На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.
І зноў будзем разважаць над асобнымі фрагментамі са Святога Пісання, над якімі заклікаем і вас схіліцца разам з намі…
Хто даручыць вам сапраўднае?
Належнае карыстанне зямнымі дабротамі
І Я кажу вам: здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры. Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім. Таму, калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае? Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне (Лк 16, 9-13).
У мінскай парафіі Св. Францішка парафіяне, сабраныя за “круглым сталом”, разважалі над урыўкам “Належнае карыстанне зямнымі дабротамі” з Евангелля Св. Лукі. У пасяджэнні прымалі ўдзел: Яніна Гамановіч, Таццяна Сонец, Марыя Захарэвіч, Галіна Рабчэня, Ганна Фацеева, Лілія Губіч, Ірына Барадуліна, Галіна Аляксеенка, Францішка Сазонава. Вядучым быў брат Ян САДОЎСКІ, OFMCap.
Вядучы:
–Шаноўныя, сёння будзем разважаць з вамі над тым, што для нас існаснае, галоўнае, і што – кароткачасовае, штучнае, прыдуманае, але ў штодзённым жыцці так моцна займае думкі і так фарміруе людскія памкненні, што чалавек забываецца пра Стварыцеля, Які даў яму жыццё, Які гэтым жыццём кіруе і, урэшце, прызаве яго ў пэўны час да Сябе… Такі чалавек забываецца пра чысціню сваёй душы, а звычайна трапляе ў залежнасць ад мамоны – зямных багаццяў, дабротаў, задавальненняў, камфорту, нават ад людзей, якія гэта яму забяспечваюць. Па-спрабуем разабрацца, каб адчуць, дзе тая мяжа, якую нельга пераступіць, карыстаючыся зямнымі дабротамі. Святы Лука нездарма ўжывае выраз “належнае карыстанне”, бо наш Бог Айцец стварыў усё навокал і даў гэтае наваколле чалавеку ў карыстанне… І евангеліст спяшаецца падказаць, ставячы акцэнт на слове “належнае”… У гэтым надта глыбокі сэнс.
Францішка Сазонава:
–Прызнаюся, што асабіста я адразу спатыкнулася на выразе “здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай”. Лічу, што мамоны “справядлівай” увогуле не існуе, мамона заўсёды несправядлівая, яна адцягвае ад Бога, ад яе кароткі шлях да граху. Хіба, можа, гэтыя евангельскія словы патрэбна разумець як штодзённы іспыт для чалавека?
–Так, мы з вамі ведаем, што і грошы, і ўсё матэрыяльнае існуе для чалавека і само па сабе не з’яўляецца яго ворагам. Але тыя ж грошы, як і поспех, і кар’ера, і сувязі ў сучасным свеце сапраўды вельмі хутка могуць прывесці да граху, калі стануць перадусім дамініраваць, матываваць паводзіны чалавека, будаваць яго лад жыцця. Каб не апынуцца ў такім рызыкоўным становішчы, варта задаць сабе пытанне: дзе той мой другі гаспадар, якому служу, або што ў маім жыцці ёсць такое, што адцягвае мяне ад Бога? Ці заўсёды перш за ўсё я выбіраю Бога, ці імкнуся спалучыць адно з другім?
Яніна Гамановіч:
–Часткова мы ўсе штодня стаім перад выбарам, перад якой-небудзь дылемай. Мяркуем: калі зраблю, напрыклад, так і так – будзе добра мне, людзям, і граха ніякага не дапушчу. Але не, так складна не атрымоўваецца, і тады з’яўляецца неразуменне: а чаму? А як інакш? Рабіць выбар заўсёды цяжка; хутчэй ідзём туды, дзе нас прымаюць, або, калі разлічваем на тое, што нас напэўна прымуць. А атрымаецца супрацьлеглае – пачынаеш аналізаваць свае дзеянні зноў і зноў… І толькі з цягам часу прыходзіць пацвярджэнне, такі Божы штуршок, што тое, што падалося табе дарэмным, наадварот – адбылося дзеля твайго дабра!
Вядучы:
–Шаноўныя, а можа ёсць у вас асабістыя прыклады, калі вам даводзілася рабіць складаны выбар, а пасля, ужо нават па прашэсці многіх гадоў жыцця, вы прыйходзілі да высновы, што ёсць нешта важнейшае, чым тое, што выбіралі вы?
Францішка Сазонава:
–У мяне і па сёння такая складаная дылема. Калі я чую пра Абрагама, які аддаў свайго сына ў ахвяру, у маёй душы ўзнікае бунт. Адносна яго ўчынка адчуваю сябе нікчэмнай, але сваё дзіця я стаўлю на першае месца і не буду ілгаць, бо гэта так! Разумею, што мая вера не з гарчычнае зерне, а меней, чым макавае, але я на такі ахвярны ўчынак не здольная. Добра разумею, што мне трэба паглыбляць веру, узрастаць у ёй.
Вядучы:
–А менавіта што матывуе Вас, каб узрастаць у веры? Што падштурхоўвае да таго, каб Бог быў для Вас на першым месцы?
Францішка Сазонава:
–Чытанне Святога Пісання, разважанняў на кожны дзень, духоўнай літаратуры, слуханне казанняў святара – усё гэта наогул падкрэслівае маю недасканаласць. Мне трэба так: каб я ўстала раніцай і Бог мне сказаў: “Францішка, трэба рабіць так, так і так”, але ж так не бывае… А штодзённы выбар – справа складаная. І голас Бога не заўсёды чуем.
Лілія Губіч:
–А я мяркую, што голас Бога пачуць не так складана, трэба толькі імкнуцца да гэтага, бо менавіта Бог вядзе нас па жыцці і забяспечвае нам весь матэрыяльны дабрабыт. “Прасіце – і будзе дадзена вам…”. Я ніколі не збірала грошай дзеля самых грошай; кватэру, машыну набылі – усё з крэдытаў. Але разумею, што капейку, як кажуць, трэба заўсёды мець, і гэта па-людскі правільна, каб ты мог дапамагчы таму, каму гэта асабліва неабходна. Аднак тут трэба быць разборлівым. Аднойчы ў магазіне падыходзіць да мяне бабуля – два рублі ёй не хапіла, каб смятану купіць. Я дастала свой кашалёк – калі ласка, вазьміце. Пасля гляджу – яна ўжо ў віна-водачным аддзеле купляе алкаголь. Пасля таго “вулічных” нахлебнікаў не прымаю. А дапамагчы чалавеку патрэбна і зрабіць гэта можна ў іншых месцах: напрыклад, на працы, таксама сваім родным, знаёмым, суседзям – на самой справе, хіба мы не адчуваем ці не бачым патрэбы тых, хто з намі побач?
Ірына Барадуліна:
–У гэтым урыўку мяне ўзрушылі словы “несправядлівая мамона”, і, як ужо пачала разважанне Францішка, а што такое мамона? Ці гэта толькі грошы? Ці гэта наша праца? Ці наша сям’я? Ці, можа, наша маладосць? Здароўе, прыгажосць, старасць – што? “Здабывайце сяброў у несправядлівай мамоне…”. Атрымліваецца: усё, што мы маем, – несправядлівая мамона. А справядлівая?.. Гэта толькі ад Бога.
Францішка Сазонава:
–Гэта тое жыццё, якое будзе вечнае.
Ірына Барадуліна:
–Так, трэба разумець, што “несправядлівая мамона” спыняецца, траціцца. Усё тое, што мы хацелі б ухапіць у гэтай мамоне – грошы, здароўе, ці жыццё нашае, ці нашых родных, – яно, па сутнасці, не нашае. Бог – Валадар жыцця і Ён нам даў: і нашых родных, і нашых дзяцей, і дар жыцця. І тут ужо наступае наша адказнасць і вынік усяго жыцця:“Калі ў чужым не былі верныя, то хто дасць вам вашае?”. Гэтае папярэджанне Езуса я асэнсоўваю праз прызму адказных абавязкаў эканома, якія выконваю ў касцёле, маючы перакананне, што ў любой справе мы павінны быць вернымі і тое, што маем, не лічыць сваім. Кожны раз, калі разважаю над Божым Словам, перажываю быццам дысананс: чалавек – вышэй за анёлаў, ён – падабенства Божае, а з іншага боку – чарвяк, трава, якая сёння квітнее, а заўтра завяне.
Галіна Рабчэня:
–Для мяне думка “несправяд-лівы ў малым, несправядлівы і ў вялікім” вельмі зразумелая. Гэта як тэст, іспыт на выпрабаванне: калі ты не спраўляешся з малым, то хто ж даручыць табе большае?
Таццяна Сонец:
–Хачу падтрымаць Ірыну: мамона – гэта і грошы, і здароўе, і розныя зацікаўленасці – усё тое, што ёсць у нас, з чым сустракаемся, чым карыстаемся, аб чым марым. Многа перажываем складанасцей, але ў любой сітуацыі трэба поўнасцю аддаць свае сумнівы і клопат, радасць і поспех Богу і быць перакананым: з Богам ты ўсё пераадолееш. Трэба верыць, хоць і гэта таксама цяжка. Сам сябе пераконваеш, што так – патрэбна, а ўнутры нешта супраціўляецца, дакладней сказаць – нечага табе яшчэ не хапае для таго, каб усё-усё поўнасцю аддаць у рукі Бога.
Яніна Гамановіч:
–…Гэта значыць, точыць чарвячок страху. Разважаем пра тое, што здароўе і клопат пра яго можа быць мамонай. Але паслухайце: занядбанне свайго здароўя – грэх! Калі што забаліць – будзеш і варушыцца, і шукаць паляпшэння стану, і пабяжыш да доктара за парадамі. І нельга сказаць сабе, што я сяду ці лягу, а за мяне ўсё зробіць Бог. Акурат прыходзіць на памяць пры-слоўе: “Бог таму дапамагае, хто сам дбае”. Да таго ж усведамляй, што твая хвароба прынясе шмат клопату тваім родным, усім, хто з табою побач! Пра іх таксама трэба думаць! Так і ва ўсім астатнім; тыя ж грошы – могуць і дабру служыць, і граху. І калі я сам не буду пра сябе дбаць, сябе забяспечваць, значыць, буду дакучаць родным, блізкім, каб яны мне давалі, каб мною апекаваліся! Гэта ўсё і заўсёды – вагі: то адно пераважыць, то другое… Калі вагі бываюць роўненькімі? Рэдка калі. І толькі з цягам часу зразумееш, што перацягнула не тое, што было патрэбна. Крыўдна, а што зробіш? Пакаешся, паплачаш, памолішся… Бывае, што і памаліцца складана, бо тое, аб чым зараз шкадуеш, ты лічыў годным і правільным…
Многа разоў чула і сабе задавала пытанне: як жывуць тыя, хто не верыць у Бога? Дзе шукаюць і дзе атрымліваюць палёгку яны? Канечне, кожны знайходзіць свой выхад і не заўсёды добры. А тут адно шчасце: прыйдзеш у касцёл, сустрэнешся з парафіянамі, паслухаеш Слова Божае, і сэрца абавязкова на яго адгукнецца, знойдзеш адказы на ўсе сумнівы.
Разважаем, і, між іншым, тут ужо казалі, як цяжка жыць, калі прызвычаіўся да сям’і і раптам застаўся адзін: дзеці стварылі сем’і і раз’ехаліся, старэйшыя наогул адыйшлі з жыцця… Канечне, могуць быць сябры, калегі, родныя, але чалавек вяртаецца дамоў і… адзін у чатырох сценах. Што тут застаецца? Прымірыцца і спадзявацца толькі на Бога. І будзе так, як павінна быць, – не іначай!
Францішка Сазонава:
–Лічу, што мамонай могуць быць і нашыя думкі, і тая блытаніна ў галаве, калі чалавек думае адно, а прамаўляе – іншае. Хіба не заўважалі мы ў савецкія часы, што людзі гаварылі тое, што “прынята гаварыць”, а самі думалі інакш і быццам веруючыя былі?
Галасы:
–А хіба не заўважаем сёння?..
–Але маліцца, а людзей не заўважаць – хіба гэта па-Божаму?..
–Ва ўсім трэба прытрымлівацца нейкага “балансу”…
Вядучы:
–Так, прыкра пра гэта казаць, але і з веры можна зрабіць мамону: сцвярджаць, што ў цябе ёсць толькі Бог, і не звяртаць увагі на ўсё астатняе. Такое стаўленне супярэчыла б усяму Божаму плану. Бог стварыў для чалавека Сусвет, яго аддаў яму ў карыстанне, надзяліўшы самога чалавека розумам, шматлікімі талентамі і вольнаю воляй!
Францішка Сазонава:
–Ёсць людзі, якія не ходзяць у храм, не моляцца, а самі высакародныя, справядлівыя… Адзін мой знаёмы, сямейны чалавек, пытае: “Францішка, ты ж адукаваная, працавала з дзецьмі. Няўжо ты верыш у жыццё вечнае?”. “Так, веру, – адказваю. – А ты не верыш? Ты ж Божы чалавек, сумленны, твае ўчынкі добрыя, міласэрныя…”. “Чалавек так і павінен сябе паводзіць”, – адказвае ён. Згаджаюся, што павінен, але пры гэтым сама ў сабе адчуваю патрэбу маліцца.
Галіна Рабчэня:
–Мая знаёмая жанчына, каталічка, дзялілася сваімі перажываннямі і прызналася, што была ў споведзі і напрыканцы не стрымалася і запытала свайго духоўніка: “Чаму так адбываецца: малюся, Бога прашу, а сын у мяне не жанаты, дачка не замужам, унукаў не маю, а ў маіх суседзяў – і дзеці, і ўнукі, і дамы пабудавалі, і ніхто ў храм не ходзіць…”. “У іх душа добрая”, – адказаў на тое святар.
Галасы:
– Мусіць, гэтая жанчына надта зайздросная…
Галіна Аляксеенка:
–А хіба не заўважаеце, што сатана заўсёды выпрабоўвае тых, хто бліжэй да Бога?.. Чалавеку патрэбна болей згоды з воляй Божай, прымірэння з абставінамі. Паглядзіце на людзей адзінокіх, інвалідаў, якія ляжаць у ложку, і многія з іх спакойныя, са сваім лёсам прымірыліся…
Яніна Гамановіч:
–Усё, што здараецца з намі ў жыцці, кожны чалавек ацэньвае па-свойму. Так і гаворым: у кожнага – сваё ўспрыйманне свету і абставін. І нельга параўноўваць: горай таму, бо той такі, той такі… Мне не робіцца лягчэй ад таго, што некаму яшчэ мацней баліць… Мне баліць маё, і мне трэба маё прыняць і з гэтым маім навучыцца жыць… Ведаю, што іншым занадта цяжка, але мне трэба ў самой сабе разабрацца, што ва мне Божае, што – лішняе, а пасля Бог рассудзіць. Чула такое сцвярджэнне і хачу з ім пагадзіцца: абсалютна неверуючых людзей няма, пытанне ў іншым: хто і ва што верыць?
Вядучы:
–Дарагія ўдзельнікі сустрэчы, дзякуй за вашыя разважанні. Дакрануліся з вамі толькі да асобных аспектаў гэтай шматбаковай тэмы, якая, дарэчы, як і кожны ўрывак з Евангелля, патрабуе далейшага паглыблення і асэнсавання. Ніхто не можа служыць двум гаспадарам, гэта ведаем, і нам заўсёды патрэбна рабіць выбар і змагацца супраць таго, што адцягвае нас ад Бога. Бо тое, што зямное, – мінае. А калі чалавек служыць Госпаду, у яго жыццё прыходзяць і дабрабыт, і шчасце. І няма патрэбы пакланяцца яшчэ камусьці ці чамусьці ў разліку здабыць матэрыяльныя даброты.
Пасяджэнне завяршылася малітвай падзякі Богу за сустрэчу, бр. Ян Садоўскі ўдзяліў усім прысутным Божае благаслаўленне.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
г. Мінск