На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.
І зноў будзем разважаць над асобнымі фрагментамі са Святога Пісання, над якімі заклікаем і вас схіліцца разам з намі…
Ідзіце і навучайце
Езус з’яўляецца вучням. Місійны наказ
Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе на роды, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку. (Мц 28, 16-20)
У іўеўскай парафіі апосталаў Пятра і Паўла сабраныя за “круглым сталом” вернікі разважалі пра місійны наказ, які даў Езус вучням у Галілеі. Удзел у разважаннях прынялі Рэгіна Станулевіч, Ніна Бурынская, Людміла Бутурля, Рэгіна Жыдко, Рэгіна Горбач, Яніна Пятроўская, Валянціна Найдзен і Ірэна Дунай. Вядучым быў пробашч парафіі кс. Павел КАЛЕСНІК.
– Шаноўныя, з Евангелля мы з вамі ведаем, што анёл Пана, які пасля шабату, на світанні сышоў з неба, аб’явіў, што Езус Уваскрос і накіраваўся ў Галілею. Анёл загадаў, каб пайшлі туды і ўсе вучні Ягоныя, там Яго ўбачаць. І пайшлі адзінаццаць апосталаў, убачылі Яго, пакла-ніліся… Сваім паслядоўнікам Езус даў канкрэтнае заданне: “Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам…”. Гэта і ёсць місійны наказ Езуса. Мы з вамі ведаем таксама, што ад пачатку Касцёл развіваўся не так проста, што і ў той час было многа складанасцей, апосталы былі пераследаваныя, на іх шляху, гэта значыць на шляху распаўсюджання Евангелля ўзнікала шмат перашкод, і ўсе, акрамя Святога Яна, панеслі мучаніцкую смерць. Зрэшты, перашкоды тым, хто пайшоў за Хрыстом, ўзнікалі ва ўсе часы, і гэтае заданне – несці Евангелле ўсім народам – належыць сёння ўсім нам, вучням Хрыстовым… Як бачым гэтае заданне сёння?
Ірэна Дунай:
– Заданне моцна адказнае і цяжкае. Апосталы пайшлі, можна сказаць, самаахвярна, мы таксама ідзём у гэтым накірунку, але справа сапраўды цяжкая, бо нават сябе навучыць не можам. А хочацца, каб і дзеці зразумелі навуку Хрыстову, і ўнукі, і нават муж, хоць ён з дзяцінства ў Касцёле.
Валянціна Найдзен:
– Згодна з меркаваннем, што цяжкая гэта справа, адказная, але пачэсная. Не жывём мы на пустыні, усюды нас акружаюць людзі – у сям’і, у школе, на працы, на вуліцы – паўсюдна. І калі ты сам імкнешся пазнаць Бога, навучыцца ў Яго дасканалай любові і адчуў сябе, што пакліканы да выканання гэтай місіі – несці Евангелле іншым, Бог дасць табе і сілы, і вытрымку, і мудрасць. Калі ты стаў ужо на гэтую дарогу – несці Добрую вестку людзям, і гэта стала патрэбаю твайго сэрца – не зварочвай у бок, а удасканальвайся! Не імкніся навучаць Евангеллю, а жыві ім, тады тваё жыццё стане прыкладам, годным для пераймання. Лічу, што ступень нашай духоўнасці сёння адпавядае узроўню “троечніка” у школе, якому ставяцца завышаныя адзнакі.
Вядучы:
Галасы:
– Не, не…, да дасканаласці нам далёка яшчэ.
Вядучы:
– Значыць, бачыце планку, да якой патрэбна ўзрастаць?
Валянціна Найдзен:
– Так-так, гэта, як у войску: кожны служачы імкнецца ўзрасці прафесійна, набыць патрэбныя навыкі, атрымаць павышэнне ў званні. Але немагчыма ўдасканальвацца, пакуль ты не пазнаеш сябе сам, не пагодзішся з сабою… Я сказала б, гэта вузкая і цярністая дарога – “ісці і навучаць”, але нехта ж павінен быць першым, быць эталонам, весці сабою іншых… Мне таксама казалі не адзін раз, маючы на ўвазе пэўнага чалавека: “Што ты з ім возішся? Навошта табе гэта па-трэбна? Няўжо не надакучыла?”. Надакучыла… Але мы ж людзі, нельга быць помслівымі і жорсткімі, трэба ўмець прабачаць, мець вы-трымку, праяўляць цярплівасць ў адносінах з іншымі.
Ірэна Дунай:
– І вучні Хрыста ўсякія былі: то набліжаліся да Езуса, то сумнява-ліся і адыходзілі… Так і мы, апынуўшыся на дарозе паслядоўнікаў: імкнемся выконваць Божыя Запаведзі, кантралюем сябе, а задаволеныя сабою бываем не заўсёды. Пра сябе магу сказаць: гонару было многа, не задумваючыся, магла лёгка нанесці чалавеку крыўду. І цяпер, можа, праскоквае якая-небудзь непатрэбная эмоцыя, але я ўсведамляю сваю адказнасць, ведаю, што глядзяць на нас і суседзі, і знаёмыя. Звяртаюцца не проста тэксты малітваў папрасіць, але і параду атрымаць… Тут нічога дзіўнага, гэта жыццё.
Валянціна Найдзен:
– Давайце скажам сабе і аб тым, што мы ўзялі на сябе адказнасць асобную, стаўшы лігіянерамі Марыі. Моцна вылучаемся сярод жанчын?.. А трэба, каб вылучаліся. І не думалі, што, калі ў цябе добры характар, то гэта твая заслуга. Не, гэта заслуга Бога!
Людміла Бутурля:
– Да мяне на працу прыйшла жанчына (працую ў аптэцы), перапрашае, кажа, я ж ведаю, што Вы ходзіце ў касцёл; можа б кніжку туды занеслі, бо я памылкова забрала яе з сабою, а заўтра ў касцёле не магу быць… Кажу, давайце, абавязкова занясу. Гэта дробны, канечне, прыклад, але па-мойму, ён гаворыць пра павагу і давер да нас. Тым болей, што горад наш шматканфесійны: каталікі, праваслаўныя, мусульмане…
Валянціна Найдзен:
– Так, у легіён наш прыйшлі людзі розныя, але за гэтыя семдзесяць гадоў мы сталі духоўнай сям’ёю, гэтая духоўнасць на віду. І самым нам прыемна бачыць адзін аднаго: ці калі хто праводзіць Крыжовы шлях, ці на рэкалекцыях, ці на нашых штотыднёвых сустрэчах… Чытаем Евангелле, іншую духоўную літаратуру, абменьваемся меркаваннямі. Адчуваем самі, што ўзрастаем. Нават прызнаваліся сабе ў гэтым, хоць і разумеем, што наперадзе працы яшчэ шмат, бо ты ўжо адказны за парафію, за супольнасць вернікаў, павінен быць чалавекам эрудыраваным у сэнсе духоўнага жыцця, ведаць, калі, як і што сказаць, або зусім прамаўчаць…
Ірэна Дунай:
– Сапраўды, пытанні такія незвычайныя і смешныя бываюць. У мяне, напрыклад, пыталіся: “Чаго ты кожны дзень ходзіш у касцёл?”. Адказваю: “Бо лічу, што мне гэта патрэбна”, “І што, муж табе нічога не гаворыць за гэта?..”. “Дык ён мяне яшчэ падвозіць, каб на святую Імшу не спазнялася…”, – адказваю ім.
Вядучы:
– Бачыце, як вучняў кусалі, так і вас хочуць укусіць, справацыраваць, вызваць на спрэчкі…
Бр. Карнэлій:
– Вернемся на гару, адкуль паслаў Езус вучняў, сказаўшы ім: “Ідзіце і навучайце ўсе народы…” Якія народы меліся на ўвазе?
Ніна Бурынская:
– На мой погляд, меліся на ўвазе розныя, не толькі іўдэі як абраны народ, але і язычнікі. Езус заклікаў хрысціць іх “у імя Айца і Сына, і Духа Святога”, вучыць захоўваць усё, што Ён загадаў сваім вучням. Пан Езус, канечне, спадзяваўся, што навяртанне перажывуць многія. А вучнямі і паслядоўнікамі Хрыста як становяцца? Праз хрост і праз прыняцце і выкананне навукі Езуса. Толькі Ягоная навука – гэта не адзіны ўрок, не адзіная споведзь, не адзіныя рэкалекцыі і не адзіная святая Імша. Нельга навучыцца раз і на ўсё жыццё. Школа Хрыста – гэта вучоба кожны дзень. Напэўна, і самі вы заўважалі: слухаеш казанне пробашча, быццам той самы ўрывак са Святога Пісання чуеш, тое самае свята абазначана ў літургічным календары, а кожны раз адкрываеш для сябе нешта іншае, думкі і вывады ў цябе новыя! Якая самая галоўная Запаведзь Бога? Палюбі бліжняга як самога сябе. Значыць, усе паслядоўнікі Езуса самі павінны быць уважлівымі да людзей, праяўляць да іх клопат, міласэрнасць, не ганьбіць і не асуджаць, а сапраўды быць Божымі пасланнікамі для свету.
Валянціна Найдзен:
– Мы пакліканыя да духоўнасці, да дзялення гэтаю духоўнасцю з іншымі. Аднойчы да мяне зусім нечакана звярнуўся малады чалавек са складанымі пытаннямі, прасіў парады, дапамогі. Выслухала яго, паставіўшы перад сабою Распяцце і запаліўшы свечку, і думаю: чым жа табе дапамагчы? Выказала сваё меркаванне, прызвала яго самога маліцца і паабяцала яму малітву сваю, сказала, што вялікія выпрабаванні Бог проста так не пасылае, – рабі вывады, рукі не апускай… Прабачце, не буду застанаўляцца на падрабязнасцях, але скажу, што ўсе праблемы яго вырашыліся. Зрабіла тады і для сябе важную вы-снову: калі звярнуўся да цябе чалавек сёння – выслухай, разваж і не адкладвай, дапамагай яму сёння, бо “учора” не перапішаш, а “заўтра” можа не наступіць… Часам бывае дастаткова адкрытай і шчырай усмешкі – не з выскалам, не штучнай і вымучанай, а душэўнай. І так штодня. Ніхто з нас не ведае, якое заданне прыгатаваў Усявышні на дзень сённяшні, але мы павінны быць гатовыя да выканання і прасіць у Бога благаслаўлення на гэта, перакананыя, што кожнае новае выпрабаванне – дзеля нашага збаўлення. Іншымі словамі, кожны дзень ты нясеш гэтае Евангелле, і толькі Богу вядома – у якой форме.
Бр. Карнэлій:
– Вы ўспомнілі пра ўсмешку… Калісьці Маці Тэрэза сказала: як добра, што мы ніколі не даведаемся, колькі дабра зрабілі ў жыцці адной нашай усмешкай…
Валянціна Найдзен:
– А так часта бывае: насустрач ідзе чалавек, у нейкім падаўленым настроі, погляд сумны… Сам калючы, як вожык… Загаворыш да яго, усміхнешся, выслухаеш ці пажартуеш – і погляд яго пачынае цяплець, маршчыны на твары разгла-джваюцца…
Рэгіна Станулевіч:
– Гэта праўда. У нас ёсць з каго браць прыклад – гэта наш пробашч ксёндз Павел: ніколі голас не павысіць, ні за што нікога не ўкарае, лішні раз ён лепей патлумачыць, з усімі далікатны ў абыходжанні, заўсёды ў добрым настроі. Яго ўсе любяць за гэта!
Ніна Бурынская:
– Вучняў Хрыстовых многа па свеце – дасведчаных, дасканалых і меней дасведчаных і меней дасканалых. Але мы павінны годна несці сваю веру, ганарыцца ёю, распаўсюджваць, бо мэта яе – дапамагчы чалавеку прайсці свой зямны шлях і падрыхтавацца да жыцця вечнага.
Валянціна Найдзен:
– Маю перакананне, што навучаць любові і міласэрнасці іншых сваім асабістым прыкладам, браць на сябе частку іх клопату, глыбока спачуваць і падкладаць пад іх рукі – гэта Божы дар. Калі ты забіраеш частку іх болі – Бог надзяляе цябе свежымі сіламі, кампенсуе твае духоўныя затраты, і тады адчуваеш сябе несамавіта шчаслівым. І тады хочацца спяваць – зранку, увечары… Ты патанаеш у пачуццях радасці за іншага чалавека, якому ты дапамог.
Рэгіна Горбач:
– А тыя, за каго моляцца, пра каго клапоцяцца, адчуваюць сябе абароненымі. Ведаю гэта па сабе. Мне паставілі сур’ёзны дыягназ, ездзіла то ў адну, то ў другую бальніцу, перанесла аперацыю, але страх адыходзіў на другі план, бо ведала, што за мяне моляцца, за мяне перажываюць, просяць дапамогі ў Бога; ад усяго сэрца дзякую за гэта нашым лігіянерам.
Ірэна Дунай:
– Так, яе боль мы “падзялілі” на 14 чалавек…
Рэгіна Станулевіч:
– У нас жа яшчэ і 35 дапаможных легіянераў, усе маліліся… А малітва – вялікая сіла.
Бр. Карнэлій:
– Ці лічыце сябе “падоўжанымі” рукамі апосталаў?
Валянціна Найдзен:
– Так, лічым. Аднойчы мы зрабілі для сябе выбар: ісці за Хрыстом і пайшлі, як вучні, станоўча адказаўшы на Яго пакліканне. Назад дарогі няма, гэта, як за плугам. Тое, што было ўчора, стала неактуальным і нам трэба ісці толькі наперад. Можна параўнаць з вайскоўцамі: вось ваш абавязак і вось вашы задачы. Тут ужо казалі, што шлях цярністы, асабліва ў наш час. Але і моцна неабходны – менавіта ў наш час, бо без духоўнасці чалавек загіне.
Вядучы:
– Падсумоўваючы нашыя сённяшнія разважанні, можам сказаць, што вы – апосталы нашага часу, якія выконваюць вельмі важную справу – распаўсюджваюць Евангелле там, куды Бог пасылае вас і куды не заўсёды можа дайсці святар: у першую чаргу – сярод родных і блізкіх, на працы, сярод сусе-дзяў, у шпіталях, проста на вуліцы, калі сустракаецеся з людзьмі. І сапраўды, не заўсёды патрэбныя словы – дастаткова погляду; не заўсёды патрэбен погляд – патрэбен учынак. Вучні пайшлі за Хрыстом у Галілею, каб убачыць Яго яшчэ раз, пераканацца ў тым, што Ён жывы… Вучні праглі Хрыстовага Слова, падтрымкі і атрымалі ад Яго заданне: “Ідзіце і навучайце…”. Разам з заданнем Ён даў ім Сваю Божую гарантыю: “Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку”. Значыць, Бог побач. Ён бачыць і падтрымлівае кожнага з вас, радуецца вашым добрым учынкам, вашай адданасці справе адкуплення, за якую Езус Хрыстус аддаў Сваё жыццё на крыжы. Амэн.
Пасяджэнне закончылася малітвай падзякі Богу за сустрэчу.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
Гродзенская вобласць