На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.
І зноў будзем разважаць над асобнымі фрагментамі са Святога Пісання, над якімі заклікаем і вас схіліцца разам з намі…
Час адчаю і надзеі
Пустая магіла
Калі мінуў шабат, на світанні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу. І вось стаўся вялікі землятрус, бо анёл Пана, які сышоў з неба, падышоў, адсунуў камень і сеў на ім. Выгляд жа ягоны быў, як маланка, і адзенне Ягонае было белае, як снег. Ад страху перад ім задрыжэлі вартаўнікі і сталі, як мёртвыя. Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: «Не бойцеся! Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Яго тут няма, Ён уваскрос, як сказаў. Падыдзіце, пабачце месца, дзе быў пакладзены, ды ідзіце хутчэй, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос і апярэджвае вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце. Гэта я сказаў вам». І, хутка адышоўшы ад магілы, са страхам і вялікай радасцю яны пабеглі паведаміць вучням Ягоным. (Мц 28, 1-8)
У гудагайскай парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі сабраныя за “круглым сталом” вернікі разважалі над урыўкам “Пустая магіла” з Евангелля Св. Мацвея. У пасяджэнні прымалі ўдзел с. Ідалія Мархоцкая (Кангрэгацыя Сясцёр Кармэлітак Дзіцяткі Езуса), Алена Ўрублеўская, Жана Грамбоўская, Ганна Кандратовіч, Галіна Новікава і Станіслава Козіч. Вядучым быў настаяцель гудагайскай супольнасці айцоў-кармэлітаў а. Юрый НАХОДКА, OCD.
Сустрэча пачалася малітвай да Святога Духа, каб дапамог у разуменні тых праўдаў веры, якія месцяцца ва ўрыўку з Евангелля Св. Мацвея.
– Шаноўныя, урывак, над якім сёння будзем з вамі разважаць, зноў пераконвае нас у тым, якое невымерна вялікае духоўнае значэнне мае Святое Пісанне – гэтая самая знаная кніга ў свеце. Калі б з вамі даследавалі якую-небудзь карціну маляваную, то казалі б аб тэхніцы, у якой яна выканана, якімі фарбамі, у колькі слаёў, колькі часу над ёю працавалі, колькі яна важыць і г. д., але зусім з іншым вямярэннем падыходзім да пэўнага сюжэту са Святога Пісання, бо яго ўздзеянне знаходзіцца ў духоўнай сферы – для нас невымернай і неспасцігальнай. Што кранае ў гэтым урыўку? Што дзіўнае ў ім? Асабіста мяне ён вяртае да самага пачатку гісторыі Божага Сына, калі Юзафу, звычайнаму цесляру, які сумняваўся, ці ўзяць у жонкі цяжарную Марыю, анёл з неба сказаў: “Не бойся! Бо тое, што нарадзілася ў ёй, ёсць ад Духа Святога”. І гэтае “Не бойся” чуем на працягу ўсяго Евангелля: “Не бойся, рабі тое, што табе Бог кажа…”. І сёння зноў, каля пустой магілы: “Не бойцеся…Ён уваскрос…Падыдзіце, пабачце месца…”. Святое Пісанне прызывае нас не баяцца. Сапраўды, страх – найгоршая якасць, ён можа паралізаваць, пад уздзеяннем яго, у крытычных сітуацыях чалавек можа здзейсніць найгоршыя ўчынкі, прыняць самае неразумнае, неадэкватнае рашэнне, як Пілат, апанаваны страхам: вынесці Езусу прысуд на смерць. Людзі павінны вучыцца пераадольваць страх…
Жана Грамбоўская:
– Урывак выклікае мноства розных пачуццяў, але перш за ўсё мяне ўразіла рэакцыя на звышнатуральныя рэчы. Спадабалася супрацьпастаўленне: адну і тую ж з’яву бачылі вартаўнікі і жанчыны. Вартаўнікі, як і сёння, – гэта самыя моцныя, храбрыя волаты, маюць уладу, і габрэйскія жанчыны, якія не мелі ніякіх правоў (да фемінізму было яшчэ далёка). Як рэагавалі? Тыя, каго свет лічыў волатамі, убачыўшы землятрус, задрыжэлі і сталі, як мёртвыя; гэта той самы “паралізуючы страх”, які часта нападае на людзей (добра гэта разумею, таму што шмат часу пакутую ад страху сама). І жанчыны, якія пайшлі “са страхам і з вялікай радасцю”. Мяне зачапіла наяўнасць вялікай радасці… Анёл у гэтым фрагменце са словамі “Не бойцеся!” звяртаецца менавіта да жанчын, да слабых свету. І тут таксама шмат пытанняў, але ёсць адказ: да людзей ад Бога, да тых, каго свет лічыць слабымі, заўсёды прыдзе суцяшальнік. Спачатку да іх прыйшоў анёл, а далей Сам Езус скажа ім: “Не бойцеся!”. Пра што гэта? Пра веліч духоўную, пра тое, што ў хрысціянстве мы будзем узмоцненыя не сваёй веліччу, а ўзрастаннем ў Божай праўдзе і хрысціянскіх цнотах.
Узнікае тут і яшчэ пытанне: у чым сапраўдная моц? З’явілася маланка, землятрус, і тыя волаты сталі, як амярцвелыя, а жанчыны ўзялі сябе ў рукі і хутка пабеглі рабіць тое, што ім загадана: “Ідзіце хутчэй, скажыце вучням Ягоным…”.
Алена Ўрублеўская:
– Вартаўнікі каля пустой магілы, якія амярцвелі са страху, асацыіруюцца ў мяне з тымі, каго смерць застане непадрыхтаванымі для адыйсця з гэтага свету. Так, час гэты прыйдзе для кожнага, але што будзе на той момант у сэрцы чалавека? Няведанне сваёй перспектывы, сумнівы, пустата, якую запоўніць страх? Мяне ўзрушыла постаць Марыі Магдалены, простай жанчыны, якая ў сутнасці не мела страху, пайшла нядзельным ранкам да магілы Езуса, але моцна разгубілася, убачыўшы магілу пустой, пачала плакаць… Роспач змянілася захапляючай дух радасцю пасля таго, як Марыя Магдалена пачула і пазнала голас Езуса, які паклікаў яе: “Марыя!”. І яна панесла радасную вестку вучням Хрыста.
Галіна Новікава:
– Змёртвыхпаўстанне Пана – адна з найпрыгажэйшых і адна з самых для нас неспасцігальных таямніц. Сам Хрыстос неаднаразова гаварыў аб сваёй смерці і кожны раз падкрэсліваў, што ўваскрэсне. Пахаванне Езуса ў гробе было толькі пераходным момантам, які паказвае апошні адбітак дарогі чалавека на шляху да жыцця вечнага. І тут сцвярджаецца неверагоднае: Той, у Каторым многія бачылі Месію, Якога ўкрыжавалі і Якога пакінула жыццё, паўстаў з мёртвых. Паўстаў не ў вобразах памяці, не ў марах, ні ў мроях, а паўстаў цялесна. Гэтае зламанае смерцю жыццё абудзілася, праўда, у новым вымярэнні. Нават апосталы не адразу паверылі ў гэты факт. І толькі Апостал Павел, які не меў крызісу веры, выразіў самае важнае ў нашым існаванні на свеце: “Калі б Хрыстос не ўваскрос, то вера наша дарэмная,тады мы самыя няшчасныя чалавекі”. А гэта азначае, што на Ўваскрасенні Езуса з мёртвых трымаецца хрысціянская вера, і без прыняцця цялеснага ўваскрасення вера рушыцца.
За апісаннем пустой магілы паўстае сімвалічны лёс чалавецтва ад стварэння да сканчэння. Нашы родныя, блізкія, знаёмыя і незнаёмыя адыходзяць з жыцця, “з праха паўсталі, у прах абернуцца”, але людзі, што глядзяць у бок гроба Пана Езуса, жывуць з надзеяй змёртвыхпаўстання. І магілы вучняў Езуса, магілы нашых блізкіх – хрысціянаў – гэта ціхае чаканне і надзея на цуд, калі споўняцца словы Езуса: “Не памраце навекі, Я ўваскрашу вас у апошні дзень…”. Праз вобраз пустой магілы Езус заклікае нас да супакою.
Ганна Кандратовіч:
– Пусты гроб – для мяне гэта пустыня ў душы, калі трапляеш у такую жыццёвую сітуацыю, што не можаш знайсці з яе выйсця. Часам сітуацыі гэтыя зацягваюцца надоўга, што нават і прасвету не відаць. Ратуе толькі перакананасць, што ёсць Той, Хто прывядзе цябе да правільнага рашэння. Галоўнае – верыць, што так будзе, не губляць надзею. Што мяне найболей узрушыла ў гэтым урыўку? Звышнатуральныя сілы, якія тут паказаны і якія не можа растлумачыць ні адзін навуковец, чаму і па якой прычыне так адбываецца. Мы, хрысціяне, разумеем, што гэта дзеянне Бога, Ён паказвае нам сваё існаванне. Даказаць гэта немагчыма, значыць, ёсць тая Сіла, якая вядзе людзей. Людзі павінны зразумець гэта. Многія сустракаюцца ў сваім жыцці з цудамі, якія таксама не могуць разважыць у сваёй душы.
Неверагодна шмат цудаў – і вялікіх, і малых, – было і ў маім жыцці. Бывала, на душы “кошкі скрабуць”, не бачыш выйсця са складанасцей. У нядзельку ўстаю раненька і еду да касцёла ў Астравец (так склалася, што на доўгі час прызвычаілася ездзіць туды). Слухаю казанне святара і чую адказы на ўсе свае складаныя пытанні. Адчуванне, быццам ў гэты момант Бог прамаўляе да мяне адной. Прычым гэта адбывалася неаднойчы. Неяк нядаўна ў мяне зноў было такое складанае пытанне, і я пачула на яго адказ. Была настолькі здзіўленая, што Бог бачыць кожнага чалавека, бачыць нашыя патрэбы, кожнага вядзе пэўнай дарогай, часам складанай, але трэба Яму даверыцца і прыняць тое, што Ён на нас хоча ўскласці. Для кожнага Ён вызначае шлях. Людзі звычайна хочуць пазбавіцца складанага шляху, па якім Бог вядзе, амінуць яго, але шчаслівы той, хто згаджаецца з воляй Божай. Яшчэ пра цуды. Здарыўся землятрус у Турцыі, трагедыя жудасная, чытаю ў СМІ: 2-месячнае дзіцятка выжыла, праляжаўшы пад абломкамі шэсць дзён… Хіба не цуд Божы?
Жана Грамбоўская:
– Адносна таго, што для кожнага Бог вызначае шлях, часам складаны, але трэба прыняць яго, не дапусціць, каб тваім сэрцам авалодаў страх. Аналогію з вартаўнікамі я знайшла ў 21 главе Евангелля Св. Лукі, дзе Езус гаворыць пра знакі канца свету: “Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо пахіснуцца нябесныя моцы”. А сваім паслядоўнікам загадвае: “Выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца вашае адкупленне”. І гэта той самы момант пустой магілы, калі вось яно, надыйшло нашае адкупленне. Як хрысціяне не маем права апусціць рукі перад страхам, і ў гэтым, на мой погляд, сіла хрысціянства. Цяпер мы назіраем столькі катастрофаў, і асабістых людскіх, і прыродных, войны і цяжкасці, каронавірус, які прывёў нават да самагубстваў… Але Бог заклікае: “Не бойцеся!”, а калі што – Ён прышле нам анёла-ахоўніка, які таксама будзе казаць нам: “Не бойцеся!”. Куды яшчэ звяртацца за супакоем? Да Слова Божага!
Што можа азначаць пустая магіла для нас сённяшніх? Магу сказаць пра асабістае адчуванне. Аднойчы атрымала інфармацыю не вельмі для мяне прыемную. Адкрыла чытанне і зразумела: знаходжуся перад пустою магілаю. Спадзяюся, што ўсё павінна быць добра, але мне трэба чакаць, як тым вучням, якія быццам і ведалі, што чакае іх у будучым, але таксама патрэбна было чакаць. Застанавіцца на гэтай пустой магіле я не змагла, таму што прагла супакою душы, паглыбілася ў чытанне, і Бог мне сказаў. Першае: “Не бойцеся!”. Другое: “Дадзена мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі”, а гэта азначае, што менавіта Ён з’яўляецца Валадаром усяго. Трэцяе: “Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку…”. А гэта для мяне азначала: “Я з табою, Жана, і сёння, і заўтра, і заўсёды, аж да сканчэння веку”. Я зрабіла вывад: калі не жыць гэтым Словам, не верыць яму, няма сэнсу ў жыцці.
Станіслава Козіч:
– Уражанне ад пустога гробу цяжкае і для нашага асабістага жыцця, і для ўсяго чалавецтва. Асабліва востра адчуваеш, калі хаваеш блізкага, стаіш каля магілы, і просіш ласкі Божай, каб Усявышні прыняў яго ў сваё Валадарства Нябеснае. І гэта, канечне, вялікі цуд, што Бог уваскрос і дасць нам адпушчэнне грахоў у небе.
с. Ідалія Мархоцкая:
– Для мяне гэты ўрывак, калі сказаць коратка, – гэта Евангелле надзеі, адчуванне радасці, свята Пасхі. А што найбольш уражвае – вернасць і адданасць жанчын Хрысту. Нягледзячы на страх, які ў іх усё ж прысутнічаў, яны пайшлі паглядзець магілу. Не астанавіў іх і вялізны камень, якім быў завалены ўваход. Смеласць праявілі жанчыны таксама, калі зрабіўся землятрус; вартаўнікі-мужчыны спалохаліся, а жанчыны ўзрадаваліся, былі шчаслівыя ад таго, што Езус уваскрос, як сказаў. Для іх гэта была ўзнагарода за іх цярпенні, трывогі, чаканні. Гэта – першая думка. Другая: камень – нібы кропка. У жыцці так бывае, асабліва падчас моцных перажыванняў, сумненняў, страты надзеі, калі раптам падасца: усё скончана, кропка, няма працягу. А не, у Бога няма кропак. Ён ставіць коску і піша гісторыю далей. Гэта значыць, за цеменню наступае прасвет; гэта значыць, Бог дае рашэнне ў любой сітуацыі. Можа, не такое, як бы мне хацелася, як уяўляю сабе я, але такое, якое прымае Ён, гэта значыць, Божае рашэнне, з якім мы павінны пагадзіцца. І апошняя думка: захацелася мне знайсці антонім да слова “радасць”. Акрамя слова “страх”, нічога не знайшла. Падумала, лагічна: дзе страх знікае, там радасць з’яўляецца.
Ганна Кандратовіч:
– Выходзіць, жанчыны болей верныя, чым мужчыны. І гэта бачна ў касцёле…
Станіслава Козіч:
– Але кіруюць у касцёле мужчыны…
Вядучы:
– У якім сэнсе? Літургія, цэлебрацыя Святой Эўхарыстыі – гэта функцыі святара, мужчыны, а старшынёю касцёльнага камітэту хіба не можа быць жанчына і кіраваць парафіяльным жыццём? Можа, і такая практыка ёсць. З урыўка бачым, што апосталамі веры становяцца жанчыны і нясуць вестку мужчынам. Гэта яшчэ адна добрая думка, якая ў гэтым тэксце ёсць: роля жанчыны ў касцёле. Тое, што ў Евангеллі праяўлялася парасткамі, пачало ўзрастаць. Гэта такі станоўчы пры-клад і для сучасных жанчын, каб не пасіўна прымалі Евангелле, а распаўсюджвалі яго, неслі Добрую навіну іншым. Такі заклік да жанчын ёсць у Святым Пісанні. Мы самі з’яўляемся сведкамі, як у ХХ ст. жанчыны адкрывалі для сябе новыя гарызонты навукі, працы, заробкаў і ў гэтым сэнсе дасягалі роўнасці з мужчынамі. Але, бачачы жаночую сардэчнасць, таксама любоў да Бога, клопат пра Яго, Усявышні прывёў жанчыну да пустой магілы – сведкі Ўваскрэсення Хрыста, выразіў да яе поўны давер, зрабіў жанчын носьбітамі галоўнай праўды жыцця – Ўваскрэсення Хрыстова.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
Гродзенская вобласць