«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І зноў будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

 

Служэнне, заснаванае на любові

 

 

 

Даручэнне Пятру пастырскай улады

 Калі ж яны паснедалі, Езус кажа Сымону Пятру: «Сымоне, сын Яна, ці  любіш ты Мяне больш, чым яны?». Той адказаў Яму: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі ягнят Маіх». Зноў кажа яму другі  раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?».  Ён адказаў: «Так, Пане, Ты  ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх». І сказаў яму трэці раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?». Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці любіш ты Мяне?», і сказаў: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты  ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх. Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш». А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, кажа яму: «Ідзі за Мной».     (Ян 21, 15-19).

 

 

f-str-17У парафіі Св. Міхаіла Арханёла ў в. Багданава Валожынскага  раёна сабраныя за “круглым сталом” вернікі разважалі над урыўкам “Даручэнне Пятру пастырскай улады” з Евангелля Св. Яна. У пасяджэнні прымалі ўдзел Тарэса Біцель, Алёна Юша, Алена Белановіч, Галіна Пякарская, Яніна Харэвіч, Марына Крымоўская, Эма Ластоўская. Вядучым быў пробашч парафіі кс. Павел БЕРАЗУН.

 

 Вядучы:

–Шаноўныя, Слова Божае заўсёды скіроўвае нас у тым напрамку, куды патрэбна ісці. Запрашаю да разважання, выказвайце свае думкі, старайцеся дапаўняць адзін другога, не бойцеся задаваць пытанні, калі яны ўзнікаюць.

 

Тарэса Біцель:

–Чытаючы ўрывак, звярнула ўвагу: па-першае, Езус пытае ў Пятра “Ці любіш ты Мяне?”, добра ведаючы адказ на гэтае пытанне, таму што ўвогуле Бог ведае ўсе таямніцы нашага сэрца. Па-другое, Езус звяртаецца менавіта да Пятра, але не папракае, што Пётр адрокся ад Езуса тры разы. Трэці момант: Езус як бы прадказвае смерць Пятра ў будучым.

 

Эма Ластоўская:

–На маю думку, Пан Езус некалькі разоў пытаецца ў Пятра “Ці любіш ты Мяне?” невыпадкова. Гэтым  самым  ён падкрэслівае, што Сам нас любіць, і адначасова  дае шанс кожнаму з нас навярнуцца, выправіць свае памылкі, калі іх дапусцілі, зрабіць пэўныя крокі ў напрамку хрысціянскага жыцця.

 

Вядучы:

–Так, Бог падкрэслівае шмат разоў, што чалавек заўсёды можа звярнуцца да Ягонай любові, каб, чэрпаючы з яе, змяніць сваё жыццё да лепшага.

Яніна Харэвіч:

– Асабіста я ў гэтым урыўку Евангелля бачу просьбу Пана Езуса да ўсіх нас: людзі, пакуль не позна, падумайце, як вы жывяце, з чым прыйдзеце да Мяне ў адпаведны час. Урывак дае вельмі важную тэму на роздум – і пра маладосць, і пра старасць…f-str-18

 

Алена Белановіч:

–Мяне зацікавіў Ягоны наказ: “Пасі авечак Маіх”. Разумею гэта так: Слова Божае трэба несці ўсім, хто нас акружае,  накіроўваць іх да дабра і развіваць вучэнне Хрыста, каб было болей Ягоных вучняў, такіх, якія пойдуць далей прапаведваць Божую праўду. Словы “…авечак Маіх” азначаюць, што “авечкі” ўжо каля Бога, але Бог клапоціцца і аб іх будучым, пільна сочыць за імі.

 

Вядучы:

–Так, Святое Пісанне, кожны яго ўрывак дае перспектыву для развіцця думак, над Евангеллем так і трэба працавацьз роздумам.

 

Яніна Харэвіч:

–Патрэбна, каб усе асабліва прыслухаліся да слоў з урыўка: “… Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш”. Разумею так: калі чалавек малады, сам сабе дае рады, то ідзе, куды хоча. А калі апыніцца на парозе свайго жыцця (а дакладней, можа, было б сказаць, на парозе смерці), то не будзе ўжо мець сіл, каб кардынальна змяніць жыццё, і вымушаны будзе пайсці туды, “куды павядуць”. Іншымі словамі: як пражыў ты сваё жыццё, як заслужыў, там і апынішся.

 

Галіна Пякарская:

–Але ж Бог да апошняга заклікае, верыць у навяртанне чалавека, нястомна  стукаецца ў ягонае сэрца з пытаннем: “Ці любіш Мяне?”.

 

Яніна Харэвіч:

–Бо Пан Езус хоча накіраваць Сваіх дзяцей на шлях разумны, аж тры разы запытаў, маючы на ўвазе іх любоў да Бога і іх давер Богу.

 

Алёна Юша:

–А напрыканцы сказаў ясна і канкрэтна: “Ідзі за Мной”; бо як пойдзеш не па той дарозе, то і атрымаецца не так, як трэба.

 

Тарэса Біцель:

– Напэўна, Бог дае нам і ўпасці для таго, каб пасля чалавек падняўся, асэнсаваў, што з ім здарылася, па якой прычыне, і зрабіў для сябе правільныя вывады. Бо без памылак, без здарэнняў мы часам і не ўсведамляем таго дару, які атрымалі ад Бога. А аступіўшыся, пачынаем шанаваць. Усе чулі, што ”Пути Господни неисповедимы”… Так і тут: не ведаем, што Бог рыхтуе нам на заўтрашні дзень.

 

Галіна Пякарская:

–…Ці рыхтуе, ці нарыхтаваў, і мы ўжо атрымоўваем, што заслужылі. А калі яшчэ не, то і нас Бог выпрабоўвае, ці па той дарозе ідзём, ці не адхіляемся… І з гэтым нам патрэбна разабрацца самым.

 

Вядучы:

– Евангелле і ёсць дарога, якой патрэбна трымацца, ідучы за Збаўцам да жыцця вечнага. А зараз давайце падрабязней затрымаемся на галоўным моманце – даручэнне ўлады. Сапраўды, як гэта і сімвалічна, і складана, і тонка: Езус тры разы пытаецца, ці Пётр любіць Яго (той аж засмуціўся) і, калі ўжо ўпэўніўся ў надзейнасці Апостала, даў даручэнне: “Пасі авечак Маіх”. Такім чынам Езус выпрабоўвае, ці можна даверыць яму пастырскую ўладу, бо ўлада гэтая няпростая, яна даецца над усім Касцёлам. Ведаеце, што Пётр – гэта першы намеснік Езуса на зямлі і Галава Царквы, першы Папа Рымскі, ад яго, па сутнасці, пачаўся інстытут папства. Вялікая адказнасць лягла на яго плечы з прыняццем даручэння ад Езуса Хрыста.

 

Яніна  Харэвіч:

–Бог даручыў Пятру, бо ведаў, што Пётр – скала, на якой Ён пабудуе сваю Царкву.

 

Вядучы:

–Згодзен, можна асацыіраваць любоў са скалою, з цвярдыняй, на якой усё будуецца і трымаецца. Бог дае Пятру вялікую ўладу, але не пытаецца ў яго, наколькі ён  адукаваны, або колькі авечак у статку, а пытаецца менавіта пра любоў…

 

Тарэса Біцель:

–Асабіста я таксама бачу ў гэтым урыўку пасыл да Запаведзяў любові: “Любі Бога ўсім сэрцам, усёю душою, усёй думкаю сваёю”, “Любі бліжняга як самога сябе…” Менавіта на  любові заснавана ўсякае служэнне Богу і бліжняму. Звяртае на сябе ўвагу і крыху незвычайны зварот Езуса да Пятра: “Сымоне, сын Яна,…”. Не кажа яму проста: “Пётр…”.

 

Вядучы:

–Так было прынята афіцыйна, і гэта падкрэслівала павагу да бацькоў, якія жылі па Божых Запаведзях, выхоўвалі дзяцей у любові і перадавалі гэтую любоў ім. Гэта было важна ў момант даручэння ўлады Пятру. І па сённяшні дзень у Касцёле, калі цэлебруецца сакрамэнт пасвячэння ў дыяканы, ці ксяндзы, ці біскупы, цэлебрант гаворыць: “Ты, Антон, сын Тэрэзы і Яна…”.

Пойдзем далей: вы звярнулі, напэўна, увагу, што першы раз Езус сказаў “Пасі ягнят Маіх”, а другі і трэці – “Пасі авечак Маіх” і, напэўна, ведаеце, чаму…

 

Тарэса Біцель:

– Канечне, адрозненне ягнят ад авечак разумеем, статак тых ці іншых без пастуха  – безабаронны. Таксама і праекцыя на людзей: калі яны (ці малыя, ці нават сталыя) без пастыра, без духоўнага кіраўніка – таксама бездапаможныя і безабаронныя. Тут бачу пасыл на тое, што ў будучым будзе пастыр – яго слухайце!

 

Вядучы:

–Так, на гэтым пабудавана ўсё Евангелле. Езус часта звяртаецца да вобразу статку, бо ён быў добра зразумелы, статкі былі і пасвіліся паўсюдна, з гэтага старажытныя людзі жылі. А без пастуха, якія б добрыя ягняты ці авечкі ні былі, яны ўсёроўна маглі загінуць: драпежнікі, ямы, кусты… Загінуць мог цэлы статак адразу!

Яшчэ прашу застанавіцца на радках: “Сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш”.

 

Марына Крымоўская:

–Думаю, малады ходзіць, куды хоча, падперазаўшыся, і часта, нават не задумваючыся, але таксама да нейкага вызначальнага моманту. І калі гэтым момантам будзе сустрэча з Госпадам, жыццё яго прыме накірунак правільны.

 

Эма Ластоўская:

–…Але калі ўжо састарэеш, то куды павядуць – туды і пойдзеш.

Алена Белановіч:

–Калі табе даверылі ўладу, даверылі паству, то гэтым самым вызначаецца шлях, з якога ты не павінен збочыць. Гэта моцна адказнае даручэнне.

 

Вядучы:

–Звяртаю ўвагу яшчэ на цікавую думку: “А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў кажа яму: “Ідзі за Мной”. Што скажаце на гэта?

 

Марына Крымоўская:

–Тут – прадказанне смерці. Вядома, што ўсе вучні, акрамя Яна-евангеліста, памерлі мучаніцкай смерцю. І Апостал Пётр таксама. Лічыцца, што ён быў укрыжаваны ўніз галавою па яго ўласнай просьбе, бо так моцна любіў Езуса, што бачыў сябе нявартым быць укрыжаваным такім жа чынам, як Езус.

 

Вядучы:

–Як думаеце, а ці адразу зразумеў Сымон, пра што кажа Езус: “Пасі ягнят Маіх”? І ці адчуў Пётр уладу? Па сутнасці, падрыхтоўка да вялікіх падзеяў ужо ішла: пра сябе Езус расказаў: што адыйдзе, што смерцю памрэ; хутчэй за ўсё, Пётр разумеў, што цалкам становіцца адказным за супольнасць Езуса Хрыста. Але ці разумеў пра смерць, якой павінен быў памерці?  “Цябе павядуць, куды не хочаш…”. Ці прадчуваў смерць за веру?

 

Галасы:

–Хутчэй за ўсё – разумеў…

–Можа, здагадваўся…

–Можа, не да канца…

 

Вядучы:

–Пятру, напэўна,  Святы Дух  адкрываў: калі бярэ ён на сябе такую адказнасць быць Галавою Касцёла, то з гэтым будзе не так лёгка. І “куды павядуць” – гэта не толькі пра смерць, а яшчэ пра тое, што будзе цяжка, будзе пераслед, але і пра тое, што Бог будзе яго весці, дапамагаць, і Апостал будзе і цуды рабіць, і людзей аздараўляць…

 

Марына Крымоўская:

–У тэксце падкрэслена: “Іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш”, значыць – супраць волі?

 

Вядучы:

–Вы ведаеце, што на ўсё – воля Божая. І не ўсе прарокі хацелі быць прарокамі, але Бог загадваў, і яны спаўнялі Яго волю. Таксама і ў наш час: можа не заўсёды проста, не заўсёды хочацца быць братам законным ці сястрой законнай, але, калі ты склаў  вечныя абеты, калі ты належыш і верны Богу, то вернасць сваю трэба захаваць да канца.

 

Галіна Пякарская:

–Як усё складана… Кожнае слова нясе свой глыбокі сэнс.

 

Алена Белановіч:

–…А вазьмі любы выпадак у звычайным жыцці – пачні разважаць і таксама думаеш: а можа, трэба было так зрабіць,  а можа, іначай…

 

Вядучы:

–…Гэта называецца“аналіз”. Над усім трэба разважаць, для гэтага Усявышні  надзяліў чалавека розумам, але над Божым Словам разважаць трэба асаб-лівым чынам.

 

Эма Ластоўская:

–Рабіць гэта карысна ў супольнасці, бо, калі ты сам-на-сам, то гэта толькі твае думкі, а разважанні – зусім іншае… Паслухаеш, што людзі думаюць, які ў іх жыццёвы вопыт.

 

Вядучы:

–Наконт гэтага парада простая: не прапускайце святых Імшаў, дзе ксёндз заўсёды разважае над Божым Словам і дапамагае знайсці адказы на вашыя нават штодзённыя пытанні. І заўсёды прасіце Святога Духа, каб, калі ідзе размова пра Святое Пісанне, пра чытанне, даў сілы выслухаць да канца і дапамог зразумець сэнс Слова.

 

Тарэса Біцель:

–Падчас святой Імшы робім знак малога крыжа, а ён акурат і сімвалізуе просьбу: “Божа, будзь у маіх думках; Божа, будзь у маіх вуснах; Божа,  будзь у маім сэрцы.  Дай зразумець, перадаць і захаваць у сваім сэрцы”.

 

Бр. Карнэлій:

На здымку: пробашч парафіі кс. Павел Беразун з удзельнікамі пасяджэння (злева направа) Аленай Белановіч, Галінай Пякарскай, Тарэсай Біцель, Эмай Ластоўскай, Алёнай Юша, Марынай Крымоўскай і Янінай Харэвіч.

На здымку: пробашч парафіі кс. Павел Беразун з удзельнікамі пасяджэння (злева направа) Аленай Белановіч, Галінай Пякарскай, Тарэсай Біцель, Эмай Ластоўскай, Алёнай Юша, Марынай Крымоўскай і Янінай Харэвіч.

– Евангеллю ўжо болей за 2000 гадоў. На ім выраслі і выхаваны цэлыя народы, пакаленні; сёння мы зноў разважаем над урыўкам са Святога Пісання, і кожны кавалачак тэксту аб нечым нам хоча сказаць… І крок за крокам Слова Божае з намі застаецца…

 

Яніна Харэвіч:

–Асабіста я перакананая ў тым, што, нітачка, якая звязвае чалавека ад маленства з Богам, ніколі не рвецца. Часам яна таўшчэйшая, часам танчэйшая. Бывае, асабліва у падросткаў,  моцна аслабее, але не парвецца. І прыйдзе час – пасталеюць, завядуць свае сем’і і навернуцца да Бога, бо ўсё тое, што заложана ў дзяцінстве, ніколі не прападае, з цягам часу яно даспявае… 

 

Вядучы:

–А зараз падсумуем з вамі сказанае сёння: усякая ўлада – гэта вялікая адказнасць, і асабліва – улада пастырская, бо яна апякуецца людскімі душамі, самай тонкай “матэрыяй”, якою Пан Бог надзяліў Сваіх дзяцей. Пастырская ўлада – гэта адмысловае супрацоўніцтва пакліканых – святароў, законных братоў і сясцёр, біскупаў, Папы Рымскага – з Богам. У Імя Божае і дзеля дабра Ягонага статку. Гэта праца, як сёння кажуць, 24 на 7. Гэта самаахвярнасць, а перадусім – любоў, якой вучыць нас Бог кожным Сваім Словам. А любоў – не нашыя словы, а нашыя ўчынкі.

 

 

 Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі  Карнэлія  КОНСЭКА, SVD

Мінская вобласць.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий