На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.
І зноў будзем разважаць над асобнымі фрагментамі са Святога Пісання, над якімі заклікаем і вас схіліцца разам з намі…
Бога – не выпрабоўвайце!
Выпрабаванне Езуса ў пустыні
Езус, напoўнены Духaм Святым, вярнуўся з-над Ярдaна, i вадзіў Яго Дух па пустыні сорак дзён, а д’ябал выпрабоўваў Яго. I нiчoгa не еў у тыя днi, a кaлі яны скoнчыліся, згаладаўся. Тады д’ябaл скaзaў Яму: «Кaлі Ты Сын Бoжы, скaжы гэтaму кaменю, кaб ён стaў хлебaм». Езус aдкaзaў яму: «Нaпiсaнa: “Не хлебaм aдным будзе жыць чaлaвек”». Тады д’ябал павёў Яго і пaкaзaў Яму ў імгненне ўсе валадарствы свету. І скaзaў Яму д’ябал: «Я дaм Тaбе ўсю гэтую ўлaду i славу iх, бo яна мне перададзена, i кaму хaчу, даю яе. Кaлі Ты пaклoнiшся мне, уся будзе Тваёй». У адказ Езус скaзaў яму: «Нaпiсaнa: “Пaну Бoгу твaйму будзеш пакланяцца i Яму aднaму будзеш служыць”». Тады зaвёў Ягo ў Ерузaлем, пaстaвiў нa крыле святынi i скaзaў Яму: «Кaлі Ты Сын Бoжы, кiнься aдгэтуль унiз, бo нaпiсaнa: “Анёлaм свaiм загадае пра Цябе, кaб ахоўвалі Цябе” i: “Яны нa рукaх пaнясуць Цябе, кaб Ты часам не спатыкнуўся aб кaмень сваёй нaгой”». А Езус скaзaў яму ў адказ: «Скaзaнa: “Не будзеш выпрабоўваць Пaнa Бoгa твайго”». Скoнчыўшы ўсе выпрабаванні, д’ябaл aдступіў aд Ягo дa пары. (Лк 4, 1-13)
У парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі ў Фаніпалі са-браныя за “круглым сталом” парафіяне разважалі над урыўкам “Выпрабаванне Езуса ў пустыні” з Евангелля Св. Лукі. У разважаннях прымалі ўдзел Алена Протас, Часлава Пацалуйка, Ірына Тодрык, Ванда Ліпніцкая, сёстры Паліна і Яна Рашэтнік і Аляксей Дзядзюля. Вядучым быў пробашч парафіі а. Дзяніс Шастаковіч, MSF.
Вядучы:
– Шаноўныя, колькі б разоў ні чыталі мы з вамі Святое Пісанне, заўважаем, што кожны раз Бог адкрывае новыя праўды веры. Што прамаўляе Ён у сённяшнім урыўку асабіста для мяне? Ідучы на святую Імшу, трымаючы ў сваім сэрцы пэўныя змартвенні наконт таго, як паўкладаць усе складаныя справы, зразумеў, што праз гэты тэкст Бог кажа мне: усё гэта – як тая пустыня, якая дапамагае стаць твар у твар перад самым сабой і перад сваім унутраным светам і пераканацца, што без Божай дапамогі не здолееш пераўзмагчы тое, што паўстае перад табою. Нават не дазваляй, каб сатана спакушаў цябе ўсялякімі зманлівымі “перакананнямі”, бо і гэтыя сённяшнія твае змартвенні – ад недаверу Богу. І не можна Бога выпрабоўваць, бо толькі ў Ім – наша надзея.
Алена Протас:
– А калі я чую гэты ўрывак і праектую на сваё ўласнае жыццё, то ўсё болей разумею, што я – істота недасканалая, і маё жыццё ў сённяшні час – таксама бязводная сухая пустыня са шматлікімі спакусамі. Пан Езус быў істотай ва ўсім дасканалай, аднак, нягледзячы на гэта, д’ябал выпрабоўваў Яго. А паколькі я недасканалая, то мне цяжэй змагацца са спакусамі, з-за гэтага я пастаянна ўпадаю ў грэх. У мяне няма такой сілы і моцы супрацьстаяць гэтым спакусам, таму я дзякую Богу, што я з Касцёлам, што ў свой час мае бацькі, мая бабуля паказалі мне шлях да Бога. У жыцці было многа складанасцей, якія патрабавалі вырашэння, але, калі я з Богам, то ўсе гэтыя цяжкасці і спакусы пераадольваюцца лягчэй, я маю магчымасць пры-ступіць да сакрамэнту споведзі і з чыстай душой ісці па бязводнай пустыні далей. Сёння гэтая пустыня нейкая занадта цяжкая…
Вядучы:
– Памыляемся, калі думаем, што Езусу было лягчэй. Не было, таму што, акрамя сваіх цяжкасцей, Ён узяў на сябе і нашыя людскія недасканаласці, заганы, нашую слабую натуру. У Дзеях апосталаў напісана, што, калі б апісаць усё, што чыніў Езус, то кніг свету не хапіла б. Аднак бачым, што гэтая сітуацыя знайшла месца ў Святым Пісанні, значыць, Дух Святы хоча, каб мы яе чыталі і рабілі высновы, якіх чакае ад нас Езус. Што для вас, старэйшых нашых вернікаў, падказвае тут Пан Бог?
–Да Бога – адна дарога, яна прамая, і калі ты віхляеш па ёй то ўлева, то ўправа – ведай, што саграшыў. А каб ісці да Яго прама, то пустыня і даецца: твае цярпенні, нястачы, твой боль… Ты павінен чымсьці адплаціць Богу, уміласцівіць Яго, каб заслужыць Ягонае прабачэнне – праз пост, малітвы, перапрашэнне, добрыя адносіны з людзьмі… Пакуль мы жывыя, Бог, Дух Святы дае нам магчымасць пакаяцца і навярнуцца. І хвала Пану, што Езус ўзяў на сябе нашыя грахі загадзя, і што мы можам спадзявацца, што на тым свеце Ён першы сустрэне нас. І пустыня даецца нам для нашага ўдасканалення.
Аляксей Дзядзюля:
– На самой справе гэта вельмі цікавы ўрывак Святога Пісання. Прыблізна ў той жа інтэрпрэтацыі паўтарае яго Св. Мацвей, коратка гаворыць аб ім Св. Марк. Сатана спакушае Езуса трыма спакусамі: хлебам (“Калі Ты Сын Божы, скажы гэтаму каменю, каб ён стаў хлебам”), уладаю (“Я дам Табе ўсе валадарствы свету… і гэтую ўладу і славу іх, бо яна мне перададзена, і каму хачу, даю яе”) і цудамі (“Калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз, бо напісана: Анёлам сваім загадае,.. яны на руках панясуць Цябе”). Усяго гэтага і чакалі ад Езуса габрэі. Яны марылі пра Місію, які накорміць, будзе ўладарыць і будзе ствараць для іх цуды. Часткова памыліліся. Езус быў Місіяй, але выбраў іншы шлях.
І ў гэтым сэнсе мы моцна падобныя да тых першых габрэяў. Просім хлеба: “Дай нам,.. дай,.. дай…”, таму што нам трэба. Хочам, каб Езус Усемагутны прыйшоў, валадарыў і мы былі на Яго баку – у небяспецы. Урэшце, нам патрэбны і цуды – якое ж жыццё без цудаў. І на працягу ўсяго зямнога жыцця Езус ствараў цуды, памнажаў хлеб і гаварыў з гэтым светам, як гаворыць той, хто “не з гэтага свету”, але як вялікі уладар. І кожны раз, калі па гэтых прыкметах у Ім пазнавалі Місію, Ён асякаўся: не ў гэтым справа – не ў хлебе і не ва ўладзе, а ў тым, што “Я – дарога, і праўда, і жыццё”. І калі вы прыхо-дзіце да Мяне не дзеля гэтага (хлеба, улады і цудаў), то для вас адкрыецца нешта больш глыбокае і сутнаснае. Бо хто б іншы ні прыйшоў, але, калі б ён прапанаваў цуды, хлеб і карміў, то за ім пайшлі б натоўпы, не задумваючыся аб іншым, як гэта адбываецца ў нашым свеце. Думаю, што ў гэтым была самая вялікая спакуса – сатана спакушаў Хрыста тым, што Езус мог бы заваяваць увесь свет. На самой справе Ён мог гэта лёгка зрабіць, але Езус хацеў заваяваць сэрца чалавека. Не хацеў, каб да Яго ішлі за якімісьці “плюшкамі”, а хацеў глыбіні сэрца чалавека і яго саўдзелу ў справе Хрыста. У гэтым я бачу асноўны змест урыўка.
Пытанне:
–Пану Езусу, відаць, зараз цяжэй, чым у тыя біблійныя часы. Сёння людзі моцна прызвычаіліся да “плюшак”: крок зрабіў – прыз, яшчэ крок – наступны прыз… Як дастукацца да сэрца сучасніка без гэтых прызоў і ўзнагародаў?
Вядучы:
–Бог стукаецца ў сэрца чалавека пастаянна, рознымі спосабамі адкрывае нам праўды веры. У апошнія часы з’яўляюцца новыя тэхналогіі, новыя магчымасці перадачы Слова Божага як у Касцёле, так і па-за яго сценамі. І гэта вельмі добра. Але маё асабістае перакананне: да Бога кожны павінен ісці, пакорна скланіўшы галаву, на каленях. Толькі ў адарацыі, у ціхай малітве, медытацыі можна зразумець тое, да чаго заклікае Бог. З Ім патрэбна весці дыялог, пры-свячаць Яму час: вечарам, супакоіўшыся, сядзьце сям’ёю, запаліце свечку, прачытайце хоць адзін урывачак са Святога Пісання і задайце сабе пытанне: да чаго заклікае вас Бог? А калі адчуеце, што Ягоныя Словы соладам разліваюцца ў вашай душы, значыць, вы пачулі па-трэбнае.
Ірына Тодрык:
–Хто хоча пачуць – той заўсёды пачуе, а хто глухі – да яго не дойдзе.
Пытанне да моладзі:
–Якія аргументы прыводзіце вы, калі вашыя равеснікі пытаюцца: чаго ты ходзіш у касцёл?
Паліна Рашэтнік:
–У Касцёл прывялі яшчэ бацькі, але сёння ўжо кліча сэрца; вера наша свядомая, да таго ж у сям’і захоўваюцца традыцыі, якія таксама замацоўваюць пачуцці і паставы, якія атрымалі мы ў дзяцінстве. Пачуцці моцныя, часам, бывае, іду, слухаю хрысціянскі спеў і мне хочацца ўпасці на калені. Што датычыцца акружэння… Яно вельмі рознае. Сапраўды, даводзіцца чуць іншы раз і абражальныя словы пра Бога, якія нават слухаць жудасна. У такіх выпадках раблю заўвагу, маўляў, так казаць нельга, – грэх. І калі бачу, што словы мае не аказваюць ніякага ўплыву, – адыходжу. Не разумею, што ў такіх людзей у сэрцы… Імкнуся кантактаваць з тымі, хто жыве з Богам.
Алена Протас:
– І гэта таксама спакуса, калі сустракаемся з такімі людзьмі, іх агрэсіяй на Бога.
Паліна Рашэтнік:
–Гэта складана: з аднаго боку, глядзіш, і чалавек нядрэнны, быццам добра выхаваны, адукаваны, а ў сэрцы не мае Бога. Даводзіцца заўсёды рабіць выбар: на чыім ты баку – з Езусам, ці на супрацьлеглым. Лічу, што, калі сэрца адкрытае, Пан Бог абавязкова падтрымае.
Часлава Пацалуйка:
–У калектыве, дзе працую, да мяне як веруючага чалавека калегі адносяцца з павагаю, ведаюць, калі ў мяне свята, урачыстасць, пост, але самі да Бога яшчэ не прыйшлі. Але гэта бацькі павінны былі паказаць свайму дзіцяці сцежку да Бога, тады і яно пайшло б. Мая мама калісьці гаварыла, што не давесці дзіця да першай споведзі – грэх для самых бацькоў.
Алена Протас:
–Падтрымліваю Паліну, таму што сітуацыі сапраўды бываюць складанымі, калі сустракаешся з чалавекам, які табе супярэчыць. Тады перад табою дылема, не знайходзіш патрэбных аргументаў, разумееш, што гэта “не мой чалавек”, ты пачынаеш яго асуджаць, а значыць – і сам упадаеш у грэх…
Паліна Рашэтнік:
–Літаральна такое было са мною. Разумела, што аргументы не находжу, пачынаю маліцца, не магу сканцэнтрыравацца, думкі ў галаве блытаюцца… А пасля, паходзіш на адарацыі, шчыра і ўдумліва памолішся, і сэрца пачынае стукацца роўна, цябе ахутвае прыемны халадок… Кажу маме: “Мама, да мяне прыйшоў Езус Хрыстус!”. А колькі разоў было такое: іду, разважаю, плачу і раптам адчуванне: чыясьці моцная рука абдымае мяне, як на гэтых карцінках, на сэрцы становіцца лёгка-лёгка…
Рэальна: у сённяшнім свеце цяжка – і пахмурныя дні бываюць, і сум апаноўвае такі, што не ведаеш, што з гэтым зрабіць. Тады іду ў храм, з надзеяй малюся… Асаблівы плён дае мне пост, пасля якога аднойчы ва сне прыходзіў Езус Хрыстус, клікаў і працягваў мне Сваю руку. Малітва не фармальная, а з перакананнем, што толькі Ён – Адзіны і Ўсемагутны твой Створца – дапамагае супрацьстаяць розным спакусам.
Ірына Тодрык:
–Калісьці кс. Уладыслаў падчас споведзі параіў: калі на працы ці ў іншым месцы пачынаюць спакушаць цябе размовамі на блізкарэ-лігійныя тэмы, а ты губляешся ў пошуку аргументаў, скажы проста: адыдзіся ад мяне, не хачу пра гэта гаварыць.
Алена Протас:
–Можа, і сказаць так – адыдзіся – няправільна… Падчас падобных размоваў з неверуючымі сітуацыі ўзнікаюць непрыемныя і напружаныя. Ты праяўляеш сваю пазіцыю, з-за гэтага выглядаеш “святым”, становішся быццам вышэй за суразмоўцу, тым самым прыніжаючы яго. Як быць у такіх выпадках?
Вядучы:
–Кожная сітуацыя вельмі індывідуальная. З аднаго боку, мы павінны евангелізіраваць і не баяцца; мы – дзеці Божыя, і мы сапраўды вышэй. І хочам іншым даць сведчанне, каб і яны падняліся на прыступку вышэй. Наша місія якая? Місія Хрыста! Таму мы, хрысціяне, павінны глядзець на неверуючых як на хворых, якім патрэбна дапамога. У нас ёсць “лекі”, ёсць “рэцэпты” і трэба імі карыстацца, каб дапамагаць іншым. Што казаў Езус? “Не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас”. І што яшчэ казаў? “А калі хто не прыме вас і не паслухаецца словаў вашых, то… атрасіце пыл з ног вашых і далей ідзіце”. Той, каго ты не змог пераканаць, можа, адразу і плюне табе ў плечы, але слова не бывае дарэмным. Праз гады можа даць парасткі. Таму і нам не трэба баяцца дзяліцца верай, трэба і самым калі-небудзь адчуць сваю годнасць.
Алена Протас:
–У мяне і сёння перад вачыма “карцінка” супрацьстаяння паміж парафіянамі і ўладальнікамі склепаў для бульбы, якія размяшчаліся на тэрыторыі, якая была выдзелена ўладамі пад будаўніцтва храма. На чарговым сходзе, дзе прысутнічалі чатыры прадстаўнікі касцёльнага камітэта, кс. Станіслаў і дзясяткі уладальнікаў тых склепаў, разгарэлася спрэчка, і я з жахам думала, як усё гэта вытрымае наш старэнькі кс. Станіслаў. Ён доўга слухаў, а пасля выйшаў на сярэдзіну і ўсклікнуў: “Супыніцеся! Давайце разам прачытаем “Ойча наш”!” (сярод прысутных было многа праваслаўных). Прачыталі… Разышліся… Сёння маем і святыню, і прыгожую тэрыторыю каля яе.
Бр. Карнэлій:
–Як думаеце, чаму менавіта гэты тэкст дае нам Касцёл перад Вялікім постам, што ён хоча ў ім сказаць?
Ванда Ліпніцкая:
–Каб кожны задумаўся, ці не падпадае ён часам пад спакусы?
Яна Рашэтнік:
–Гэты перыяд акурат адпавядае блуканню па “пустыні”. Маем болей часу, болей магчымасцей паразважаць над дзейнасцю Езуса Хрыста і “прафільтраваць” сваё жыццё.
Алена Протас:

–У перыяд посту складана бывае знаходзіцца на якіх-небудзь мерапрыемствах, дзе ўсе, акрамя цябе, напрыклад, не посцяць, а ты заяўляеш, што ты не ўжываеш ні мяса, ні масла, ні іншага, не танцуеш і г.д. Як з гэтым быць?
Вядучы:
–Адназначна – не саромецца сваёй веры, сваіх каштоўнасцей, і няхай прысутныя таксама паважаюць іх, калі яны паважаюць вас. Вы – запрошаны госць, вы станоўча адказалі на запрашэнне і прыйшлі, але вы шануеце тое, што ў сэрцы носіце, што вядзе вас да Збаўлення, таму трэба выконваць умовы посту. Кампрамісаў тут дапускаць нельга, бо яны будуць вашым анты-сведчаннем.
Напрыканцы заклікаю, каб вы асабліва звярнулі ўвагу і запомнілі словы, якімі папярэджвае Езус Хрыстус нас з вамі: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго!”. Таму не выпрабоўвайце Бога – давярайце Яму і чувайце!
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Мінская вобласць.