На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.
І зноў будзем разважаць над асобнымі фрагментамі са Святога Пісання, над якімі заклікаем і вас схіліцца разам з намі…
Хто з нас багаты
Багаты чалавек
Спытаўся ў Яго адзін начальнік: «Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?». Езус адказаў яму: «Чаму называеш мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ведаеш запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, шануй бацьку свайго і Маці». Той адказаў: «Усё гэта я захоўваў з юнацтва майго». Пачуўшы гэта, Езус сказаў яму: «Табе нестае яшчэ аднаго: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах. Потым прыходзь і ідзі за Мною».
Калі ж ён пачуў гэта, засмуціўся, таму што быў вельмі багаты. Езус, убачыўшы, што той засмуціўся, сказаў: «Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае». Хто чуў гэтае, спыталіся: «Хто ж можа збавіцца?». А Ён адказаў: «Тое, што немагчыма для людзей, магчыма для Бога». (Лк 18, 18-27).
У парафіі Святога Максімільяна Кольбэ ў в. Цеснавая Стаўбцоўскага раёна сабраныя за ”круглым сталом” вернікі разважалі над урыўкам “Багаты чалавек” з Евангелля Св. Лукі. Удзельнікамі пасяджэння былі Галіна Юргель, Ірына Мазанік, Алена Кісялёва, Ірына Поклад, Марына Емельяновіч і Ядзвіга Семеннік. Вядучым быў пробашч парафіі кс. Валянцін СТАНКЕВІЧ.
Вядучы:
-Паважаныя парафіяне, добра з вамі ведаем, як Езус Хрыстус клапаціўся аб чысціні душы і сэрца сваіх вучняў і паслядоўнікаў. Яны хадзілі за Ім натоўпамі, слухалі Ягоныя словы, але не заўсёды разумелі, задавалі шмат пытанняў, і адно з іх самае галоўнае: што зрабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае? Езус Хрыстус на простых прыкладах тлумачыў ім сутнасць Божага Слова. І ў гэтым урыўку, што разглядаем сёння, Сын Божы даў нам “рэцэпт” дасканаласці: ”Усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах. Потым прыходзь і ідзі за Мною”. Людзі задумаліся, пачалі сумнявацца, а як жа пражыць без багацця, нічога не маючы? І тады Хрыстус як вынік гэтых меркаванняў прывёў такі “доказ”: «Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае”. І людзі, што чулі гэты дыялог, зноў задумаліся: хто ж можа збавіцца?
Я прапаную вам паразважаць: а што з’яўляецца багаццем? Колькі чалавеку яго трэба, каб адчуваў ён сябе сапраўды шчаслівым, і пра якое багацце наогул тут ідзе размова?
-Каб такое пытанне мне задалі гадоў 30 ці 20 назад, то адказ мой быў бы іншым, чым сёння. У маладосці, напэўна, матэрыяльныя каштоўнасці перамагалі: хацелася быць па модзе апранутымі, жыць годна, мець карысныя бытавыя рэчы, імі карыстацца. І, разважаючы над прапановай Езуса Хрыста “раздаць усё убогім”, я засумнявалася: не, я не змагла б раздаць усё (з чым тады застацца і як жыць самой?). Тым не меней, не матэрыяльнае сёння галоўнае для мяне…І на Божыя Запаведзі гляджу больш адказна, і ў адносінах з людзьмі імкнуся быць шчырай, жыць у згодзе. Сёння для мяне багацце, як у той песні Вахтанга Кікабідзэ: “Мои года – моё богатство”: мы ўжо ў такім веку, што можна сказаць: мы састаяліся як мамы, сёння выконваем ролю бабуль (спадзяюся, што нядрэнна), нажылі нейкі жыццёвы вопыт… Калісьці мае дзеці скардзіліся, маўляў, ты нас ніколі не пахваліш – толькі ганіш. Адказваю ім: пахвалю, але пасля таго, як вас пахваляць іншыя… Асабіста для мяне багацце – мая сям’я, мае дзеці, унукі. Я сваім дзецям кажу: вы рабіце усё па-своему, як лічыце неабходным, але мяне – слухайце і не супярэчце. З нявесткамі і зяцем у нас адносіны таксама на такім узроўні…
І яшчэ, быў у мяне юбілей. Сабрала наш працоўны калектыў і кажу: зараз адбудзецца мая “прэзэнтацыя”. Можа, каму падалося і смешным, незвычайным, але мне захацелася ўсё ж расказаць сваім калегам пра бацькоў, пра сябе ад самага нараджэння, і пра тое, як не хацелася ўставаць і ісці да касцёла (хоць быў ён ад нашай хаты за пару метраў) на ранішнюю святую Імшу, а дзядуля будзіў, прымушаў, бо сам служыў закрыстыянінам у ім. Напярэдадні спісала пра сябе тры вучнёўскія сшыткі – такі душэўны парыў, такое натхненне апанавала мяне. І галоўная мая думка была такая: за ўсё, што маю, чаго ў жыцці дасягнула, дзякую Пану Богу! Сёння я паўтараю гэтыя словы.
Вядучы:
-Дзякую, добра, разважаем далей: якія асацыяцыі вызывае ў вас гэты урывак, дзе гаворыцца пра багацце… І якое багацце маецца на ўвазе?
Ірына Поклад:
-У Слове Божым я заўсёды адчуваю навуку, якая датычыцца адносінаў з людзьмі: як хочаш, каб да цябе людзі адносіліся, так і ты вядзі сябе з імі. Не на словах – рэалізуй гэта праз свае ўчынкі.
Вядучы:
-У гэтым урыўку бачым Езуса як Настаўніка, уяўляем сабе, як Ён ходзіць па вуліцы, а людзі ўсё нечага хочуць ад Яго, нечага ўсё пытаюць… Мы з вамі прызвычаіліся бачыць Езуса Хрыста на абразах, а зараз уявіце, калі ласка, што і вы, як той натоўп у Евангеллі, сустрэлі Яго на вуліцы сваёй вёскі. Аб чым бы Яго запыталі сёння?
Ірына Поклад:
-Я б запытала, як там тыя душы памерлых у небе, што з імі адбываецца? Справа ў тым, што ў мяне памерлі амаль усе блізкія, нават у маладым узросце… Ці бачаць яны нас?
Вядучы:
-А паспрабуем разважаць у такім накірунку: што ёсць самае цэннае на сённяшні дзень у параўнанні з днём учарашнім?
Ірына Мазанік:
-Гадоў дзесяць назад я не цаніла так духоўнае багацце, як цаню сёння. У касцёл хадзіла, казанні святара слухала, але падыход да ўсяго быў фармальны, успрыймала гэты свет як казку. З цягам часу пачала разумець, што гэта не казка, а Законы Божыя – адзіна правільныя напрамкі, якіх чалавек павінен прытрымлівацца ў жыцці, і што менавіта Бог дае нам магчымасць нават пасля цяжкага стану, калі стаіш на краю, пачаць новы віток жыцця. Мы імкнёмся, хочам, прыкладаем намаганні, але будзе ўсё так, як Ён захоча. Невыпадкова існуе прымаўка: калі хочаш рассмяшыць Бога – раскажы Яму пра свае планы. І для мяне багацце – гэта перш за ўсё духоўныя набыткі. Не можа быць багацця матэрыяльнага без духоўнага. Калі душа твая багатая, калі ты жывеш па Законах Божых, любіш людзей і ўсё жывое на зямлі, калі ўспрымаеш нават тых людзей, якія цябе могуць абразіць, то пра цябе ўжо можна казаць, што ты чалавек духоўны. Асабіста я не гневаюся на тых,хто можа абразіць, а расцэньваю падобны выпадак як пачатак нечага новага, чаго раней не разумела і што мне трэба стала разважыць. Наогул багацце – гэта той вопыт, які дадзены нам на гэтым зямным шляху, і калі я назапашу яго, каб перадаць сваім дзецям і ўнукам, то яны ўжо будуць на ступеньку вышэй і пойдуць далей у сваім развіцці.
Вядучы:
-А ці былі здарэнні, якія паказалі вам прысутнасць Бога ў вашым жыцці? Ці былі такія моманты, калі здавалася, што сілы ўжо пакідаюць вас, а звяртаецеся да Бога — і Ён рэальна дапамагае, вы адчуваеце гэта…
Галіна Юргель:
-Цяжкіх момантаў у жыцці было вельмі шмат, і ў мяне ніколі не было іншага паратунку – як толькі звяртацца да Бога. Перш за ўсё – “Ойча наш…”, “Вітай, Марыя!..” – і Бог пачынаў дзейнічаць.
Вядучы:
-Якія яшчэ думкі і асацыяцыі вызывае ў вас гэты ўрывак? Глядзіце, Езус адказвае на ўсе пытанні. Аб чым яшчэ вы хацелі б Яго запытаць ці папрасіць, каб сустрэлі на вуліцы?
Ядзвіга Семеннік:
-Каб дапамагаў нашым сучаснікам навярнуцца да Бога, да Касцёла. Бо калі чалавек жыве без Бога, то гэта вельмі рызыкоўна, можа здарыцца, што цалкам загубіць сваю душу…
Вядучы:
-Вельмі часта, размаўляючы з людзьмі наконт Запаведзей Божых, Слова Божага, заўважаеш, з якой лёгкасцю некаторыя прыкладаюць руку да сэрца, кажучы пры гэтым: “Закон Божы ў мяне тут, тут…”. І чамусьці менавіта ў такія хвіліны падкрадваюцца сумнівы: ці не занадта ты моцна руку прыкладваеш, чалавек? І які ты сэнс укладваеш у гэтае “тут, тут…”?
Марына Емельяновіч:
–Ведаць Закон Божы – недастаткова, перш за ўсё яго трэба глыбока разумець, і гэта – найважнейшае. Разумець з такім поглядам, што Закон Божы дадзены нам для нашага дабра, для вечнага жыцця. У гэтым галоўны сэнс, “ізюмінка”, не вымаганне ад нас, а любоў. Таму і прыняць яго трэба як любоў, і тады атрымаем тое багацце, якое ёсць вечнасць. Пра сваё жыццё магу сказаць, што яно адрознае ад жыцця іншых, таму што ў мяне не было сям’і, і я пачала з маладосці займацца катэхізацыяй. І зараз абагульню і скажу: маё жыццё – служэнне. Адразу дзецям, а зараз (у мяне ёсць прафесія) – старэйшым, нямоглым людзям. І гэта – маё багацце, у гэтым багацці я жыву і бачу сэнс свайго існавання. Нясу Божае Слова па сённяшні дзень. Але ад пачатку гэта не было маім планам – гэта быў план Божы, бо думкі мае былі напачатку ў іншай сферы чалавечай дзейнасці.
Аб каштоўнасці Слова Божага і вечнасці скажу наступнае. У мяне была адна цяжка хворая сваячка, якая баялася нават на кароткі час заставацца адна, і мы, родныя, да-глядалі яе з дзяўчатамі па чарзе. Аднойчы я яе спытала: “Ці ёсць розніца ў тым, хто застаецца з табою, — ці я, ці Д., ці С.?”. Яна адказала: “Калі я з табою, мне лёгка”. А я ж нічога каля яе не рабіла, не забаўляла яе размовамі – толькі малілася. Вось праяўленне дару і сілы малітвы. І памерла яна без моцных болей, а гэта – праяўленне Божай ласкі.
Алена Кісялёва:
-Хацела б дадаць свае ўражанні пра сілу малітвы і сакрамэнтаў. Я вырасла ў сям’і, можна сказаць, складанай. Дзед быў закрыстыя-нінам, бабуля таксама моцна веруючай, а іхнія дзеці, сярод якіх і мой тата, ад веры былі далёкія. Мая мама наогул была сірата, да веры не даложаная. Прыйшла пара ім жаніцца, а тут ужо новыя часы “падаспелі”, і мясцовыя ўлады, кіраўнікі калектываў, дзе яны працавалі, намагліся зрабіць камсамольскае вяселле: маўляў, няхай усе паглядзяць, што бацька закрыстыянін, а дзеці іншым шляхам ідуць! Шлях і сапраўды склаўся ў маіх бацькоў, на жаль, іншы – мала-памалу пачалі ў стакан заглядаць; далей – болей. А тут і свае дзеці пайшлі нараджацца, гэта значыць ужо і я, усе неахрышчаныя… Бабуля моцна перажывала і прыклала ўсе намаганні, каб навучыць нас першым навукам веры, каб мы ведалі пацеры і не раслі, як крапіва пры дарозе. У касцёле ў Дзераўной нас не пахрысцілі, і паехалі мы ў Паланэчку. З першага разу і там не пахрысцілі – ездзілі другі раз, але напрыканцы пробашч маёй бабулі руку пацалаваў за тое, што так добра падрыхтавала нас да сакрамэнту хросту.
А бацькі так і працягвалі выпіваць, у выніку мама моцна захварэла, і бабуля зноў стала перажываць: памрэ, без сакрамэнту шлюбу, яе будуць несці каля касцёла… І пачала рыхтаваць яе да шлюбу. Сёння можна толькі ўявіць, як гэта было цяжка маёй бабулі. Прыйшоў дзень шлюбу, усё адбылося, і мама мне кажа: “Лена, а як жа наш бацька ўсё ведае, як разумна адказваў… А як мне было лёгка дыхаць…”. Пасля атрымання сакрамэнту шлюбу некалькі гадзін мама не адчувала ніякіх боляў. Адыйшла да Бога ў супакоі. А тата пражыў пасля гэтага яшчэ восем гадоў, не ўжываючы спіртнога, і таксама ціха адышоў з жыцця.
Вядучы:
-Вашы шчырыя сведчанні акурат і гавораць аб тым багацці, якое не набываецца ні грашыма, ні “эўрарамонтамі”, ні “заначкамі”, ні праз пераадольванне іншых бытавых “планак”, якія чалавек сабе так шмат вызначае. Гэтае багацце – адчуванне пабожнасці і прабыванне ў ёй. Зараз давайце паразважаем: ці ёсць розніца паміж наёмнікам і звычайным працаўніком, які таксама мае маёмасць, мае дзяцей, унукаў, пра іх клапоціцца, імі ганарыцца… Ці ёсць паміж імі якая-небудзь розніца?
Ірына Поклад:
-На мой погляд, розніцу заўважым толькі тады, калі заўважым адносіны гэтых працаўнікоў з Богам. Усё залежыць ад таго, як мы адчуваем прысутнасць Бога ў сваім асабістым жыцці. Лічу, як будуем адносіны з Ім, так будуем і адносіны са светам, які навокал.
Вядучы:
- Ці ёсць у вас вопыт перажыванняў, калі даходзіць да вас непрыемная вестка ад родных, дзяцей, ці бацькоў здалёк, і вы падкласці рукі не можаце, дапамагчы нічым сапраўды не можаце… Якія крокі робіце ў такіх выпадках?
Ірына Мазанік:

-Якое б хваляванне мяне ні сустрэла, я адразу малюся: малітвамі традыцыйнымі, а таксама і сваімі словамі расказваю Богу, што ў мяне на душы. І калі адчуваю супакой, значыць, усё добра. Гэта, відаць, адчуванне не такое простае, нам хочацца ўбачыць, ці можа хоць толькі ўявіць сабе Бога ў небе, а Ён – у нашай душы.
Алена Кісялёва:
–Выпадак з намі некалькі гадоў таму: едзем на вяселле, у Мінску, дарослыя, дзеці… Селі, і я адразу перажагналася, а астатнія са здзіўленнем: “О, ты ўжо, як тая цёця Галя!”. Я прамаўчала, і літаральна ў гэтыя хвіліны нас абганяе на высокай хуткасці машына, залятае на іншую паласу руху – там жа іх некалькі… Карацей кажучы, “пратараніла” чатыры іншыя, а мы паехалі далей сваёй дарогай… Цяпер усе: садзяцца ў машыну – і адразу: “У імя Айца, і Сына, і Духа Святога…”.
Вядучы:
-Думаю, што прыведзеныя вамі прыклады – гэта прыклады даверу Богу, прыклады акурат для тых, хто ўсур’ёз не ўспрымаў малітву як зварот да Бога. Калі здараюцца падобныя выпадкі, стрэсавыя сітуацыі, першае, што робіць веруючы хрысціянін, — знак Святога Крыжа на сабе. Гэта натуральная рэакцыя чалавека, гэтым самым ён падкрэслівае давер Богу. Але зноў звернемся да тэксту урыўка. Што адказаў Езус вучню ці, можа, хто з апосталаў у роздуме прамовіў: “Хто ж можа збавіцца?”. І вось тут, у апошнім сказе верша, быў галоўны адказ Езуса: “Тое, што немагчыма для людзей, магчыма для Бога”. І таму ўсе мы штодня, у кожнай малітве, з поўным даверам звяртаемся да Бога, падкрэсліваючы: “Веру ў адзінага Бога Айца Усемагутнага, Стварыцеля Неба і Зямлі…”.
Пасяджэнне завяршылася агульнай малітвай падзякі Богу за сустрэчу.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Мінская вобласць