На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.
І зноў будзем разважаць над асобнымі фрагментамі са Святога Пісання, над якімі заклікаем і вас схіліцца разам з намі…
Замест яблыні вырасла вішня?
Дрэва і яго плады
“Або, калі дрэва добрае, то і плод яго будзе добрым; а калі дрэва дрэннае, то і плод яго будзе дрэнным, бо дрэва пазнаецца з плоду. Племя змяінае, як вы можаце гаварыць добрае, будучы дрэннымі? Бо вусны гавораць тое, чым перапоўнена сэрца. Добры чалавек дастае з добрага скарбу добрае, а ліхі чалавек дастае з ліхога скарбу ліхое. Кажу вам, што за кожнае пустое слова, якое скажуць людзі, яны дадуць адказ у судны дзень. Бо паводле словаў сваіх будзеш апраўданы, і паводле словаў сваіх будзеш асуджаны”. (Мц 12, 33-37)
У парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах моладзевая група, сабраўшыся за “круглым сталом”, разважала над урыўкам “Дрэва і яго плады” з Евангелля Св. Мацвея. У пасяджэнні прымалі ўдзел Ксенія Булавіна, Дзіяна Рагоўская, Ангеліна Бубен, Маргарыта Высоцкая, Станіслаў і Аляксей Янчыкі і Пётр Дрозд. Вядучым быў айцец Даніла Сцяпанаў, SVD.
– Шаноўная моладзь, сёння паразважаем над урыўкам, які з’яўляецца часткаю самай, бадай, знакамітай пропаведзі Езуса, калі Ён сядзеў на гары разам з вучнямі і застанаўліваўся на маральных прынцыпах, якіх павінны прытрымлівацца хрысціяне. Казанне ёмістае, у ім абазначаны шляхі, па якіх веруючы можа дайсці да Валадарства Нябеснага, але Хрыстус падкрэслівае, што ўваход у яго – праз вузкія вароты.
У кантэксце казання звяртаю вашую ўвагу на Ягонае папярэджанне аб фальшывых прароках: сцеражыцеся іх! Явяцца да вас у “авечай шкуры” і не з “пустымі рукамі” – прыдуць падрыхтаванымі, будуць чыніць вялікія знакі і цуды, каб увесці ў зман; падкажуць, як амінуць тыя вузкія вароты і трапіць у Валадарства Нябеснае “збоку”. Усімі магчымымі спосабамі будуць імкнуцца ўвайсці ў давер, будуць пераконваць вас, што ў жыцці можна рабіць што хочаш, ні ў чым сябе не абмяжоўваючы, і тым самым будуць адводзіць ад Хрыстовай навукі. Але фальшывыя прароцтвы ў гісторыі доўга не затрымоўваліся.
Другая рэч – гэта дрэва, ці некалькі, якія прыносяць плады. Для Езуса было важна паказаць сваім вучням, што жыццё кожнага чалавека, як і любой расліны, прыносіць плады. А якія яны – добрыя ці дрэнныя – залежыць ад мноства ўмоў і акалічнасцей. Пладамі мы карыстаемся, дзе-лімся з іншымі. Але як распазнаць іх пры выбары? Усе бываем у лесе, збіраем грыбы: а ці заўсёды беспамылкова адрозніваем добры ад ядавітага? Так і ў звычайных штодзённых справах. Можам пачуць падказкі збоку: о, гэта добра, бяры, карыстайся, а з цягам часу яно можа выйсці наадварот… Ці было калі што падобнае ў вашым жыцці?
– У тэксце Евангелля выкарыстана вельмі ўдалая метафара: дрэвы – гэта людзі, якія акружаюць, нашы сябры, знаёмыя, “прарокі”. Якое ўздзеянне на нас аказваюць? Рознае, часам атручваюць нас, як дрэнны пачастунак, ад якога разбалеўся жывот, галава, адным словам, якім чалавек атруціўся. У кантэксце нашага ўрыўка, калі побач дрэвы нядобрыя, гэта значыць, нашы сябры або знаёмыя атручваюць нам жыццё, вызываючы такую жыццёвую, прабачце, дыярэю, мы перажываем жудасны дыскамфорт. Тады мы злуёмся на ўвесь свет, не хочам ні з кім размаўляць, не бачым для сябе выйсця і павінны нешта прадпрыняць. Павінны ссекчы дрэва, гэта значыць, парваць адносіны з гэтым чалавекам. Ён не выправіцца, таму ссекчы – мала, трэба спаліць, каб нават на яго не спатыкацца ніколі. На практыцы – спаліць усе масты сувязі.
Вядучы:
– Як думаеце, ці можна зрабіць што-небудзь, каб такое дрэва не ссякаць і не кідаць у агонь, а паўплываць на яго плод? Інакш, ці можна як-небудзь дапамагчы чалавеку, каб не быў такім таксічным для тых, хто з ім побач? Як хрысціяне мы ж павінны клапаціцца пра збаўленне кожнага чалавека, бо ўсе людзі – дзеці Божыя, усе надзелены душою… І пакуль ён быў дзіцём, напэўна, не быў злым, яго прысутнасць не атручвала, а пасля штосьці такое здарылася, і яго “плады” сталіся ядавітымі…
Ксенія Булавіна:
– Калі чалавек усведамляе сваю памылку – трэба даць яму шанс на выпраўленне…
Пётр Дрозд:
– Тады атрымліваецца, што ты нічога не ссякаеш і будзеш атручвацца далей… Уяўляю сабе: сядзіць дрэва вішні, якая прыносіць кіслыя ягады, і пасадзілі побач аналагічнае дрэва з пладамі салодкімі. Пытанне: навошта трымаць першую вішню?
Вядучы:
– А якое ж выйсце? Як дапамагчы?
Дзіяна Рагоўская:
– Усё ж такі не рабіць ніякіх дрэнных учынкаў адносна гэтага чалавека, нават калі нешта дрэннае зрабіў ён, даць магчымасць яму асэнсаваць свае паводзіны і выправіцца.
Вядучы:
–… а калі адчуваем, што чалавек цягне нас ўніз, на дно? Напрыклад, ты ходзіш да касцёла, а ён табе: “Навошта? Што табе дае гэтая вера? Я пакажу многа болей цікавага…” і г.д. Што ў такім выпадку рабіць?
Ксенія Булавіна:
– Я б такому растлумачыла, што да чаго. А калі гэта не дало б ніякага выніку, калі б чалавек мяне не зразумеў, я болей не была б з ім у блізкіх, даверлівых адносінах.
Вядучы:
– А ці былі ў вас прыклады іншыя, калі б чалавек пайшоў за вамі?
Ангеліна Бубен:
– Калі чалавек цягне на дно, не трэба адчайвацца, а, ратуючы яго, усплываць з ім разам – гэта дабавіць даверу і шчырасці ў вашыя адносіны. А ці пайшоў хто за мною? Помню, аднойчы да мяне падыйшоў хлопец і запытаў: чаму ты веруючая? Што табе з гэтага? Я была яшчэ малая і не памятаю, што адказала, але пытанне ў галаве маёй засела: чаму я веру? Пасля ў мяне былі сяброўкі, аднакласнікі, якім я імкнулася дапамагчы, направіць іх да Бога. На некаторы час яны “усплывалі”, цікавіліся верай, жыццём практыкуючых католікаў, а пасля “соцыум” зацягваў іх на дно, навяртання не адбывалася…
Пётр Дрозд:
– На мой погляд, так адбываецца таму, што большасць людзей – нават калі іх папярэджваюць аб тым, што “спалім” з імі ўсе масты, разарвём з імі адносіны, – не заўсёды ў гэта вераць, не слухаюць добрых падказак, папярэджанняў… Чалавек такая натура, якая аб сабе часцей за ўсё думае: а-а, са мной гэтага не здарыцца ніколі…
Ангеліна Бубен:
– У тэксце Евангелля Езус хоча прадухіліць збліжэнне чалавека з фальшывымі прарокамі, якія гавораць быццам і правільна, а свае сапраўдныя мэты ўтойваюць. Думаю, што веруючы хутка разбярэцца, куды накіроўвае яго такі “прарок”, але бывае, што ў некаторых людзей вочы закрытыя, ім патрэбна шмат часу, каб пераканацца, што з імі проста гуляюць шарлатаны. Што датычыць дрэў, то дрэва, якое не прыносіць добрых пладоў, трэба вырваць з коранем і пасадзіць новае, якое прынясе добрыя плады. У кантэксце нашых разважанняў нядобрае дрэва – гэта нашыя нядобрыя якасці, злосць, ганарыстасць, якія таксама трэба вырываць з сябе з коранем.
Пётр Дрозд:
– А давайце паразважаем над тым, чаму дрэва прыносіць нядобрыя плады? Згадзіцеся, што залежыць усё ад таго, у якіх ўмовах яно расце ад пачатку і які спажытак атрымоўваюць яго карані. Я так падумаў: мы нараджаемся, а ўнутры нас ужо ёсць нейкае малюсенькае дрэўца, яно не адразу дае плады. Патрэбен час, каб яго карані напіталіся тымі рэчывамі, якія для яго будуць карыснымі. Так адбываецца і з чалавекам. Калі мы ў перыяд росту прынялі таксіны (злосць, агрэсія, пыха і г.д.), напіталіся імі, то і самі станем таксічнымі ў адносінах з акружэннем. Тады пачынаем разумець: дрэва наша дрэннае, садоўнік я дрэнны – трэба ссякаць і паліць. Асабіста ў мяне такі стан душы асацыіруецца са споведдзю. І тут трэба праявіць вытрымку, паслядоўнасць і настойлівасць, каб: першае – ссекчы дрэва (маецца на ўвазе прыняць цвёрдае рашэнне), другое – зацягнуць яго да месца (азначае дайсці да канфесіянала) і трэцяе – памяняцца самаму, каб унутры цябе загарэлася іскарка, каб захацелася высказаць усё і расчысціць паляну. Пасля споведзі перад табою з’явіцца чыстае поле, на ім – кволы расток, у якога ёсць час, каб вырасці. Будзеш яго даглядаць, падкармліваць добрымі рэчывамі і вырасце з растка дрэва з добрымі пладамі.
Вядучы:
– Добра, поле ачысцілі… А дзе браць саджанцы? Або што для вас з’яўляецца саджанцамі? У каго іх падгледзець, папрасіць?
Ксенія Булавіна:
– Лічу, падказаць, што нам рабіць, дзе ўзяць саджанцы, заўсёды зможа садоўнік, які сядзіць у… канфесіянале.
Вядучы:
– Добра, ідзём далей: а ці ведаем, саджанец якога дрэва нам патрэбен? Складанае пытанне. Асабіста я кіруюся прынцыпам, які ёсць у вучэнні Св. Ігнацыя Лайолы, агэрэ контра – рабіць наадварот. Напрыклад, знайшоў я ў сабе гардыню. Вырваць яе з коранем не магу, таму пасаджу побач пакору – супрацьлеглае, антонім, які нейтралізуе ганебную якасць. Але спачатку трэба адшукаць у сабе гэтае дрэннае дрэва, сказаць канкрэтна і шчыра, што трэба выкарчаваць з нашай натуры. Бо можна так прызвычаіцца, што, урэшце, і не заўважаць яго…
Аляксей Янчык:
– Калі дрэва дрэннае, то і плод будзе дрэнным, – гаворыць нам Езус. У большасці выпадкаў хутчэй за ўсё так, але як заўважыць тонкую мяжу паміж добрым і нядобрым? Якім дрэвам з’яўляўся Св. Апостал Пётр? Добрым? Тады чаму выракся Божага Сына? Злым? Не, зрабіў шмат добрага для Касцёла. Так і людзі, часам яны памыляюцца. Калі чалавек аднойчы зрабіў нядобры ўчынак, то гэта не азначае, што ён – дрэннае дрэва. Яму патрэбна даць шанс выправіцца. Як хрысціяне мы заўсёды павінны паступаць так, як хацелі б, каб і з намі паступалі людзі.
Пётр Дрозд:
– Згодзен, як хрысціяне – павінны, але колькі разоў? Колькі разоў прыдзецца даваць яму шанс, каб зразумеў, што гэта – дрэнны плод? На працягу ўсяго жыцця? Другое пытанне: а колькі разоў сам будзеш карыстацца гэтым плодам? Бо, калі будзеш атручвацца і атручвацца, то памрэш раней за яго…
Ксенія Булавіна:
– Залежыць яшчэ і ад таго, наколькі гэты плод дрэнны…
Вядучы:
– Пётр, які прысутнічаў з Хрыстом яшчэ да моманту адрачэння ад Яго, не да канца раскрыў свой патэнцыял, але патэнцыял Апостала бачыў Бог Айцец. Пасля Уваскрэсення, калі Пётр вызнаваў сваю веру, Езус тройчы запытаў у яго: «Ці любіш Мяне?”. І Пётр адказаў: “Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе!”. Гэта быў праход праз вароты любові Езуса Хрыста, што памяняла Пятра. Той баязлівы Пётр стаўся іншы – адкрыты, смелы, ахвярны за веру! Не баіцца сказаць габрэям у вочы: “Гэта вы распялі Езуса!”. І так кожны чалавек: па сутнасці сваёй – добры, але пакуль не пройдзе праз вароты Божай любові – не раскрые свой патэнцыял, і плады яго могуць быць не да канца добрымі.
Аляксей Янчык:
– Вяртаюся да думкі: колькі разоў даваць чалавеку шанс на выпраўленне? Мне здаецца, што нядобраму чалавеку, колькі гэтых шансаў ні дай, шкадавання з яго боку ніякага не будзе.
Ксенія Булавіна:
– А я думаю, калі такі чалавек вамі рэальна даражыць і калі дапусціў памылку раз, то зробіць усё, каб не дапусціць яе зноў.
Станіслаў Янчык:
– Успамінаю момант, калі Вы сказалі пра дрэва гардыні, якое не ўдалося выкарчаваць і трэба пасадзіць побач іншае – дрэва пакоры, якое нейтралізуе яго. А ці дастаткова гэтага будзе чалавеку, каб ў выніку атрымаць добрыя плады? Ці не вырастуць там зноў дрэнныя?
Пётр Дрозд:
– А я палічыў, што азначае гэта ўсё ж змены нашых паводзінаў. Дрэва (умоўна) – гэта сам ты; калі сілкуеш яго лянотаю, то нічога не зменіш, а калі “зальеш” у яго 8-гадзінны працоўны дзень, папрацуеш – змены прыйдуць. Але ў мяне ўзнікла пытанне: што рабіць, калі ў нас сфарміраваліся няправільныя чаканні? (пасадзіў вішню, а вырасла яблыня). Дарэмна працаваў, спадзяваўся, марыў, а ў выніку не той плод атрымаў…
Вядучы:
– А гэта з кола пытанняў, якія ўяўленні аб рэальна існуючых рэчах фарміруе ў нас навакольны свет. Карацей кажучы, не трэба падманваць самых сябе ілюзорнымі марамі і задавальненнямі. Не падсілкоўваць імі сябе. Не спадзявацца, што пройдзеш праз уваход, якога няма. Можам усё жыццё пракарміцца такімі ілюзіямі і ўвагнаць сябе ў вельмі цяжкае душэўнае становішча. Трэба паглядзець навокал, зрабіць крок назад… Часам ад іншага чалавека і ад самых сябе чакаем немагчымага. Ключ да разумення гэтай праблемы – у плоскасці разумення самых сябе, адкрыцця свайго асабістага патэнцыялу.
Ксенія Булавіна:
– Так, развівай тое, чым надзяліў цябе Бог, удасканальвайся ў гэтым.
Вядучы:
– У выніку нашых разважанняў сфарміраваліся тры вобразы дрэва. Першы – гэта дрэва як іншы чалавек. Наша задача – навучыцца распазнаваць, якія плады яно прыносіць. Калі дрэнныя – адносіны з ім можна перарваць або пастарацца дапамагчы яму, змяніць яго. Другі вобраз – гэта дрэвы ўнутры мяне. Пасаджаныя вакол нас дрэвы – гэта набор добрых або дрэнных якасцей. Мая задача – пасадзіць добрае дрэва. І трэці – гэта я сам, усё тое, чым сілкуюся, што ў сябе ўпітваю і якія плады прыношу. Але сапраўдны садоўнік – гэта Бог, гэта Ён фарміруе і нашую крону, і нашыя плады.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Брэсцкая вобласць