«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І зноў будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

 

 

Для чаго вам так многа?

 

 

 

Небяспека прагнасці

 

   Нехта з натоўпу сказаў Яму: «Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай». Але Ён адказаў яму: «Чалавеча, хто паставіў  Мяне над вамі суддзёю або пасрэднікам?» І сказаў ім: «Глядзіце, сцеражыцеся  ўсялякай прагнасці, бо нават калі хтосьці мае дастатак, жыццё яго не залежыць  ад ягонай маёмасці». І расказаў ім прыпавесць: «У аднаго багатага чалавека  добра ўрадзіла поле. І ён разважаў сам — насам: “Што мне рабіць? Няма куды  мне сабраць ураджай мой”. І сказаў: “Вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і збяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё. І скажу душы маёй: Душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся”. Але Бог сказаў яму: “Неразумны! Гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?” Так бывае з тым,  хто збірае сабе скарбы, а не багацее перад Богам».      (Лк 12, 13-21).

 

 

 У парафіі Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску парафіяне, сабраўшыся за “круглым сталом”, абмяркоўвалі ўрывак “Небяспека прагнасці” з Евангелля Св. Лукі. У пасяджэнні прымалі ўдзел Яніна Сярэдзіч, Святлана Жук, Таццяна Яфіменка, Дзяніс Сачанка, Аляксандр Мінько, Павел Шыпнігаў, Аляксандр Клімовіч.Вядучым быў пробашч кс. Павел Врубель.

 

 Вядучы: f-str-17

Шаноўныя, тэма, якую будзем разглядаць, блізкая ўсяму людскому асяроддзю. Запрашаю вас выказаць свае погляды на гэтыя рэчы, падзяліцца сваімі вы-сновамі.

 

Святлана Жук:

– Сапраўды, матэрыяльныя адносіны – складаныя адносіны. Вельмі часта бывае, што свой дастатак і звязаныя з яго набыццём праблемы чалавек ставіць на першае месца і з-за гэтага нават родныя браты і сёстры не могуць знайсці паразумення, асабліва, калі надыйдзе час падзелу бацькоўскай спадчыны. Насамрэч, кожнаму чалавеку патрэбен дастатак, але ён павінен быць толькі сродкам для дастойнага жыцця, а не сэнсам і галоўнаю жыццёваю мэтаю.

 

Дзяніс Сачанка:

– У гэтым урыўку паказана прыкрая чалавечая прырода. Ёсць людзі, якім колькі ні дай – будзе мала, і набываць імкнуцца ўсё болей, і болей, і болей. Нават калі запытаць у іх, для чаго вам так многа, то наўрад ці адкажуць.Прагнасць набываць і мець становіцца для іх галоўным, пра духоўнасць і іншыя каштоўнасці яны забываюцца. А Езус Хрыстус падкрэслівае: жыццё і душа чалавека не залежаць ад матэрыяльнага дастатку, а загубіць  жыццё і душу за яго лёгка. Гэты ўрывак – перасцярога Пана.

 

Вядучы:

– Так, праблема гэтая існуе, напэўна столькі, колькі існуе чалавецтва: ненасытнасць, люд-ская прагнасць, як ведаеце, адлюстравана нават у казках для дзяцей. Памятаеце казку пра залатую рыбку? А прыслоўе пра марскую ваду – колькі ні пі, не нап’ешся, – памятаеце? Канечне, не нап’ешся, ад вады марской яшчэ болей піць хочацца. Так і з багаццем, гонка за ім зацягвае, як багна.

 

Аляксандр Мінько:

– Павінен прызнацца, што для мяне ніколі не было такой мэты – набыць багацце. Сям’я наша не жыла ў беднасці, але і лішку не мела: таго, што зараблялі, на жыццё хапала. А пасля таго, як я пазнаў Бога, пачаў рэгулярна хадзіць у касцёл,  дзе  атрымліваю духоўнае ўзбагачэнне, пытанне матэрыяльнага дастатку наогул адыйшло на другі план, я зразумеў, што галоўнае – у іншым. І сёння працую, атрымліваю заробак, як кажуць, са стала не падае, але з бліжнім падзяліцца магу.

 

   Павел Шыпнігаў:f-str-18

– Я ўспамінаю сваё дзяцінства. Мае бацькі, лічу, жылі не бедна, аднак без празмернасцяў, давалі мне добрыя рэчы, вучылі іх берагчы. Гэта былі часы дэфіцытаў, але ў мяне ніколі не ўзнікала жадання, каб у мяне нечага было болей, чым у маіх сяброў. А калі стаў  самастойным, пачаў разважаць пра людскія памкненні, прагненні, то наогул прыйшоў да высновы: а ці тая дарагая рэч, якую сёння прагнеш набыць, вартая таго, каб працаваць без адпачынку, зарабляючы на адну яе грошы? Нават такая думка прыходзіла: добра, зараблю шмат, куплю прыгожую рэч, а назаўтра памру. І каму яна дастанецца? Нікому! Насамрэч, ёсць многа важнейшых рэчаў, а перадусім – наш духоўны стан. Пра яго трэба клапаціцца, а забіваць шафы матэрыяльным на будучае… Навошта?

 

Вядучы:

– Павел закрануў адну цікавую праблему, якая часта ўзнікае ў сем’ях, дзе выхоўваецца адно дзіця і дзе бацькі імкнуцца даць яму ўсё, што толькі магчыма. Гэта натуральна, але тут уз-нікае рызыка нанесці тым самым шкоду. Інакш адбываецца ў шматдзетных сем’ях, дзе дзеці вучацца абмяжоўваць сябе на карысць сваіх братоў і сясцёр з маленства.Таму бацькі павінны быць вельмі ўважлівымі, задавальняючы патрэбы і просьбы дзіцяці, каб не выхаваць ў яго прыкрыя памкненні.

 

Яніна Сярэдзіч:

– З пазіцыі свайго ўзросту думаю: не ўсё так проста ў гэтай праблеме. Нарадзілася я ў сялянскай сям’і і добра памятаю, якая радасць ахоплівала, калі мама купляла новую сукеначку перад Вялікаднем. Многа бацькі не давалі, бо многа і не мелі. Радаваліся таму, што было. А час ішоў, жыць стала лепей… Людзі пачалі купляць машыны… Купілі і мы… Не, не з зайздрасці, не з-за фальшывага гонару. Так, разважала я, мы ўсё атрымліваем ад Бога: прафесію, працу – ад Бога; сям’я стварылася, нарадзіліся дзеці, восем унукаў – гэта таксама ласка Бога, і толькі цяпер Усявышні палічыў, што машына нам патрэбная: дзе ўнукаў падвезці, да ўнукаў з’ездзіць –  аўтобусы ж перасталі на вёску хадзіць… Аўтамабіль ужо не раскоша, а неабходнасць і набылі мы яго, калі  мне ўжо  было за пяцьдзесят…

Звярнула ўвагу на  апошні выраз – «Перад Богам багацець» (у рускай мове – «Богатеть в Бога»). Людзі часам забываюць, што ўсё матэрыяльнае, у тым ліку і грошы, і маёмасць, з’яўляюцца толькі магчымасцю, сродкам, каб жыць і ўдасканальваць сябе, а не сэнсам жыцця. Сапраўднае багацце – багацце  духоўнае.

 

Дзяніс Сачанка:

– Урывак разумею так: Бог ведаў гэтага багача з прыпавесці і ведаў, што пасля яго смерці нарыхтаванае багацце нікому не дастанецца, таму і назваў яго «неразумным». Многія людзі сваю сквапнасць, пажадлівасць, прагнасць тлумачаць тым, што яны зарабляюць для дзяцей, унукаў… А пра тое, што існуюць іншыя каштоўнасці, непараўнальна вышэйшыя за любыя грошы і маёмасць, – пра гэта даўно забыліся і сэнс жыцця бачаць толькі ў заробках і назапашванні багацця. Часта нават становяцца на шлях грэшны, дапускаюць беззаконні, пераступаюць маральныя нормы і правілы, а тлумачаць тым самым – дзеля сваіх нашчадкаў! Навошта? Каб прыпаднесці дзецям і ўнукам усё ў гатовым выглядзе? Па-людску, такі падыход да жыцця быццам і апраўдваецца, але з пункту гледжання хрысціянскай веры, хрысціянскага вучэння, думаю, гэта не ёсць апраўданне, калі чалавек   губляе Бога, сваю душу, назапашваючы часта зладзейскім шляхам.

 

Вядучы:

– Сапраўды, гэтае «для дзяцей і ўнукаў» не з’яўляецца апраўданнем празмернага  назапашвання матэрыяльнага на шкоду духоўнаму. На самой справе чалавек, асабліва якому ўдаецца зарабляць вялікія грошы, у гэты працэс уцягваецца, як у захапляльную гульню, становіцца залежным, як ад наркотыка, з кожным днём прагнасць здабыць болей узрастае. Для чаго здабывае? Засекі ўжо поўныя… Але, уцягнуты, ён не можа не прадаўжаць гэтую гульню!

 

Таццяна Яфіменка:

– Пра назапашванне. У нашай сям’і яно набыло рысы хваробы. Дзядулі і бабулі з абодвух бакоў працавалі да знясілення, імкнуліся мець як мага болей, але тым, што набывалі, амаль не карысталіся, хавалі на будучае, або, казалі, на чорны дзень. І ў гэтым я іх не разумела: навошта дарэмна загружаць куфры ? Затое назбіралі вялікія сумы… А пасля быў такі момант у часы Савецкага Саюза, калі ўсе фінансы «рухнулі», і людзі, якія трымалі на ашчадных кніжках вялікія грошы, усё страцілі. Мне было гадоў 13, і памятаю, як галасілі мае бабулі, дзядулі і бацькі, пералічваючы: была б кватэра…, была б машына… Сама я імкнуся жыць іначай, хоць, праўду кажучы, у пэўны перыяд жыцця лічыла, што мой дабрабыт залежыць ад таго, што маю. Такі прыклад паказвалі бацькі. Радуюся, што прыйшло разуменне: не, шчасце не ў тым, колькі маеш…

Цяпер пра спадчыну, якую ствараюць для дзяцей і ўнукаў. Менавіта яна і перасварыць усіх нашчадкаў – і блізкіх, і далёкіх, як, дарэчы, атрымалася ў нашай сям’і. Пасля смерці старэйшых пачаўся падзел, і камусьці дасталося меней, камусьці – болей. Так бывае у большасці выпадкаў, калі дзяліць сапраўды ёсць што. Родныя абвінавачвалі адзін другога, пракліналі, кідалі ў твар ганебныя словы. У выніку зруйнаваліся сваяцкія адносіны, добрыя сямейныя традыцыі, пра якія марылі  нашы продкі. Таму трэба сябе астанаўліваць, «уключаць» розум, тармазіць, бо пагоня за багаццем – хвароба, якая можа набыць хранічныя формы і прывесці да вялізнай утраты.

Аляксандр Мінько:

– Кожны з нас павінен разумець галоўнае: Бог дае чалавеку тое, што яму патрэбнае, і дае па заслугах. Трэба Богу давяраць, маліцца і прасіць. Не саромецца таго, што зарабляем сваімі рукамі, пайсці ў магазін і купіць, што хочаш і можаш сабе дазволіць, толькі не рабіць з усяго гэтага культу, не ператвараць набыццё матэрыяльнага ў мэту, бо галоўнае ў жыцці – духоўнае.

 

Вядучы:

– А ўсё ж, як лічыце, чаму людзі накапліваюць багацце, збіраюць даброты на будучыню?

 

Яніна Сярэдзіч:

– А ў мяне пытанне: што адбываецца з людзьмі? Ведаю такіх, якія маюць многа, ні з кім ніколі не дзеляцца, а наадварот: лічаць, што толькі ім нехта павінен нешта даць. Гэта што – сатана так кіруе іх паводзінамі?

 

Святлана Жук:

– Людзі імкнуцца назапасіць, бо думаюць, што пакінуць сваім нашчадкам, і тым ад гэтага будзе лягчэй. Часам нават папрокі кідаюць дзецям: маўляў, я даў табе ўсё, што мог. А дзеці ў адказ бацьку: «А лепей бы ты з намі на футбол схадзіў ці паехаў куды-небудзь, чым весь час на працы прападаў». Пан Бог вучыць нас не назапашванню дабротаў, а каб клапаціліся пра дзень сённяшні: мінулага не вернеш, а будучае можа не наступіць. Жыві сёння. Назапашванню спрыяе яшчэ страх (а што будзе заўтра?), які жыве ў душы чалавека, калі ён да канца не давярае Богу.

 

Вядучы:

– Так, гэта ўсё чалавечы падыход да жыцця. Але што гаворыць нам Евангелле ў гэтым урыўку? «Сцеражыцеся ўсялякай прагнасці, бо нават калі хтосьці мае дастатак, жыццё яго не залежыць ад ягонай маёмасці». Дык зноў вернемся: адкуль у чалавека прагнасць мець абавязкова многа?

 

Таццяна Яфіменка:

– Лічу, што гэта зайздрасць, ненасытнасць, саперніцтва, якое праяўляецца ў самых звычайных рэчах: у суседа машына новая – у мяне павінна быць навейшая, у яго мэбля модная – трэба, каб у мяне была маднейшая і г. д. Яшчэ лічу, што адмоўна дзейнічае на людзей і рэклама, яе вельмі шмат, яна дакучлівая і ўся зводзіцца да таго, што ты павінен купіць, набыць…  Планка патрабаванняў штучна падымаецца ўсё вышэй і вышэй…

 

Яніна Сярэдзіч:

– На маю думку, так адбываецца, бо ў жыцці цэлых пакаленняў амаль не было Бога. Другая прычына ў тым, што большасць вяскоўцаў баялася пакінуць сваіх дзяцей у вёсцы,  адпраўлялі іх у горад, а самі працавалі дзень і ноч, збіралі грошы, абы толькі дзецям даць болей. Паціху дзеці ператварыліся ў звычайных карыстальнікаў… 

 

Таццяна Яфіменка:

– У кожнага з нас выпрацоўваецца свой стыль жыцця. І калі чалавек дойдзе да разумення, што скарбы не ў матэрыяльным, а ўсе нашы скарбы ў Богу, тады ён стане свабодным ад гэтай залежнасці – набываць і накапліваць.

 

Павел Шыпнігаў:

– Апошнім часам складваецца ўражанне, быццам усё грамадства не пакідае чалавеку часу на Бога, што жыццё наогул праходзіць «у крэдыт». Тэхнічны прагрэс, новыя тэхналогіі прапаноўваюць столькі ўсяго цікавага, што яно паралізуе волю чалавека. І калі ён вырашыў, што тая ці іншая рэч яму патрэбная, то хоць і не зарабіў яшчэ, і няма ў яго на яе  сродкаў – абавязкова возьме яе ў крэдыт. А пасля… А пасля няма калі разважаць – трэба працаваць як мага болей, каб крэдыт вярнуць. І гэта такая ўжо працяглая тэндэнцыя; звярніце ўвагу, колькі сыплецца розных прапаноў з тэлеэкрана…

Святлана Жук:

– Калі ў душы чалавека няма Бога  ісціннага, ён стварае сабе свайго бога і служыць яму. У нашым выпадку – служыць багаццю. Адбываецца падмена каштоўнасцей, падмена сапраўднага Бога на мамону.

 

Вядучы:

– Так, корань праблемы  ў тым, што чалавек не давярае Богу, а лічыць, што яго апора  – багацце, і ператварае сваё жыццё ў пагоню за ім. Цяпер адкажыце, калі ласка: што б вы зрабілі, калі б у вас «добра ўрадзіла поле»? 

 

Таццяна Яфіменка:

 – Я б занялася дабрачыннай дзейнасцю, дапамагла б у першую чаргу дзецям, малазабяспечаным і інвалідам. Усё раздала б патрабуючым.

 

Дзяніс Сачанка:

Пробашч парафіі кс. Павел Врубель з удзельнікамі пасяджэння (злева направа): Паўлам Шыпнігавым, Таццянай Яфіменка, Святланай Жук, Янінай Сярэдзіч, Аляксандрам Мінько, Дзянісам Сачанка і Аляксандрам Клімовічам.

Пробашч парафіі кс. Павел Врубель з удзельнікамі пасяджэння (злева направа): Паўлам Шыпнігавым, Таццянай Яфіменка, Святланай Жук, Янінай Сярэдзіч, Аляксандрам Мінько, Дзянісам Сачанка і Аляксандрам Клімовічам.

– А я б не хацеў апынуцца перад такою спакусаю. Думаю, Пан Бог не дасць мне такога багацця, бо мне характэрна сквапнасць, і я распарадзіўся б ім неразумна. Баюся ператварыцца ў маральнага вырадка. 

 

Святлана Жук:

– Адкрывала б рабочыя месцы, каб людзі маглі зарабляць на дастойнае жыццё. Проста даваць грошы чалавеку – не зусім добрая практыка, можна сапсаваць яго.

 

Аляксандр  Мінько:

– Я б аддаў на аднаўленне храмаў Беларусі. У самым пачатку майго навяртання знайшоў на вуліцы залатую завушніцу. Адразу яе здаў, атрымаў грошы і прынёс касцёлу.

 

Аляксандр Клімовіч:

–  Я б адкрыў сваю канкрэтную справу, таксама ствараў бы працоўныя месцы, каб чалавек мог рэалізаваць сябе як асоба.

 

Падводзячы вынікі разважанняў за «круглым сталом», кс. Павел выразіў надзею, што сённяшняе Слова Божае дапаможа ўдзельнікам «багацець перад Богам», ствараць сабе скарбы ў нябёсах, і ўдзяліў усім прысутным благаслаўленне.

 

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі  Карнэлія  КОНСЭКА, SVD

Брэсцкая вобласць


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий