На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.
І зноў будзем разважаць над асобнымі фрагментамі са Святога Пісання, над якімі заклікаем і вас схіліцца разам з намі…
Ці адчыніць мне Гаспадар?
Вузкая брама
Накіроўваючыся ў Ерузалем, Ён праходзіў праз гарады і вёскі і навучаў. І нехта сказаў Яму: «Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?». А Ён сказаў ім: «Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць.Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзверы, тады вы, стоячы знадворку, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: “Пане, адчыні нам”. А Ён адкажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы”. І пачнеце казаць: “Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты”. Але Ён скажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць”.Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а сябе выкінутымі вон. Прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня і сядуць за стол у Валадарстве Божым. І вось, апошнія будуць першымі, а першыя будуць апошнімі». (Лк 13, 22-30).
У рамах рэкалекцый для францішканскай моладзі ТАЎ, якія прайходзілі ў Доме Святой Тройцы ў Баранавічах, адбыўся “круглы стол”, удзельнікі якога разважалі над урыўкам ”Вузкая брама” з Евангелля Святога Лукі. У пасяджэнні прымалі ўдзел Аліса Каўбасюк, Дзмітрый Іваноўскі, Лізавета Дайлідзёнак, Дар’я Кукштэль, Крыс-ціна Багушэвіч, Марыйка Смыковіч. Вядучым быў бр.Сяргей Гусар OFM Cap.
Вядучы:
–Запрашаю вас, шаноўная моладзь, падзяліцца сваімі думкамі наконт таго, як разумееце вы заклік Езуса Хрыста прайсці праз “вузкую браму”, а дакладней – не столькі думкамі, колькі сваімі адчуваннямі, уяўленнямі, што будзе адбывацца з намі ў момант, калі апынімся перад “вузкай брамай”, і для чаго яна патрэбная нам. Бог бачыць нашае сэрца, нашыя ўчынкі, але не ведаем, што нам адкажа, калі і мы пастукаем да Яго ў дзверы…
–У гэтым урыўку я звярнула ўвагу на выраз, што напрыканцы: “Апошнія будуць першымі, а першыя будуць апошнімі”. Успомніла прыпавесць пра тое, як Гаспадар вінаградніку запрашаў працаўнікоў па чарзе праз кожныя тры гадзіны: у 9, 12, 15 і г.д. і абяцаў заплаціць ім аднолькава. Шчыра кажучы, я ніколі не разумела, чаму так. Запрасіў некаторых нават тады, калі да канца працы заставалася ўжо гадзіна, ці дзве… Тыя, хто працаваў у вінаградніку з самай раніцы, былі спакойныя, бо ведалі, што будуць мець заробак, а гэтыя апошнія, якія стаялі цэлы дзень без працы і, напэўна, ужо страцілі ўсялякую надзею яе атрымаць і нешта там зарабіць, знахо-дзіліся ў адчаі, сумныя, але, калі настаў вечар і надышла пара разлічвацца з працаўнікамі, Гаспадар распарадзіўся, каб і гэтым далі па дынару. Так апошнія становяцца першымі, а першыя – апошнімі, бо Бог ёсць Любоў, і ўсіх нас Ён хоча падтрымаць у нашых праўдзівых пошуках і зрабіць шчаслівымі.
Вядучы:
–…І як гэта адгукваецца ў тваім сэрцы, у тваім жыцці?
Аліса Каўбасюк:
–Імкнуся да Бога прыйсці зараз, уяўляючы перад сабой “вузкую браму” сёння, зараз, у гэты момант … Часам мне здаецца, што людзі вакол мяне болей набожныя, болей моляцца, было, што нават зайздросціла ім…
Дзмітрый Іваноўскі:
–Ёсць такі цудоўны францішканскі спеў з наступнымі радкамі: “Покуль маем час, браты, чыньма дабро”. Сапраўды, не ведаем, калі скончыцца наша жыццё, можа, нават не даедзем дадому, можа, пражывём яшчэ 50 ці 70 гадоў, можа, меней… Але з гэтага ўрыўку Евангелля даведваемся, што ў крытычны момант можам пастукаць да Гаспадара ў дзверы, а нам іх не адчыняць. Таму нічога не трэба адкладаць на апошні час, каб напрыканцы жыцця наравіць заскочыць у “апошні вагон”; трэба зараз служыць бліжняму, чыніць дабро, служыць адзін аднаму ў супольнасці францішканскай моладзі, дзе мы болей адкрываемся адзін аднаму; трэба, каб мы мелі нават запрашэнне і ведалі час, у які нам належыць прыйсці. Асабіста для мяне гэта знак таго, што няма ў жыцці моманту, дзе не было б сэнсу дапамагчы каму-небудзь, і гэтых момантаў, калі іншы патрабуе дапамогі, шукаць не трэба – іх дастаткова вакол нас.
Крысціна Багушэвіч:
–Павінна прызнацца, што мяне так уразілі гэтыя два словы “вузкая брама”, што я адчула вялікую радасць ад таго, што ўсе мы ў супольнасці, што ёсць браты-францішканцы, сябры, што я вучуся адкрывацца на гэтую “вузкую браму”, што карцінка “вузкай брамы” неяк перада мною ўжо складваецца, што адчуваем, напэўна, аднолькавыя пачуцці яднання ў пошуках Бога. Сумна, канечне, ад таго, што хутка раз’едземся кожны па сваіх справах, будзем працягваць вучобу, працаваць, пера-адольваць цяжкасці, але ўсё ж рабіць гэта нам будзе лягчэй, чым тым, хто не пазнаў Бога. Стала сумна яшчэ і ад таго, што прыйшло разуменне: вельмі многа лю-дзей, у тым ліку і мая сям’я, мае родныя не ведаюць, што такое “вузкая брама”. Неяк так склалася, што яны не адкрыліся Богу, жыццё так павяло, што яны не ведаюць, куды ісці, і мне, на жаль, пакуль не ўдалося іх пераканаць у тым шчасці, якое знайшла ў супольнасці для сябе я: у мяне ёсць браты, сёстры, сябры, такія ж адкрытыя на Бога сэрцы, якія заўсёды падтрымаюць, разважаць, не пакінуць мяне ў адзіноце са сваімі нават складанымі думкамі. Заўважаю, што, дзякуючы супольнасці, карцінка “вузкай брамы” у маёй галаве складваецца ўсё выразней і пачынаю спадзявацца, што іду ў тым напрамку, у якім патрэбна ісці.
Лізавета Дайлідзёнак:
–Мяне моцна кранулі словы: “Пане, няўжо мала тых, хто бу-дзе збаўлены?”, бо ў гэтым пытанні і ў далейшым тэксце, дзе Езусу кажуць: “Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты”, бачу “сістэму” такіх думак, калі чалавек лічыць, што “Я – таксама годны!”, што дастаткова выканаць некаторыя правілы, каб пасля нешта патрабаваць ад іншага чалавека і нават ад Пана Бога. Пытанне “Няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?”, на маю думку, асацыіруецца з прымітыўным: “Ці сапраўды трэба так моцна старацца, каб трапіць у Божае Валадарства? Ці Ты прымеш усіх, і ўжо можна “расслабіцца”? Асабіста для сябе разумею, што неда-статкова выконваць правілы. Недастаткова прыйсці ў нядзелю на святую Імшу, недастаткова лічыцца проста католікам, і наогул Бог не патрабуе выканання правілаў дзеля “выканання правілаў”, а патрабуе, каб прыходзілі да Яго з адкрытым на любоў сэрцам, каб жылі гэтым, і каб ў нашых з Ім адносінах была глыбіня.
Вядучы:
–Так, менавіта патрэбна глыбіня, бо насамрэч калі яна адсутнічае, то вера ператвараецца ў нейкі вонкавы павярхоўны абрад, што нагадвае тую самую “лавушку”, у якую (быццам выпадкова) трапляюць людзі: нават скардзяцца пасля, маўляў, хаджу, малюся, а Бог не чуе мяне… Бог і чуе, і бачыць, але хіба забыліся, што вера без учынкаў мёртвая? І тое, што пералічыла зараз Лізавета, тыя фармальныя пабожныя дзеянні, падчас якіх маем за мэту хаця каб не награшыць, не вядуць нас да сапраўды глыбокага пазнання Божай Любові, ні да ахвярнасці, ні да самаадрачэння… Вышэй я дазволіў сабе такую рэмарку: “быццам выпадкова”. Дазволіў, бо ў рэальнасці, што датычыцца веры, няма ніякіх выпадковасцей, не можаш быць напалову веруючым, а напалову – не; або можаш быць удзельнікам рэлігійных акцый і не сустрэцца з Богам! А праз «вузкую браму», аб якой кажа Езус, можам прайсці толькі асабіста. Не атрымаецца за кімсьці схавацца, прыкрываючыся яго добрымі якасцямі. Урэшце, «вузкая брама» – гэта і ёсць крыж нашага жыцця, але няшмат лю-дзей, якія могуць і хочуць яго несці.
Дар’я Кукштэль:
–Мяне моцна кранулі словы: “Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць”. Калі глядзець на маё жыццё, то здаецца, што я жыву, і мне ўсё патрэбна, заўсёды хочацца паспрабаваць нешта новае, у выніку накапліваецца нейкі такі “багаж”, і пасля задаеш сабе пытанне: а ці зможаш прайсці з гэтым усім праз «вузкую браму»? І ў гэты момант Езус падказвае: “Табе нічога не патрэбна, ты толькі давярай Мне, і зможаш прайсці ў вузкую браму”. І гэта напэўна магчыма, бо Хрыстос прайшоў праз гэтую браму першы. Тут варта ўспомніць і яшчэ словы Езуса: “Я – брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены” (Ян 10, 9).
Лізавета Дайлідзёнак:
–Я таксама часта задумваюся над гэтым выразам, падобным чынам успрымаю яго, але, гле-дзячы на яго праз прызму нашага сталення, можна заўважыць, што з узростам наша вера мяняецца, і “вузкая брама” усё часцей напамінае пра тое, што лёгка ў жыцці не будзе. Калі мы былі меньшымі, то, здаецца мне, былі больш эмацыянальнымі, нават болей адчувалі, успрымалі, чым зараз. А калі падрастаеш, пачынаеш разумець, што ў жыцці не заўсёды будзе радасна, не будзе ўсё так проста, што будуць цяжкасці, будзеш імкнуцца пераадолець сам сябе, а “вузкая брама” – не шырокая дарога, па якой можна бегаць туды-сюды, а напрамак, які ты выбіраеш самастойна і свядома. Бо хто пойдзе несвядома па вузкай сцежцы, можа аступіцца, куды-небудзь зваліцца. На мой погляд, “вузкая брама” – гэта болей пра свядомасць.
Марыя Смыковіч:
–Я ўявіла сабе: вось яна, сапраўды вузкая брама, і каб праціснуцца туды, я не магу з сабой шмат узяць – прыхапіць шмат рэчаў, якія назапасіла на працягу жыцця, шмат людзей, з якімі пазнаёмілася, начапіць з гэтага свету усяго-усялякага, бо, калі я пайду да Неба (спадзяюся на гэта), то гэта ўсё адкінецца, гэта ўсё стане няважным, а калі не змагу адкінуць – то не змагу і ўвайсці ў Валадарства Божае, бо за мною цэлы цягнік.
Пачынаю разважаць аб гэтым шчыра і прыходжу да цвёрдай высновы: каб атрымаць жыццё ў Небе, не старайся прычапіцца да гэтага свету, але наадварот: жыві ў прастаце. Можна сказаць: калі ты не маеш нічога – ты маеш усё, бо, калі табе штосьці прыналежыць, табе цяжка гэта пакінуць, аддаць, а калі табе нічога не прыналежыць – ты свабодны. І з гэтай свабодай увайсці ў “вузкую браму” здаецца магчымым.
Лізавета Дайлідзёнак:
–Я ўспамінаю словы песні: “Калі ты хочаш пайсці са Мною, выракайся самога сябе…”. Справядлівыя словы, бо часам так і трэба: адмовіцца не толькі ад нейкіх рэчаў, знаёмых, усяго таго, што мы стараемся “начапіць” на сябе падчас жыцця, але і адрачыся ад самога сябе.
Дзмітрый Іваноўскі:
–Так, важны момант: не трэба “чапляць” усяго на сябе многа, не трэба “ляжаць на канапе”, нешта там “назапашваючы”, а трэба так жыць, каб аддаваць людзям, бо «брама» вузкая, не праціснешся пасля ў яе…
Вядучы:
–Прызнаюся шчыра: словы пра “вузкую браму” крыху пужаюць мяне. Колькі гадоў я служу ў Законе, яны для мяне заўсёды як кавалачак лакмусавай паперы. Сапраўды, вельмі часта пра гэта думаю: што будзе, калі я таксама пастукаюся ў дзверы і скажу: “Пане, адчыні нам”, а Ён адкажа: “Не ведаю вас, адкуль вы”. Тады гэты лакмусавы кавалачак вядзе да пытання: якое маё сэрца? Нават у гэтыя дні, падчас служэння вам на рэкалекцыях, у часе канферэнцый, жартаў, крэатыўных гульняў – думаю, наколькі гэта шчыра, наколькі ідзе ад сэрца? Ці раблю ўсё тое, чаго чакае ад мяне Бог? Наколькі мая служба карысная сёння для вас? І ўвечары, пасля малітвы, якая завяршыла мой дзень, разважаю зноў: на мне – хабіт, я ў пастаянных пошуках, як лепей, як больш пераканана данесці Слова Божае да маіх слухачоў, каб разам з імі не апынуцца пасля сярод тых, хто “знадворку”… Падумаю, паразважаю і кажу сам сабе: не, асабіста ад мяне гэта было на 100 адсоткаў шчыра. Але, ці збіраецца Гаспадар адчыніць мне дзверы? Для мяне гэта вельмі важнае пытанне.
Дазвольце зрабіць кароткае падсумаванне. Слухаючы вас, бачачы вашую зацікаўленасць у тэме, да мяне прыйшло адчуванне, якое пазначана грэчаскім словам “Кайрос”, што абазначае “час ласкі”. Але не той час, які прайшоў ад Нараджэння Хрыстова да нашых дзён, але “час Бога” у гэты момант, у гэтай “кропцы”, у гэтай супольнасці, пра што сёння прынята казаць: “тут і зараз”, каб менавіта ў дадзеным моманце жыцця выконваць тое, чаго хоча ад нас Бог; не чакаць, што калісьці прыйдзе адпаведны час, каб служыць і рабіць дабро людзям. Ужо сёння давайце ад сябе ўсё самае лепшае, а Бог будзе яшчэ больш благаслаўляць усіх нас і тады, напрыканцы, нам скажа: «Увайдзіце на вячэру Маю!» .
Дзякуем Богу і Святому Духу за гэтае ўзнёслае адчуванне!
Пасяджэнне францішканскай моладзі завяршылася супольнай малітвай падзякі Богу за сустрэчу.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD