На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.
І зноў будзем разважаць над асобнымі фрагментамі са Святога Пісання, над якімі заклікаем і вас схіліцца разам з намі…
Ці верыш ты Мне?
Цуды Езуса і вучні Яна Хрысціцеля
І, падышоўшы, дакрануўся да насілак. Тыя, хто нёс, спыніліся, а Ён сказаў: «Хлопча, кажу табе, устань!». Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І аддаў яго Езус маці ягонай. Усіх жа ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў сярод нас» і: «Бог наведаў свой народ». Так разышлася гэтая навіна пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы. І расказалі Яну вучні яго пра ўсё гэта. Паклікаўшы дваіх з вучняў сваіх, Ян паслаў іх да Пана спытацца: «Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?» Калі яны прыйшлі да Езуса, сказалі: «Ян Хрысціцель паслаў нас да Цябе спытацца: “Ці Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?”» У той самы час Езус шмат каго вылечыў ад хвароб, немачаў і ад злых духаў і многіх сляпых адарыў зрокам. І Ён сказаў ім у адказ: «Ідзіце, раскажыце Яну, што вы бачылі і чулі: сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна. І шчаслівы той, хто не спакусіцца праз Мяне» (Лк 7, 14-23).
У мінскай парафіі Св. Лукі Евангеліста і Св. Марціна сабраныя за “круглым сталом” вернікі разважалі над урыўкамі з Евангелля Св. Лукі (7, 14 – 23).У разважаннях прымалі ўдзел Крыстына Жыдзель, Таццяна Фалевіч, Аляксандр Абуховіч, Ала Сокалава, Леакадзія Гаўруковіч. Вядучым быў пробашч парафіі кс. Станіслаў СТАНЕЎСКІ, CSSR.
Вядучы:
–Шаноўныя парафіяне! Цудоўныя фрагменты будзем разважаць з вамі сёння, і гэта тое, што ляжыць у фундаменце нашай веры, – давер Богу. Урывак з Евангелля падштурхоўвае, каб і мы разабраліся самі ў сабе: як справа з даверам Богу выглядае ў нас самых? У Евангеллі гаворыцца, што людзі бачылі, як Езус рабіў цуды – уваскрасіў сына ўдавы з Наін, аздаравіў пракажонага, паралізаванага, цешчу Пятра і шмат іншых. Пагалоска пра Езуса, “вялікага прарока”, які аздараўліваў, хутка разышлася па ўсёй Юдэі і ваколіцы, і да Яго пачалі прыводзіць хворых на розныя хваробы. Здзіўляліся, прыглядаліся і прыслухоўваліся, але ўзнікалі такія моманты, што яны пыталі: хто ж гэта такі? Расказалі пра ўсё, што бачылі, Яну Хрысціцелю, і той паслаў дваіх сваіх вучняў спытаць: “Ці Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?”. Скажыце, калі ласка, як вы разумееце словы сённяшняга Евангелля? Да чаго Езус заахвочвае?
Крыстына Жыдзель:
–Цуд таму, відаць, і называецца цудам, што гэта з’ява незвычайная, звышнатуральная, адбываецца рэдка, адбываецца насуперак нашаму чалавечаму мысленню і розуму, таму растлумачыць яго нават самым сабе не можам, не кажучы ўжо пра іншых людзей. І цудаў, якія адбываліся б так, як чытаем у Евангеллі, у сучасным свеце заўважыць хіба ўжо нельга (не магу сказаць, што іх няма). Але веру ў тое, што Бог дзейнічае праз Сваё Слова і змяняе абставіны часам так моцна і кардынальна, што дапамагае вырашыць праблему, у якой ты “сядзеў” доўгі час. Гэтыя моманты заўважала за сабою неаднойчы: цэлебруецца святая Імша, прыслухоўваюся да казання святара, лаўлю яго выказванні, думкі, разважанні і пачынаю разумець, што гэта – адказы на мае ўчарашнія ці пазаўчарашнія пытанні. Бывалі і такія выпадкі: перажыванні, акалічнасці склаліся для мяне як найгорай, роспач, здаецца, ужо і выйсця няма ніякага, а пабудзеш у касцёле, прымеш святыя сакрамэнты, супакоішся, заглянеш сабе ў душу, і прыходзіць да галавы светлая думка: падзякуй Богу, у цябе ж лепей, чым навокал, дарэмныя твае нараканні. І што робіш у гэты момант ты? Пачынаеш дапамагаць іншым, каму гэтая дапамога па-трэбна найболей. У мяне звычайна адбываецца такі “цуд”.
Вядучы:
–Слова Бога, кожны ўрывак з Евангелля мае свой глыбокі сэнс і, прачытаўшы яго, не трэба саромецца запытаць: “Пане Езу, што Ты мне гэтым хочаш сказаць? Якога адказу, якіх учынкаў чакаеш ад мяне сёння?”. На мой асабісты погляд, Езус Хрыстус хоча заахвоціць да таго, каб мы сапраўды паверылі Яму. І не толькі ў тое, што адбывалася болей за 2000 гадоў назад, але паверылі ў тыя цуды, якія адбываюцца сёння ў нашым жыцці. Канечне, асабіста я не быў сведкаю таго, як памерлыя паўставалі з грабніц, або глухія чуюць, сляпыя бачаць, але ў жыцці кожнага чалавека гэтыя цуды ёсць! Маці Божая вучыць, што мы заўсёды павінны глядзець на сваё жыццё шырэй і павінны навучыцца чытаць гэтыя знакі любові, якія Ён расстаўляе на нашым шляху, павінны адкрыць прысутнасць Бога ў сваім жыцці.
Ала Сокалава:
– Заўважыць дзеянне, прысутнасць Бога ў сваім жыцці, відаць, не зусім проста, можа, і гэта дар Божы… У нашай сям’і адбыўся такі выпадак. Мая дарослая дачка звоніць аднойчы мне і кажа: “Мама, да цябе такая надзвычайная просьба. Еду з малодшай дачкою ў гімназію, дзе вучыцца старэйшая (тэрытарыяльна мы не належым да яе), каб і яе ўладкаваць туды, няхай бы ўжо і малая там вучылася. Памаліся, калі ласка, за тое, каб яе прынялі. І я пачынаю маліцца на Ружанцы, расказваю абставіны і выражаю просьбу: Божа, пакажы сілу свае Рукі – не для мяне, я веру і ведаю, дачцы маёй пакажы! Малюся доўга.
А пасля дачка мая расказвае: заехала яна да дырэктара з заяваю – не прымаюць, няма месцаў, і кажуць, што ў бліжэйшы час не будзе. Што рабіць – развярнулася яна дамоў (а я ў гэты час працягваю маліцца). Ад’ехала зусім недалёка, як раздаўся тэлефонны званок з гімназіі: вам пашанцавала, вяртайцеся, літаральна праз некалькі хвілін пасля вашага ад’езду ў дырэкцыю паступіла заява з просьбай перавесці навучэнца ў іншую навучальную ўстанову ў сувязі са зменай месца жыхарства. Выпадковае супадзенне? Хто як хоча, няхай так і лічыць, я лічу гэта дзеяннем Бога.
Аляксандр Абуховіч:
– Хацеў бы пацвердзіць назіранне, якім падзялілася Крыстына, як святая Імша, разважанне Слова Божага, духоўная атмасфера касцёла спрыяюць таму, што менавіта падчас малітвы, падчас службы прыходзіць усведамленне, што табе патрэбна зрабіць, каб гэтую праблему, якая цябе моцна мучыла, вырашыць. Я б сказаў, ідзе свое-асаблівая падказка Езуса, і заўважаў гэта не адзін раз.
У нас з жонкай вялікі вопыт пілігрымавання, наведалі многія святыя месцы нашай краіны і свету. У адной з пілігрымак у мяне адбыўся сапраўдны цуд. Былі мы ў Польшчы, наведвалі Свенту Воду недалёка ад Васількува. Была зіма, тэмпература нулявая, скальзота… Мне адказалі ногі, не мог ступіць кроку. А вечарам прыходзіць кіраўнік нашай групы і гаворыць: збярыце людзей – пробашч для нас будзе цэлебраваць святую Імшу. Людзей я сабраў і сам пайшоў. Касцёл Маці Божай Балеснай знаходзіцца на ўзгорку, трэба было неяк туды дабрацца. Пераадольваючы боль, прыйшоў і малюся ўсёю сваёю істотаю: “Маці Божая Балесная, выпрасі ў Пана Бога для мяне ласку, каб боль пакінуў мяне. Не магу стаць “грузам” для свае жонкі, для групы, для кіраўніка… Хачу быць пілігрымам на сваіх нагах. Маці Божая Балесная, пачуй маю просьбу”.
Пасля святой Імшы я выходзіў з касцёла і спускаўся з узгорка, адчуваючы толькі лёгкае пакалванне ў каленях, а боль аддаляўся… Уначы ўбачыў сон, у якім нехта выразна сказаў: “Пі болей вады!”. Раніцай я набыў прыгожы Ружанец і занёс у храм у якасці воты за сваё аздараўленне. Словам, уся тая пілігрымка была асвечана Божай ласкай, я выздаравеў і болей ніколі не адчуваю болю ў нагах, але тую святую ваду піў на працягу ўсяго падарожжа…
Памятаю сваю першую пешую пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай. Выйшлі 250 чалавек, а прыйшлі у Будслаў – ужо каля 400; людзі дабаўляліся, дабаўляліся… Маліліся, спявалі духоўныя песні, спавядаліся. Мне пашанцавала ісці побач з кс. Аляксандрам Фаміных і ён сказаў мне: “Запомні адно і павер: Бог робіць для нас усё, што нам трэба, а не тое, што ў гэты момант нам хочацца. І яшчэ: навучыся сябе слухаць і сябе чуць”.
Я пачаў болей аналізіраваць свае паводзіны, свае адчуванні і заўважыў перамены пры прыняцці аса-бістых рашэнняў! Было адчуванне, што паміж мною і Богам працягнулася тонкая нітачка, якую я баяўся перарваць… Некаторыя задавалі пытанне: маўляў, як так можа быць, што Бог існуе ўсюды? Я адказваў: кісларод жа ўсюды! Дзе яго меней – там чалавек задыхаецца, дзе болей – там лёгка дыхаць. Дзе Бог прысутнічае – там нам лёгка, дзе згрызота, бруд, дзе жывуць так, быццам Бог не існуе, – там нам вельмі цяжка! Таму верце ў Пана Бога і бойцеся гэтую веру згубіць.
Вядучы:
– Звярніце, калі ласка, увагу: у гэтым урыўку Езус не імкнецца кагосьці пераканаць у тым, што Ён сапраўдны Сын Божы, але заахвочвае да таго, каб вучні паверылі ў тое, што самі бачылі. Езус робіць цуды, вылечвае, аздараўляе, адорвае зрокам, а многія вучні сумняваюцца, губляюцца ў дагадках, хто Ён такі. І нават Ян не быў упэўнены, ці гэта той самы, каторы павінен прыйсці, а паслаў вучняў, каб удакладнілі. Тады Езус адказвае: “Ідзіце, раскажыце Яну, што вы бачылі і чулі: сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна.
Давер Богу ёсць першым адказам чалавека на апярэджваючую міласэрную любоў Бога, адзі-ным посудам, з якога можна чэрпаць ласку. “Ласкі з Маёй міласэрнасці, – звяртаўся Езус у містычных аб’яўленнях да Сястры Фаўстыны, – чэрпаюцца адным начыннем – даверам. Чым больш душа давярае, тым больш атрымлівае”.
Крыстына Жыдзель:
– Сёння, даўно ўжо стаўшы дарослай, адчуваю сэрцам, як многа значыць вера ў жыцці чалавека. Моцна ўдзячна сваёй бабулі – гэта яна прывяла мяне да веры. Дзіцём ніяк не разумела, чаму яна заўсёды ходзіць з Ружанцам і амаль весь час моліцца – раніцай, увечары, у абед; за стол ніколі не села, не памаліўшыся. Я думала: навошта? Пасля яна і мяне пачала вучыць малітвам, тлумачыла, хто ёсць Бог, хто Маці Божая, што такое грэх і чаму грашыць нельга… Мама мая была чалавекам добрым, але не была практыкуючай веруючай – хадзіць у касцёл баялася, каб не страціць працу, і хрост мой адбываўся тайна, каб ніхто не ведаў і не бачыў. Але Бог нам дапамагаў, і першым выпадкам, калі мы Ягоную дапамогу адчулі, быў адыход з жыцця нашай бабулі. Ішоў ёй 92 год, развілася хвароба Альцгеймера, пра многія рэчы і з’явы яна наогул забылася – але не забылася малітвы. Малілася, як і раней, Ружанец з рук не выпускала… Праз некаторы час занемагла і перастала ўставаць з ложка, на целе з’явіліся пролежні. Мама лячыла іх усімі спосабамі – медыцынскімі, народнымі. Дактары сказалі, што такія ўжо невылечныя, і мы пачалі шчыра маліцца – самі, і яшчэ мама запрашала жанчын на штодзённую супольную малітву каля ложка бабулі. І адбыўся цуд: за тыдзень пролежні зацягнуліся!
Вядучы:
– Так, малітва, поўная веры, чыніць цуды. Але заўважма: і кожны цуд, які чыніць Езус, заўсёды папярэджаны вызнаннем веры, Ён заўсёды пытае: “Ці ты верыш?”. Успомніце Марту і Марыю і іх памерлага брата Лазара, якіх наведаў Езус Хрыстус. Перад тым, як уваскрасіць Лазара, Езус спытаў Марту: “Ці ты верыш, што брат твой уваскрэсне?”. Або ўспомніце жанчыну, якая хварэла на крывацёк дванаццаць гадоў, і якую аздаравіў Езус. Што Ён сказаў ёй напрыканцы: “Вера твая ўратавала цябе”. Кожны цуд папярэджаны вераю і малітваю, і ў кожную хвіліну нашага жыцця адбываюцца вялікія цуды. Кожны з нас, напэўна, такія прыклады таксама мае, ды не заўсёды іх разважвае. Успамінаю выпадак з майго святарскага жыцця, як быў яшчэ ў Гродна і будавалі касцёл на Дзевятоўцы. Здарылася, што не хапала нам грошай, каб заплаціць людзям за працу. Я стаў на калені перад Езусам: “Пане Божа, ратуй, дапамагай, будуем Божы дом, і не бачым выйсця з фінансавых цяжкасцей. Пане Божа, пачуй просьбу пакліканага Табою”. На наступны дзень прыходзіць мужчына і прыносіць акурат суму, якая была патрэбна:”Прыміце, калі ласка, як ахвяру на касцёл!”. Цуд? Цуд! І мы павінны гэтыя цуды ў жыцці бачыць і дзякаваць за іх Богу.
У сувязі з гэтым давайце ўспомнім яшчэ адзін момант, калі Езус, праходзячы праз Самарыю і Галілею, аздаравіў дзесяць пракажоных. Адзін з іх, убачыўшы, што быў вылечаны, вярнуўся, каб падзякаваць Богу. А Езус спытаў яго: “Ці не дзесяць было ачышчаных? Дзе ж дзевяць?”.
Падсумоўваючы ўсё сказанае тут сёння, зноў паставім перад сабою задачу: чытаючы фрагмент Евангелля, слухаючы Слова Божае, патрэбна задаць пытанне: “Пане Езу, што хочаш сказаць мне сёння?”. І знайсці на яго адказ. Тады у кожнага з нас атрымаецца жыць па Слову Божаму і па веры ў Езуса Хрыста, Збаўцу нашага.
Пасяджэнне завяршылася малітвай да Святога Духа. Пробашч парафіі кс. Станіслаў удзяліў прысутным блага-слаўленне.
Малітва
да Духа Святога
Духу Святы, які сышоў у самым пачатку Касцёла на Апосталаў і верных, каб асвяціць іх розум, запаліць сэрцы і ўмацаваць у веры. Просім Цябе: будзь заўсёды таксама з намі, напаўняй нас Тваімі дарамі, прасвятляй у сумненнях, суцяшай у смутку, ратуй у небяспецы, выбаўляй ад памылак, падымай пры падзенні, кіруй намі мудрасцю Тваёй, яднай нас узаемнай хрысціянскай любоўю, каб усе мы жылі ў згодзе і святой еднасці як адна Божая сям’я. Давядзі ўсіх нас да шчаслівай вечнасці, каб там з усімі анёламі і святымі мы выказвалі Табе ўдзячнасць і хвалу на векі вечныя. Амэн.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
г. Мінск