«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І зноў будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

На ўзор любові Айца і Сына

 

 

Малітва Езуса

 Не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова  іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў  Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне.  І славу, якую  Ты даў Мне, Я даў  ім, каб  яны  былі адно, як і Мы адно.

Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя  ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне. Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я ёсць, каб  бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем  свету. Ойча справядлівы, свет не пазнаў Цябе, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі,  што Ты паслаў Мяне. Я адкрыў ім Тваё імя і буду адкрываць, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, а Я ў іх».    (Ян, 17, 20 – 25).

 

 

 f-str-17У парафіі Святога Міхаіла Арханёла ў Івянцы вернікі, сабраныя за “круглым сталом”, разважалі над урыўкам  “Малітва Езуса” з Евангелля Св. Яна. У пасяджэнні ўдзельнічалі Вольга Галубовіч, Кацярына Суша, Наталля Чараповіч  – скаўты. Вядучым быў пробашч парафіі Св. Аляксея, душпастыр  скаўтаў а. Лех Боханэк, OFM.

 

 

 

 

Пасяджэнне пачалося сумеснай малітвай да Святога Духа, каб дапамог пачуць і разважыць тыя словы і настаўленні, якія Бог хоча сказаць нам праз Малітву Езуса.

 

Вядучы:

Шаноўныя, сёння звяртаемся з вамі да ўрыўка, які вы добра ведаеце, як і ведаеце фразу з малітвы Езуса: “Каб усе былі адно”. Ведаеце, што гэта апошняя малітва Пана Езуса, пасля якой Ён ідзе насустрач са сваім катам. Змест малітвы перад укрыжаваннем вельмі глыбокі, патрабуе спакойнай і сталай разважлівасці, бо ў ёй Езус дае апошні, бадай, самы галоўны наказ для ўсіх людзей. Якія думкі і асацыяцыі вызывае гэтая малітва ў вашых сэрцах?

 

Наталля Чэраповіч:

–З гэтага тэксту бачым, з якой  настойлівасцю імкнецца Езус дастукацца да ўсіх нас, зрабіць усіх адзінымі гэтак жа, як Ён адзіны з Айцом, учыніць усіх адной сям’ёй, адным народам. Са Святога Пісання ведаем, што ў першыя вякі хрысціянства не ўсе вучні разумелі Хрыста, падзелы паміж людзьмі былі, фарысеі і кніжнікі наогул не верылі Езусу. Тое ж мы бачылі і пры дзеяннях Апосталаў, і яны сустракалі непаразуменне. Гэтых непаразуменняў існуе шмат і сёння. Зараз многа розных цэркваў і канфесій. Прадстаўнікі кожнай хочуць сказаць, што іх вера – самая справядлівая і самая сапраўдная і праяўляюць непавагу, часам адкрыта, да людзей іншых веравызнанняў: не так  перахрысціўся, не так адзеты, стаіць не там… Тое ж назіраем і ў адносінах адна да другой хрысціянскіх цэркваў – праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай… У гэтым сама пераканалася, зайшоўшы на некаторыя сайты з мэтай абагаціцца духоўна… Праўду кажучы, расчаравалася. А Езус Хрыстус моцна хацеў пасеяць зерне еднасці, каб яно ўзышло і дало плён любові, якая існуе паміж Богам-Айцом і Богам-Сынам. І яшчэ. Ведаючы ўжо сваіх вучняў, Езус гаворыць: “Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я ёсць, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне”. Такім чынам Ён падкрэслівае і дабіваецца, па-першае, адзінства між людзьмі на ўзор любові Бога-Айца і Бога-Сына, па-другое, каб усе тыя, хто паверыў у Яго, праяўлялі паслядоўнасць і заўсёды былі з Ім.

 

Вольга Галубовіч:f-str-18

–Мяне кранула наступнае: “Не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне, паводле слова іхняга”. Разумею так, што Езус просіць дапамогі Бога-Айца, каб уверавалі і тыя, хто будзе слухаць вучняў Езуса. Іншымі словамі, каб прынялі як ісціну тое, пра што скажуць паслядоўнікі Хрыста. Я думаю, што гэта  вельмі актуальная просьба, бо і ў часы Езуса, і сёння такіх, як Тамаш, які не паверыў, было і ёсць шмат. Прызнаюся, што ў некаторым сэнсе я і сябе магу аднесці да такіх людзей. Веру. Чытаю Евангелле. Згаджаюся. А пасля кожны пасыл пачынаю пераасэнсоўваць, узнікаюць сумненні: ці правільна я разумею; з’яўляецца перакананне, што мне гэтага мала, павінна ведаць, разумець і адчуваць болей, каб паверыць. Сама я з захапленнем гляджу на тых людзей, хто сапраўды верыць і верыць адразу, не ставячы пад сумненне ніводнага слова.  Такія  людзі шчаслівыя, яны і акружаючых акунаюць у іншы свет. А мне не хапае веры… І я хачу верыць – усім сваім сэрцам, усёю істотаю.

 

Вядучы:

– Шаноўныя, неабходна зразумець, што для Бога важна, каб мы былі збаўленыя, таму Ён рознымі спосабамі выходзіць нам насустрач, заклікае, шукае праз людзей, падзеі, Касцёл, сакрамэнты, Божае Слова, а таксама праз унутраныя натхненні. Бог першы выходзіць насустрач чалавеку, а наша вера – гэта ўжо адказ на Ягоны заклік. Больш таго, дзеянне Бога, Яго ласка заключаецца таксама і ў тым, што Ён, наш любячы Айцец, знутры пабуджае нашыя прагненні, надзяляе пэўнымі здольнасцямі, раскрывае нам вочы на Божую праўду. Памятаеце, як апосталы, убачыўшы ўсе добрыя справы свайго Настаўніка, пачалі ўсведамляць недахоп веры і прасілі Пана: “Дадай нам веры!”. А  Пан сказаў: “Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць гэтай смакоўніцы: “Вырвіся з карэннем і перасадзіся  ў мора”, і яна б паслухалася вас” (гэта знойдзеце у Евангеллі ад Лукі 16, 5-6).  Таму і мы, як апосталы, павінны часта маліцца аб ласцы веры і дзякаваць Богу за яе. Бо вера мае надпрыродны характар і з’яўляецца Божым дарам.

 

Кацярына Суша:

–У мяне ёсць любімы пяты радок з 8-га псальма, які заўсёды кранае ды глыбіні душы: “Чым ёсць чалавек, што Ты пра яго памятаеш?”. І калі цытую яго, і калі чытаю сённяшні ўрывак пра тое, што Езус у апошнія хвіліны жыцця моліцца таксама за мяне, гэта з’яўляецца чымсьці для мяне неверагодным. Чытаючы ўрывак, спрабую зразумець давер Езуса да Айца, Яго любоў да нас, да тых, хто паверыў, Яго жаданне, каб мы ўсе былі адно. Але для мяне гэта не такая еднасць, дзе мы толькі належым да адной веры, але штосьці большае; яно для мяне ў тым,  каб мы імкнуліся адчуваць Божую любоў, і адчуўшы – дзяліліся гэтай любоўю з бліжнімі.

Памятаю словы нашага святара ў дзень Ўрачыстасці святых арханёлаў. Напрыканцы  казання ён заклікаў да таго, каб мы з’яўляліся ў гэтым свеце анёламі адзін для аднаго. Мне б хацелася, каб я ўдзельнічала ў той любові, якую Сын мае да Айца,  а Айцец – да Сына,  каб і я магла дзяліцца гэтай любоўю з іншымі, і, можа, каб хтосьці праз мой прыклад мог сустрэць Хрыста, каб мы сапраўды былі адно.

 

Вядучы:

–Так, Езус запрашае нас да такой любові, якой з’яўляецца любоў Айца і Сына,  моліцца за нас, за сваіх вучняў і за тых, хто будзе слухаць іх сведчанні. Езус хоча, каб Яго словы і навука распаўсюджваліся, каб любоў агарнула весь свет. Адкрываючы Святое Пісанне, чытаючы Малітву Езуса, хрысціянін павінен кожны дзень рабіць рахунак сумлення, задаючы сабе пытанне: а я – дзе? Ці сярод тых, хто разумее заклік Езуса да любові ўзроўню Айца і Сына і імкнецца дарастаць да яе, ці сярод тых, хто толькі гаворыць, “каб усе былі адно”? Ці праяўляю я цярплівасць і паслядоўнасць у сваіх пошуках для сапраўднага ўзрастання ў веры і любові? І ці не праяўляю часам варожасці да інаверцаў?

 

Наталля Чэраповіч:

–Уражанне такое, што людзі чытаюць адно і тое ж, а разумеюць – кожны па-свойму. Калі адчуваеш, што веры не хапае, трэба маліцца і прасіць Бога, каб даў гэтую ласку. Справа ў тым, што наша чалавечая натура такая: як не возьмеш у руку – то і не паверыш, а тут трэба паверыць – не бачыўшы. А гэта ўжо нейкая надзвычайная цнота і яна толькі  з ласкі Бога. Прагнення самога чалавека недастаткова, бо вера – справа не розуму, а сэрца. Магу прызнацца, што я перажыла аднойчы такі шчаслівы момант, калі нічога не адбывалася, як кажуць, “на пустым месцы”, без ніякіх бачных прычын і повадаў на мяне нахлынула такое вялізнае  пачуццё любові, такі  пачуццёвы вулкан агарнуў, што хацелася абняць і любіць  весь свет, і на весь свет пра гэта голасна абвясціць. Лічу, што такі пачуццёвы стан і ёсць Божая любоў.

Трэба, каб людзі глядзелі адзін на аднаго менавіта праз любоў, бачылі ў бліжняга свайго не “бервяно ў воку”, а станоўчыя рысы і паводзіны, дапамагалі адзін другому і маліліся. Малітва – галоўнае. Часам заўважаем, як некаторыя лічаць сябе сапраўднымі католікамі, а самі пагружаюцца ў абрадавасць, у надуманыя або язычніцкія традыцыі і гэтым ганарацца. Як тыя фарысеі: былі разумныя, усе ведалі, пра ўсё чыталі, а прыйшоў Езус  – і  не пазналі Яго.

 

Вядучы:

–Езус звяртаецца да Айца і просіць за нас, каб мы заставаліся ў еднасці. Але не ў той еднасці, як часам разумее яе чалавек, – каб скасавалі межы, не пасягалі на тэрыторыі, захавалі супакой між людзьмі. Гэта ўсё таксама добра, але Езус ідзе далей, хоча падняць і навучыць чалавека Божай любові, якая ёсць між Айцом і Сынам. Ён ахвяруе Сябе перад Богам за нас, а гэта – вяршыня любові. І хоча, каб і мы так любілі адзін другога, як Ён любіць Айца. Таксама заклікае нас глядзець на аблічча Айца вачамі Сына.

 

Бр. Карнэлій:

–Як думаеце, чаму менавіта ў гэтай апошняй малітве – некаторыя называюць яе  тэстамэнтам, запаветам – Езус просіць Бога аб еднасці, моліцца за еднасць паміж людзьмі?

 

Наталля Чэраповіч:

–Таму што Ён прадбачыў, што людзей напаткае такая праблема, падзелы і непаразуменні пачаліся ў першыя вякі хрысціянства і доўжацца па сённяшні дзень. А Езус абяцаў, і гэтага дамагаўся, што прыйдзе, каб стварыць Валадарства любові ў нашых сэрцах – па-першае; па-другое, паказаў нам такую высокую любоў – аж да самаахвярнасці, а яшчэ –паказаў, якім абсалютным павінен быць давер Богу. І гэта таксама для нас узор, прыклад, які мы павінны наследаваць. А гэта не так проста, часам фальшывае пачуццё самадастатковасці падштурхоўвае да таго, што мы забываемся пра Бога. На маю думку, абсалютны давер Пану Богу – гэта… як скінуцца з вышыні, але не ўпасці, бо нехта цябе ў гэты момант абавязкова падхопіць…

 

Вядучы:

–Урывак і гаворыць нам пра тую любоў, да якой запрашае нас Пан Езус. Ён просіць Айца: “Хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я ёсць…”. А дзе Пан Езус? А Ён у адзінстве з Айцом. Значыць, Ён запрашае нас у сваю любоў, у сваю таямніцу! Каб былі з Ім, падзялялі Яго радасць, Яго хвалу, Яго любоў. На іншым шляху чалавек  не можа дасягнуць любові  – без Езуса яна немагчыма.

 

Наталля Чэраповіч:

– …каб Ён быў у нас, а мы – у Ім!

  

Вядучы:

–Вельмі важна, каб, знахо-дзячыся ў пошуках Бога, слухаючы Евангелле, сустракаючыся з Жывым Богам у Св. Эўхарыстыі, мы мелі перад сваімі вачыма гэты прыклад любові, разумелі яго сэрцам, а выйшаўшы з храма, на тых іншых, што па-за яго сценамі, глядзелі вачыма любячага Хрыста і дзейнічалі, несучы ў сваім сэрцы гэтую  Божую любоў.

 

Вольга Галубовіч:

–Для гэтага нам патрэбна моцная, непахісная вера. Апосталы, вучні Езуса па-сапраўднаму ўзмацніліся ў веры падчас Спаслання Святога Духа, пасля чаго пераадолелі страх і пачалі ўжо дзяліцца сваёй вераю з іншымі. Не ўсе разумелі пасланне Хрыста, і не ўсе разумелі паслядоўнікаў і вучняў Ягоных. Прычына тая самая –  недахоп веры.

 

Наталля Чэраповіч:

На здымку: айцец Лех Боханэк з удзельнікамі пасяджэння за "круглым сталом" (злева направа) Наталляй Чэраповіч, Вольгай Галубовіч і Кацярынай Суша

На здымку: айцец Лех Боханэк з удзельнікамі пасяджэння за «круглым сталом» (злева направа) Наталляй Чэраповіч, Вольгай Галубовіч і Кацярынай Суша

–Зноў хачу падкрэсліць: трэба болей давяраць Богу, не думаць, што сваім жыццём кіруем самі, а наследаваць Езуса, рабіць так, як Ён рабіў. Што сказаў апосталам? “Я прыйшоў не для таго, каб Мне служылі, але каб служыць і аддаць сваё жыццё на адкупленне многіх”. Пераканаўчую сцэну, пацверджанне гэтых слоў бачым у амыванні ног апосталам. Таму і мы павінны служыць і дапамагаць бліжняму, не чакаючы за гэта ўзнагароды. Служэнне не прыніжае чалавека. Наадварот, калі ты з любоўю служыш іншаму, ты сам узбагачаешся, табе вяртаецца радасці болей, чым тыя твае клопаты, якія ўклаў, дапамагаючы свайму бліжняму.

 

Вядучы:

–Але менавіта гэтая малітва напаўняе нас надзеяй, што еднасць на ўзор Айца і Сына ўсё ж магчымая. У гэтым запэўніваюць нас апошнія радкі ўрыўка: “Я адкрыў ім Тваё імя і буду ад-крываць, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, а Я ў іх”. Так, Езус Хрыстус – і дарога, і праўда,  і жыццё, адзіны арыенцір, які прывядзе ў вечнасць. Сёння, праз тысячагоддзі, Яго словы, Яго вучэнне  набываюць асаблівую  актуальнасць. Назіраючы праблемы і непаразуменні  між  людзьмі, ваенныя канфлікты,  расколы ўнутры хрысціянства, перш за ўсё  мы павінны шукаць Езуса Хрыста: для Яго жыць, памнажаць Яго хвалу і дарастаць да Яго Нябеснай высокасці. І тады мы будзем талерантнымі і экуменічнымі, калі Яго любоў напоўніць нашыя сэрцы, а нашыя вочы не будуць шукаць іншых шляхоў да шчасця. І калі адзінства ёсць марай Бога, то перадусім  мы павінны жыць у еднасці з тымі, хто гатовы рэалізоўваць ідэал Езуса і Яго малітвы, не зважаючы на тое, што нас адрознівае, а шануючы і паважаючы тое, што нас яднае.

 

Пасяджэнне закончылася малітвай падзякі Богу за сустрэчу. Айцец Лех удзяліў прысутным благаслаўленне.

 

 

 

 Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі  Карнэлія  КОНСЭКА, SVD

Мінская вобласць.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий