«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І зноў будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

Прасіце – і будзе дадзена вам!

 

 

Моц малітвы

 

І Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і  адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і  хто стукае, таму будзе адчынена. Калі ў кагосьці з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той дасць яму замест рыбы змяю? Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна? Калі ж вы, будучы дрэннымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго»     (Лк 11, 9-13).

 

 

 f-str-17У парафіі св. апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранава вернікі, сабраныя за “круглым сталом”, разважалі над урыўкам “Моц  малітвы” з Евангелля  Святога Лукі. У пасяджэнні прымалі ўдзел Алена Кодзь, Дзяніс Сцефановіч, Максім Амбражэвіч, Павел Пашкевіч, Міраслаў і Вікторыя Кахоцкія. Вядучым быў кс. Павел Зайцаў, SAC.

 

 Вядучы:

   -Шаноўныя, вы ўсе ведаеце, што Святы Лука быў лекарам. І як лекар звяртае ўвагу на ўсе моманты стану чалавека, жадаючы дапамагчы і аздаравіць яго, так і евангеліст Лука падрабязна апісвае ўсе моманты жыцця і дзейнасці Езуса Хрыста, робячы моцны акцэнт часам на маленькіх, але важных рэчах, якіх іншы чалавек нават і не заўважыў бы. Святы Лука надае значную вагу ўсяму, што адбываецца вакол асобы нашага Настаўніка, і тым самым прыцягвае нас, чытачоў і слухачоў, дае падказку там, дзе мы нават яе  не чакалі.

Сёння мы пачулі словы Евангелля аб малітве і разважаем аб моцы яе. Думаю, што дапаможа ў гэтым нядаўна перажыты намі час Вялікага посту, час падрыхтоўкі да сустрэчы з Езусам Уваскрослым. У гэты перыяд Касцёл асабліва звяртае нашую ўвагу на тры важныя моманты, без якіх немагчыма дасягнуць паўнаты пасхальнай радасці, як і паўнаты хрысціянскага жыцця: гэта пост, малітва, міласціна. І малітва разглядаецца як самы дасканалы сродак у фарміраванні нас самых, бо малітва дзейнічае не толькі ў касцёле, не толькі дома – паўсюдна, гэта наша размова з Богам. Размова шчырая і сардэчная. Напэўна, у кожнага з вас наконт гэтага ёсць свае думкі і свой досвед. Заклікаю па-дзяліцца з прысутнымі.

 

Міраслаў Кахоцкі:

– Калі прааналізаваць жыццё, можна сказаць, што з просьбамі да Бога свядома пачаў звяртацца недзе са студэнцкіх гадоў. Напачатку мае просьбы былі банальныя – добра здаць сесію, паспяхова адбыць яшчэ якія-небудзь мерапрыемствы і інш., і інш. А пасля, калі ўжо сталеў і задумваўся пра мэты ў сваім жыцці, прафесійную дзейнасць, пра жыццёвы ўклад, просьбы мяняліся і я заўважыў: прашу – і атрымоўваю, гэта значыць, Бог адказвае на мае просьбы! Яшчэ заўважыў: атрымоўваю не тое, аб чым прасіў, але тое, што для мяне важнейшае на той момант. І яшчэ: атрымоўваю не тады, калі прашу… Бывала, атрымоўваў пазней, бывала – раней. Розных сітуацый было шмат, я пастаянна звяртаўся ў малітвах да Бога і разумеў, што менавіта Усявышні дапамагае карыстацца рэальнасцю ў тым памеры і тады, калі гэта для мяне найбольш карысна.

 

Вікторыя Кахоцкая:f-str-18

– Малітва – гэта размова з Богам, размова без перапынку. Бог міласэрны, Ён заўсёды нас чуе і дапамагае (хачу падтрымаць тут словы мужа) менавіта ў той момант, калі гэта нам асабліва неабходна. Самае галоўнае – каб, молячыся, мы прызывалі на дапамогу Святога Духа. І не толькі раніцою і вечарам, а на працягу дня, каб Дух Святы падтрымоўваў нас пры вырашэнні  розных пытанняў  і на працы, і ў адносінах з людзьмі, у сям’і – паўсюдна, дзе бываем і дзейнічаем. Малітва – гэта актыўныя дзеянні чалавека, яна дапамагае  будаваць адносіны з Богам, весці з Ім дыялог. І Бог гаворыць, што шукайце Мяне, і знойдзеце, і Я вам адкрыю і дам усе даброты, якія ў Мяне ёсць.

 

Павел Пашкевіч:

–Мне было тры гады, калі мая бабуля паказала мне, як трэба рабіць знак крыжа на сабе, навучыла першым малітвам і сказала: калі табе вельмі цяжка – прасі дапамогі у Бога, бо, акрамя Яго, не дапаможа табе ніхто. Расказала гісторыю свайго жыцця і свой асабісты досвед. Мая мама нарадзілася з прыроджаным вывіхам сцягна. Яе многа лячылі ў Беларусі, вазілі таксама ў Румынію, Польшчу, Літву. Пасля вярнуліся зноў у Гродна, была надзея на вылячэнне, але, як расказвала бабуля, памылка доктара прывяла да таго, што мама з 4-гадовага ўзросту засталася прыкаванай да бальнічнага ложка і ляжала пад грузам. Зноў павезлі яе ў Літву. Штодня, калі ў бальніцы быў “ціхі час”, бабуля хадзіла ў касцёл у Вострую Браму, прасіла Бога аб дапамозе, прыносіла сябе ў ахвяру, паднімаючыся на каленях на другі паверх. І Бог дапамог. У выніку мая мама вывучылася, стала доктарам сама, каб дапамагаць людзям змагацца з хваробамі, у мамы нарадзіўся я. І сёння, калі здараюцца складаныя сітуацыі, я таксама прашу Бога аб дапамозе. І Ягоную дапамогу атрымоўваю.

 

Максім Амбражэвіч:

–Прачытаўшы гэты ўрывак з Евангелля, таксама азнаёміўшыся з іншымі творамі айцоў Касцёла на тэмы духоўнасці, я ўзмацніўся ў сваіх перакананнях, што малітва дапамагае кожнаму чалавеку. Тут ужо падкрэслівалі, што гэтая дапамога прыходзіць часам не адразу, не тады, калі чалавек яе моцна прагне, але яна прыходзіць. Трэба праяўляць цярпенне і чакаць.

 

Дзяніс Сцефановіч:

–Малітва павінна прысутнічаць у жыцці кожнага чалавека, пераконваюся ў гэтым на ўласным досведзе. Калі пабудзеш з Богам сам-на-сам, памолішся, становіцца лягчэй на душы, адчуванне такое, быццам аковы з цябе ўпалі. З дзяцінства хаджу ў касцёл, з дзяцінства малюся, прыслужваю міністрантам і многа разоў заўважаў: прыходзіш у касцёл і не важна, што ў цябе было на працягу дня, якія сітуацыі здараліся, хто-небудзь, можа, сказаў што дрэннае, але выходзіш пасля святой Імшы – і адчуваеш палёгку, пазітыўны настрой, табе хочацца ўсміхацца людзям. Ну а тое, што часам молішся і не атрымоўваеш пазітыўнага адказу ад Бога, – гэта натуральна. Бог пасылае нам выпрабаванні, каб мы станавіліся лепшымі, удасканальвалі сябе, перажываючы пэўныя цярпенні. З Богам перамагаць сябе лягчэй.

 

Алена Кодзь:

–Як доктар, які працуе амаль дзесяць гадоў у аддзяленні рэанімацыі, магу сказаць: пастаянна, кожны дзень, кожную хвіліну я адчуваю прысутнасць Бога побач сябе. Лічу, што для малітвы не патрэбны нейкія асаблівыя ўмовы, асаблівае месца – дастаткова твайго жадання і твайго ўнутранага адчування і разумення, што менавіта ў гэты момант ты хочаш пагаварыць з Богам. І не абавязкова завучанымі словамі малітвы. Ты можаш проста сказаць: “Дапамажы, Божа!”, “Дзякуй Табе, Божа!”, “Божа, прыму ўсё тое, што Ты прыгатаваў для мяне ў дадзены момант!”. Для мяне малітва – гэта ў першую чаргу падзяка за тое, што ёсць, а пасля – просьба; таму што доктар лечыць рукамі, а кіруе ўсімі нашымі дзеяннямі Бог. Такіх сітуацый, выпадкаў у мяне было вельмі, вельмі шмат. І для мяне малітва, зноў падкрэслю, не завучаныя словы, якія мы ўсе ведаем, а медытацыя, разважанні ў найболей прыдатны для гэтага час – дома, на працы, на прагулцы, у падарожжы, дзе я найлепей чую Бога…

 

Вядучы:

–Фрагмент Евангелля, які сёння прачыталі з вамі, звяртае нашую увагу на настойлівасць і паслядоўнасць, з якой кіруем свае просьбы да Бога, заклікае быць пастаяннымі ў дасягненні мэты: шукайце – і знойдзеце; стукайце – і адчыняць вам. Тут ужо казалі, што мы не заўсёды атрымліваем тое, чаго просім у Бога, або атрымліваем, але не тады, калі хочам. Але фрагмент гэты гаворыць яшчэ і аб тым, што, нават калі не атрымаем, што просім, то адчуем “удар” Святога Духа, які дапаможа нам пераадольваць жыццёвыя цяжкасці.

Магу сведчыць, што ў маім жыцці малітва мае вельмі вялікае значэнне. Я ўжо заканчваў школу, паўставала пытанне, куды ісці далей, як адзін святар аднойчы спытаў у мяне: “Ты прыходзіш у касцёл кожны дзень, але ці чуеш ты голас Бога ў сваім жыцці?”. І тады я зразумеў, што малітва – гэта не толькі каб штосьці прасіць ці штосьці хацець, гэта яшчэ і тое, каб чуць голас Бога, бо малітва – гэта перш за ўсё размова з Настаўнікам. І я пачаў хадзіць у касцёл кожны дзень за паўгадзіны, або за 15 хвілін перад пачаткам святой Імшы, сядаў у лаўку, нічога не прамаўляў, а толькі слухаў Бога. У апошнія хвіліны прыйшла думка: трэба пайсці ў семінарыю і паспрабаваць стаць святаром. І, дзякуючы малітвам, я пераадолеў цяжкасці, якія на гэтым шляху сустрэліся, якія былі звязаныя з пераездам у іншую краіну, з вучобай на замежнай мове. І пасля, ужо калі стаў святаром, на прыміцыйнай святой Імшы, мая мама, чалавек моцнай веры, прызналася: усе гады яна шчыра малілася і прасіла Бога, каб я не звярнуў з выбранага шляху. Я і сёння, дзякуючы малітве, істотна адчуваю прысутнасць Бога ў маім жыцці.

 

Міраслаў Кахоцкі:

–Важна памятаць, што малітва можа выражацца не толькі словамі, просьбамі, дыялогам, размовай з Богам. Лічу, маліцца можам і сваімі дзеяннямі і ўчынкамі, калі дапамагаем адзін другому ці выконваем свае штодзённыя абавязкі. Настаўнік моліцца, у тым ліку вучачы дзяцей, доктар – у тым ліку лечачы людзей, адзін чалавек зробіць дабро іншаму, не чакаючы ад яго нічога ўзамен, – і гэта малітва. Або пост. Пост не азначае абмежавання сябе па пятніцах. Некаторыя практыкуюць пост у іншыя дні тыдня, месяца, года, усяго жыцця, вызначаючы для сябе пры гэтым пэўную інтэнцыю. Бог бачыць гэтыя ахвяры, Бог іх ацэньвае. Ведаем з гісторыі хрысціянства, з жыцця святых, як бедна жылі людзі, як пасціліся і аддавалі апошняе, каб у той самы момант падтрымаць іншых. Гэта таксама малітва, гэта ахвяра, прыемная Богу. Бо, калі аўтаматычна паўтараеш з дзяцінства завучаныя словы, а думкі твае зусім далёка, у нейкіх працоўных акалічнасцях ці іншых жыццёвых і сямейных абставінах, то хіба з’яўляецца гэта сапраўднай малітвай?

 

Вікторыя Кахоцкая:

–Людзі прызвычаіліся да таго, што малітва – гэта маналог у адзін бок. Але я хачу звярнуць увагу на цішыню, якая ўсім нам моцна па-трэбная для таго, каб мы маглі пачуць, што хоча сказаць нам Бог. У апошнія часы гэта стала складана з-за інфармацыйнай напружанасці і загружанасці. Мы павінны не гаварыць болей, а слухаць – болей. Усе хочам быць шчаслівымі, але не ведаем, што падрыхтаваў для нас Бог. Не чуем. А план Божы – гэта і будзе для нас шчасцем. Важна пазнаць яго. Для гэтага трэба чытаць Біблію, слухаць Слова Божае і слухаць іншага чалавека – часам менавіта праз яго да нас звяртаецца Бог. У цішыні свайго сэрца можам  пачуць Бога.

 

Алена Кодзь:

–Будзем сумленнымі, калі скажам, што падчас малітвы мы часцей за ўсё –просім. І давайце прызнаемся, што не заўсёды разумеем, ці добрае просім, і ці адпавядае волі Божай тое, што просім. Некаторыя пасля нават скардзяцца, маўляў, я маліўся, але Бог не пачуў, або Бог даў не тое, што я прасіў. Трэба навучыцца ў жыцці прымаць тое, што табе даюць, і разумець, для чаго табе даюць менавіта зараз, або чаму менавіта зараз ад цябе нешта забіраюць. І калі Бог, здаецца нам, дае не тое, што прасілі мы ў малітвах, то трэба задаць сабе іншае пытанне: а чаму так?  (або) Чаму Бог ад мяне забірае? Сярод нас сёння маладыя людзі і што хачу ім сказаць: калі вам вельмі сумна, калі ўсё “валіцца з рук” – супакойцеся, памаліцеся і скажыце: “Божа, на ўсё Твая воля, я прымаю яе”. І паверце: пройдзе тыдзень, два, тры – вы самі зразумееце, што недарэмна вы гэта прынялі і дзеля чаго нешта іншае страцілі… У дарослым жыцці гэта стане вельмі зразумелым.

 

 Вядучы:

На здымку: ксёндз Павел Зайцаў з удзельнікамі пасяджэння (злева направа) Аленай  Кодзь, Дзянісам Сцефановічам, Максімам Амбражэвічам, Вікторыяй і Міраславам Кахоцкімі і Паўлам Пашкевічам.

На здымку: ксёндз Павел Зайцаў з удзельнікамі пасяджэння (злева направа) Аленай Кодзь, Дзянісам Сцефановічам, Максімам Амбражэвічам, Вікторыяй і Міраславам Кахоцкімі і Паўлам Пашкевічам.

–Прыклад малітвы паходзіць ад Бога. Перажываючы нядаўна перыяд Вялікага посту, мы з вамі вярталіся да тых падзей, якія папярэднічалі Ўваскрэсенню Езуса, і да тых 40 дзён, якія правёў Ён на пустыні. Ведаем, што весь час маліўся, а злы дух спакушаў Яго. У нашым жыцці таксама з’яўляюцца часам сітуацыі, падобныя да спакусаў, і самая, бадай, небяспечная, калі чалавек думае, што справіцца з ёю сам, або калі губляе сэнс малітвы і рызыкуе трапіць у пастку граху. Малітва ж заўсёды мае сэнс ужо таму, што яна звязана з моцай Бога, Які чуе людскія просьбы і адказвае на іх; для Бога няма немагчымага. І пад уздзеяннем Святога Духа жыццёвае выпрабаванне для нас можа стаць нагодай для ўзрастання ў веры, калі навучымся давяраць Божай ласцы, а не разлічваць на ўласныя сілы.

Не будзем забывацца яшчэ і на тое, што мы з вамі знаходзімся ў такім месцы, дзе вельмі шмат людзей, дзякуючы малітве, атрымалі аздараўленне душы і цела, дасведчылі Божую Міласэрнасць. Касцёл на ўзроўні дэканату з’яўляецца Санктуарыем Божай Міласэрнасці, маем на думцы пашыраць культ.

 

Міраслаў Кахоцкі:

–Санктуарыяў у свеце – ды і ў нашай краіне – многа, і тыя дары (воты), якія пакідаюць вернікі ў знак падзякі Богу за праяўленую да іх міласэрнасць, пераконваюць адначасова ў многіх рэчах: людзі маюць патрэбу ў малітве; людзі моляцца; людзі атрымліваюць Божыя ласкі і Божую Міласэрнасць. У гэтым і заключаецца моц малітвы і яе сэнс. На маю думку, вельмі важна, каб дзяцей з малога ўзросту бацькі ўводзілі ў вялікі свет малітвы, вучылі іх першым абавязковым малітвам, а пасля рыхтавалі да больш глыбокіх размоваў з Богам і да шчырых адносінаў з Ім.

 

Пасяджэнне скончылася агульнай малітвай падзякі Богу за сустрэчу, кс. Павел удзяліў прысутным Божае благаслаўленне.                                                              

 

 

 Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі  Карнэлія  КОНСЭКА, SVD

Гродзенская воб., Іўеўскі раён


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий