На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.
І зноў будзем разважаць над асобнымі фрагментамі са Святога Пісання, над якімі заклікаем і вас схіліцца разам з намі…
Хто з нас працуе, а хто – служыць?
Веліч – у служэнні
Узнялася спрэчка паміж імі, хто з іх павінен лічыцца большым. А Езус адказаў ім: «Каралі народаў пануюць над імі, і валадары іх называюцца дабрадзеямі. У вас жа няхай будзе не так, але большы сярод вас няхай будзе як меншы, а правадыр — як слуга. Бо хто большы? Той, хто сядзіць за сталом, ці той, хто служыць? Ці ж не той, хто сядзіць за сталом? Я сярод вас як той, хто служыць. Вы тыя, хто вытрываў са Мною ў Маіх выпрабаваннях. Я перадаю вам у спадчыну Валадарства, як Мне перадаў яго Айцец Мой, каб вы елі і пілі за Маім сталом у Валадарстве Маім, і каб сядзелі на тронах, судзячы дванаццаць пакаленняў Ізраэля. (Лк 22, 24-30).
У парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне вернікі разважалі над урыўкам “Веліч – у служэнні” з Евангелля Св. Лукі. У пасяджэнні прымалі ўдзел: Павел Шарэйка, Анатоль Канарскі, Ірына Пачабыт, Марына Седзянеўская, Алена Падчык, Уладзімір Яцук, Таццяна Канашэнкава. Вядучым быў пробашч парафіі кс. Аляксандр РАМАНОЎСКІ.
– Шаноўныя, паспрабуем з вамі паразважаць, што ёсць служэнне. І перш за ўсё звернемся да Святога Пісання, з якога ведаем, што Езус Хрыстус служэнне бліжняму вызначыў галоўнаю пастановаю асабістага жыцця і шмат разоў Сам падкрэсліваў, што “не прыйшоў, каб Мне служылі, а прыйшоў, каб вам служыць”, не прыйшоў, каб набыць уладу і валадарыць, – прыйшоў служыць аж да таго, каб аддаць за нас жыццё. Будучы з апосталамі, з вучнямі, з тым натоўпам, які крочыў за Ім, рабіў гэта шчыра; усведамляючы, Хто Ён ёсць на самой справе, нават амываў ногі апосталам. Для Яго паслядоўнікаў, для ўсіх хрысціянаў гэта стала дасканалым прыкладам служэння. Другі прыклад, які павінен нас матываваць, – Марыя, Маці Божая, якая служыла Богу, свайму Сыну і Ягонай справе. Прыклад служэння нам паказалі і шматлікія святыя. Запрашаю, выказвайце, калі ласка, свае думкі на ўзнятую тэму.
Павел Шарэйка:
– Я звярнуў увагу на другую частку ўрыўка, дзе Езус выказвае свае адносіны да тых, хто разам з Ім вытрываў у Яго выпрабаваннях, гэта азначае, што ўдзельнічаў у Ягоным служэнні, і далей абяцае, што “будзеце ў Валадарстве Маім сядзець за Маім сталом”. Дык вось, пра абяцанні. Як бацька я таксама, бывае, што-небудзь абяцаю дзецям, а пасля штодзённасць так за-круціць, што і не змог выканаць. Дзеці скардзяцца: “Татка, ты ж абяцаў…”. У такія хвіліны адчуваю сябе некамфортна. Але зусім іншае абяцанне у Пана Бога, калі Ён абяцае Валадарства Божае, то так яно і будзе.
Мой знаёмы валанцёр Руслан Яроцкі некалькі гадоў таму ездзіў у Афрыку, каб дапамагчы дзецям з трушчобаў, і расказваў: калі адыходзіць з жыцця афрыканец з беднай сям’і – усе моцна радуюцца. Ведаюць, што там ён будзе сыты, накормлены, не будзе адчуваць болі… Пасля яго сведчання я занава асэнсаваў абяцанне Пана Бога пра Валадарства і пра тое, што мы будзем сядзець з Ім за адным сталом, піць, есці, кантактаваць. Пан часта запрашае нас быць з Ім, быць там, дзе Ён. Гэтая думка мяне падбадзёрвае і я ўсім сэрцам прагну, каб за гады зямнога жыцця не страціць жадання быць разам з Госпадам у Ягоным Валадарстве.
Вядучы:
– Так, Езус часта гаворыў пра “новае жыццё”, даваў настаўленні, падчас Апошняй вячэры з апосталамі ўспамінаў пра “новае віно” і абяцаў падрыхтаваць для нас месца. І гэта Ён зрабіў, нам важна толькі заняць сваё.
– На маю думку, урывак заклікае: якую б ты пасаду ні займаў, на якой бы сацыяльнай “вышыні” ні знаходзіўся, якія б ні меў заслугі, заўсёды павінен “апусціцца” да ўзроўню тых, каго лічыш за сябе “ніжэйшым”, зразумець тых людзей, якія з табою побач. Менавіта так – да ўзроўню тых, з кім размаўляеш, ці вырашаеш нейкую праблему.
Скажу пра сябе: я настаўнік, заўсёды імкнулася, каб дзеці добра вучыліся, авалодвалі неабходнымі навыкамі, таму была да іх патрабавальнай і часам дакарала за што-небудзь. Але ўсё гэта адбывалася да той пары, пакуль не пайшла ў школу мая дачка, і толькі тады я зразумела, што на самой справе дзецям цяжка вучыцца. Гэта значыць, я “апусцілася” (не ў ведах і навыках) у разуменні “ніжэйшага” за сябе. Апошнія гады працавала са старэйшымі школьнікамі, рыхтавала да экзаменаў, да ЦТ і таксама заўважала: праграма цяжкая (асабліва ў профільным класе), дзеткі не ўсе аднолькава хутка з ёю спраўляюцца, таму займалася з імі дадаткова, заставалася пасля урокаў, тлумачыла… А было і такое: на заканчэнне першай чвэрці замест 6 ці 5 ставіла вучню 8 і гаварыла: ты яшчэ не заслугоўваеш, але разумею цябе, дзіця; імкніся, каб у наступнай чвэрці апраўдаў сваю адзнаку…
Сёння слухаю паведамленні, што робіцца ў свеце, і дзіву даюся: як правадыры некаторых краін не разумеюць свой народ! Як сказана ў Святым Пісанні? “Большы сярод вас няхай будзе як меншы, а правадыр – як слуга”. “Я сярод вас, – удакладніў пра Сябе Езус Хрыстус, – як той, хто служыць”.
Уладзімір Яцук:
– Нядаўна на св. Імшы кс. Андрэй у пропаведзі спасылаўся на Слова Божае, якое заклікае: “Ніколі не ўзвышайце сябе, бо той, хто ўзвышае, будзе прыніжаны, а той, хто сябе прыніжае, будзе ўзвышаны”. Звярнуў увагу на гэтыя словы, бо гэтым імкнуся жыць. Узвышаць сябе – справа рызыкоўная, нават калі ты не сам гэта робіш, а іншыя. Ведаю па сабе. На прадпрыемстве я начальнік цэха, калектыў – 60 чалавек. І пачынаю заўважаць, што нават старэйшыя за мяне пачынаюць называць мяне на “Вы”, “по имени отчеству”. Пытаю ў іх: «Навошта»? «Ну як жа, Вы наш начальнік…». І што, калі начальнік? Мы разам працуем, я з вамі, мы аднолькавыя людзі, робім агульную справу… Мяне завуць Вова…
Ірына Пачабыт:
– Прабачце, далёка не ўсё ведаю, але цікаўлюся: чаму праваслаўныя бацюшкі жэняцца і маюць свае сем’і, а ксяндзам забаронена? Гэта нядобра. Глядзіце: вы прапаведуеце, што трэба любіць сям’ю, добра выхоўваць дзяцей, а гэта такая справа, у якой, лічу, патрэбен асабісты вопыт…
Таццяна Канашэнкава:
– А я лічу, што пазіцыя Каталіцкага Касцёла адносна таго, мець святару асабістую сям’ю ці не мець, – абсалютна правільная. Так, ксяндзы не маюць сем’яў, затое яны могуць поўнасцю прысвяціць сябе служэнню Богу і людзям, што называецца, і днём, і ноччу. У праваслаўнага святара няма на гэта так многа часу, таму што… Тут жонка пакрыўдзілася, там дзеці плачуць, там трэба дапамагаць ім дамашнія заданні выконваць… А што датычыць сямейнага вопыту… Святары, слухаючы споведзі вернікаў, столькі розных гісторый чуюць, столькі набіраюцца людской жыццёвай мудрасці… У іх болей вопыту, чым у чалавека, які жыве ў адной (у сваёй) сям’і. Наогул справядлівым ёсць тое, што чалавек сам робіць свой выбар.
Павел Шарэйка:
– Я таксама не бачу тут ні праблемы, ні заганы: сапраўды, чаго з сямейнага жыцця каталіцкія святары не ведаюць? А яны хіба з іншых планет, хіба не ў сем’ях выхоўваліся? У іх былі тата і мама, дзядуля і бабуля… Як і ва ўсіх нас. Глядзіце, наш пробашч кс. Аляксандр зрабіў свой выбар, Вы – свой, я – свой…
Таццяна Канашэўская:
– Выбар мужчыны быць святаром – гэта выбар на карысць найвышэйшай любові – любові і адданасці Богу, выбар найвышэйшага служэння, як служыў Пан Бог.
Марына Седзянеўская:
– Мне здаецца, што кожны чалавек калі-небудзь спрабуе аналізаваць, ці правільна зрабіў свой жыццёвы выбар. Я часам думаю: што было б, каб я стала законнаю сястрою? А ксёндз Аляксандр, напэўна, калі-небудзь падумаў: што было б, каб у мяне была сям’я? На самой справе, уважліва назіраючы за жыццём, параўноўваючы многія рэчы і з’явы, прыходзіш да высновы: гэта толькі людскія эмоцыі могуць падштурхоўваць: лепей было б так, лепей было б так… Цэлібат – забарона каталіцкім святарам уступаць у шлюб – уведзены ў ХI ст. Лічу, Каталіцкі Касцёл, які стаіць на фундаментах апостальскай навукі, праз вякі паступае вельмі мудра, мы ў гэтым пераконваемся на прыкладах асабістага жыцця.
Анатоль Канарскі:
– Дазвольце і мне выказаць свой погляд адносна таго, жаніцца каталіцкаму святару ці не, і як уплывае гэты стан на яго служэнне. Разважаючы па-людску, можна сказаць і “так”, і “не”. На самой справе ёсць тры тэмы, у якіх каталіцкі святар можа быць меней дасведчаным: улада, грошы, сэкс. Але ў Касцёле ёсць катэхеты, ёсць свецкія служыцелі, якія дзеляцца сваім стаўленнем, вопытам і са святарамі, і з вернікамі, і ёсць вучэнне, дакументы Касцёла, куды ўсе гэтыя тэмы ўкладзеныя і дэталізаваныя. І галоўнае – мы з вамі павінны разумець: што прымае Касцёл – а Касцёл кіруецца Святым Духам, – тое адназначна павінны прымаць і мы, католікі. А калі не прымаем, сумняваемся ў кампетэнцыі Касцёла – значыць, у нас праблемы ў самых сабе, у адносінах са Святым Духам, і тады… якія мы католікі? І на сённяшні дзень, у наш такі неспакойны і бурлівы час, лічу, добра, што каталіцкія святары жывуць у цэлібаце, яны заўсёды даступныя, нішто не перашкаджае ім служыць людзям. У любы момант, хоць сярод ночы пазваню святару і ён адгукнецца. Яны – як і Езус Хрыстус – наш Настаўнік і адначасова слуга.
Звяртаючыся яшчэ да тэмы служэння. У мяне быў вопыт стасункаў з пратэстанцкімі пастырамі, і яны адкрыта здзіўляліся, выказвалі захапленне багаццем рухаў і форм духоўнага ўзбагачэння і служэння, якія ў Каталіцкім Касцёле ёсць і якія з кожным годам пашыраюцца. І не ўсё робяць толькі святары – свецкія! На працягу пяці апошніх гадоў з’яўляюся лідэрам каталіцкай евангелізацыйнай супольнасці “Эхад”, што дзейнічае пры катэдры Св. Францішка Ксаверыя. Але гэта сёння я лідэр, а пачынаў з расстаўлення крэслаў перад сустрэчамі супольнасці, членам якой быў, і зараз лічу: калі чалавек не служыць, значыць, не мае адносінаў з Богам, бо толькі ў служэнні, праз служэнне я адкрыў Бога. І мы з жонкай свабодны час аддаём служэнню Касцёлу. Не дзеля асабістага ўзвышэння, не дзеля пахвалы, не за “стаўкі” і грошы, а для таго, каб перажываць радасць, разумеючы, што Слова Божае пераўтвараецца, ажыццяўляецца. Мая галоўная задача як хрысціяніна – не ўпадаць у крытыку, не шукаць заганаў, а пакорліва пытаць у Бога: дзе я магу яшчэ паслужыць?
Вядучы
– Каб не надта паглыбляцца ў дыскусію пра святарскі стан, давайце зазначым: цэлібат – гэта не дагмат веры, а ўведзеная Касцёлам дысцыпліна. Сакрамэнт пасвячэння намашчае святара на службу Касцёлу і «прыпадабняе яго да Хрыста ў Яго патройнай функцыі: Святара, Прарока і Караля», а таксама да Хрыста-Жаніха. Менавіта ў гэтым заключаецца самая галоўная прычына святарскага цэлібату ў Касцёле. Цэлібат — гэта штосьці нашмат большае за практычнае патрабаванне або гатоўнасць святара стаць больш даступным для выканання шматлікіх заданняў, звязаных з яго служэннем. Як Хрыстус цалкам дорыць сябе Касцёлу, на падабенства жаніха нявесце, таксама і святар становіцца пакліканым дарыць сябе Касцёлу і яго верным.
Павел Шарэйка:
– Нашыя разважанні скіроўваюць мяне яшчэ да аднаго паралельнага месца ў Святым Пісанні, да радкоў у Евангеллі Св. Мацвея (19, 28): “Сапраўды кажу вам, што ў новым жыцці (…) кожны, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці айцоў, ці маці, ці дзяцей, ці землі дзеля Майго імя, здабудзе ў сто разоў больш і атрымае ў спадчыну жыццё вечнае…”. У гэтых радках і мудрасць, і глыбіня, і вышыня, тут абяцанне Бога: калі прысвяціш Яму сябе, здабудзеш жыццё вечнае.
Ірына Пачабыт:
– Так, галоўнае – служыць людзям. Мне думаецца, калі чалавек яшчэ да канца не навярнуўся, але жыве па Божых запаведзях, праяўляе міласэрнасць да іншых, клапоціцца і служыць ім не за грошы і ўзнагароду, а па закліку сэрца, то і ён атрымае жыццё вечнае. Сапраўды, тых, хто служыць, многа: настаўнік, доктар, сацыяльны работнік і інш., і інш. І не ўсе становяцца “легендамі” у прафесіі, робяць добрыя справы, бо атрымоўваюць вялікую зарплату…
Вядучы:
– Так, у чалавека заўсёды ёсць права натуральнае, якое таксама паходзіць ад Бога. І нават калі чалавек да Бога яшчэ не дайшоў, а кіруецца па сумленню свайму натуральнаму, у Судны дзень усёроўна стане перад Госпадам.
Таццяна Канашэнкава:
– Калі не дайшоў і не ведае… А калі ведае і абвяргае Хрыста, а лічыцца добрым чалавекам, то без веры ён не будзе збаўлены. Сёння развіваецца такі трэнд: можна і без веры быць добрым. Гэта шкодны, небяспечны трэнд. Усе добрыя справы выконваем у свеце Божай веры. І самі павінны заўсёды разумець, дзеля чаго паступаем так ці інакш, якая мая інтэнцыя.
Вядучы:
– Шаноўныя, сёння ніхто не жыве ў ізаляцыі, усе ведаюць Божыя Запаведзі, усе чулі пра існаванне Бога, і ў кожнага дарога да Бога ёсць. Прызнаюся, я ні разу не сустрэў чалавека з відавочнай упартасцю наконт Бога. Людзей з сумненнямі – многа, але сумненні – гэта ўжо пачатак адкрыцця Бога.
Анатоль Канарскі:
– Шлях да Бога у кожнага свой, але сёння задача катэхетаў, свецкіх служачых, якія атрымалі добрыя веды, набылі вопыт духоўнага жыцця – дзяліцца, праз сваё асабістае служэнне сведчыць аб Божай любові да ўсіх людзей. І для гэтага магчымасцей у нас часта болей, чым у святароў, бо знаходзімся заўсёды ў розных калектывах, кампаніях – працоўных, вучнёўскіх, з сябрамі, з суседзямі і г.д. Маё навяртанне адбылося, калі я працаваў ў будаўнічай арганізацыі. Даведваўся пра Бога сам і пачынаў расказваць пра Яго тым, хто побач. Адразу калегі жартавалі, пасмейваліся, пасля пачалі прыслухоўвацца і паступова самі зменьвалі свой лад жыцця. Працэс складаны, не аднаго дня, але мы, пазнаўшыя Бога, павінны дапамагаць адкрываць Яго іншым! Гэта будзе самым галоўным нашым служэннем.
На завяршэнне сустрэчы кс. Аляксандр падзякаваў удзельнікам пасяджэння за шчырыя думкі і сведчанні, пажадаў, каб служэнне Богу і бліжняму стала прагненнем сэрца кожнага хрысціяніна.
Пасля агульнай малітвы пробашч удзяліў благаслаўленне.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
г. Гродна.