«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя  – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.

   І зноў будзем разважаць  над асобнымі  фрагментамі  са Святога Пісання, над якімі заклікаем  і вас схіліцца разам з намі…

 

 

 

Чым напоўнены наш графін?

 

 

 

Што робіць чалавека нячыстым?

 

Паклікаўшы зноў людзей, сказаў ім: «Паслухайце Мяне ўсе і зразумейце! Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго». А калі Езус увайшоў у дом, пакінуўшы натоўп, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго наконт прыпавесці. І Ён сказаў ім: «Няўжо і вы такія някемлівыя? Ці не  разумееце, што ўсё, што ўваходзіць звонку ў чалавека, не можа зрабіць яго  нячыстым, бо не ў сэрца ягонае ўваходзіць, а ў страўнік, і выходзіць вонкі». Так Ён прызнаў усялякую ежу чыстай. Далей сказаў: «Тое, што выходзіць з  чалавека, робіць яго нячыстым. Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць дрэнныя думкі, распуста, крадзеж, забойствы, чужалоства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, зайздрасць, блюзнерства, пыха, глупства. Усё гэтае зло выходзіць знутры і робіць чалавека нячыстым»    (Мк 7, 14-23).

 

 

 

 f-str-17У межах рэкалекцый для моладзі ў слуцкай парафіі Св. Антонія адбыўся “круглы стол” часопіса “Дыялог”, на якім моладзь разважала над урыўкам “Што робіць чалавека нячыстым?” з Евангелля Св.  Марка. У разважаннях прынялі ўдзел Мацвей Прахорык, Максім Піліпчык, Агата Дземідовіч, Эльвіра Жыдко, Яна Бунькевіч, Мацвей Бартко, Аляксей Куковіч, Анастасія Хадаровіч, Эльвіра Чуган, Дар’я Ермаковіч. Вядучай была с. Яна Аляксеева, CSSH.

 

 

Вядучая:

– Калі мы ўважліва прачытаем сёмы раздзел Евангелля Св. Марка, зразумееем, якой навуцы імкнуўся навучыць Езус натоўпы, што суправаджалі Яго. Фарысеі і ўсе юдэі моцна прытрымліваліся традыцый, у іх было больш за 600 розных правілаў, але тыя правілы тычыліся пераважна знешніх, вонкавых паводзінаў і ўчынкаў, у аснове якіх ляжала рытуальная чысціня. Канечне, мыццё рук перад прыняццем ежы – гэта нармальна, гігіенічна. Але было яшчэ шмат таго, чаго прытрымліваліся фармальна. І калі аднойчы ўбачылі, што некаторыя вучні Яго елі хлеб не абмытымі рукамі, здзівіліся: “Чаму Твае вучні не трымаюцца традыцыі старэйшых, а ядуць хлеб нячыстымі рукамі?”. І тут Езус пачынае навучаць фарысеяў, што трэба трымацца не традыцыі, а права, што ўшанаванне Бога вуснамі яшчэ не азначае сапраўднай Божай любові, пачынае пераконваць, што галоўнае – гэта тое, што ў сэрцы чалавека, а не тое знешняе, што ўваходзіць у яго звонку; і не тое робіць чалавека нячыстым, што ўваходзіць у яго нутро, а тое, што выходзіць з ягонага сэрца. Вобразна можам уявіць, што маем два нутра: адно – наш страўнік, і другое нутро, духоўнае – наша сэрца.  Такім чынам, не ежа чыніць нашае нутро брудным, а тое, што выходзіць з нас. Мы з вамі чыталі: што можа выходзіць з сэрца?

 

Мацвей Прахорык:

– Дрэнныя думкі, распуста, крадзеж, забойствы, чужалоства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць і іншае зло.

 

Эльвіра Жыдко:f-str-18

–Тут чамусьці пералічваецца толькі ўсё дрэннае, але ж і дабро ў нашым сэрцы ёсць, якое  кіруе нашымі ўчынкамі і паводзінамі.

 

Вядучая:

– Сапраўды, і дабро ў нашым сэрцы ёсць, але ў гэтым урыўку Езус акурат пералічвае тое, што робіць нас нячыстымі, – гэта грэх, а што такое грэх?

 

Аляксей Куковіч:

– Гэта зло і адыход ад Бога.

 

Вядучая:

– Так, грэх адлучае нас ад Бога і робіць нашае духоўнае нутро, нашу душу бруднай.  Сённяшняе Божае Слова запрашае, каб мы паразважалі над тым, што асабіста  мяне робіць нячыстым, што асабліва закранула маё сэрца сёння?

 

Мацвей Прахорык:

– Фарысеі, звяртаючыся да Езуса, прад’яўляюць Яму сваё разуменне чыстасці. Разуменне некалькі скажонае, бо яны сказілі і традыцыю, якая засяродзілася на ачышчэнні знешнім і амаль не звярталася да ачышчэння духоўнага. Езус перасцерагае нас ад той нячыстасці, якая нараджаецца ў нашым сэрцы, кажучы, што ежа, насупраць таго, як лічылі фарысеі, не мае ніякага ўплыву на нячыстасць чалавека. Але ў той жа час Ён паказвае, што нам патрэбна Божая дапамога, каб распазнаць стан свайго сэрца, сваёй душы, распазнаць тое, што робіць нас нячыстымі і аддаляе ад Бога. Бо часцей  за ўсё бывае так, што мы грашым, а самі не заўважаем і лічым, што робім правільна.

 

Вядучая:

– Так і фарысеі: цанілі пабожнае, ведалі Святое Пісанне, але не заўважалі, што аддаліліся ад Пана Бога. Мы з вамі калісьці ўзгадвалі пра гэта, успамінаючы словы Езуса. Што Ён сказаў? “Гэты народ шануе Мяне вуснамі,  а сэрца іх далёка ад Мяне”. Можа хто з вас хацеў бы паразважаць менавіта пра гэта – “сэрца іх далёка ад Мяне”?

 

Эльвіра Жыдко:

– Пачну з прыпавесці: адна дзяўчына прыйшла першы раз у касцёл і адразу пачула асуджэнне: “во, прыйшла ў штанах…”; “а  майка якая…”; “яна нават стаяць у касцёле не ўмее…”. Дзяўчына са слязамі выйшла з касцёла, і насустрач ёй Езус. “Што, не пускаюць туды цябе? – запытаў Ён і, не дачакаўшы адказу, сказаў: – І Мяне не пускаюць”. Гэтая прыпавесць, на мой погляд, – пра фарысейства і нашае разуменне пабожнасці таксама. Можна ведаць напамяць дзесяць Божых Запаведзяў, весь Катэхізіс, а ў жыцці не выконваць іх. Можна быць звонку вельмі пабожным і правільным, прамаўляць “Ойча наш…”,  а насамрэч думаць і паступаць зусім па-іншаму. На людзях рабіць адно, а пакінуўшы сцены храма – іншае.

 

Вядучая:

–Дазвольце, дадам: стаяць пабожна пры алтары, слухаць казанне святара, а выйсці за сцены касцёла і пачынаць абгаворваць, не заўважаючы, што з вуснаў выходзяць і дрэнныя, і непатрэбныя словы… Але ці маем права кагосьці асуджаць нават за тыя паводзіны ў храме?

 

Аляксей Куковіч:

–Не маем. Мы не ведаем, што у чалавека ўнутры, на сэрцы. Калі што не так, лепей даць яму параду.

 

Вядучая:

– Безумоўна. У прыкладзе, які прывяла Эльвіра, дзяўчына прыйшла першы раз, з цягам часу яна навучыцца, і асуджаць нельга нікога. Бог прымае ўсіх. Скажыце, калі ласка,  ці былі ў вашым жыцці выпадкі, што вы нечакана адкрылі праўду пра сябе, пра тое, што вашае сэрца таксама забруджана грахом? Ведаю, што большасць з вас рэгулярна бывае ў споведзі, робіце рахунак сумлення. Пасля адчуваеце палёгку: цяжар граху з плячэй знікае, вашае сэрца становіцца чыстым і напоўненым Божай ласкай. Але ці разважаеце пасля, чаму так сталася, адкуль з’явілася ў вас сквапнасць, пыха, зайздрасць, ці  злосць… І ці знайшлі вы ў сабе “крыніцу”, з якой выцякаюць адмоўныя людскія якасці, у тым ліку – вашыя асабістыя, тая адкрытая “праўда пра сябе”?

 

Эльвіра Жыдко:

– Калі прачытала гэты ўрывак, пытанне, які я чалавек, паўстала перада мною адразу. Ну, які? Слабы і грэшны. Вельмі часта нячыстым нас робіць нашае стаўленне да іншых, можа нават завышаныя да іх патрабаванні. А пакрыўдзіць чалавека лёгка, і неабавязкова словам – дастаткова позірку. Пасля сам пачынаеш сумнявацца: некаторыя рэчы можна было б не заўважыць, сцярпець, а ты не стрымаўся, надзяліў чалавека прыкрым позіркам, і ён, абражаны такім чынам,  не ведае куды сябе дзець…

 

Мацвей Бартко:

–У сэрцы ёсць і дабро, і зло.

 

Вядучая:

–Канечне, але ўсё ж адкуль бярэцца тое, што напаўняе яго? Іншымі словамі – што  ўваходзіць  у нашае духоўнае нутро?

 

Галасы:

– Інфармацыя. Кнігі. Размовы. СМІ. Інтэрнэт. Відэасюжэты. Фільмы. Аўдыё. Музыка.

 

Вядучая:

– Правільна. Зараз мы з вамі падыйшлі да той ежы, якую называем духоўнай і якая напаўняе нашае сэрца. І, калі мы напаўняемся дабром, то што з нас выходзіць? Паразважайце, калі ласка, падрабязней, на прыкладах.

 

Мацвей Бартко:

– Два графіны з вадою: у адзін наліта чыстая вада, другі запоўнены бруднаю. І вылівацца будзе: з першага – вада чыстая, з другога – брудная. Так і з чалавекам: калі ён напоўнены тым, што добрае, з яго і выходзіць будзе добрае, а калі тым, што нячыстае, то і  выходзіць з яго  будзе нячыстае.

 

Вядучая:

– Разважаем далей: чым добрым можам сябе напаўняць?

 

Галасы:

– Слухаць тэматычныя канферэнцыі. Чытаць хрысціянскую літаратуру, часопісы. Удзельнічаць у рэкалекцыях. Праводзіць час у малітвах. Добрай музыкай, добрымі фільмамі, добрымі СМІ.

 

Вядучая:

– А што для нас з’яўляецца добрым? Таксама пытанне. Некаторыя кажуць: правёў дзве гадзіны ў камп’ютарных гульнях і адпачыў.

.

Эльвіра Жыдко:

–Добрае для нас тое, што прыносіць добры плён.

 

Вядучая:

–Падкрэслім: менавіта тое, што прыносіць добры плён. Гэта – першы знак. І другі: калі тое, што нас напаўняе, не парушае Божых Запаведзяў. Вы правільна адзначылі: добрая размова, добрая кніга, пачутае Божае Слова, якое кранула і прымусіла перамяніць жыццё да лепшага, і г. д. Вельмі трапнае параўнанне з графінам: калі ён запоўнены чыстаю вадою – то і выльецца з яго вада чыстая. Але ў нашым жыцці яшчэ і шмат бруду, які можа зрабіць нячыстым нашае сэрца. Што гэта?

 

Агата Дземідовіч:

–Дрэнная  музыка, дрэнныя фільмы, дрэнныя гульні, дрэнныя ўчынкі.

 

Вядучая:

– А як вызначыць, ці дрэннае для нас яно?

 

Мацвей Прахорык:

– Для гэтага ёсць крытэрый – Божы Закон. Тое, што яму адпавядае, – ідзе на карысць чалавеку, а што  не адпавядае, – тое адводзіць ад Бога.

 

Мацвей Бартко:

– Вернемся да графіна, у якім можа быць чыстая вада, а можа быць змешаная з іншаю вадкасцю ці прымессю (апошняя звычайна ў форме асадка, на дне). Так і ў жыцці. Бывае, што ў адной крыніцы змешана дабро і зло, і, калі чалавек напоўніцца такою сумессю, то адразу з яго, як з графіна, будзе вы-лівацца чыстая вада, бо яна зверху, а калі чыстая скончыцца – пойдзе асадак, бруд, усё тое, што заставалася на дне.

 

Вядучая:

– Параўнанне ўдалае, бо ў нашым графіне душы заўсёды бу-дзе і чыстая вада, і брудная, і дабро, і зло. І так перамяшаецца яно, што цяжка вызначыць між імі мяжу. Уявіце сабе: ра-ніцай у касцёле чалавек  слухаў Слова Божае, напоўніўся светам Божай любові, а вечарам уключыў Інтэрнэт і бачыць не станоўчы або цалкам непрыстойны фільм, ці пачуў нецэнзурныя  словы –  усё гэта ўвайходзіць у яго духоўнае нутро. Як аддзяліць адно ад другога?

 

Мацвей Прахорык:

– Ёсць “фільтр”, праз які прайходзяць нашыя грахі: шчырае раскаянне, споведзь. Нашае сумленне падкажа нам: што – добрае, што – дрэннае.

 

Вядучая:

–А што дапаможа распа-знаць, дзе для мяне была брудная вада, а дзе – чыстая, дзе – добрае, а дзе – дрэннае?

 

Эльвіра Жыдко:

– Разважанне і штодзённы рахунак сумлення.

 

Агата Дземідовіч:

–У гэтым дапаможа Біблія, а таксама размовы з іншымі людзьмі.

 Вядучая:

–…І што будзем рабіць далей, акрамя “фільтра”, калі той асадак, той грэх усё ж асеў на дно?

 

Мацвей Бартко:

–Трэба выліць весь той графін і зноў яго напоўніць; перадумаць усё сваё жыццё, усвядоміць, хто ты такі, каб цалкам сябе змяніць. Але само гэта не явіцца, трэба ісці ў канфе-сіянал, шчыра размаўляць з Богам, звяртацца за парадаю да святара.

 

Вядучая:

– Якім чынам можам адказаць на сённяшні Божы заклік?

 

Агата Дземідовіч:

– Добрымі ўчынкамі.

 

Мацвей  Прахорык:

– Бог заклікае затрымацца і падумаць: што нясуць нашыя думкі, учынкі, чаго ў іх болей – супакою ці неспакою,  што можам праз іх данесці да бліжняга – дабро ці зло, свабоду ці зняволенне.

 

Эльвіра Жыдко:

–Увогуле паглядзець на стан свайго сэрца. Затрымацца і задумацца: якой бы вы хацелі ўбачыць сваю душу – чыстай ці нячыстай.

 

Мацвей Прахорык:

– Асабіста мне ўзгадваецца адна з евангельскіх прыпавесцей пра фарысея і мытніка, якія маліліся ў храме. Мытнік стаяў недзе збоку, ціхенька маліўся: “Змілуйся нада мною, Божа, бо я грэшны”, а фарысей, які зневажаў мытніка, стаяў наперадзе і расказваў Богу, які ён добры слуга, як многа добрых спраў зрабіў. Менавіта гэты ўрывак, у якім Езус паказвае, што ўнутраная нячыстасць з’яўляецца горшай за рытуальную, заклікае нас паразважаць: на чыім мы месцы – фарысея ці мытніка?

 

 Мацвей Бартко:

Здымак на памяць: вядучая "круглага стала" сястра   Яна з удзельнікамі пасяджэння.

Здымак на памяць: вядучая «круглага стала» сястра
Яна з удзельнікамі пасяджэння.

– Зноў да графіна. Бруд можа не толькі асядаць, але і ўздымацца на паверхню, як нафта: уздымаецца над вадой і абразуе плёнку. Так і ў чалавека бываюць выпадкі, што плёнка зла не дае магчымасці прабіцца на паверхню дабру. А яно ёсць, недзе пад тою самаю плёнкаю, але адразу трэба выбіць зло, каб ачысціць дарогу для дабра.

І яшчэ. Усе мы мыем розны посуд. Бывае, адмываецца лёгка, а бывае, адразу трэба яго “адмачыць”, паскрэбці, пацерці… Словам, правесці над ім шмат часу.

 

Вядучая:

– Мацвей, ты адзначыў вельмі важную рэч: у кожным чалавеку ёсць дабро, нягледзячы на тое, што часам ён праяўляе дрэнныя якасці. Але неабходна быць шчырым, вызнаваць свой грэх, сваю нячыстасць, ісці да споведзі і крок за крокам   перамяняць сваё жыццё да лепшага! Езус заклікае, каб мы былі чуйнымі, уважлівымі як да людзей, так і да самых сябе і бруд са сценак свайго графіна змывалі своечасова!

 

Пасяджэнне завяршылася падзякай Богу за сустрэчу.

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі  Карнэлія  КОНСЭКА, SVD

Мінская вобласць


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий