«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І зноў будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

Каб не хадзіць у цемры

 

 

Езус – святло свету

І зноў прамовіў да іх Езус, кажучы: «Я  — святло свету. Хто ідзе за Мною,  той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця». Тады фарысеі  сказалі Яму: «Ты сам пра сябе сведчыш, таму сведчанне Тваё непраўдзівае».  Езус сказаў ім у адказ: «Нават калі Я сведчу сам пра сябе, сведчанне Маё  праўдзівае, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду. А вы не ведаеце, адкуль Я  прыйшоў і куды іду.  Вы судзіце паводле цела; Я не суджу нікога. А калі Я і  суджу, то суд Мой праўдзівы, таму што Я не адзін, але Я і Айцец, які паслаў  Мяне. І ў Законе вашым напісана, што сведчанне двух чалавек праўдзівае. Я  і сам сведчу пра сябе, і сведчыць пра Мяне Айцец, які паслаў Мяне».

Тады яны сказалі Яму: «Дзе Айцец Твой?».Езус адказаў: «Вы не ведаеце ні Мяне, ні  Айца Майго. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго». Гэтыя словы  Езус сказаў каля скарбніцы, калі вучыў у святыні. І ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ  не настала Ягоная гадзіна.     (Ян 8, 12-20).

 

 

 

f-str-17У парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Бялыніцкай вернікі, сабраўшыся за «круглым сталом», разважалі над урыўкам «Езус – святло свету»  з Евангелля Св. Яна. У пасяджэнні прынялі ўдзел Тэрэса Владыка, Ала Абразцова, Марыя Ругаль, Наталля Гладкевіч. Вядучым быў пробашч парафіі кс. Юзаф Сярпейка.

 

 

 Вядучы:

– Шаноўныя, мы звяртаемся сёння з вамі зноў да вечнай кнігі, каб лепей зразумець тое, што хоча сказаць нам Бог у Сваім Слове. Ведаем, што Святое Пісанне можам чытаць некалькі разоў  і кожны раз адкрываць для сябе ў ім  нешта новае. І гэты фрагмент таксама не з’яўляецца выключэннем: хтосьці можа згаджацца з яго пасыламі, хтосьці  – не, але гэта не будзе азначаць  супярэчлівасць у Божым Слове, а толькі тое, што чалавек у сённяшні момант жыцця не мае яшчэ на гэта ад-крытага сэрца; можа, на гэта ўплывае асяроддзе, а можа і тое, што некаторыя рэчы Бог трымае да пэўнага часу ўкрытымі. Выказвайце, калі ласка, свае думкі, сваё разуменне, што для сябе адкрылі, і высновы, што возьмеце з гэтага ўрыўка, каб кіравацца ім у штодзённым жыцці.

 

Тэрэса Владыка:

– Езус імкнуўся зрабіць шчас-лівымі ўсіх людзей, таму сваіх вучняў навучаў многім рэчам.  Прыдаючы вялікае значэнне супольнасці і супольнай малітве, казаў ім: «Дзе двое ці трое сабраліся ў Імя Маё, там Я сярод іх» і «Калі двое з вас на зямлі згодна прасілі б аб чым-небудзь, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах». Але не ўсе разумелі Хрыста, падвяргалі сумненням тое, пра што Ён казаў.  А чаму? Таму што ў габрэяў была традыцыя: калі ты хочаш быць правамерным, то абавязкова май два сведкі таго, аб чым гаворыш, а не сам пра сябе сведчыш.  А Хрыстус ведаў, што мае права казаць, ведаў, што Ён пасланы Богам-Айцом і Бог Яго падтрымлівае. Фарысеі Яму пярэчылі, а Ён зноў ім адказваў: «Нават калі Я сведчу сам пра сябе, сведчанне Маё праўдзівае, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду».

 

Вядучы:

– Добра, Вы звярнулі ўвагу на адкрыццё супольнасці і на ўпэўненасць у Богу, гэта тое, што ўсім нам патрэбна ва ўсе часы.

 

Ала Абразцова:f-str-18

– Канечне, урывак чытала, разумею яго па-свойму: па-першае, Бог з намі ўсімі – і з фарысеямі, і з вучнямі, з тымі, хто наблізіўся да Пана, і хто яшчэ шукае Яго, і Бог нам дапамагае.  Па-другое, трэба давяраць Богу, і ў гэтым нас пераконвае кожная старонка  Святога Пісання. Трэба звяртацца да Яго ў шчырых малітвах, трэба жыць па Ягоных Запаведзях, а не так, як часам жывём мы. Выйдзем на вуліцу і пачынаем пра некага нешта казаць: а той тое не так зрабіў, а той тое… Некага за нешта асуджаем. А хто нам права такое даў? Гэта грэх, і Бог бачыць, што мы самі робім правільна, а што – няправільна, і прыйдзе час, калі і нас Ён запытае…

 

Вядучы:

– Так, у гэтым урыўку Бог звяртае ўвагу на нашу чалавечую блізарукасць: «Вы судзіце паводле цела». Адносна  «права», пра якое Вы тут сказалі, то Езус наогул  падкрэсліў: «Я не суджу нікога. А калі Я і суджу, то суд Мой праўдзівы, таму што Я не адзін, але Я і Айцец, які паслаў Мяне. І ў Законе вашым напісана, што сведчанне двух чалавек праўдзівае». Тут Езус кажа пра іншую перспектыву, наогул, каб нікога не асуджаць.

Што яшчэ закранула вас у гэтым урыўку?

 

Марыя Ругаль:

– Езус ведаў, што Ён – Сын Божы і што Ён сведчыць праўдзіва, а астатнія гэтага не ведалі і бачылі ў ім проста чалавека, які мае свой погляд, і гэты погляд можа быць правільным, а можа быць  зманлівым; яму можна верыць, а можна і не верыць, дарэчы, як і ў нашых сённяшніх рэаліях. У кожнага свой вопыт, сваё бачанне і разуменне таго, што адбываецца, людзі напітваюцца інфармацыяй, якая прыходзіць да іх з розных крыніц. Працую з дзеткамі. Малюем, і пакуль малюем, абавязкова разважаем: што правільна, што – не. Праз інтэрнэт адкрылі асноўныя грахі і разважаем, як трэба жыць, каб не грашыць. Дайшлі да таго, каб жыць, не маючы злосці, нянавісці да іншых. Устае 10-гадовая дзяўчынка  – сама дабрыня – і кажа: не магу пазбавіцца нянавісці. Пытаю: «Адкуль такое пачуццё і чаму ад яго не можаш пазбавіцца?». І дзіця пачынае тлумачыць па-свойму: што чула і зразумела з размоваў дарослых,  што бачыла па тэлебачанню. Дзеці надта ўражлівыя,  вельмі тонка заўважаюць тое, на што часам не звяртаюць увагі  дарослыя.     Хтосьці з дзяцей зацікавіўся тым, што казала дзяўчынка, падтрымаў, а хтосьці не згадзіўся. Гэта просты прыклад, жыццёвы, але так і Езусу Хрысту:   хто  –  верыў Яму, хто – не.

 

Вядучы:

…Так, дзеці робяць свае вы-сновы, але на тое ж мы, дарослыя, каб дапамагаць разбірацца ў складаных для іх пытаннях.

 

Марыя Ругаль:

– …У галаву дзяўчынкі пасту-піла такая інфармацыя, яна яе па-свойму асэнсавала, па-свойму ўспрыняла. Або іншы прыклад: другая дзяўчынка кажа, што ў войска прызвалі яе  роднага брата, гэта ж ён можа апынуцца на вайне, яго могуць забіць. І далей пытае: «Як я магу любіць тых людзей, якія могуць забіць майго самага любімага чалавека?». Або іншае, таксама  сярод дзяцей: «Я магу свайго тату прабачыць, але, калі ён тэлефануе, трубку не здыму, бо ён ад нас з мамаю забраў усё і нас пакінуў». Дзеці разважаюць, часам вельмі лагічна, і задаюць пытанне:  «Як мне жыць, каб не грашыць? Як мне стаць Езусам Хрыстусам?». Здаецца, прабачаць лёгка, але на словах. А ў душы?..  А калі толькі на словах, то якое гэта прабачэнне?

 

Вядучы:

– Так, нашыя дзеці здольныя разважаць, развіваецца іх мысленне – гэта добра, але трэба, каб дарослыя часцей думалі, якая інфармацыя дайходзіць да іх галавы і якое адчуванне перажывае пры гэтым іх сэрца. Звычайна застаецца тая, якую прыпаднёс або родны чалавек, або яскравы прамоўца, якая найболей уразіла, зацікавіла ці занепакоіла. Вы, напэўна, звярнулі ўвагу, што ўрывак, які разглядаем, з’яўляецца працягам урыўка «Чужаложніца». Жанчыну злавілі на чужалостве і фарысеі збіраліся каменаваць яе. Спыталі Настаўніка, што Ён думае аб гэтым. Настаўнік падумаў і сказаў: «Я не асуджаю». Ва ўсіх Евангеллях Езус дае нам падказку, як паводзіць сябе ў тым ці іншым выпадку. І, калі ўзяць сітуацыі з гэтымі дзецьмі… Мы таксама не асуджаем ні сем’і, ні бацькоў, мы разважаем прыклады, з якіх патрэбна рабіць высновы. Мы, католікі, павінны дапамагаць тым «фарысеям», якіх  Бог расстаўляе на нашым шляху, дапамагаць ім спасцігаць Божую праўду. Самае першае – нікога не асуджаць. Не глядзець, паводле цела, а глядзець шырэй, з хрысціянскай перспектывы… Гэта  што датычыцца дарослых, а што да дзяцей, то мы павінны іх прытуліць, стварыць атмасферу любові ў нашым коле кантактаў  і таксама вучыць Божаму ўспрыйманню свету.

Што сказаў Езус? «Вы не ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго». Гэта азначае, што ведалі б Бога і Ягоны парадак у свеце. І тут Езус адкрывае нам другі напрамак – пазнаваць Хрыста болей.

 

Марыя Ругаль:

– Дазвольце яшчэ пра асуджэнне.  Гэта вельмі тонкая рэч і, на мой погляд, здараюцца сітуацыі, калі не асуджаць нельга. Такіх прыкладаў – на кожным кроку. Напрыклад, двое хлапчукоў  здзекуюцца і фізічна крыўдзяць слабейшага, малодшага. Як тут іх не асуджаць?

 

Вядучы:

– Сітуацыя  аналагічная  з той, што ў папярэднім урыўку Евангелля: першае, што чалавечы  розум прапануе, – асу-джаць, каменаваць і г. д. А Езус дае іншую перспектыву падыходу да ўсіх: «Я не асуджаю». Значыць, патрэбна нешта іншае прадпрымаць. У сітуацыі  з гэтымі дзецьмі: безумоўна, у першую чаргу –  абараніць  па-крыўджанага. Але ў выхаваўчых мэтах і працэсах – ісці далей, разабрацца, адкуль у тых другіх хлапчукоў агрэсія, чаму яны праяўляюць насілле ў адносінах да малодшага. Можа, нездаровыя адносіны ў сем’ях, можа няма паразумення з бацькамі, можа, не рэалізуе падлетак сваіх здаровых магчымасцей і гэта правацыруе тую самую агрэсію… А Хрыстус хацеў збаўлення аднолькава для ўсіх – не  толькі прыніжанага, але і злачынцы… Дзейнічаў наперад, перш за ўсё ішоў размаўляць з Айцом Нябесным… А якая ў нас  рэакцыя на кожную сітуацыю? Тут  ёсць над чым задумацца ўсім.

 

Марыя Ругаль:

– … Калі я, настаўнік ці выхавацель, не асуджу, то і не прыму меры, не абараню слабейшага.

 

бр. Карнэлій:

–  Езус Хрыстус дае свой прыклад, каб не асуджаць, але Ён не гаворыць пра суды (што іх не павінна быць). Суды былі, ёсць і будуць, і людзі ў сваім жыцці дапускаюць такія ўчынкі, пасля якіх мы не скажам ім: «Нічога страшнага, прабачаем». Не гаворыць Езус і пра тое, што да чалавека ў канкрэтнай сітуацыі нельга прымяніць пэўныя абмежаванні, ці маральныя меры ўздзеяння. Усё павінна мець свае рамкі. У дадзеным урыўку  Езус у такой форме заклікае кожнага з нас заглянуць у сваю душу: а я нікога не асуджаю?

 

Вядучы:

На здымку: пробашч парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Бялы-ніцкай кс. Юзаф Сярпейка з удзельнікамі пасяджэння (злева направа) Наталляй Гладкевіч, Марыяй Ругаль, Алай Абразцовай і Тэрэсай Владыка.

На здымку: пробашч парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Бялыніцкай кс. Юзаф Сярпейка з удзельнікамі пасяджэння (злева направа) Наталляй Гладкевіч, Марыяй Ругаль, Алай Абразцовай і Тэрэсай Владыка.

– Так, асуджэннем мы прычыняем адзін другому боль, наносім раны, –  Бог гэта бачыць!–  парушаюцца адносіны між людзьмі. І з гэтым нічога не рабіць? Рабіць трэба, але не губляць любові да чалавека. А мы як рэагіруем на якія-небудзь людскія  праступкі? Гнеўна. І тут тонкая мяжа, як кажа Святы Павел: «Гневайцеся, але не грашыце», бо за гневам можа быць зло. І тут гаворка пра тое, што форма суда як інстытута, безумоўна, застанецца, але і тут трэба вырашыць, чаго мы хочам: пакараць чалавека, выказаць праз яго выпадак нават свой асабісты негатыў з нашага мінулага жыцця або нашых ранаў, бо падобныя сітуацыі мы перажывалі, ці мы хочам сапраўды  вяртання чалавека. Тут важныя нашы намеры. І мы не гаворым сёння аб функцыянаванні інстытуцыі нейкіх механізмаў у нашым сацыяльным жыцці – гаворым аб чыстаце сэрца нас самых.

 

Наталля  Гладкевіч (плачучы):

– У апошні час асабліва адчуваю, што Бог – святло, прысутнічае з кожным з нас. Перакананая і прагну, каб усе людзі разумелі сэнс Божай  любові,  вучыліся ёй і праяўлялі адзін да другога сардэчную міласэрнасць, бо, калі гэтая міласэрнасць адсутнічае ў адносінах да бліжняга, апошні атрымоўвае глыбокія раны, як гэта адбылося са мною.  Памёр  мой муж, дзеці, іншыя  родныя і нават чужыя кінуліся дапамагаць, а адзін з тых, хто таксама стаў нашай раднёю, каго лічу чалавекам блізкім, не праявіў аніякага  спачування,  нічым не дапамог  у жалобныя дні. «Чаму яго няма, дзе ён? Як так?», – задавалі  мне  пытанне прысутнічаўшыя. Адказу ў мяне не было – была толькі роспач, расчараванне, абурэнне… Збіралася нават нешта выказаць яму…

 

Марыя Ругаль:

– Я б таксама пагаварыла з ім шчыра і проста, бо недасказанасць таксама  «точыць». Людзі,  на  жаль, не заўсёды разумеюць, як правільна сябе весці, асабліва ў надзвычайных  сітуацыях, а недасказанасць наогул вядзе да парушэння  адносінаў між імі.

 

Ала Абразцова:

– У гэтай сітуацыі трэба маліцца за яго, за ўсіх, і Бог падкажа, як жыць далей і як будаваць адносіны.

 

Вядучы:

– Паразважаем далей: блізкі чалавек, ад якога Вы чакалі ў крытычнай сітуацыі шчырага спачування, не праявіў ніякага, абстрагіраваўся цалкам. Разумею,  што  гэта  моцна пакрыўдзіла  Вас асабіста, вашых родных, здзівіла некаторых нават чужых  людзей. Вы абурыліся на яго, і гэта натуральнае праяўленне  адчування,  але ці яно справядлівае? Можа б Вы падумалі, што  чалавек гэты прыйшоў у вашу сям’ю з іншай сямейнай  культуры, традыцый, напэўна, з адсутнасцю хрысціянскіх ведаў. А можа і ў дзяцінстве перажыў недахоп любові, не бачыў добрых сямейных адносін… Няхай  бы Вы падумалі аб  тым,  што Бог паслаў Вам яго не для таго, каб Вы ў пэўны момант асуджалі (хоць ў дадзеным выпадку нам падаецца гэта пачуццём справядлівым), а як каталічка прывялі яго да Бога, навучылі любіць Бога і бліжняга, рабіць учынкі міласэрнасці акружаючым. Сённяшні ўрывак і вучыць таму, каб мы, хрысціяне, па прыкладу Езуса  Хрыста,  самі прамяніліся светам і неслі Хрыстовы свет людзям, а не хадзілі побач з імі ў цемры.

 

 

Пасяджэнне закончылася малітвай падзякі Богу за сустрэчу. Пробашч парафіі кс. Юзаф удзяліў прысутным Божае благаслаўленне.

 

 

 Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі  Карнэлія  КОНСЭКА, SVD

Магілёўская вобласць.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий