паглядзіце, што кажа Езус: “Думаеце, што гэтыя галілейцы  былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілейцаў, калі так пацярпелі? Не, кажу вам”. Сапраўды, той няшчасны выпадак, над якім тут разважалі, мог здарыцца з кожным; у жыцці церпяць і грэшнікі, і не грэшнікі, дарослыя і зусім маленькія дзеці. Справа тут у іншым: у Бога няма нічога  выпадковага,  для  чагосьці ўсё гэта патрэбна, нават калі  здараецца  смерць  маленькіх дзяцей…

 

Лілія Андрэева:

– Дазвольце  яшчэ раскажу пра сітуацыю, якую прачыталі з мужам на Фэйсбуку: адна праваслаўная  сям’я  згубіла сваіх дзетак у ноч на Божае Нараджэнне, з 6 на 7 студзеня.  Усе пяцёра загінулі ў агні; муж выцягнуў жонку праз вакно, яны таксама моцна абгарэлі, былі параненыя… Мы  чыталі, плакалі, маліліся  і  разважалі: ну  якое жыццё ў  гэтых  людзей  далей?  Што Пан Бог хацеў гэтым сказаць?.. Не знайшлі мы адказу на гэтае пытанне… Відаць, Пан Бог адкрые ўжо гэта на Нябёсах…

 

Вядучая:

На здымку: пробашч парафіі а. Юрый Кулай, OCD з удзельнікамі пасяджэння (злева направа)  Аксанай Кішкурна, Сяргеем Федаруком, Ганнай Луцкай, Ліліяй Андрэевай, с. Валянцінай Гацкевіч, SM, Ірынай  Сінкевіч і Таццянай Грыцкевіч.

На здымку: пробашч парафіі а. Юрый Кулай, OCD з удзельнікамі пасяджэння (злева направа) Аксанай Кішкурна, Сяргеем Федаруком, Ганнай Луцкай, Ліліяй Андрэевай, с. Валянцінай Гацкевіч, SM, Ірынай Сінкевіч і Таццянай Грыцкевіч.

– Думаю, што варта падзякаваць Пану Езусу яшчэ раз за Слова Жывое: яно ўказвае нам на нашы жыццёвыя сітуацыі, дае падказкі. А далей насамрэч ад нас саміх залежыць, наколькі  мы распазнаём іх і карыстаемся  імі.  І  тут  я маю на  ўвазе  не толькі нашыя асабістыя адчуванні ў сэрцы, але і нашу хрысціянскую паставу: трэба,  каб  мы, якія блізка Пана Езуса, не баяліся сведчыць і вялі людзей не толькі  да  Слова  Божага,  якое Жывое,  але і да Святых Сакрамэнтаў,  у   якіх  Бог  прысутнічае  і дае  нам  Сябе Самога.

 

а. Юрый Кулай,  пробашч парафіі:

–  Дзякую Пану Богу за гэтую сустрэчу, за адкрытасць, з якою выказалі свае думкі ўдзельнікі, падзяліліся тым, што лягло на сэрца. Сапраўды, людзі розныя, жыццёвыя сітуацыі розныя, а Пан Бог адзін. Дзякую сястры Валянціне, якая ўзначаліла і павяла гэтае спатканне. Лічу, што такія сустрэчы, калі мы дзелімся адзін  з  другім сваімі думкамі, высновамі  і  ўсім  тым, што перажыта разам з Панам Богам, патрэбныя  кожнаму:  яны  ўзмацняюць нашу веру і нашае сэрца, кропля за кропляй пераконваюць,  што  няма іншага шляху да жыцця  вечнага,  як  толькі  шлях  у  еднасці  з Богам, а  заклік да пакаяння, што гучыць  са  старонак  Святога Пісання, у наш час набывае ўсё большую актуальнасць.

Айцец  Юрый  благаславіў сабраных  і  пажадаў  усім вялікага  плёну ва ўдасканаленні адносінаў з Панам  Богам. 

 

 

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

г. Мінск


 

                                                                      

 

 

 

 

 


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий