«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І зноў будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

 

«Я выбраў вас»

 

 

Вучні і свет

      

 Калі свет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зненавідзеў. Калі б вы былі са свету, ён любіў бы вас, як сваё. А паколькі вы не са свету, бо Я выбраў вас са свету, таму свет ненавідзіць вас. Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга не большы за свайго гаспадара. Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць. Калі слова Маё захавалі, то і вашае захаваюць. Але ўсё гэта будуць рабіць вам з прычыны імя Майго, бо не ведаюць таго, хто паслаў Мяне. Калі б Ян не прыйшоў і не гаварыў з імі, не мелі б граху. Цяпер жа не маюць апраўдання за свой грэх. Хто ненавідзіць Мяне, той і Айца Майго ненавідзіць. Калі б Я не ўчыніў тых спраў, якіх не рабіў ніхто іншы, яны не мелі б граху. А цяпер яны бачылі і зненавідзелі Мяне і Айца Майго. Але няхай збудзецца слова, напісанае ў іхнім Законе: “Зненавідзелі мяне без  прычыны”

Калі прыйдзе Суцяшыцель, якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, які ад Айца паходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне. Але і вы сведчыце, бо вы ад  пачатку са Мною.      (Ян 15, 18-27)

 

 

 

 f-str-17У парафіі Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Старых Дарогах сабраныя за “круглым сталом” вернікі разважалі над урыўкам “Вучні і свет” з Евангелля Св. Яна. Удзел у пасяджэнні прымалі Міхаіл Чэчуха, Святлана Татур, Іна Кірдун, Павел Хадарук, Валянціна Казяба, Тамара Шчэрба, Ганна Афоніна, Галіна Лапанік. Вядучым быў пробашч парафіі а. Аляксей Рамановіч,OFM.

 

 

 

 

Вядучы:

– Шаноўныя, запрашаю паразважаць над пытаннем: каго ненавідзіць сённяшні свет? Я заўсёды над гэтым задумваўся: як так можа быць? Са Святога Пісання ведаем, што на сёмы дзень стварэння Бог паглядзеў на ўсё і сказаў: усё, што Я стварыў, – добрае. І мы, створаныя Богам, жывём у створаным Ім свеце. То за што свет ненавідзіць нас? “Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць…”. За што пераследаваць?

 

Павел Хадарук:

– Мы самі вінаватыя, такі свет вакол сябе ствараем. Пачалося ад Адама і Евы: першы грэх, Каін і Абэль, братазабойства… Так яно фарміравалася ў людзях і да сённяшняга дня працягваецца: нянавісць, зайздрасць. А патрэбна было любіць: “Палюбі бліжняга, як самога сябе…”. Калі хочаш дасягнуць лепшага, трэба заўсёды пачынаць з сябе.

 

Святлана Татур:

– Словы сённяшняга ўрыўка з Евангелля не абяцаюць лёгкага жыцця тым, хто прымае рашэнне ісці за Хрыстом. Наадварот, застаўляюць сур’ёзна задумацца. Езус не хацеў падманваць вучняў, абяцаючы ім, што жыццё іхняе будзе бесклапотным, без выпрабаванняў і цярпенняў. На працягу зямнога жыцця Езус Хрыстус таксама перажываў пастаянны пераслед, абвінавачванні, супрацьстаянне. І Ён папярэджвае, каб не чакалі, што да тых, хто да Яго далучыцца, будуць адносіцца лепей, чым да Яго. Таму Езус шукае сяброў, якія з ахвотай падзялялі б Яго лёс.

 

Павел Хадарук: f-str-18

– Езус папярэджваў, што, калі вас будуць ненавідзець, значыць, вы ўсё правільна робіце. 

 

Міхаіл Чэчуха:

– Так, а калі вас палюбяць, значыць, вы сапраўдныя хрысціяне.

 

 Іна Кірдун:

– Захаванне хрысціянства ў свеце павінна  быць аўтэнтычным, праўдзівым, і яно толькі тады мае сэнс, калі падтрымліваецца верай. Нічога дзіўнага няма ў тым, што не ўсе яго прымаюць. Некаторыя лічаць, што хрысціянская вера – гэта абскурантызм, шаленства, варожыя адносіны да навукі, прагрэсу, асветы. Маральную чысціню хрысціяніна і хрысціянкі сённяшні свет таксама лічыць анамаліяй; прабачэнне крыўдаў, любоў да ворага – слабасцю; малітву і любоў да Бога – перажыткам мінулага… Але мы не павінны паддавацца такому блюзнерству.

 

Вядучы:

– …І што – хацелі б мы сказаць, што нам сёння добра, што не прымаем веру? Нам камфортна без тых асноўных прынцыпаў любові да бліжняга, якія мы добра ведаем? Калі не прабачаем, не робім дабро бліжняму, то хіба  адчуваем асалоду на сэрцы?

 

Іна Кірдун:

 – Мяркую,  што мы сталі эгаістамі.

 

Тамара Шчэрба:

– А можа ўсё патрэбнае згубілася тады, калі мы яшчэ былі малымі? Успамінаю сваё дзяцінства, юнацтва. Вучылася ў інстытуце, хадзіла на кружок атэізму. Нас вучылі: Бога – няма, і кропка. Родныя нас хрысцілі, хаваючыся. Мой тата быў камуністам, то мама пахрысціла мяне так, што гэтага не ведаў нават ён. Да гэтай пары ў мяне захоўваюцца бабуліны іконы, якія калісьці былі закопаныя ў зямлі, каб ніхто не прымусіў іх спаліць.  Маё пакаленне адыйшло ад Бога, не паспеўшы да Яго прыйсці. Месца Бога заняло “Я”: “Я сам, я хачу, мне патрэбна…”. Сёння жывём у складаным свеце: ёсць і зло, і нянавісць, і насілле, але іншага свету ў нас няма, і мы павінны неяк скантактаваць свой лад жыцця з гэтым светам, неяк прыстасаваць яго, але быць у ім прыкладам.  Працую з дзецьмі. Іншы раз пасварацца між сабою, настаўляюць адзін другому  кулакоў у плечы. Пытаю: “І як мне цяпер з вамі разбірацца? Вы ж абое аднолькавыя; справа не ў тым, хто з вас першы пачаў… Важна тое, як ты адказаў на гэтую бойку, на гэтае зло”. Ва ўсякіх канфліктах нехта павінен першы астанавіцца, падаць другому руку, усміхнуцца…  Наша сіла ў тым, што мы ідзём за Хрыстом, трымаемся веры, і павінны ўспрымаць яе як дапамогу, як абязбольваючую таблетку ад зла.

 

Вядучы:

– Падказваю зноў: мы з вамі шукаем адказ на пытанне: за што нас ненавідзіць гэты свет?

 

Тамара Шчэрба:

– За тое, што мы не такія, не та-кі-я! Мы іначай паступаем, на зло не адказваем злом, імкнемся праяўляць міласэрнасць да патрабуючых, прытрымліваемся навукі Хрыста і гэтым адрозніваемся! У любым свеце, любым грамадстве “белую варону” заўважыць лёгка. А калі ты не такі, як усе, або як большасць, цябе пачынаюць не разумець, не заўважаць, або зусім не прымаюць! Бо ты не адказваеш “патрэбам” іх супольнасці.

 

Павел Хадарук:

– Яскравы прыклад “белай вароны” – нядаўні чэмпіянат НХЛ па хакею гэтай зімою. Адзін з членаў каманды ”Філадельфія Флайерз” адмовіўся выйсці на лёд з радужнай сімволікай ЛГБТ і патлумачыў: “Я паважаю выбар кожнага чалавека, а гэта – мой выбар, я хрысціянін, я не хачу гэта падтрымліваць”. Гэта быў рускі праваслаўны хрысціянін, які гуляе за амерыканскі клуб па хакею. У інтэрнэце паднялася цэлая бура, карыстальнікі сацыяльных сетак зрабілі з яго ізгоя, а Нацыянальная хакейная ліга, дарэчы, падтрымала іграка, учынак моцнага духам чалавека, хрысціяніна. У Святым  Пісанні напісана, што толькі саюз мужчыны і жанчыны пакліканы стварыць сям’ю і выхоўваць у ёй дзяцей, а не гэтае сучаснае вар’яцтва.

 

Вядучы:

– Хто зрабіў такі свет?

 

Павел Хадарук:

– Мы самі. У нейкі момант, напачатку дапускаем падобнае зло, маўляў, гэта забавы, ніхто гэта не падтрымае, а праходзіць час, і зло распаўсюджваецца.

 

Вядучы:

–…І калі мы будзем маўчаць, што будзе далей?

 

Валянціна Казяба:

– Нас будуць ненавідзець, як і ненавідзелі Хрыста і Яго вучняў. А што такое нянавісць? Нянавісць – гэта бяссільнае зло, якое ў пэўных умовах распаўсюджваецца і пачынае травіць свет. А што такое свет? Свет – гэта мы, людзі, грамадства; гэта нашы словы, думкі, учынкі, якія разам, у сукупнасці маюць вялікую сілу. Але куды накіравана гэтая сіла? Да граху?..  І што яшчэ сказана: “зненавідзелі без прычыны”. Ні за што… І Хрыста, і тых, хто прымае Яго вучэнне, і хто за Ім ідзе, хто нават проста з Ім згодны. Зненавідзелі  ціхай нянавісцю, а яна яшчэ страшней, чым адкрытая, бачная. І Святы Ян, евангеліст вуснамі Хрыста дае настаўленне. Якое? Не баяцца! Бо гэтая нянавісць існуе вечна. Грэшны свет заўсёды будзе змагацца з тымі, хто яго не прымае, яму сорамна за свой  грэх.  І сёння  змагаюцца  між сабою –  народы, сем’і, дзяржавы, бо чалавек такая істота, якая нават з сабою не заўсёды ладзіць… А гэта моцна небяспечная з’ява, калі ты нічога дрэннага не робіш, не гаворыш, а цябе ненавідзяць толькі за тое, што ты ў гэтым свеце ёсць, і ты не такі, як усе…

 

Вядучы:

–  Асабіста я вытокі гэтай нянавісці бачу яшчэ і ў тым, што сучасная “талерантнасць”, выкарыстоўваючы шырокія магчымасці Інтэрнэту, дазволіла такі электронны “доступ” да Бога, да розных рэлігій і падводзіць нас, людзей, да высновы: рэлігій многа, між імі можна паставіць знак роўнасці. Як у супермаркеце: тавараў многа, і чалавек выбірае той, які задаволіць яго па-трэбу, а па кошту – танейшы. І ў духоўным жыцці: людзі “выбіраюць” тое, што лягчэй, прасцей. Але Пан Езус гаворыць: не! Гэта Я выбраў вас!.. Слухайце, нас два мільярды хрысціянаў, і што – нічога не можам зрабіць, каб свет перастаў ненавідзець сябе і нас?

 

Галіна Лапанік:

– Галоўная Запаведзь, якую пакінуў нам Айцец Нябесны праз Свайго Сына, – гэта запаведзь любові. І калі мы з’яўляемся вучнямі Хрыста, мы жывём паводле тых маральных прынцыпаў, якія Ён запаведаваў: дабра, спагадлівасці, пакоры, павагі, прабачэння. Але гэтыя цноты свет не можа прыняць, таму што іх не разумее. Ён і Хрыста не прыняў. Мяркую, што наша святыня ніколі не была б пабудавана, каб не дабрадзеі. Ведаю гісторыю амаль кожнай ахвяры на храм і памятаю, якое  здзіўленне  і  неразуменне было ў вачах іншых, калі гэтыя ахвяры збіраліся: маўляў, як можна, маючы сваю сям’ю, дзяцей, унукаў, “адарваць” ад сябе і даць на будоўлю касцёла? Так і свет не прымае нас таму,  што не асягнуў той навукі, якую даносіў да сваіх вучняў Езус.

 

Ганна Афоніна:

– Патрэбу ў любові маюць усе… Нядаўна размаўляла з адным знаёмым католікам. Пытаецца ў мяне: “Калі Вы будзеце ў касцёле?”. Адказваю: “У нядзелю. А што Вы хочаце?”. “Памянуць маму”. “Дык і прыходзьце”, – запрашаю яго. “Не, тады можа жонка прыдзе, я не магу…”. “Прыходзьце, Вы ўжо ў такім узросце, што надышоў час перагледзець свае погляды і павярнуцца  да Бога”. “Мусіць, я не павярнуся, – адказаў ён, – скончыў інстытут марксізма-ленінізма, лектар-міжнароднік…”.

 

Вядучы:

– Як гэта разумець? Яму сорамна прыйсці ў касцёл ці што?..

 

Павел Хадарук:

– Заўважаю, што моладзь саромеецца ісці ў касцёл. Калісьці ў маім дзяцінстве ўсё было проста: бабуля або дзядуля ўзялі за руку – і разам на святую Імшу. Школа, дарэчы, не перашкаджала. Сёння мой сын ходзіць. Сябра пытаецца ў яго: “Ты пойдзеш у нядзелю туды… і туды…, на якое-небудзь мерапрыемства?”. Сын адказвае: “Не, пайду да касцёла”. Сябра здзіўляецца: “А чаго?..”. Во як: дзіця не ведае, чаго людзі ходзяць да касцёла. А чаму не ведае? Таму што дома яму не гавораць пра вышэйшую ў свеце сілу, дома няма ніякай матывацыі на гэтую тэму. А дарэмна, трэба хоць вечарам, перад сном, пакрысе чытаць з дзецьмі Біблію, духоўныя кніжкі… Няхай сабе вынік не наступіць адразу, але ён наступіць абавязкова!

 

Вядучы:

– Тэма нашых разважанняў няпростая. Можна, канешне, успомніць, што Езус сказаў: “Мяне раней за вас зненаві-дзелі…”. Але гэта не будзе поўным адказам на пытанне: у чым прычына нянавісці, за што пераследуюць?

 

Валянціна Казяба:

– З памяці не выходзіць выпадак, калі Папа Ян Павел II прыязджаў у Польшчу, і на сустрэчу з ім адправіліся пілігрымы, у тым ліку мая зямлячка, настаўніца. Вярнулася дамоў, поўная ўражанняў. У хуткім часе кіраўніцтва школы аб’яўляе адкрыты урок, які павінна даць акурат яна. Настаўніца выдатная, правяла урок выдатна, але ў выніку як яе “раздраконілі”! Што гэта, калі не скрытая нянавісць? Нянавісць – пачуццё, яно дрэмле (да часу!) хіба ў кожным, але не ў кожным прачынаецца. Чалавек павінен сябе стрымліваць, у іншым выпадку ўсякая нястрыманасць,  абраза, пагарда прыводзяць да канфліктаў і войнаў.

Успамінаю і я  вучобу ў інстытуце і прадмет, які называўся “Навуковы  атэізм”. Парадокс: чым  далей яго вывучалі, тым болей увагі звярталі на рэлігію. А выкладчыкамі былі людзі выдатна падрыхтаваныя, у чыім школьным дзяцінстве першым прадметам быў Закон Божы. Як цудоўна выкладалі яны  класічную літаратуру! Лічу, што сёння ў школьныя праграмы трэба абавязкова ўводзіць нейкае падабенства “Закона Божага”. Не проста “беседы” на факультатывах або класных часах – гэтага мала. Трэба ўводзіць тое, што будзе фарміраваць маральнасць чалавека ад пачатку. А фарміраванне маральнасці, на мой погляд, заложана ў рэлігіі.

 

Тамара Шчэрба:

На здымку: пробашч парафіі а. Аляксей Рамановіч з удзельнікамі пасяджэння (злева направа) Інай Кірдун, Валянцінай Казяба,  Святланай Татур, Галінай Лапанік, Міхаілам Чэчуха, Тамарай Шчэрба і Ганнай Афонінай.

На здымку: пробашч парафіі а. Аляксей Рамановіч з удзельнікамі пасяджэння (злева направа) Інай Кірдун, Валянцінай Казяба, Святланай Татур, Галінай Лапанік, Міхаілам Чэчуха, Тамарай Шчэрба і Ганнай Афонінай.

– Усё павінна пачынацца з сям’і. Мы з вучнямі чацвёртых класаў  разглядалі тэму “Храмы нашага раёна”. Пытаюся: дзеці, хто з вас быў у касцёле ці ў царкве? Ніхто не быў. А ўсе ахрышчаныя! Мама павесіла  крыжык на шыю, палічыўшы свой абавязак выкананым, а дзіця  і не ведае, да каго належыць: да  католікаў ці да праваслаўных. А што далей? Зацыкліліся на тым, што калісьці не дазвалялі хадзіць у храмы. Сёння дазваляюць і што?.. Павесіць крыжык на шыю дзеля моды – гэта грэх.

 

Галіна Лапанік:

– Мы слабыя сведкі веры, не з’яўляемся апосталамі, мала гаворым пра Бога. Можна сказаць, что ў нас слабая вера.

 

Вядучы:

– Падводзячы вынікі, зазначу: нянавісць жыве там, дзе існуе недахоп  любові. Людзі забыліся пра самую вялікую каштоўнасць, якою адарыў нас Бог, – нашу святую душу. Гэта яна з’яўляецца храмам духоўных каштоўнасцей і маральных цнотаў, якія залажыў у нас Бог. Памятаеце, што гаворыць нам Святое Пісанне (пар. Эф 4, 17-32): “Гневайцеся, але не грашыце, няхай сонца не заходзіць у гневе  вашым. Усялякае ліхое слова  няхай не выходзіць з вуснаў вашых. Усялякая горыч, раздражненне, гнеў, крык і блюзнерства няхай будуць выдалены ад вас разам з усялякай злосцю. Вы ж будзьце адзін да аднаго лагоднымі, міласэрнымі, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам»

Пане Божа, дабаў нам веры! 

 

 

 

 Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

 Мінская  вобласць


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий