На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.
І зноў будзем разважаць над асобнымі фрагментамі са Святога Пісання, над якімі заклікаем і вас схіліцца разам з намі…
Бачны знак нябачнай Божай ласкі
Непарушнасць сужэнства
Выйшаўшы адтуль, Езус прыйшоў у межы Юдэі за Ярданам. Зноў сабраліся каля Яго натоўпы, а Ён, як звычайна, зноў навучаў іх. Тады падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Што наказаў вам Майсей?». Яны сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і разводзіцца». А Езус адказаў ім: «Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэты наказ, бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай.Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкай сваёй, І будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае». У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. Ён сказаў: «Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць супраць яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, чужаложыць». (Мк 10, 1-12)
У парафіі Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібаках вернікі разважалі над урыўкам “Непарушнасць сужэнства” з Евангелля Св. Марка. У пасяджэнні за “круглым сталом” прынялі ўдзел Вікторыя Высоцкая, Данута Шмат, Ядвіга Міцкевіч, Жана Міхно, Ванда Дулебенец, Людміла Навіцкая. З благаслаўлення пробашча кс. Мар’яна Шэршаня вядучай была катэхетка Вольга ГРЫШАН.
Вядучая:
– Шаноўныя жанчыны, будзем разважаць над тэмай, якая ўсім добра вядома, але ў якой шмат праблем. Праблемы гэтыя ідуць за чалавекам з часоў Майсея. На першых старонках Святога Пісання Бог гаворыць, што нядобра чалавеку быць аднаму: пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю, і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам. Прапаную пачаць з пытання: у чым сэнс, мэта і моц Сакрамэнту сужэнства?
Вікторыя Высоцкая:
– Са Святога Пісання ведаем, што Сакрамэнт сужэнства ўстанавіў Пан Езус, сказаўшы: “Што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае”. Калі замужняя жанчына здрадзіць свайму мужу або выйдзе замуж за іншага – тым самым яна будзе чужаложыць. І наадварот, калі мужчына здрадзіць сваёй жонцы ці ажэніцца з іншаю – таксама будзе чужаложыць. А мы ведаем, што гэта грэх. І ведаем, што адна з Запаведзей Божых – не чужалож! Мы павінны прытрымлівацца Божых Законаў. Лічу, што ў гэтым і сэнс, і мэта, і моц Сакрамэнту сужэнства: калі двое, каго злучыў Бог, будуць трымацца прынцыпаў любові Божай, то і сям’я будзе моцнай.
Ядвіга Міцкевіч:
– Мэта і моц сужэнства – жыць паводле веры. Сэнс у тым, што Сакрамэнт сужэнства – гэта бачны знак нябачнай Божай ласкі, дапамога Бога, каб людзі захоўвалі любоў адзін да аднаго. Адразу, калі бяруць маладыя шлюб, здаецца, што гэта – навечна: і каханне, і клопат адзін пра другога. Але ў хуткім часе ілюзія прападае. Я лічу, што сужэнства – гэта праца на працягу жыцця і мужа, і жонкі, праца над сабою, гэта размовы ў форме дыялогу, каб не затойваць крыўды ці тое дрэннае, што заўважана ў сямейных адносінах. Трэба сесці за стол і шчыра паразмаўляць. І яшчэ: маладыя да шлюбу прыходзяць з сям’і. Таму трэба, каб сям’я рыхтавала сваіх дзяцей да ўступлення ў сужэнскі саюз.
Вядучая:
– Першую сям’ю стварыў Бог і благаславіў: пладзіцеся і размнажайцеся. Загадаў з мэтай, каб патомства працягвалася. Гэта значыць, Бог давярае нам місію працягваць існаванне чалавецтва на зямлі. Але, калі ў жыццё ўваходзіць грэх, парушаецца гармонія, якую Бог стварыў ад пачатку! Таму Езус Хрыстус сужэнству надаў годнасць Сакрамэнту. А мы ведаем, што Сакрамэнты, якія атрымліваем праз Касцёл, – гэта Божая ласка. Ведаем таксама, што Бог ёсць любоў.. У чым жа праяўляецца сужэнская любоў?
– У любові бярэ пачатак сям’я, і кожны з нас прыходзіць на свет у сваёй сям’і. Мае бацькі былі простымі працавітымі людзьмі, якія гадавалі нас траіх. Любоў да Бога і бліжняга, да працы, павагу да старэйшых, абавязак добра вучыцца ў школе прывівалі з дзяцінства. З малых гадоў давялі нас да споведзі, да першай Святой Камуніі. Скажу пра нашу з мужам сям’ю. Мы з ім з адной вёскі, добра ведалі адзін другога, пакахалі, пажаніліся, але час быў такі, што шлюб адразу ўзяць не змаглі. А калі ў нас нара-дзіўся першы сынок і моцна захварэў, мы везлі дзіця ў бальніцу (яму было ўсяго 4 месяцы) і весь час маліліся, каб Бог захаваў яго. Па дарозе заехалі ў Рубяжэвічы ў касцёл, дзе ксёндз Рычард Юнік павянчаў нас і пахрысціў нашага хлопчыка. Сказаў: “Едзьце з Богам, усё ў вас будзе добра!”. Так і сталася.
Першыя 12 гадоў жылі з бацькамі мужа, у адной хаце, і адразу цяжка было прызвычаіцца, але свёкар са свякроўю мелі прыгожыя адносіны між сабою і мяне любілі і цанілі як сваю дачку. Бывала, здараліся, і непаразуменні, але тады адразу: “Прабач”, або “Прабачце, калі ласка”. Мы з мужам дагледзелі ягоных бацькоў у старасці, а зараз догляду і ўвагі патрабуе мой 93-гадовы тата. На жаль, і муж захварэў… Але нягледзячы на ўсё гэта, лічу, што мы шчасліва пражываем свой лёс. У шлюбе 44 гады, чацвёра дзяцей, 10 унукаў-хлопцаў. За гэта моцна дзякуем Пану Богу, бо на кожным кроку жыцця звяртаемся да Яго за дапамогай.
Ядвіга Міцкевіч:
– Сужэнская любоў – справа тонкая і адказная. Магу прывесці прыклад з жыцця мае дачкі. Люба вышла замуж за праваслаўнага. Аднак ён, любячы сваю жонку, давяраючы ёй, згадзіўся на шлюб у касцёле і на тое, каб у касцёле былі ахрышчаныя іх дзеці, даведзены да Першай камуніі, каб былі міністрантамі, прымалі ўдзел у скаўтскім руху. Ён не ходзіць да касцёла, як гэта робяць практыкуючыя католікі, але поўнасцю падтрымоўвае жонку ва ўсіх пачынаннях, разам запрашаюць святара падчас Калядаў. Канечне, Люба моліцца, каб адбылося навяртанне мужа да веры. Але гэта яго выбар, яна паважае яго, а ён – паважае выбар жонкі. Гэта і есць праяўленне сужэнскай любові – у падтрымцы і ў даверы.
Вядучая:
– У чым яшчэ праяўляецца святасць сужэнства?
Жана Міхно:
– Перш за ўсё хачу падзякаваць усёй каталіцкай прэсе за тое, што можам пачытаць цікавыя сведчанні веры, разважанні, і гэта дапамагае больш разумець Слова Бога. Павінна прызнацца, што ў маім юнацтве не было катэхезы, да касцёла амаль не хадзіла: тата быў партыйны, а за тое, што падвёз аднойчы бабуню з вярбою да касцёла ў Дзераўную, то і звольнілі з працы. Да веры я прыйшла пазней, дзякуючы сваёй свякрыві. Майму мужу яна сказала: “Не згаджуся на вашае вяселле, калі не возьмеце шлюб”. Дамовілася з кс. Люцыянам Хмялёўцам у Дзераўной, і патаемна 5 снежня (35 гадоў назад) мы абвянчаліся. А праз дзевяць месяцаў, у дзень Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны, ў мяне нарадзіўся сынок, і я лічу гэта першым цудам у нашым сужэнскім жыцці.
Сужэнства – еднасць паміж Богам і людзьмі, яна праяўляецца ў сужэнскім саюзе. І калі бяром шлюб – мы запрашаем да сябе Езуса, і тады мы не адныя. Жыццё – рэч складаная. Мая дачка таксама вышла за праваслаўнага, але ён яе падтрымаў, узялі шлюб, разам хо-дзяць да касцёла, яму падабаецца, і яна задаволена. Я ёй кажу: так павінна быць; без веры, без надзеі, без Езуса і Марыі – нікуды, асабліва ў наш час. Я пазнала гэта на сабе. Казала ўжо, позна прыйшла ў касцёл, але свет для мяне перавярнуўся: зусім іначай паглядзела на мужа, на сям’ю, менавіта тут набыла супакой, разважлівасць, надзею…
Людміла Навіцкая:
– На жаль, у апошнія часы для многіх сужэнстваў шлюб стаў “модай”. Вянчаюцца, бо хочуць прыгожай “карцінкі”, прыгожай цырымоніі… А на самой справе што робіцца ў свеце: свабода, так званая “дэмакратыя” прывялі да аднаполых саюзаў, гомасексуалізму… У касцёл прыйшлі, але ці думаюць пра Бога?..
Вікторыя Высоцкая:
– Ні ў якім разе не адкідваю ролю сям’і ў выхаванні веры, але, калі ўжо гаворым пра дарослых, то пакуль чалавек сам, свядома не прыйдзе да Бога, прымусова нічога добрага не зробіш. Ведаю па сабе, па сваіх дзецях. Асабіста я прыйшла да веры ў дзяцінстве, дзякуючы маме. Богу давяраю, адчуваю на сабе Яго ласку, і былі такія хвіліны ў маім жыцці, што толькі Бог і дапамог, многія рэчы ў жыцці толькі дзякуючы Яму і атрымаліся. А дзеці, пакуль падрасталі, веры не цураліся, а як пайшлі ў самастойнае жыццё – ад Бога сталі далёкія. За-прашаю: прыедзьце, пойдзем разам да касцёла… А застаўляць не стану, бо гэта ўжо будзе не вера…
Ванда Дулебенец:
– …А які ўплыў на сённяшніх дзяцей і моладзь аказвае знешні свет, у якім асяроддзі жывём?
Людміла Навіцкая:
– Адзінага рэцэпту шчаслівага сужэнства не існуе, але маладыя павінны “даспець” да шлюбу. Безумоўна, перш за ўсё дзіця рыхтуецца да шлюбу ў сям’і, на прыкладзе адносінаў таты з мамаю. І калі ў ёй добры клімат, то… дачка хоча выбраць сабе мужа, “падобнага да таты”, а сын – выбраць жонку, “падобную да мамы”.
Але адкуль возьмуць вопыт дзеці, якія падрастаюць у няпоўных сем’ях, а іх вельмі шмат? У такім выпадку трэба, каб прысутны з бацькоў усю адказнасць узяў на сябе. Канечне, значную ролю ады-грываюць выхавацелі, катэхеты, душпастыры. Маладзён праз спецыяльна арганізаваныя заняткі ў школе ці катэхетычным класе можа знайсці інфармацыю на тэму сям’і. Важна, каб гэтыя веды стваралі правільны, хрысціянскі вобраз сям’і.
Падрыхтоўкай да сужэнства з’яўляюцца сустрэчы, рэкалекцыі, канферэнцыі на тэмы святасці сужэнства, курсы дарадчыкаў сямейнага жыцця. Ведаем, што яны праводзяцца ва многіх парафіях.
Шкада, што “згубіліся” заручыны – добрая нагода пазнаёміцца з бацькамі і роднымі будучага мужа ці жонкі і ўзяць на сябе сапраўдную адказнасць за свайго абранніка. Калі знаёмяцца бацькі маладажонаў сёння? На вяселлі або нават яшчэ пазней… Чаму? “Няма часу”!
Вікторыя Высоцкая:
– Раней было пажадана: каб са свае парафіі, са свае вёскі… Бралі замуж або ішлі замуж за тых, чыіх бацькоў, нават род (!) добра ведалі…
Людміла Навіцкая:
– Лічу, што вялікі плён даюць перадшлюбныя курсы ў касцёлах, і веру, што для тых, хто прайходзіць гэтыя заняткі, сакраментальная клятва “у маладосці і ў старасці, у здароўі і хваробе, у дастатку і бядзе, у шчасці і няшчасці ажно да самай смерці…” не будзе пустымі словамі.
Вядучая:
– Думаецца, прыйшоў час, каб болей увагі на выхаванне хрысціянскіх каштоўнасцейзвяртала школа, каб і катэхеза ўводзілася ў школьную праграму. А зараз такое пытанне: ці можа пастыр адмовіць сужонкам у цэлебрацыі іх Сакрамэнту шлюбу?
Людміла Навіцкая:
– Можа адмовіць. Мы з вамі не раз былі сведкамі, калі пробашч паведамляў, што нейкая пара хоча ўзяць шлюб у касцёле. Для чаго робіцца перадшлюбнае паведамленне? Для таго, каб высветліць, ці няма, часам, якіх-небудзь перашкод для прыняцця Сакрамэнту шлюбу. Аб перашкодах (а яны бываюць рознага характару), з чыстым сумленнем, могуць паведаміць святару парафіяне. У кожным выпадку ксяндзы намагаюцца разабрацца ў абставінах, абапіраючыся на Кодэкс Кананічнага Права Касцёла.
Вядучая:
– Разгледзім, якая практыка існуе адносна змешаных шлюбаў?
Ядвіга Міцкевіч:
– Прыналежнасць да розных канфесій не з’яўляецца перашкодай. Раскажу гэта на сваім пры-кладзе жыцця. Мой шлюб змешаны: я – каталічка, мой муж – праваслаўны, і больш за 20 гадоў пражылі мы, нешлюбаваныя. Такі быў час. Пасля, дзякуючы нашаму пробашчу, яго намаганням у 1999 годзе падалі заяву, каб атрымаць дазвол біскупа, і ў 2001-м атрымалі Сакрамэнт шлюбу. У заяве кожны з нас паабяцаў: я – што не паддамся небяспецы ўтраты веры, буду выконваць рэлігійныя абавязкі і шчыра прысягаю, што зраблю ўсё, што ў маіх сілах, каб нашы будучыя дзеці былі ахрышчаныя і выхаваныя ў Каталіцкім Касцёле. Муж: пацвердзіў, што яму было паведамлена пра заяву і прысягу яго нарачонай каталіцкага веравызнання, што ён усведамляе сэнс прысягі і абавязкаў сумлення нарачонай. І гэтага было дастаткова для нашай сужэнскай згоды.
Ванда Дулебенец:
– А мы бралі шлюб у 1974 годзе, дазвол не спатрэбіўся, паколькі мой праваслаўны муж прыняў веру каталіцкую… Жывём душа ў душу, але практыкуючым католікам, на жаль, не стаў. Спадзяюся, на аднаўленне Сакрамэнту шлюбу ў наступным годзе, на “залатое” вяселле…
Вядучая:
– Але сучасная сям’я перажывае вялікі крызіс – разводы сталі “звычайнай” справай. Як лічыце, чым узмацніць інстытут сям’і?
Ванда Дулебенец:
– Статыстыка падае, што колькасць разводаў больш за 50%. Прычыны – пошук вінаватага ў самым дробным непаразуменні, умяшальніцтва бацькоў у жыццё маладых сужонкаў, рэўнасць, здрада.
Вікторыя Высоцкая:
– З’ява сапраўды моцна небяспечная, прычыны розныя, але ёсць і агульныя. Перш за ўсё – гэта страта духоўнасці і свабода, якая разумеецца не як свабода ў межах закону, а як уседазволенасць, якая прыйшла яшчэ з 90-х: разбэшчанасць у паводзінах, безадказнасць, адсутнасць кантролю за дзецьмі з боку бацькоў. З іншага боку, а як гэтым дзецям, моладзі супрацьстаяць СМІ, якія фактычна прапагандуюць пазашлюбныя зносіны ў кожным фільме, у кожным відэароліку? Пасцельныя сцэны на ўсіх экранах. Што датычыцца непасрэдна разводаў, то яны… вельмі лёгкія, відаць, патрэбны нейкія стрымліваючыя меры з боку дзяржавы.
Людміла Навіцкая:
– …Сапраўды, тое, што страчана ў 90-е, вельмі цяжка адбудаваць сёння, вярнуць чалавеку яго ўнутраны свет, яго духоўную культуру.
Вядучая:
– Тэма, да якой дакрануліся мы ў сваіх разважаннях, – вечная. Божы наказ чалавеку аб непарушнасці сужэнства павінен заўсёды вяртаць нас да вытокаў і да Таго, Хто гэты свет стварыў, напамінаць маладым, што мы – супрацоўнікі Бога ў Яго стваральнай і Адкупленчай місіі і не маем права пра гэта забываць.
Пасяджэнне завяршылася агульнай малітвай. Пробашч парафіі кс. Мар’ян падзякаваў катэхетцы і ўсім прысутным за шчырыя разважанні і блага-славіў, каб жылі ў ласцы і Божай любові.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі а. Сцяпана Цэргеля, SVD.
Мінская вобласць